мясцо́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Звязаны з пэўнай мясцовасцю, уласцівы гэтай мясцовасці. Мясцовыя ўмовы. Мясцовая гаворка. // Які вырабляецца, робіцца ў пэўнай мясцовасці, не прывазны. Мясцовыя вырабы. Мясцовы сорт бульбы. □ Вельмі добра зрабіла праўленне, што ўвяло дадатковую аплату за нарыхтоўку і вывазку мясцовых угнаенняў. «Звязда». // Які жыве ў пэўнай мясцовасці, не прыезджы; які дзейнічае, працуе ў дадзенай мясцовасці. Мясцовы настаўнік. Мясцовы паштальён. □ Супрацоўніцтва з мясцовыя насельніцтвам наладжана на глебе суседскага абмену. Брыль. // Які знаходзіцца, размешчаны ў дадзенай мясцовасці, на дадзенай тэрыторыі. Мясцовы калгас.

2. Які дзейнічае, мае значэнне толькі ў межах пэўнай тэрыторыі; не агульнадзяржаўны. Мясцовая ўлада. Мясцовыя Саветы. Мясцовая газета. □ Арганізацыйная структура кіравання прамысловасцю і будаўніцтвам павінна базіравацца на спалучэнні цэнтралізаванага дзяржаўнага кіраўніцтва з павышэннем ролі мясцовых арганізацый у кіраванні гаспадаркай. «Звязда».

3. Які пашырае сваё дзеянне толькі на частку чаго‑н. цэлага; не агульны. Мясцовае запаленне лёгкіх.

•••

Мясцовая прамысловасць гл. прамысловасць.

Мясцовы камітэт гл. камітэт (у 1 знач.).

Мясцовы час гл. час.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

натура́льны, ‑ая, ‑ае.

1. Уласцівы прыродзе, створаны прыродай; не штучны. Белавежская пушча — адзінае месца.. [на Беларусі], дзе зубры ў натуральных умовах жывуць. «Маладосць». [Бухгалтар:] — Адзіным натуральным рубяжом, які аддзяляў дрыгавічоў ад драўлян, з яўлялася Прыпяць. В. Вольскі.

2. Абумоўлены законамі прыроды. Натуральны прырост насельніцтва. Натуральная смерць.

3. Які існуе ад прыроды, прыроджаны. Натуральны колер твару. Натуральны імунітэт.

4. Сапраўдны, прыроднага паходжання; проціл. штучны. Натуральны шоўк. Натуральная кава.

5. Які адпавядае рэчаіснасці; сапраўдны. Натуральнае асвятленне. □ Зялёнае ўбранне .. [дрэў] станавілася амаль натуральным, калі месяц хаваўся. Кулакоўскі. Пасярэдзіне двара моўчкі стаіць мармуровая, у натуральную велічыню, копія з фларэнтыйскага Давіда. Караткевіч.

6. Нармальны, звычайны. Пакой зноў набыў свой натуральны выгляд. Мурашка. // Звычайны для каго‑н., просты. Глінскі ўвайшоў у сваю ролю, голас яго пагучнеў, жэсты сталі больш натуральнымі і выразнымі. Кулакоўскі.

7. Які ўтвараецца, атрымліваецца, аплачваецца натурай (у 4 знач.). Натуральны падатак. Натуральная аплата.

•••

Натуральная гаспадарка гл. гаспадарка (у 1 знач.).

Натуральная школа гл. школа.

Натуральны адбор гл. адбор.

Натуральны рад лічбаў гл. рад (у 2 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

самасто́йны, ‑ая, ‑ае.

1. Які існуе незалежна, свабодна. Самастойная дзяржава. □ Беларусы, раней прыгнечаная нацыя, набылі сваю самастойную дзяржаўнасць упершыню за ўвесь час існавання беларускага народа. «Весці». // Які вылучаецца сярод іншых, мае ўласнае значэнне; асобны. Самастойнае пытанне. Самастойны сказ. □ Гук ы не з’яўляецца самастойнай фанемай таму, што ў беларускай і рускай мовах няма такіх слоў, якія б адрозніваліся ад іншых слоў гэтым гукам. Юргелевіч.

2. Здольны дзейнічаць сам, без чужой дапамогі або кіраўніцтва. [Саша] ўжо самастойны чалавек, фельчар, у яе новыя знаёмыя — колькі ў вёсцы настаўнікаў і іншых хлопцаў! Шамякін. // Уласцівы такому чалавеку. Усе.. месцы з твораў Маркса і Энгельса.. аб дзяржаве павінны быць абавязкова прыведзены ў магчыма больш поўным выглядзе, каб чытач мог скласці сабе самастойнае ўяўленне аб сукупнасці поглядаў заснавальнікаў навуковага сацыялізма. Ленін. // Сур’ёзны, разважлівы. Самастойны хлопчык.

3. Які ажыццяўляецца сваімі сіламі або па сваёй ініцыятыве, на падставе ўласнага меркавання. Самастойны крок. □ [Русаковіч:] — Я не хачу правальвацца на першай сваёй самастойнай рабоце. Крапіва. // Вольны ад пабочных уплываў, арыгінальны. Самастойнае даследаванне.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

санлі́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Які вельмі любіць спаць, які хоча спаць. У коміне вецер сярдзіта гудзе, Ды чуецца часам яшчэ пазяханне. Лянівай санлівай кабеты ўздыханне. Зарыцкі. На пустой вуліцы.. ішоў яшчэ санлівы хлопец-пастух. Мележ. / у знач. наз. санлі́вы, ‑ага, м. [Мікалай Пятровіч], праўда, нічога асаблівага не сказаў. Адчыніў дзверы пакоя, прывітаўся, паглядзеў і з парога заўважыў: — У нас санлівых не любяць... Нядзведскі. // Вялы (пра жывёл, насякомых і пад.). [Жукі] падалі на зямлю, як нежывыя, — санлівыя і лянівыя. Ваданосаў. // перан. Які знаходзіцца ў стане спакою; які навявае сон, сонны. Санлівае надвор’е. □ Не люблю пакручастае сцежкі, Ціхае, санлівае ракі. Прануза. Санлівая ранішняя ціша Галаў парушалася рэдкім шчабятаннем птушак. Дуброўскі. // перан. Бяздзейны, пасіўны, апатычны. Адарванасць ад мае, ад барацьбы народа ператварыла [Ігната Вярэню] ў «цень», зрабіла бездапаможным, санлівым. Хромчанка.

2. Уласцівы чалавеку, які хоча спаць; такі, як у чалавека, што хоча спаць. [Раман] глянуў на каня санлівымі вачамі, як бы аб нечым разважаючы. Колас. Адразу зніклі санлівыя выразы на тварах. І Бародка пачаў.. [гаварыць]. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

смаляны́, ‑ая, ‑ое.

1. Які мае адносіны да смалы (у 1 знач.), уласцівы ёй. Сасонкі ў заводскім парку выпусцілі бледна-зялёныя кволенькія іголачкі, напаілі паветра стойкім смаляным водарам. Шыцік. Хата — гэта ён вельмі сціпла назваў вялізную, з белымі разбянымі аканіцамі хароміну, з жоўтых сцен якой сачыліся смаляныя кроплі. Радкевіч. // Насычаны пахам смалы. Смаляное паветра. // Які мае адносіны да здабычы і апрацоўкі смалы. Смаляны промысел. Смаляны завод. // Які атрымліваюць з смалы або прадуктаў яе перапрацоўкі. Смаляная кіслата.

2. Які мае ў сабе многа смалы; смалісты. Смаляное дрэва. □ І там, дзе пелі пушчы баравыя, Корч смаляны хаціны асвятляў, Гараць агні гігантаў індустрыі, Шуміць калоссем плённая зямля. Звонак. У печы, відаць, гарэла ўжо не салома, а дровы — смаляныя трэскі і аскалёпкі. Пташнікаў.

3. Апрацаваны смалой (у 2 знач.); прасмолены. Смаляныя шпалы. □ Кончыўся прыгарад, потым была рэчка, на яе пясчаныя беразе ляжалі, як вялікія рыбіны, чаўны і грэлі на сонцы свае смаляныя бакі. Гаўрылкін.

4. Чорны і бліскучы (пра валасы). Віка.. гладзіла яго [Лаўрэна] шорсткія смаляныя валасы. Вітка.

•••

Смаляная падманка гл. падманка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спе́шны, ‑ая, ‑ае.

1. Які патрабуе хуткага выканання; тэрміновы. За дзвярыма грукаталі боты, Над сталом задумаўся марксіст І, адклаўшы спешную работу, Малаком пісаў па волю ліст. Грахоўскі. Як Антось мацней за ўсіх бегае, то яму даваліся найбольш спешныя заданні. Кулакоўскі. Калгас засыпаны дэпешамі З Масквы, Туркменіі, Дняпра, — І ўсе вітальныя і спешныя, То ад Івана, то Пятра. Астрэйка. // Які выконвае што‑н. тэрміновае. Красуняй паланянкай паланёны, ён [Кайдан] выгнаў нават спешнага ганца, прысланага з далёкага загону, дагаварыць не даўшы да канца. А. Вольскі.

2. Які робіцца або адбываецца хутка; паспешлівы. Дзед Талаш з сваім войскам спешным маршам рушыў на Прыпяць, каб заняць пераправу. Колас. У штабах спешным парадкам складалі спісы. Пальчэўскі. Сяргееў быў здаволены, што хлопец не робіць спешных вывадаў, а цвяроза ацэньвае абстаноўку. Федасеенка. Чалавек дваццаць паліцыянтаў скакала на конях спешнай рыссю. Пестрак. // Уласцівы таму, хто спяшаецца. А Казік падбег да бацькі і, Юзік чуў, казаў ён спешным дрыжачым голасам: — Злодзей!.. Злодзей... Баранавых.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

стры́маны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад стрымаць.

2. у знач. прым. Які ўмее валодаць сабой, не выяўляць свае пачуцці. Спакойная і стрыманая ў звычайныя часы,.. [Кацярына] нават не намагалася захаваць свайго хвалявання. Мікуліч. // Уласцівы такому чалавеку. — Добры вечар у хату, — са стрыманай ветлівасцю павітаўся Рыбак. Быкаў. // Спакойны, скупы (у рухах, мове). Рухі ў .. [Цімкі] былі ўпэўненыя, эканомныя, стрыманыя. Карпаў. Гэта быў стрыманы і дакладны, прытым нешматслоўны субяседнік. В. Вольскі.

3. у знач. прым. Які не праяўляецца, не выяўляецца ў поўнай меры, у поўнай сіле. Па ціхіх, стрыманых галасах, што адразу пажвавелі, Ніна Лугановіч адчувала, як палягчэла на душы ў людзей. Мележ. [Віктар] сядзеў, як на іголках, прыслухоўваючыся да стрыманай гамонкі. Асіпенка. Дзесь ціха праплыве лодка, плясне вясло, пачуецца стрыманы смех. Васілевіч. // Спакойны, тактычны, не рэзкі (пра рухі, мову). Калі мы праходзім тут са сваім акрываўленым цяжарам, з адных насілак нас аклікае ціхі, дзіўна стрыманы голас: — Калегі, запалка ёсць? Брыль.

4. у знач. прым. Пазбаўлены сардэчнасці, гасціннасці. Стрыманая сустрэча. Стрыманы прыём.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

увішны́, ‑ая, ‑ое.

1. Жвавы, спрытны ў рухах, у дзеянні. Увішны ў рабоце. □ Мая гаспадыня была ўвішная, рухавая кабета, нягледзячы на свае пяць дзесяткаў год. М. Стральцоў. Ішла [Ліда] чамусьці занадта павольна, хоць звычайна была вельмі порсткая, увішная. Кулакоўскі. У новай Тэклінай хаце ўвішныя жанчыны ўжо расстаўлялі на сталах пачастункі. Краўчанка. / Пра жывёл, птушак. Зрэдку папісквалі, пырхаючы з галінкі на галінку, увішныя каралькі. Паслядовіч. // Уласцівы такому чалавеку; спрытны. [Хлопец] так быў заняты працай, што, здавалася, нічога не заўважаў вакол — рухі разлічаныя, дакладныя, увішныя. Ваданосаў. Увішная постаць .. [Анатоля] мільганула ў праёме дзвярэй. Хадкевіч. Аксеня аж здзівілася: «Хутка робіш, хутка... Рукі твае ўвішныя...» Пестрак. // Хуткі, спорны. Пайшла работа — ціхая, увішная, без адзінага слова. Шухаюць рыдлёўкі, скрыгочуць каменнем. Ракітны. Увішная хада адбірала сілы. Пад цяжарам гнулася галава, і Тышкевіч амаль не бачыў, куды ідзе. Асіпенка. // Паваротлівы, вёрткі. Падаў першы снег, весела мітусіліся ўвішныя сняжынкі. Мележ.

2. перан. Вынаходлівы, хітры. Хусейн праявіў сябе хітрым, выкрутлівым і ўвішным палітыкам. В. Вольскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

эпі́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да эпасу (у 1, 2 знач.). Паэма «Янук Сяліба» [М. Танка] — эпічнае палатно, дзе праўдзіва паказваецца жыццё беларускай вёскі ў першыя гады Вялікай Айчыннай вайны. «Беларусь». // Які напісаны ў форме эпасу, з’яўляецца эпасам. Эпічная песня. Эпічны твор. □ Якуб Колас з’яўляецца паэтам шырокага літаратурнага дыяпазону, выдатным празаікам, творцам вялікіх эпічных паэм. «Полымя». Творы паэта [М. Танка].. узбагацілі ўсе яе [беларускай літаратуры] вельмі разнастайныя паэтычныя жанры, пачынаючы ад эпічнай сюжэтнай паэмы і канчаючы лірычнай мініяцюрай. Бугаёў. // Уласцівы эпасу. Эпічны стыль. □ Янка Купала змог жыва і адчувальна перадаць эпічную шырыню і глыбокую народнасць, фальклорную аснову «Слова аб палку Ігаравым». Палітыка. Любіў Максім Багдановіч народную песню за яе меладычнасць, эпічны размах і лірычную цеплыню. Майхровіч. // Поўны значнасці, гераізму, які можа быць адлюстраваны ў народным эпасе. Эпічны працоўны гераізм Аляксей Максімавіч Горкі раіў браць савецкім пісьменнікам у аснову сваёй творчасці. «Полымя».

2. Спакойны, не ўсхваляваны; без эмоцый. — Чаму не хочаш? — мяне здзіўляе ўжо не самы адказ, мяне здзіўляе эпічны Шуркаў тон. Васілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

БРАМС (Brahms) Іаганес

(7.5.1883 7.5.1833, г. Гамбург, Германія — 3.4.1897),

нямецкі кампазітар, піяніст, дырыжор. Музыцы навучаўся ў бацькі. З 1862 у Вене, выступаў як піяніст, пазней і як харавы дырыжор у Пеўчай капэле і Т-ве сяброў музыкі. З сярэдзіны 1870-х г. прысвяціў сябе пераважна творчай дзейнасці, выступаў як дырыжор і піяніст з выкананнем уласных твораў. Яго муз. спадчына ахоплівае многія жанры (за выключэннем оперы). 4 сімфоніі Брамса, асабліва апошняя (1885), у ліку вяршынь сімфанізму 2-й пал. 19 ст. Цыклічную кампазіцыю сімфоніі ён разумеў як інстр. драму, часткі якой аб’яднаны пэўнай ідэяй. Да сімфоній па маст. значнасці прымыкаюць і яго інстр. канцэрты, трактаваныя як сімфоніі з саліруючымі інструментамі (самыя вядомыя скрыпічны, 1878, і 2-і фп., 1881, канцэрты). З вак.-аркестравых твораў найб. значны «Нямецкі рэквіем» (1868) з эпічным размахам і пранікнёнай лірыкай. У вакальнай музыцы важнае месца займаюць апрацоўкі нар. песень (каля 100). Лепшым камерна-інстр. творам уласцівы героіка-эпічныя рысы і адначасова суб’ектыўна-лірычная накіраванасць (фп. трыо, фп. квінтэт, санаты для скрыпкі і віяланчэлі з фп. і інш.). Фартэпіянныя творы вылучаюцца кантрапунктычна развітой фактурай, тонкай матыўнай распрацоўкай. У фп. вальсах і «Венгерскіх танцах» выявілася захапленне Брамса венг. фальклорам. Сярод інш. твораў: «Песня лёсу» і «Трыумфальная песня» (1871), кантата «Рынальда» (1868), «Рапсодыя» (1869, усе для хору з арк.); 2 серэнады, «Варыяцыі на тэму І.Гайдна», «Акадэмічная» і «Трагічная» уверцюры (1881, усе для арк.); канцэрты для фп., скрыпкі і віяланчэлі (1887); камерна-інстр. ансамблі — санаты для скрыпкі і фп., віяланчэлі і фп., клавесіна і фп., 3 фп. трыо, 3 стр. квартэты, 2 стр. квінтэты, фп. квінтэт; санаты, варыяцыі, балады, фантазіі, рапсодыі і інш. для фп.; для аргана — 11 харальных прэлюдый і інш.; каля 60 мяшаных хароў; для голасу з фп. — 60 вак. квартэтаў, 20 дуэтаў, каля 200 рамансаў і песень і інш.

Тв.:

Briefwechsel. Bd. 1—16. Berlin, 1908—22.

Літ.:

Гейрингер К. Иоганнес Брамс: Пер. с нем. М., 1965;

Грасбергер Ф. Иоганнес Брамс: Пер. с нем. М., 1980;

Царева Е. Иоганнес Брамс. М., 1986.

Р.М.Аладава.

т. 3, с. 240

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)