А́МУНДСЕН
(Amundsen) Руаль (16.7.1872, г. Борг, Нарвегія — 1928),
нарвежскі палярны падарожнік і даследчык. У 1903—06 упершыню праплыў Паўн.-Зах. праходам з У на З ад Грэнландыі да Аляскі. На судне «Фрам» адправіўся ў Антарктыку, 14.12.1911 на сабаках дасягнуў Паўд. полюса. Спрабаваў дасягнуць Паўн. полюса дрэйфам на судне «Мод» (1918—21) і самалётам (1925). У 1926 узначаліў 1-ы трансарктычны пералёт праз Паўн. полюс на дырыжаблі «Нарвегія». Загінуў у Баранцавым м., шукаючы экспедыцыю У.Нобіле. Імем Амундсена названы заліў і катлавіна ў Арктыцы, гара, ледавік, мора, заліў і навук. станцыя ЗША у Антарктыдзе.
Тв.:
Рус. пер. — Собр. соч. Т. 1—5. Л., 1936—39;
Перелёт через Ледовитый океан. М.; Л., 1927 (разам з Л.Эльсвартам);
На корабле «Мод»: Экспедиция вдоль северного побережья Азии. М.; Л., 1929;
Южный полюс. М.; Л., 1937.
Літ.:
Дьяконов М. Амундсен. М., 1937;
Яковлев А. Руал Амундсен, 1872—1928. М., 1957.
т. 1, с. 326
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)