СУДЭ́ТЫ (польск. і чэш. Sudety, ням. Sudeten),

горы ў Польшчы, Чэхіі і Германіі. Даўж. каля 300 км. Выцягнуты з ПнЗ на ПдУ ад р. Лаба (Эльба) да Мараўскіх Варот. Абрамляюць з ПнУ Чэшскі масіў. Утвораны ў эпохі герцынскай і альпійскай складкавасцей. Складзены пераважна з гранітаў, гнейсаў, сланцаў, мелавых пясчанікаў, мергеляў. Утвараюць сістэму з некалькіх паралельна выцягнутых хрыбтоў (горы Соўі, Бастшыцкія, Орліцкія, Сталовыя), раздзеленых тэктанічнымі далінамі. Пераважаюць выш. 500—1000 м. Схілы стромкія, вяршыні б.ч. згладжаныя. Найб. высокі хр. Крконашы (г. Снежка, 1602 м) з ледавіковымі формамі рэльефу (цыркі, кары, марэнныя азёры). Радовішчы бурага вугалю, шкловых пяскоў, па разломах шматлікія выхады мінер. крыніц. Ападкаў 800—1200 мм і больш за год. Сярэднія т-ры ў студз. ад -4 °C да -17 °C, ліп. 8—14 °C. Зімой утвараецца ўстойлівае снегавое покрыва. У С. вытокі рэк Лаба (Эльба), Марава, Одра, Бубр, Нейсе і інш. Падножжа і схілы да выш. 1000 м параслі дубова-букавымі, вышэй — піхтава-яловымі лясамі, з выш. 1250 м — зараснікі хваёвага сланіку, лугі, тарфянікі. Крконашскі нац. парк. Курорты. Турызм.

М.​В.​Лаўрыновіч.

т. 15, с. 256

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)