Апрата́ць (БРС), апра́тваць (Сцяц.), апря́тывыць, ‑цца (Бяльк.), апра́та́цца (Сцяшк.); апра́таць, ‑ацца, ‑ваць ’агледзець, памыць (дзіця, сябе, хворага, нябожчыка)’ (Янк. II); апратка (Яруш., Гарэц., Др.-Падб., Сцяшк., Жд.), опратка (Клім.), вопратка (БРС). Рус. дыял. опрятывать(ся) ’прыбіраць, прыводзіць у парадак; памыць, вычасаць, апрануць; пахаваць нябожчыка, абмыць, адзець яго’, рус. опрятный ’ахайны’ (аб яго паходжанні Булахоўскі, Труды ИРЯ, 1, 180–181; Львоў, РР, 1968, 3, 66), укр. опрятувати, опратувати, прятати, опратати ’прыбраць; апрануцца ў прыгожае адзенне’; прятати ’ўбіраць, хаваць нябожчыка’; апратний ’ёмкі’ (Паламарчук, ЛБ, 6), польск. oprzątač ’убіраць, у прыватнасці наглядаць за дамашняй жывёлай’, sprzątać ’прыбіраць, убіраць’, славац. spratať ’убіраць, хаваць; есці’, spratný ’ёмкі; уступчывы (пра чалавека)’, балг. опретвам ’пачынаю працу, рыхтуюся да працы’, за̀претвам ’пачынаю працу, закасваю рукавы’, серб.-харв. за̀претати ’засыпаць вуголле попелам’, магчыма (паводле Праабражэнскага, Фасмера), славен. spréten ’спрытны, лоўкі’, ст.-бел. опрятка (Анічэнка, Праблемы філал., 11), опратали ’абмылі’ (1562, Карскі, Труды, 206). Ст.-рус. опрятати ’ўбраць, укрыць; падрыхтаваць нябожчыка да пахавання’, опрятатися ’прыбраць сябе, падрыхтавацца да смерці’, ст.-слав. пратѧти ’ўціскаць, стрымліваць’. Апратаць ад *pręt(ati) ’хаваць’ (// *prǫt‑) з развіццём значэнняў: ’пакрываць’ > ’апранаць’ > ’чапурыцца’ ці ’хаваць непатрэбныя рэчы’ > ’убіраць’ > ’мыць’; ’хаваць нябожчыка’ > ’рыхтаваць да пахавання’ > ’мыць’. Гэтыя значэнні ў сваім развіцці перакрыжоўваліся. Беларуская мова найбольш развіла ў словах вопратка (апратка), апратаць значэнні ’адзець’, што дае пэўную падставу для сцвярджэнняў аб «уласнабеларускім» характары згаданых слоў (адпаведныя рускія і ўкраінскія факты пашыраны найбольш на тэрыторыі, блізкай да Беларусі). Супрун, Веснік БДУ, 1971, 2, 62–64. Гл. апранаць 1.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Агу́раць ’надаесці’ (Бір. дыс.), агурэць ’разленавацца, стаць непаваротлівым’ (КЭС, лаг.), агурыцца ’абвыкнуцца, апусціцца’ (Бір. дыс., Нас.), агура ’неслух, непаслухмяны’ (Бяльк.), агурань ’грубіян, неслух’, агурства (Нас.), ст.-бел. огурный ’непаслухмяны, бестурботны’ (Гарб.), огуритися ’не слухацца, упірацца’ (1557), огурство ’ўпартасць’ (1554) (Нас. гіст.), рус. огурь ’упартасць, ленасць’, огурный ’упарты, гультай’ і інш. (гл. Львоў, Зб. Вінаградаву, 172), укр. огурний, угурний ’упарты, непаслухмяны’ (гл. Патабня, Из записок, 3, 51). Булахаў (Бел. мова, 46–47) параўноўвае беларускія словы з велягурісты (гл.). Супрун, Веснік БДУ, 1, 2, 69 — з славац. ohurny ’магутны, бялізны, грубы’, ohurit ’аглушыць, заблытаць’, але дапускае і прэфіксальны характар a‑. Тады супастаўляюцца таксама рус. гуряться ’паводзіць сябе нахабна’, палаб. *gorniti ’гаварыць’, славац. hurny ’магутны, бялізны, грубы’, серб.-харв. гу́рати ’штурхаць, пхаць’ (гэта супастаўленне зроблена ўпершыню Патабнёй), балг. гурам ’хадзіць’. Пералічэння словы, вельмі далёкія семантычна, трэба размежаваць. Паўднёваславянскія формы звязваюцца з літ. gū́ra ’сутулы чалавек, чалавек, які ходзіць сагнуўшыся’, gū̃rinti ’хадзіць сагнуўшыся’ (Буга, RR, 1, 441), лат. gūrât ’марудна рухацца, ляніцца’ (Эндзелін, KZ, 44, 68), лат. guôrît ’марудзіць, вагацца’, guoris ’гультай, лодар’. Апошнія балтыйскія паралелі непасрэдна звязаны з беларускімі і рускімі словамі. Эндзелін таксама супастаўляе латышскія формы, серб.-харв. гӳритисе ’згібацца’ з ст.-грэч. γυρός ’сагнуты, гарбаты’, нарв. kūra ’згібацца’ і г. д. (Параўн. яшчэ Фрэнкель, 177; Ілліч–Світыч, ВЯ, 1961, 4, 96). Што датычыць семантычнага пераходу ад серб.-харв. гӳрити се ’згібацца’, балг. погурен ’сутулы’ да серб.-харв. гу́рати ’штурхаць, пхаць, туліць’, балг. гурам ’хадзіць’, параўн. сутулы, туліць і туляцца. Польск. ohurstwo, відавочна, з беларускага (г — фрыкатыўнае), а палаб. *gorniti да гэтай лексічнай групы не адносіцца. Такім чынам, формы яшчэ індаеўрапейскія (*gau̯/gu‑r). Рэканструкцыя Львова (*agh‑) неверагодная. Супраць апошняй таксама Трубачоў, Дополн., 3, 121.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ПРЫГРАНІ́ЧНЫЯ БІ́ТВЫ 1941 у Вялікую Айчынную вайну,

баявыя дзеянні сав. пагран. войск, злучэнняў і часцей прыгранічных ваенных акруг (франтоў) 22—29.6.1941 супраць фаш. Германіі і яе саюзнікаў. Зах. межы СССР прыкрывалі войскі Ленінградскай, асобных Прыбалт., Зах. (гл. Заходняя асобая ваенная акруга), Кіеўскай, Адэскай ваен. акруг, якія 22—24 чэрв. пераўтвораны адпаведна ў Паўн. (ген.-лейт. М.​М.​Папоў, гл. Паўночны фронт), Паўн.-Зах. (ген.-палк. Ф.І.Кузняцоў, гл. Паўночна-Заходні фронт), Зах. (ген. арміі Дз.Р.Паўлаў, гл. Заходні фронт 1941—44), Паўд.-Зах. (ген.-палк. М.​П.​Кірпанос) і 25 чэрв. Паўд. (ген. арміі І.​У.​Цюленеў) франты. На марскіх рубяжах знаходзіліся флаты: Паўн. (контр-адмірал А.​Р.​Галаўко), Балт. (віцэ-адм. У.​П.​Трыбуц), Чарнаморскі (віцэ-адм. П.​С.​Акцябрскі); Пінская ваенная флатылія (контр-адм. Дз.​Дз.Рагачоў) і Дунайская ваен. флатылія (контр.-адм. М.​В.​Абрамаў). Сав. войскі налічвалі 2,9 млн. чал., 10 тыс. танкаў (у т. л. 1475 навейшых тыпаў), 14 тыс. самалётаў (1540 адзінак новых канструкцый), 46 тыс. гармат і мінамётаў. Германія згодна з Барбароса планам выставіла (разам з саюзнікамі: Італіяй, Румыніяй, Фінляндыяй і Венгрыяй) 5,5 млн. чал., каля 4,3 тыс. танкаў і штурмавых гармат, каля 5 тыс. самалётаў, 47,2 тыс. гармат і мінамётаў. Сілы праціўніка былі аб’яднаны ў 3 групы армій: «Поўнач» (ген.-фельдмаршал В.Й.​Ф.​Лееб) — на Ленінградскім, «Цэнтр» (ген.фельдмаршал Ф.​Бок) — на Маскоўскім і «Поўдзень» (ген.-фельдмаршал К.Р.​Г.​Рундштэт) — на Кіеўскім напрамках. Ваен. дзеянні пачаліся на досвітку 22.6.1941. Армія праціўніка мела колькасную перавагу ў сілах і сродках (на некат. напрамках у 3—4 разы), перасягала сав. войскі і ў аснашчанасці новымі тыпамі тэхнікі і ўзбраення. Часці і злучэнні сав. прыгранічных акруг не былі адмабілізаваны і разгорнуты паводле плана прыкрыцця граніцы, не прыведзены ў поўную баявую гатоўнасць. Непадрыхтаванасць да вядзення працяглай абароны (планавалі ў асн. наступальныя дзеянні), недахоп вопытных камандных кадраў (масавыя рэпрэсіі ў арміі ў 1930-х г.), істотныя стратэг. пралікі ваен.-паліт. кіраўніцтва СССР прывялі да цяжкіх наступстваў. Толькі за першы дзень вайны было страчана 1200 самалётаў, з іх 800 на аэрадромах, значная частка танкаў і інш. баявой тэхнікі. На тэр. Беларусі наступала група армій «Цэнтр». Нягледзячы на ўпартае супраціўленне сав. войск (гл., напр., Брэсцкай крэпасці абарона 1941), за першыя 4 дні вайны ням. танк. злучэнні прасунуліся на У да 200 км. Спробы сав. войск контратакаваць (контрудар 23—24 чэрв. на Гродзенскім напрамку) разрозненымі сіламі мелі кароткатэрміновы поспех. Ударныя групоўкі ворага адсеклі асн. сілы 3-й і 10-й сав. армій і адрэзалі ім шляхі адступлення (гл. Навагрудскі «кацёл»), Практычна тры арміі Зах. фронту да 26 чэрв. апынуліся ў акружэнні паміж Беластокам і Мінскам; у палон трапіла 329 тыс. сав. воінаў, праціўнік захапіў 3,3 тыс. танкаў, 1,8 тыс. гармат. Раніцай 28 чэрв. ням. танк. атрады ўвайшлі ў Мінск (гл. Мінска абарона 194Γ). Войскі Паўн.-Зах. фронту хоць і нанеслі 23—25 чэрв. контрудар на Шаўляйскім напрамку, але 30 чэрв. праціўнік захапіў Рыгу. На Паўд.-Зах. фронце 23—29 чэрв. ў раёне Луцк, Броды, Роўна, Дубна адбылася буйная танк. бітва. Контрудар сав. войск адыграў важную ролю ў зрыве спроб праціўніка з ходу прарвацца да Кіева і акружыць гал. сілы фронту на Правабярэжнай Украіне. П.б. скончылася адыходам сав. войск Паўн.-Зах. фронту да Зах. Дзвіны ад Рыгі да Даўгаўпілса, Зах. фронту — да Бабруйска, Паўд.-Зах. фронту — на лінію на У ад Роўна—Астрог—Крэменец—Львоў. У гэтыя дні праведзена мабілізацыя, пачалося прасоўванне войск 2-га стратэг. эшалона, які працягваў абарону ў 1-й пал. ліп. 1941 на рубяжы рэк Зах. Дзвіна—Дняпро (гл. таксама Лепельскі контрудар 1941, Полацка абарона 1941, Віцебска абарона 1941, Магілёва абарона 1941, Рагачоўска-Жлобінская аперацыя 1941 і інш.).

І.​А.​Літвіноўскі.

т. 13, с. 63

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКА́НСЭН (швед. Skansen),

этнаграфічны музей пад адкрытым небам, дзе экспануюцца ўзоры нар. архітэктуры і прылад працы пэўнага рэгіёна. У экспазіцыю ўваходзяць помнікі нар. дойлідства (як правіла, драўляныя), перавезеныя з розных рэгіёнаў краіны і абсталяваныя этнагр. начыннем (прадметы побыту, вырабы нар. рамёстваў і промыслаў і г.д.). У натуральным асяроддзі яны ўтвараюць цэласны сядзібна-бытавы і культ.-грамадскі комплекс, фрагмент традыц. вёскі, мястэчка, гар. вуліцы і інш. Узніклі С. ў 19 ст. ў Еўропе. Ідэю такога музея ўпершыню сфармуляваў швейц. пісьменнік Ч.​Бастэтэн. Развіццю ідэі спрыяла стварэнне этнагр. аддзелаў у музеях Берлінскім Новым (1855), Амер. прыродазнаўча-гіст. (1866), Брыт. (1860-я г.) і інш. У 1867 на Маскоўскай этнагр. выстаўцы, прымеркаванай да I слав. з’езда, экспанаваліся макеты сядзіб і жытла з рэгіёнаў Расіі, Беларусі, Украіны. Макеты помнікаў нар. архітэктуры экспанаваліся таксама на сусв. выстаўцы ў Парыжы (1867) і Вене (1873). У 1874—86 стваральнік буйнейшага ў Еўропе заал. парку каля г. Гамбург (Германія) К.​Гагенбек арганізаваў антрапазаал. экспазіцыі ў еўрап. сталіцах калмыкаў, індзейцаў, эскімосаў, лапландцаў і інш., якія дэманстравалі свае жытлы, прадметы працы і побыту, ствараючы часовыя музеі пад адкрытым небам. У канцы 19 ст. на этнагр. выстаўках пачалі экспанаваць перавезеныя і адрэстаўрыраваныя сядзібы і двары (1894, краёвая выстаўка ў г. Львоў, Украіна; 1895, Прага). На выстаўцы ў Будапешце (1896) экспанавалася вёска з 24 сядзіб. Як форма музейнай дзейнасці з перавозкай помнікаў атрымала развіццё ў краінах Скандынавіі. У 1873 лінгвіст і этнограф А.​Хецэліус стварыў у Стакгольме сканд. этнагр. калекцыю, у 1880 на яе аснове — Паўн. музей з помнікамі драўлянага дойлідства, які размясціўся на в-ве Дзюгардэн у прадмесці Стакгольма Скансэн (адсюль назва), у 1891 адкрылася экспазіцыя першага ў свеце музея пад адкрытым небам. У пач. 20 ст. С. адкрыты ў Осла (Бігдой, 14 га, больш за 100 помнікаў), Орхусе (Данія, больш за 50 помнікаў), Арнеме (Галандыя, пл. 33 га, 19 тыпаў сельскіх дамоў) і інш. Іх структуру ўтваралі жылыя і гасп. пабудовы, аб’яднаныя ў сядзібы, а сядзібы — у фрагменты паселішчаў, а таксама — сакральныя збудаванні, будынкі заезных дамоў, ратушы, школы, крамы, майстэрні рамеснікаў, вытв. будынкі (кузні, млыны і інш.). Важная роля адводзілася ландшафту. Сярод найб. маляўнічых С.; Кашубскі каля г. Гданьск (Польшча; 1906, пл. 12 га, 37 помнікаў), у Каломенскім (Масква; 1923), г. Рожнаў (Чэхія; 1925), музей-сяло каля Бухарэста (1936, пл. 62 га, больш за 220 помнікаў), музей-вёска ў г. Сан-Дыега (ЗША; 1946), у Букрыку каля Бруселя (1954, пл. 54 га, 61 помнік), Эстонскі парк-музей нар. дойлідства і побыту ў Таліне («Рок аль Марэ»; 1957, пл. 60 га), комплекс «Этыр» каля г. Габрава (Балгарыя; 1961, пл. 6 га), у Румшышкесе (Літва; 1966, пл. 175 га, больш за 100 помнікаў) і інш. У 1969 у Расіі адкрыты музей-запаведнік нар. драўлянага дойлідства і этнаграфіі Карэліі пад адкрытым небам на в-ве Кіжы (28 помнікаў). Усяго існуе больш за 600 нац. музеяў-С. і некалькі тысяч занальных, рэгіянальных, лакальных, мемар. і музеяў-помнікаў пад адкрытым небам. Іх экспазіцыі будуюцца паводле выпрацаваных прынцыпаў: этнагр. (адлюстраванне культуры і побыту гіст.-этнагр. рэгіёнаў і лакальных раёнаў краіны), гіст. (эвалюцыя культуры ў часе), сац. (культура грамадскіх саслоўяў), функцыян. (супадпарадкаванне пабудоў у двары, сядзібе, паселішчы). Перавага аддаецца захаванню помнікаў нар. дойлідства на гіст. месцах, у жывым асяроддзі і стварэнне на іх аснове ландшафтных запаведнікаў, арх.-этнагр. запаведнікаў, музеяў-ферм, музеяў-вёсак, музеяў-прадмесцяў, гіст. гарадоў і інш. У 1976 засн. Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту (на беразе Воўчкавіцкага вадасховішча, пл. каля 210 га).

Літ.:

Шмелев В.Г. Музей под открытым небом. Киев, 1983;

Локотко А. Белорусскому скансену 20 лет // Архитектура и стр-во. 1996. №5/6.

А.​І.​Лакотка.

т. 14, с. 436

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Субо́та ’шосты дзень тыдня, які папярэднічае нядзелі’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Бяльк., Федар. 4, ТС), сыбо́та (Янк. 2; Сцяшк., Мал., Ян.; Шымк. Собр., Мат. Маг., Сержп. Прымхі, Сл. ПЗБ), сабо́та (Сл. ПЗБ), сымбо́та: у сымботу будзем картоплю капаць (Жд. 2), сюды ж суботнік ’кніжка для ўпісвання імён нябожчыкаў для памінання ў памінальныя суботы’ (Шымк. Собр.), субо́ня (< суботня) ’мянушка цяляці, якое нарадзілася ў суботу’ (лаг., Сл. ПЗБ). Укр. субо́та, рус. суббо́та, ст.-рус. субота, польск., в.-луж., н.-луж., чэш., славац. sobota, палаб. sübota, серб.-харв. су́бота, славен. sobóta, балг. съ́бота, макед. сабота, ст.-слав. сѫбота/собота, што ўрэшце ўзыходзяць да ст.-яўр. šabbāt, арам. šabbətā ’дзень пасля шасці працоўных дзён’. У якасці непасрэдных крыніц запазычання разглядаюцца с.-лац. sabbata, мн. л. ад sabbatum пераважна для заходнеславянскіх і заходне-паўднёваславянскіх форм з пачатковым *so‑; адпаведную стараславянскую форму лічаць маравізмам, гл. Львоў, Зб. Нахцігалу, 186; Басай-Сяткоўскі, Słownik, 328. Усходне- і паўднёваславянскія формы з *sǫ‑ узводзяцца, па адной версіі, да грэч. дыял. *σάμβατα, мн. л. ад *σαμβατον, пры літаратурным грэч. σάββατον (Фасмер, 3, 792 з аглядам літ-ры; Младэнаў, 626); па другой — да балк.-лац. *sambata, параўн. рум. sâmbăta (Скок, 3, 299). Германскае пасрэдніцтва, параўн. ст.-в.-ням. sambaʒtag (Міклашыч, 314 і інш.), адмаўляе Фасмер (там жа) з прычыны распаўсюджання *sobota ва ўсіх заходнеславянскіх мовах. Гл. яшчэ Шустар-Шэўц, 1331; Сной, 589; Борысь, 566; ЕСУМ, 5; Бязлай, 3, 282. Падрабязны агляд версій (з размежаваннем незалежных, як мяркуецца, па паходжанні *sǫbata і *sobata) гл. ESJSt, 14, 859–860. Формы з сы‑, са‑ — у выніку распадабнення перад губнымі зычнымі, параўн. спарадычнае сыпонь, сыпоня пры паўсюдным супонь, супоня (ЛА, 2), гл. Другасная назалізацыя перад губнымі вядома і іншым славянскім мовам, параўн. серб. прамбаба ’прабабуля’, і робіць уражанне аднаўлення першаснай у ст.-слав. сѫбота (параўн. Пятлёва, Этим. иссл., 2001, 48), што адпавядае аналагічным балканскім працэсам, у тым ліку с.-грэч. σάμβατον < σάββατον, гл. Зайкоўскі, Слов. етим., 199.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

АЎТАМАБІ́ЛЬНАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,

галіна машынабудавання. Асн. прадукцыя: аўтамабілі, вузлы, агрэгаты, цягачы, прычэпы, паўпрычэпы, матацыклы, веласіпеды, мапеды і запасныя часткі да іх. Характарызуецца высокім узроўнем спецыялізацыі, шырокім каапераваннем, перадавой тэхналогіяй, цеснымі сувязямі з металургічнай, металаапр., электратэхн., прыладабуд., хім., нафтахім. і інш. галінамі прам-сці.

Аўтамабільная прамысловасць узнікла ў канцы 19 ст. (Германія, Францыя, Вялікабрытанія, ЗША), з пач. 20 ст. развіваецца ў Расіі. Першыя легкавыя аўтамабілі выпушчаны ў Рызе ў 1908—15 (з-д «Руса-Балт»), грузавыя — у 1924 [з-д АМО («Аўтамабільнае Маскоўскае таварыства») у Маскве] і ў 1925 (Яраслаўскі аўтамаб. з-д). У 1931—32 закончана рэканструкцыя АМО (цяпер ЗІЛ, аўтамаб. з-д імя Ліхачова) і пабудаваны Горкаўскі аўтамаб. з-д (Ніжні Ноўгарад), з 1940 выпускаюцца малалітражныя аўтамабілі на Маскоўскім аўтазборачным з-дзе (цяперашні АЗЛК). У час Вял. Айч. вайны створаны Уральскі (г. Міяс) і Ульянаўскі з-ды, пасля вайны прадпрыемствы аўтамабільнай прамысловасці пабудаваны ў розных рэгіёнах б. СССР [у гарадах Мінск, Крамянчуг, Кутаісі, Жодзіна, Саранск, Запарожжа, Бішкек (б. Фрунзе)], створаны заводы па выпуску аўтобусаў [Львоў, Паўлава (на р. Ака), Лікіна ў Маскоўскай вобл.], мікрааўтобусаў у Рызе і інш. У 1970 даў прадукцыю Волжскі аўтамаб. з-д (ВАЗ), у 1976 — комплекс заводаў у г. Набярэжныя Чаўны (КамАЗ).

У 1991 на прадпрыемствах б. СССР выпушчана 1657 тыс. аўтамабіляў, у т. л. легкавых 1059 тыс., грузавых 524 тыс., аўтобусаў 74 тыс. Найб. ўзровень вытворчасці быў дасягнуты ў 1980 (выпушчана 2199 тыс. аўтамабіляў). Сусв. аўтамабільная прамысловасць вызначаецца высокай канцэнтрацыяй вытв-сці і збыту ў адносна невял. колькасці канцэрнаў-манапалістаў. У ЗША 90% аўтамабіляў выпускаюць з-ды «вялікай тройкі» — «Джэнерал мотарс», «Форд мотар» і «Крайслер». Японскія фірмы «Таёта мотар» і «Нісан мотар» выпускаюць больш за 60% аўтамабіляў краіны, «вялікая чацвёрка» Германіі — «Фольксвагенверк», «Мерседэс-Бенц», «А. Опель» і «Форд» — 75%, італьянскія фірмы «ФІАТ», «Альфа Рамео» і «Лянчыя» — 80% аўтамабіляў, у Францыі вядучыя фірмы «Рэно» і «Пежо». Штогод у свеце вырабляецца 45—50 млн. аўтамабіляў, з іх каля 25% грузавых і аўтобусаў, 50% ідзе на замену старых і зношаных машын. Дынаміку вытворчасці аўтамабіляў у свеце гл. ў табліцы.

На Беларусі аўтамабільная прамысловасць развіваецца з 1944, калі пад Мінскам пачалася зборка грузавых аўтамабіляў з прывазных вузлоў і дэталяў. У 1945—47 на гэтым месцы пабудаваны Мінскі аўтамабільны завод (МАЗ), у 1958 у г. Жодзіна — Беларускі аўтамабільны завод (БелАЗ). У 1975 створана ВА «БелаўтаМАЗ», цэнтры аўтамабільнай прамысловасці: Мінск, Жодзіна, Магілёў, Пінск, Ліда, Гродна, Бабруйск, Баранавічы і Асіповічы. Асн. прадукцыя: велікагрузныя аўтамабілі і аўтапаязды поўнай масай да 40 і 50 т, грузавыя аўтамабілі высокай праходнасці, самазвалы, лесавозы, гар. турысцкія аўтобусы (МАЗ), кар’ерныя самазвалы грузападымальнасцю ад 30 да 200 т, шлакавозы, аэрадромныя цягачы (БелАЗ), пазадарожныя аўтамабілі «Волат», трубавозы, колавыя цягачы грузападымальнасцю да 50 і 65 т (Мінскі завод колавых цягачоў), самазвалы грузападымальнасцю 23 т, самазвальныя паязды для шахтаў, аўтабетонамяшалкі, дарожна-будаўнічыя машыны (Магілёўскі аўтамабільны завод), дарожныя веласіпеды і матацыклы (Мінскі матацыклетны і веласіпедны завод) і інш. За год вырабляецца 21,3 тыс. грузавых аўтамабіляў (1994, макс. вытворчасць была дасягнута ў 1985 — 42,5 тыс.), 128 тыс. матацыклаў і 603 тыс. веласіпедаў (1991). У 1994 наладжаны выпуск аўтобусаў «Амкадор-Ікарус» (зборка) акцыянерным т-вам «Амкадор-Пінск», аўтобусаў ЛіАЗ-5256 на доследным з-дзе «Нёман» у г. Ліда, эксперым. зборка малалітражных аўтамабіляў «Ака» на Гродзенскім заводзе карданных валоў. Прадпрыемствы аўтамабільнай прамысловасці Беларусі кааперуюцца і супрацоўнічаюць з заводамі Расіі, Германіі, Чэхіі і інш. краін.

А.​С.​Рукцешэль.

Дынаміка вытворчасці аўтамабіляў ў свеце (у тыс. шт.)
Год ЗША і Канада Еўропа Японія Астатні свет Увесь свет
1950 8394 1991 32 160 10 577
1960 8303 6837 482 866 16 488
1970 9444 13 033 5289 1637 29 403
1980 9334 15 445 11 043 2692 38 514
1985 13 586 16 015 12 271 2939 44 811
1990 11 711 18 651 13 487 4496 48 345
1992 11 670 17 244 12 499 5964 47 377

т. 2, с. 111

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Ба́гна 1 (ж.) ’топкае балоцістае месца’ (Нас., Касп., Бяльк.), ба́гна, бэ́гна (Шат.), багно́, баго́н, баго́нне. Укр. багно́, рус. дыял. (зах., паўд.) багно́, польск. bagno, чэш., славац. bahno, славац. bahurina ’лужына’, в.-луж. bahno, н.-луж. bagno ’багна’, bagan ’балота каля крыніцы’, bagi (мн.) ’балота, балотная зямля’. У паўд.-слав. мовах гэтага слова няма. Аб пашырэнні слова ў бел. і слав. мовах гл. Талстой, Геогр., 154–157; Яшкін. Прасл. bagno або bagъno (гл. Бернекер, 38; Лорэнц, Pomor., I, 13). Бясспрэчнай этымалогіі няма. Магчыма, роднаснае ст.-н.-ням. bah (ням. Bach) ’ручай’, ст.-ісл. bekkr, ірл. búal вада’ (*bhoglā). Бернекер, 38; Праабражэнскі, 1, 11; Фасмер, 1, 102 (супраць Цупіца, Gutturale, 160; Брукнер, KZ, 48, 207; іначай Фік-Торп, 3, 257; параўн. да гэтага Бернекер, 55). Ван–Вейк, IF, 24, 231–232 (таксама Бенвяніст, Индоевр., 36; Слаўскі, 1, 25), выстаўляе і.-е. гетэраклітычнае *bhaghro‑: *bhaghno‑, параўноўваючы з гал. bagger твань’. Трубачоў, Серболуж. сб., 159–160 (параўноўваючы з ст.-в.-ням. bah), зыходзіць з прасл. bagъ (параўн. н.-луж. bagi) з вытворнымі bagnъ, bagno і запярэчвае гетэраклітычную аснову ‑r/n‑ тыпу. Брукнер, 11; Младэнаў, РФВ, 68, 377 (да гэтага схіляецца і Фрэнкель, 689), знаходзяць сувязь з bagrъ («багровае балота»); параўн. і ўкр. багри́на ’багна, багатае крыніцамі месца’. Буга (РФВ, 70, 100) параўноўвае з літ. bojus ’багністае месца’. Машынскі (Uwagi) знаходзіць сувязь з назвай расліны багу́н (багно́, баго́н, гл.); Талстой (Геогр., 158) гаворыць аб сінкрэтычнасці значэння: *’багна, зарослая багуном’. Матл (гл. Махэк₂, 42) думае пра роднаснасць з грэч. σφάγνον ’мох’. Неверагодна Махэк₂, 42: роднаснасць з лац. stāgnum ’багна’ (з «вертыкальнай» заменай гукаў st‑b). Насуперак Голубу–Копечнаму, 63, няма сувязі з літ. bognas (гэта запазычанне з усх.-слав. моў, гл. Буга, Rinkt., III, 46). Этымалогія застаецца адкрытай. Неабгрунтована Львоў, ЭИРЯ, IV, 67–68; Агіенка, Иноз. элем. 71; Кюнэ, Poln., 42, аб запаз. бел., укр. ба́гна, багно́ з польск. мовы.

Ба́гна 2 ’вадаварот у рацэ’ (віцеб.), ба́гня ’глыбокае месца ў рацэ’ (Талстой, Геогр., 156). Семантычнае вытворнае ад ба́гна ’балота’ (гл.), што адлюстроўвае пераход тэрміна з сферы балотных тэрмінаў у сферу водных. Падрабязней гл. Талстой (там жа).

Ба́ґна ’бруд, гразь (на дарозе, на вуліцы)’ (Янк. Мат.; карэліц.). Мяркуючы па выбухному ґ, запазычанне з польск. bagno (параўн. спрадвечна бел. ба́гна, багно́).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скамаро́х 1 ‘у Старажытнай Русі і ў пазнейшым часе — вандроўны акцёр’ (ТСБМ, Ласт.), ‘вандроўны музыкант’, часта ‘музыка, скрыпач на вясковым вяселлі’ (Шымк. Собр., Байк. і Некр., Др.-Падб., Янк. БП, Пятк. 2, Рам. 8), ст.-бел. уласнае імя Р. скл. Демьянца Скомороха (1540 г., Лінгв. дасл.), сюды ж скамаро́шнік ‘вандроўны цыркач з мядзведзем, мядзведнік’ (віл., смарг., Сл. ПЗБ), скамаро́ха ‘тс’ (Нас.), ‘музыка’: усяк спляша, да ні ўсяк скамарох (Бяльк.). Рус. скоморо́х ‘вандроўны музыкант, скакун, камедыянт’, дыял. ‘вядзьмар’, скоморо́шина ‘тс’, стараж.-рус. (XI ст.) скоморохъ, серб.-ц.-слав., рус.-ц.-слав. скомрахъ, ст.-польск. skomrośny, skomroszny ‘бессаромны, нястомны’, skowryśny, skowrośny ‘вясёлы, жвавы’. Цёмнае слова, ніводная этымалогія не з’яўляецца пераканаўчай. Крыніцай лічылі грэч. σκώμμαρχος ад σκώμμα ‘жарт, штукі’, гл. Кірпічнікаў, Сб. ОРЯС 52, 1 і наст.; Фасмер, ИОРЯС 12, 2, 276; Фасмер, Этюды, 184 і наст. Аднак іншыя даследчыкі ўказваюць на тое, што слова нідзе не засведчана. Выводзілі таксама з іт. scaramuccia ‘камедыянт, штукар’ на падставе таго, што скамарохі часта носяць “лацінскую адзежу”; так Сразнеўскі, 3, 374. Супраць Фасмер (3, 648). Спробы славянскай этымалогіі: ад прыстаўкі sko‑ і дзеясл. марочыць; Мацэнаўэр, LF 20, 13 і наст.; Брукнер, 494. Пераважаюць “гукапераймальныя” версіі, напрыклад, сувязь з в.-луж. skomorić ‘рабіць недазволены ўчынак’, што мае гукаімітатыўны характар (Ільінскі, ИОРЯС, 23, 2, 243), паводле Шустара–Шэўца (1292), звязана з камолы (гл. камель 2). Фасмер (3, 648) прыводзіць яшчэ славен. skomúcati ‘выдаваць незразумелыя гукі’, skomodrati ‘вішчэць’, якія звязаны з рус. скомлить ‘ныць, скавытаць’. Сюды ж можна дадаць балг. радоп. скомичем ‘плакаць, хліпаць’, серб. пірот. скомл́чем ‘мармытаць, невыразна гаварыць’, каш. skamřec ‘навязліва прасіць, клянчыць’, якое Борысь узводзіць да *skom‑ъr‑ (SEK, 4, 276), варыянт якога *skomorъ Львоў (Этимология–1972, 111) лічыць зыходным для разглядаемага слова. Нельга выключыць і цалкам імітатыўную версію паходжання слова, якую прапанаваў Немец (Slavia, 57, 246 і наст.; Studia Etym. Brun., 1, 38) з *sko‑morsk‑, роднаснага рус. морщить (гл. моршчыцца), што звязана з старажытным выкарыстаннем масак для адпуджвання злых сіл. У сувязі з гэтым параўн. скамурдзіцца ‘скрывіць морду’ (гл.). Істотнымі матывацыйнымі момантамі варта лічыць “музычныя” і “знешнія” прыкметы, гл. Жураўлёў, Язык и миф, 178–179 (там жа агляд іншых версій).

Скамаро́х 2 ‘гаркушка, гальян звычайны, Phoxinus phoxinus (L.)’ (Жук., на Дняпры; Жыв. св.). Рус. дыял. скоморо́х ‘тс’. Да скамарох. Параўн. апісанне рыбы ў Сабанеева (Жизнь, 496): “Последний [гальян] всегда отличается необычайной пестротой и поэтому названия скоморох и красавка гораздо более идут к нему, нежели… гольян”. Параўн. аўдотка (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

БІБЛІЯТЭ́КА НАЦЫЯНА́ЛЬНАЯ БЕЛАРУ́СІ,

галоўная універсальная навук. б-ка Рэспублікі Беларусь; цэнтр. кнігасховішча; даследчы, метадычны і каардынацыйны цэнтр у галіне бібліятэказнаўства, бібліяграфіі і кнігазнаўства. Засн. ў 1921 як б-ка БДУ (гл. Бібліятэка фундаментальная БДУ). У 1922 пераўтворана ў аб’яднаную Бел. дзярж. і універсітэцкую б-ку з Бел. кніжнай палатай; пры б-цы арганізаваны аддзел бел. л-ры і бібліяграфіі, пачалася работа ў галіне рэтраспектыўнай нац. і краязнаўчай бібліяграфіі. 14.5.1926 вылучана ў самастойную Бел. дзярж. б-ку. 10.8.1932 рэарганізавана ў Дзярж. б-ку і бібліяграфічны ін-т БССР, ёй прысвоена імя Леніна. У 1932 кніжны фонд б-кі налічваў больш за 1 млн. адзінак захоўвання. Б-ка стала грунтоўнай базай для абслугоўвання навукоўцаў, спецыялістаў розных галін навукі і нар. гаспадаркі; працавалі даведачна-бібліягр. аддзел, абанемент, міжбібліятэчны абанемент, кабінет бібліятэказнаўства. Б-ка адкрыла філіялы ў Віцебску (1925), Гомелі (1933), Магілёве (1938), у Мінску пры Доме ўрада; потым на базе гэтых філіялаў створаны Урадавая б-ка (гл. Бібліятэка прэзідэнцкая) і ў 1938 абласныя б-кі (гл. ў арт. Бібліятэка). На пач. 1941 б-ка стала цэнтрам метадычнай і бібліягр. работы на Беларусі, яе кніжны фонд налічваў каля 2 млн. тамоў, колькасць чытачоў 15 тыс. У Вял. Айч. вайну разрабаваны і знішчаны яе фонды і даведачны апарат. Найбольш пацярпеў фонд абавязковага экз. (засталіся толькі 33 тыс. тамоў); цалкам быў вывезены архіў друку БССР, газетны фонд, фонды аддзела бел. л-ры, рэдкіх і старадрукаваных кніг, абанемента, чытальных залаў, спалены разам з л-рай будынак рэзервовага фонду. Уцалела 321 тыс. экз. У 1944 пачалося аднаўленне б-кі. У 1948 яе фонды па колькасным складзе дасягнулі даваен. ўзроўню. З 1956 б-ка з’яўляецца дэпазітарыем матэрыялаў ААН і ЮНЕСКА, з 1975 — універсальным дэпазітарыем Рэспублікі Беларусь. 19.5.1993 перайменавана ў Нацыянальную б-ку Беларусі. Кніжны фонд (на 1.1.1996) 7,3 млн. адзінак захавання больш чым на 50 мовах свету.

Асаблівую каштоўнасць мае паўмільённы унікальны збор л-ры, выдадзенай на Беларусі з пач. 19 ст. да нашага часу, а таксама ўсіх выданняў і матэрыялаў пра Беларусь, у т. л. і замежных. Зберагаецца 56-тысячны збор рэдкіх выданняў, рукапісаў і старадрукаў. Сярод рукапісных матэрыялаў 16—20 ст. (больш за 1 тыс. адзінак захавання) на славянскіх, заходнееўрапейскіх і ўсходніх мовах вылучаюцца калекцыі: рукапісных кніг, у т. л. бел. паходжання (евангеллі, пралогі, служэбнікі, жыціі святых, зборнікі слоў і павучанняў і інш.), спеўных рукапісаў крукавай і ноталінейнай натацыі, усходніх рукапісаў па граматыцы, філасофіі, праве, мусульманскай тэалогіі і інш.; рукапісы дзеячаў навукі і культуры Беларусі (М.​В.​Доўнар-Запольскага, Е.​Р.​Раманава, А.​М.​Семянтоўскага, У.​І.​Пічэты, З.​Бядулі, Ц.​Гартнага, Я.​Коласа і інш.). Фонд старадрукаў (больш за 26 тыс. асобнікаў) уключае калекцыю інкунабулаў (44 адз.), у т. л. «Сусветная хроніка» Х.​Шэдэля (1493), выданне «Боскай камедыі» Дантэ (1481), першы ням. пераклад грэч. рамана 3 ст. «Гісторыя Апалонія, караля Цірскага» (Аўгсбург, 1471); калекцыю палеатыпаў (каля 200 асобнікаў), у т. л. 16 прыжыццёвых М.​Лютэра, выданні венецыянскай друкарні Аладаў (15—16 ст.), галандскіх кнігадрукаў Эльзевіраў (16—18 ст.), друкароў Эцьенаў, Фробенаў, Плантэнаў і інш. У калекцыі кірылаўскага друку захоўваецца адзіны ў Рэспубліцы Беларусь збор выданняў бел. першадрукара Ф.​Скарыны — 10 выпускаў «Бібліі» (Прага, 1517—19); выданні В.​Гарабурды («Евангелле вучыцельнае», каля 1580), І.​Фёдарава («Апостал», Львоў, 1574, і «Біблія», Астрог, 1581); кнігі з друкарні братоў Мамонічаў (16—17 ст.); выданні бел., рус. і ўкр. друкарняў 16—18 ст., у т. л. «Азбука» В.​Ф.​Бурцава (1634), «Арыфметыка» Л.​Магніцкага (1703), «Граматыка...» М.​Сматрыцкага (1648). У калекцыі рус. грамадзянскага друку 18 — пач. 19 ст. 10 кніг пятроўскай эпохі, прыжыццёвыя выданні М.​В.​Ламаносава, М.​І.​Навікова (у т. л. яго часопісы «Древняя российская вивлиофика», «Живописец» і «Кошелёк»); каштоўныя выданні 19 — пач. 20 ст. з прыватных калекцый П.​М.​Жуковіча, І.​П.​Карнілава, У.​І.​Пічэты, А.​П.​Сапунова. І.​І.​Гальдштэйна па гісторыі Беларусі, Літвы і Польшчы; Я.​Ф.​Карскага, М.​А.​Янчука па бел. л-ры, мове і этнаграфіі; першыя выданні твораў В.​Дуніна-Марцінкевіча, Ф.​Багушэвіча, Я.​Купалы, Я.​Коласа, М.​Багдановіча і інш.; першая нелегальная бел. газ. «Мужыцкая праўда» (выдавалася 1862—63 К.​Каліноўскім), першыя легальныя бел. газеты «Наша доля» і «Наша ніва»; першыя сав. газеты на бел. мове, у т. л. «Дзянніца»; рэсп., абласныя, раённыя газеты і часопісы Беларусі ад пачатку іх выдання. Захоўваюцца дакументы і выданні перыяду франц. рэвалюцыі 1789—94; калекцыі лістовак часоў Парыжскай камуны 1871; калекцыя вольнага рус. друку (выданні, забароненыя царскай цэнзурай); першыя і прыжыццёвыя выданні К.​Маркса, Ф.​Энгельса, Леніна; калекцыі бальшавіцкага друку дакастр. перыяду і выданняў першых гадоў сав. улады; збор падп. і партыз. друку перыяду Вял. Айч. вайны і інш. Вялікая калекцыя кніг з аўтографамі вядомых пісьменнікаў, навукоўцаў, грамадскіх дзеячаў. Самая вялікая на Беларусі калекцыя нот (77 тыс. экз.), больш за 100 тыс. адзінак захавання выяўл. матэрыялаў (плакаты, паштоўкі, рэпрадукцыі); каля 30 тыс. аўдыёвізуальных дакументаў, у т. л. грамзапісаў класічнага рэпертуару. У газетным фондзе сабраны ўсе бел. газеты за сав. перыяд (цэнтральныя, рэсп., абласныя), асобныя газеты замежных краін. Б-ка мае амаль 15-тысячны фонд картаў, каля 650 тыс. аўтарэфератаў і мікрафіш дысертацый. З 1990 укараняецца аўтаматызаваная інфарм. сістэма б-кі, дзейнічае электронны каталог. Ствараюцца рэтраспектыўныя базы даных нац. дакумента, рэдкай і старадрукаванай кнігі, нот, выяўленчых, аўдыёвізуальных і інш. дакументаў.

Штогод б-ка абслугоўвае 500 тыс. чытачоў, агульная выдача перавышае 3 млн. экз. Працуюць 14 галіновых і спец. чытальных залаў на 1000 месцаў. Паслугамі міжбібліятэчнага і міжнар. абанемента карыстаюцца каля 1 тыс. б-к у краіне і за яе межамі. Кнігаабменам б-ка звязана з 280 партнёрамі ў 36 краінах свету. Б-ка арганізуе выстаўкі (тэматычныя, юбілейныя, прысвечаныя знамянальным і памятным датам, выстаўкі прагляды; больш за 500 штогод), вядзе н.-д. работу па гісторыі бібліятэчнай справы на Беларусі. Выдае навук.-дапаможную і рэкамендацыйную бібліяграфію, у т. л. «Кніга Беларусі. 1517—1917» (1986), «Бібліяграфія па гісторыі Беларусі: Феадалізм і капіталізм» (1969), «Беларусь у друку XVI — пач. XX ст.» ў 5 кн. (1982—85), нотафанаграфічны паказальнік «Беларуская літаратура ў музыцы (1918—1989)» (1991); з 1960 выдае штомесячны бібліягр. бюлетэнь «Новыя кнігі Беларусі» і інш. У 1929—32 узведзены спец. будынак б-кі (арх. Г.​Лаўроў) у стылі канструктывізму. Б-ка мела агульную (на 400-месцаў) і для навук. работнікаў чытальныя залы. У 1961 пабудаваны дадатковы корпус, што палепшыла ўмовы работы чытачоў і захавання фондаў.

Літ.:

Нацыянальная бібліятэка Беларусі: Памятка чытачу. Мн., 1992.

Т.​М.​Мінчэня.

Бібліятэка нацыянальная Беларусі. У чытальнай зале.
Бібліятэка нацыянальная Беларусі. Уваход у галоўны корпус.

т. 3, с. 143

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІ́БЛІЯ (грэч. biblia літар. кнігі),

зборнік твораў стараж. пісьменства, св. пісанне іудзейскай (Стары запавет) і хрысц. (Стары і Новы запаветы) рэлігій. Першая анталогія выбраных кніг (кн. пра станаўленне Сусвету і чалавечага грамадства, хронікі, кодэксы, паэт. медытацыі, маральна-філас. трактаты, прароцтвы, прытчы, афарызмы, апіяграфіі, малітвы, гімны і інш.), аб’яднаных у адным пераплёце паводле храналагічнага і тэматычнага прынцыпаў, зместу і сімвалічнага сэнсу. Складалася на працягу 1-га тыс. да н.э. — 2 ст. н.э. на тэр. Палесціны (стараж. Ізраільска-Іудзейскае царства) і ў месцах яўрэйскай дыяспары на арамейскай, стараж.-яўрэйскай і стараж.-грэч. мовах. Поўная Біблія складаецца з 2 частак — Старога запавету (50 кніг, з іх 39 кананічных, якія выкарыстоўваюцца ў літургічнай службе, і 11 некананічных, прызнаных хрысц. царквой карыснымі для духоўнага выхавання) і Новага запавету [27 кніг; 4 Евангеллі (паводле Матфея, Марка, Лукі, Іаана), зборнік з 22 твораў пад агульнай назвай Апостал, Апакаліпсіс (Адкрыццё Іаана Багаслова)]. Паводле багаслоўскага тлумачэння, слова «запавет» азначае наказ Бога «выбранаму народу» (стараж. яўрэям), а праз яго — усяму чалавецтву. Іудзейская Біблія складаецца з 39 кананічных кніг: Закон, або Пяцікніжжа, прыпісваецца Майсею, Прарокі (кн. Ісаі, Ераміі, Езекііль, Данілы і 12 «малых прарокаў», кн. Ісуса Навіна, Суддзяў, 4 кнігі Царстваў), Пісанні (кн. Руф, 1-я і 2-я Параліпаменом, Ездры, Неяміі, Эсфір, Іова, Псалтыр, Прытчы Саламона, Эклезіяст, Песня песням, Плач Ераміі). Старазапаветная частка хрысц. (праваслаўнай і каталіцкай) Бібліі ў дадатак да кананічных уключае таксама некананічныя кнігі: 1—3-ю Ездры, Тавіта, Юдзіф, Прамудрасць Саламона, Прамудрасць Ісуса Сірахава, прарока Баруха, 1—3-ю кн. Макавеяў. Кананічныя кн. Старога запавету напісаны стараж.-яўр. і часткова арамейскай мовамі, некананічныя — стараж.-грэч. мовай. На т.зв. александрыйскай гаворцы стараж.-грэч. мовы напісаны Новы запавет, за выключэннем Евангелля паводле Матфея, напісанага на сірыйска-халдзейскай гаворцы стараж.-яўр. мовы. У Бібілію не ўвайшлі апокрыфы. Першы збор старазапаветнай часткі Бібіліі стварылі ў 2 ст. да н.э. ў Александрыі на стараж.-грэч. мове 70 перакладчыкаў (Септуагінта — семдзесят — стаў асн. крыніцай пазнейшых выданняў біблейскіх кніг). У 386—406 багаслоў Еранім зрабіў лац. пераклад Бібліі-Вульгату (агульнадаступная), якая легла ў аснову каталіцкай рэдакцыі Бібліі. У Бібліі адлюстраваны драм. шлях развіцця чалавечай духоўнасці. Яна пачынаецца з кн. Быццё (сімвалічная выява ўзнікнення Сусвету, рассялення народаў, станаўленне грамадства і дзяржавы), а заканчваецца Апакаліпсісам — сімвалічным малюнкам «канца свету». У аснове біблейскай філасофіі гісторыі тэадыцэя (апраўданне жыцця і яго крыніцы — Бога перад тварам сусветна-гіст. зла); правідэнцыялізм (гіст. падзеі, з’яўляючыся выяўленнем людской волі, на касм. узроўні прадвызначаныя Богам), месіянства (вера ў прыход Збавіцеля, у яго царства на Зямлі, упэўненасць у тым, што пакліканыя Богам народы і людзі аб’ектыўна выконваюць боскае прадвызначэнне), эсхаталагізм (перакананне ў тым, што гіст. працэс меў свой пачатак і будзе мець сваё завяршэнне). Большасць кніг Старога запавету ёсць гісторыя стараж. ізраільска-іудзейскай тэакратычнай дзяржавы (часткова інш. рэгіёнаў Блізкага Усходу), стараж.-яўр. культуры і старазапаветнай царквы. Новы запавет — гэта аповесць пра зямное жыццё і вучэнне Ісуса Хрыста, яго апосталаў, пра станаўленне хрысц. царквы і прароцтва пра богачалавецтва пасля канца гісторыі.

У 4—13 ст. узніклі шматлікія рэгіянальныя пераклады Бібіліі. У 9 ст. слав. асветнікі браты Кірыла і Мяфодзій пераклалі Біблію на стараслав. мову. Гэты пераклад лёг у аснову рукапісных біблейскіх кніг, што бытавалі на ўсх.-слав. землях, у т. л. на Беларусі. Першы рукапісны звод Бібіліі на царк.-слав. мове ўкладзены ў Ноўгарадзе (1499) па ініцыятыве архіепіскапа Генадзія («Генадзіеўская біблія»). Першую друкаваную Біблію ў слав. свеце выдалі чэхі (1488). На Беларусі спісы біблейскіх кніг з’явіліся пасля хрышчэння Русі (988). Некаторыя з іх, верагодна, рыхтаваліся Рагнедай Рагвалодаўнай, Ефрасінняй Полацкай. Свае скрыпторыі (цэнтры па перапісцы кніг) мелі бел. гарады, манастыры, епіскапскія кафедры. Пра біблейска-выдавецкую традыцыю сярэдневяковай Беларусі сведчаць высокамаст. ілюстраваныя помнікі рукапісных евангелляў і псалтыроў. Першым зборам царкоўнаслав. рукапісных кніг Бібліі на Беларусі стаў багата аздоблены «Дзесятаглаў», створаны ў 1502—07 у Вільні і Супраслі асветнікам Мацеем Дзесятым. Разам з «Пяцікніжжам», перапісаным дзякам Фёдарам у 1514, «Дзесятаглаў» склаў поўны збор Бібліі. У 1517—19 Ф.​Скарына выдаў 23 ілюстраваныя кнігі першай бел. Бібліі пад агульнай назвай «Библия руска, выложена доктором Франциском Скориною из славнаго града Полоцка, Богу ко чти и людем посполитым к доброму научению». Каля 1522 Скарына надрукаваў у Вільні «Малую падарожную кніжку», у якой аб’яднаны Псалтыр, Часасловец (малітвы), урачыстыя гімны (каноны і акафісты, некаторыя з іх — паэт. творы Скарыны). У 1525 ён жа выдаў «Апостал». Напісаныя Скарынам 50 прадмоў і 62 пасляслоўі да сваіх кніг — першыя на Беларусі каментарыі да Бібліі, у якіх тлумачыцца паходжанне кожнай кнігі, іх аўтарства, асаблівасці зместу, вобразаў і сімвалаў, іх значэнне для рэліг., маральнага і грамадскага выхавання. Свецкае выданне Бібліі Скарынам паўплывала на развіццё кніжна-выдавецкай біблейскай традыцыі на Беларусі (гл. Брэсцкая біблія). Прадаўжальнікам кнігавыдавецкай справы Скарыны быў В.Цяпінскі. Каля 1580 ён пераклаў на старабел. мову і выдаў «Евангелле» (паводле Матфея, Марка і частку Евангелля паводле Лукі). Вопыт Скарыны выкарысталі І.Фёдараў і П.Мсціславец, якія выдалі ў Маскве «Апостал» (1564). У 1566 яны пераехалі на Беларусь, на сродкі Р.​Хадкевіча выдалі «Евангелле вучыцельнае» (Заблудаў, 1568—69); Фёдараў выдаў таксама «Псалтыр з Часаслоўцам» (1569). Мсціславец выехаў у Вільню і ў друкарні Мамонічаў выдаў «Евангелле напрастольнае», «Псалтыр» і «Часоўнік» (1575—76). Фёдараў у канцы 1572 — пач. 1573 пераехаў у Львоў, выдаў там «Апостал» (1574), пазней у друкарні К.​Астрожскага ў Астрогу — «Псалтыр» і «Новы запавет» (1580), а таксама поўную слав. друкаваную кірылічным шрыфтам «Астрожскую біблію» (1581). У канцы 16—17 ст. Вільня і мяст. Еўе (каля Вільні) заставаліся асяродкамі выдання біблейскіх кніг на царк.-слав. мове. З 2-й чвэрці 17 ст. дзейнічалі новыя цэнтры выдання біблейскіх кніг — друкарні: Куцеінскага манастыра пад Оршай, С.Собаля ў Буйнічах пад Магілёвам, магілёўская М.Вашчанкі, брацкая Магілёва, Супрасльскага манастыра. У канцы 18 ст. віленскія друкарні перадрукавалі з маскоўскіх выданняў «Евангелле» (1790), «Евангелле вучыцельнае» (1794), «Псалтыр» 1795 (2-е выд. 1796). З канца 18 ст. да 1917 на Беларусі біблейскія кнігі не друкаваліся. Толькі уніяцкая царква выдала шэраг катэхізісаў, малітоўнікаў і падручнікаў, якія знаёмілі вернікаў са зместам Бібліі. Першыя практычныя крокі да перакладу Новага запавету на сучасную бел. мову зроблены ў Зах. Беларусі і Польшчы. Традыцыя перакладу і выдання Бібліі аднавілася ў Зах. Беларусі (пераклад і выданне на бел. мове Новага запавету прапаведнікам Л.​Дзекуць-Малеем і А.​Луцкевічам у 1920—30-я г.), за мяжой [выданне ксяндза П.​Татарыновіча ў 1954 у Рыме, выданне бел. Бібліі ў перакладзе гісторыка і філолага Я.​Станкевіча ў Нью-Йорку (1950—60-я г., 1970, 1973)], замежныя выданні біблейскіх кніг у перакладзе пастара Я.​Пятроўскага (Гейневіл, 1984, 1987). У 1990—95 апублікаваны бел. пераклады біблейскіх кніг В.​Сёмухі, А.​Клышкі; выдавецтвам «Беларуская Энцыклапедыя» ажыццёўлена факсімільнае перавыданне «Бібліі» Скарыны (т. 1—3, 1990—91).

Біблія — адзін з самых багатых і складаных помнікаў сусв. культуры, многія старонкі якога насычаны глыбокай жыццёвай мудрасцю і вызначаюцца вял. маст. сілай. Асаблівасцямі Бібліі як помніка культуры з’яўляюцца сінкрэтызм (адзінства рэальнасці і міфа, гісторыі і тэалогіі, гіст. фактаў і цудаў, філасофіі і паэзіі, даследавання і прароцтва, навук. і аксіялагічнага падыходаў да ацэнкі ідэй, фактаў, ідэалаў) і сімвалізм (погляд на гіст. падзеі як на знакавае выяўленне духоўных сэнсаў). Біблія паўплывала на экзістэнцыялісцкую філасофію гісторыі. Біблейскія сюжэты, матывы, вобразы і сімвалы шырока выкарыстоўвае сусв. л-ра, выяўл., тэатр., муз. мастацтва і кіно. У бел. л-ры вобразныя і сімвалічныя сістэмы Бібліі выявіліся ў 12—18 ст. у творчасці Кірылы Тураўскага, Скарыны, М.​Сарбеўскага, М.​Сматрыцкага, І.​Пацея, братоў Л. і С.​Зізаніяў, А.​Філіповіча і універсальная — у паэзіі і аратарскай прозе Сімяона Полацкага. Біблейскія матывы фалькларызаваліся ў нар. творчасці (чарадзейныя казкі, абрадавыя песні, легенды), у тэатр. і інш. мастацтве, бел. л-ры (творчасць Я.​Купалы, З.​Бядулі, У.​Караткевіча, інш. бел. пісьменнікаў).

Біблія ці яе часткі перакладзены больш як на 1250 моў і дыялектаў практычна ўсіх краін свету. Існуе шырокая сетка т-ваў, аб’яднанняў, асацыяцый, агенцтваў па вывучэнні Бібліі, яе перакладзе, выданні, распаўсюджванні. Вывучэннем Бібліі займаюцца біблеістыка, герменеўтыка, тэалогія і інш. навукі.

Літ.:

Никольский Н.М. Древний Израиль. 2 изд. М., 1922;

Виппер Р.Ю. Возникновение христианской литературы. М.; Л., 1946;

Фрэзер Дж.​Дж. Фольклор в Ветхом завете: Пер. с англ. М.; Л., 1981;

Марковский И.С. Библейская археология. 2 изд. Саратов, 1948;

Робертсон Дж. Первоначальное христианство: Пер. с англ. М., 1930;

Конан У. Каля вытокаў духоўнасці // Беларусь. 1990. № 1;

Шупа С. З гісторыі новабеларускіх перакладаў Бібліі // Вести. Белорусского Экзархата. 1990. № 4;

Яго ж. Біблейскія вобразы і матывы ў беларускім фальклоры // Беларусіка=Albaruthenica. Мн., 1995. Кн. 4;

Яго ж. Народ в координатах культуры // Нёман. 1995. № 2, 7, 12.

У.​М.​Конан.

Да арт. Біблія. Тытульны ліст «Бібліі» Ф.​Скарыны. 1519.

т. 3, с. 139

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)