эпі́чны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да эпасу (у 1, 2 знач.). Паэма «Янук Сяліба» [М. Танка] — эпічнае палатно, дзе праўдзіва паказваецца жыццё беларускай вёскі ў першыя гады Вялікай Айчыннай вайны. «Беларусь». // Які напісаны ў форме эпасу, з’яўляецца эпасам. Эпічная песня. Эпічны твор. □ Якуб Колас з’яўляецца паэтам шырокага літаратурнага дыяпазону, выдатным празаікам, творцам вялікіх эпічных паэм. «Полымя». Творы паэта [М. Танка].. узбагацілі ўсе яе [беларускай літаратуры] вельмі разнастайныя паэтычныя жанры, пачынаючы ад эпічнай сюжэтнай паэмы і канчаючы лірычнай мініяцюрай. Бугаёў. // Уласцівы эпасу. Эпічны стыль. □ Янка Купала змог жыва і адчувальна перадаць эпічную шырыню і глыбокую народнасць, фальклорную аснову «Слова аб палку Ігаравым». Палітыка. Любіў Максім Багдановіч народную песню за яе меладычнасць, эпічны размах і лірычную цеплыню. Майхровіч. // Поўны значнасці, гераізму, які можа быць адлюстраваны ў народным эпасе. Эпічны працоўны гераізм Аляксей Максімавіч Горкі раіў браць савецкім пісьменнікам у аснову сваёй творчасці. «Полымя».
2. Спакойны, не ўсхваляваны; без эмоцый. — Чаму не хочаш? — мяне здзіўляе ўжо не самы адказ, мяне здзіўляе эпічны Шуркаў тон. Васілевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)