ГЛІ́НСКІ Давыд Львовіч (1857, г. Гродна — пасля 1916),

ваенны ўрач, падарожнік. Скончыў Гродзенскую гімназію, Пецярбургскую ваенна-мед. акадэмію (1882). Д-р медыцыны (1893). З 1889 урач Гродзенскага гусарскага палка. У 1892 разам з групай афіцэраў палка здзейсніў коннае падарожжа ў Індыю. З 1893 палкавы ўрач у Гродне. Чл. Гродзенскага таварыства ўрачоў. Сябраваў з А.​Я.​Багдановічам. У час італа-эфіопскай вайны 1895—96 у складзе рус. сан. атрада ўдзельнічаў у аказанні дапамогі Эфіопіі (Абісініі). З 1898 гал. ўрач ваен. шпіталя ў Гродне. З 1905 у Пецярбургу. Аўтар прац па медыцыне і ўспамінаў аб італа-эфіопскай вайне.

Тв.:

Харрар и его обитатели. Гродно, 1897;

Жизнь русского санитарного отряда в Харраре: (Из воспоминаний об Абиссинии). Гродно, 1899.

В.​М.​Чарапіца.

т. 5, с. 297

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУ́МБАЛЬТ (Humboldt) Аляксандр фон (14.9.1769, Берлін — 6.5.1859),

нямецкі натураліст, географ і падарожнік; адзін з заснавальнікаў краіна- і ландшафтазнаўства, геаграфіі раслін. Чл. Берлінскай АН (1800), ганаровы чл. Пецярбургскай АН (1818). Вучыўся ва ун-тах Франкфурта-на-Одэры, Гётынгена, у Гамбургскай гандлёвай і Фрайбергскай горнай акадэміях (1787—92). У 1799—1804 з франц. батанікам Э.​Банпланам даследаваў Цэнтр. і Паўд. Амерыку, у 1829 ажыццявіў паездку на Урал, Алтай і Каспійскае мора. У працы «Космас» зрабіў спробу падсумаваць усе веды пра Сусвет і прыроду Зямлі. Яго творы значна паўплывалі на развіццё прыродазнаўства. Імем Гумбальта названы хрыбты ў Цэнтр. Азіі і Паўн. Амерыцы, гара на в-ве Новая Каледонія, ледавік у Грэнландыі, акіянскае цячэнне каля берагоў Перу, шэраг раслін, мінерал (гумбальтыт), кратэр на Месяцы.

А.Гумбальт.

т. 5, с. 531

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́ПАЦЬ Юзаф (16.5.1762, Пінскі пав. — 1827),

бел. мемуарыст-падарожнік. Удзельнік паўстання 1794. У пач. 1794 для злучэння з гал. войскам Т.​Касцюшкі прывёў з-пад Вільні сваю кав. часць, за што ўзнагароджаны залатым пярсцёнкам з надпісам «Айчына — свайму абаронцу». Вызначыўся ў бітве каля г. Хэлм і пры абароне Варшавы. У бітве пад Мацяёвіцамі быў паранены, трапіў у палон, прыгавораны ваен. судом да ссылкі на Камчатку. Амнісціраваны імператарам Паўлам I, у канцы 1790-х г. вярнуўся на радзіму. Свае ўражанні ад знаходжання на Камчатцы і падарожжа па Еўразійскім мацерыку апісаў у «Дзённіку падарожжа...» (нап. каля 1810, выд. 1837).

Літ.:

Худзиковская Я., Ястер Я. Люди великой отваги: Пер. с пол. М., 1957. С. 76—96.

В.​І.​Ярмоленка.

т. 8, с. 413

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІКЛУ́ХА-МАКЛА́Й Мікалай Мікалаевіч (17.7.1846, с. Раждзественскае Баравіцкага р-на Наўгародскай вобл., Расія — 14.4.1888),

расійскі падарожнік, прыродазнавец, антраполаг, этнограф. У 1867—69 зрабіў падарожжы на Канарскія а-вы, у Марока, на ўзбярэжжа Чырвонага м. З 1871 ажыццявіў шэраг падарожжаў на Новую Гвінею, п-аў Малака, Філіпіны, Малайскі архіпелаг, у Зах. Мікранезію, Аўстралію, дзе некалькі гадоў жыў сярод карэннага насельніцтва, вывучаў яго побыт, культуру, збіраў разнастайныя калекцыі. На аснове сабранага матэрыялу даказваў відавое адзінства і роднасць усіх рас, першы падрабязна апісаў меланезійскі антрапал. тып і яго пашырэнне. Яго імем названы бераг у Новай Гвінеі, заліў у Антарктыдзе.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—5. М.; Л., 1950—54;

Бел. пер. — Падарожжы. Мн., 1954.

Літ.:

Колесников М.С. Миклухо-Маклай. М., 1965.

М.М.Міклуха-Маклай.

т. 10, с. 356

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАТА́НІН Рыгор Мікалаевіч (4.10.1835, пас. Ямышэўскі Паўладарскай вобл., Казахстан — 30.6.1920),

расійскі географ і падарожнік, даследчык Цэнтр. Азіі. Скончыў Омскі кадэцкі корпус (1852), вучыўся ў Пецярбургскім ун-це (1859—62). За ўдзел у студэнцкіх хваляваннях сасланы ў Сібір. У 1863—64 прымаў удзел у экспедыцыі на воз. Зайсан і хр. Тарбагатай. У 1876—77 і 1879—80 кіраваў экспедыцыямі ў паўн.зах. Манголію і Тыву, у 1884—86 і 1892—93 — у паўн. Кітай, усх. Тыбет і Цэнтр. Манголію і ў 1899 — на Вял. Хінган. Разам з жонкай А.​В.​Патанінай сабраў звесткі па геаграфіі, геалогіі, эканоміцы, этнаграфіі маладаследаваных тэр. Цэнтр. Азіі. Вял. залаты медаль Рус. геагр. т-ва (1886). Яго імем наз. адзін з хрыбтоў Наньшаня і ледавік на Алтаі.

Р.М.Патанін.

т. 12, с. 178

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТАНД (Tende) Гаспар дэ (1618, г. Ман, Францыя — 1697),

французскі падарожнік і пісьменнік. Служыў пры двары польскага караля і вял. кн. ВКЛ Яна II Казіміра Вазы. Пасля адрачэння караля ад трона ў 1668 вярнуўся ў Францыю. У 1674 зноў ездзіў у Рэч Паспалітую ў якасці сакратара франц. пасла. У 1684 выдаў у Парыжы кн. «Гістарычныя рэляцыі пра Польшчу» (перавыдадзена некалькі разоў на розных мовах). Звесткі пра Беларусь у ёй пададзены з пункту гледжання падарожніка. Так, Т. раіў падарожнікам, якія будуць наведваць гэтую краіну, браць з сабой харчовыя прадукты, віно, міску, лыжку і нож, бо падарожнікам часта давядзецца начаваць пад павеццю, побач з коньмі, каровай і бочкамі з капустай.

Літ.:

Грыцкевіч В., Мальдзіс А. Шляхі вялі праз Беларусь. Мн., 1980.

А.​П.​Грыцкевіч.

т. 15, с. 418

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧЖЭН ХЭ (1371, прав. Юньнань, Кітай — каля 1434),

кітайскі мараплавец, падарожнік і дыпламат. Мусульманін мангольскага паходжання. Здзейсніў 7 марскіх ваен.-гандлёвых экспедыцый (1405—07, 1407—09, 1409—11, 1413—15, 1417—19, 1421—22 і 1431—33) у краіны Індакітая, Індастана, Малайскага архіпелага, Аравійскага п-ва і Усх. Афрыкі. У складзе экспедыцый было ад 40 да 100 вял. караблёў і 27—30 тыс. удзельнікаў. Флатыліі адпраўляліся ўвосень і знаходзіліся ў плаванні прыкладна 2 гады. У час экспедыцый спец. атрады праводзілі здымкі наведаных тэрыторый, што з’явілася адным з гал. дасягненняў кіт. геагр. навукі. Падарожжы Чжэн Хэ апісаны ў кнігах яго спадарожнікаў Ма Хуаня (1416), Фэй Сіня (1436) і Гун Чжэня (1436).

Мадэль «лодкі скарбаў» з флоту Чжэн Хэ.

т. 17, с. 271

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Туры́ст ‘падарожнік, вандроўнік’ (ТСБМ, Вруб.), туры́сты ‘тс’ (Некр. і Байк.). Запазычанне праз рускую (тури́ст) або польскую (turysta) мову з франц. touriste ‘тс’, што з англ. tourist ‘тс’ (Арол, 4, 119). У аснове франц. tourner ‘вярцець, абарочваць’, гл. тур 2, турнэ. Сюды ж туры́зм ‘падарожжы, вандроўкі для адпачынку і ў пазнавальных мэтах’ (ТСБМ) — запазычана праз рускую мову (туризм) з франц. tourisme ‘прагулка, паездка’, туры́стыка ‘тс’ (Вруб.) — праз польск. turystyka ‘занятак турызмам’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ГАРА́ЙН Юльян (1821, г.п. Радашковічы Маладзечанскага р-на Мінскай вобл. — 28.3.1883),

пісьменнік, падарожнік. Пісаў на польск. мове. Скончыў Мінскую гімназію. Вучыўся ў Маскоўскім ун-це. У 1840—50-я г. жыў у Мінску. Сябраваў з В.​Дуніным-Марцінкевічам. На пастаноўку яго «Ідыліі» адгукнуўся артыкулам «Фізіялогія прыказак» у газ. «Dziennik Warszawski» («Варшаўскі дзённік», 1852, № 99—100). Той самы артыкул змешчаны ў празаічным зб. Гарайна «Затрачаныя хвіліны» (Вільня, 1857). Аўтар успамінаў пра У.​Сыракомлю «З жыцця паэта» (Львоў, 1886), дзе падрабязна апісаў знаходжанне паэта ў Мінску і абставіны яго знаёмства з Дуніным-Марцінкевічам. У 1870-я г. жыў у ЗША, дзе сустракаўся з Г.​Сянкевічам, выдаў аповесць «5П-1Р» (Чыкага, 1878). Выкарыстаў бел. нар. паданні, пісаў пра цяжкае жыццё бел. прыгоннага сялянства (аповесць «Д’ябал фарэйтарам»).

А.​В.​Мальдзіс.

т. 5, с. 49

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЮНЦ (Müntz) Іаган Генрых (1727, г. Мюльгаўзен, Германія — 1798),

мастак-пейзажыст, падарожнік. У 1760-я г. жыў у Лондане, вандраваў па Італіі (1762, 1785), Грэцыі (1763), Галандыі (1772). У 1780-я г. ў Рэчы Паспалітай, дзе ў званні маёра служыў у пляменніка караля, падскарбія ВКЛ С.​Панятоўскага. Па вайск. і гасп. заданнях ездзіў па Украіне, Малдове і Беларусі, рабіў замалёўкі гарадоў, замкаў, вёсак, тыпаў насельніцтва, пісаў пейзажы. Адначасова вёў падарожныя нататкі. У 1783 па дарозе з Украіны ў Літву рабіў на Беларусі замалёўкі палескіх вёсак, Белавежскай пушчы. Апісаў умовы мясц. гаспадарання, адзначыў, што палескія балоты прыдатныя для меліярацыі на ўзор Галандыі. Даў характарыстыку жыхароў: «Мясцовыя насельнікі ўвогуле людзі дабрадушныя, добрыя патрыёты, яны ладна складзены і моцныя на работу». З 1792 працаваў у Каселі ў курфюрста гесенскага.

В.​С.​Пазднякоў.

т. 11, с. 62

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)