спе́раду, прысл. і прыназ.

1. прысл. З пярэдняга боку; проціл. ззаду. Зашпіліў [Андрэй] на ўсе гузікі паддзёўку — яна была мокрая спераду і пачынала лубянець. Пташнікаў. Потым [Ніна] паглядзела на сябе спераду, наслініла пальцы і зрабіла імі тоненькія бровы. Лобан. // На некаторай адлегласці перад кім‑, чым‑н.; паперадзе. Вось спераду размашыста крочыць высокая і худая, з рашучым тварам, брыгадзірава жонка Настасся. Ракітны. Пан, залажыўшы рукі назад, ад чаго яшчэ больш выпучваўся жывот, крочыў спераду, мужык — за ім. Брыль.

2. прыназ. з Р. Спалучэнне з прыназоўнікам «спераду» выражае прасторавыя адносіны; ужываецца для ўказання на месца паперадзе чаго‑н. Ісці спераду калоны. □ Хацяноўскі саступіў з дарогі і амаль адразу ўбачыў, што спераду кожнага матацыкла тырчыць руля. Здагадаўся: немцы! Кулакоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ушанава́нне, ‑я, н.

1. Выражэнне павагі, пашаны; пэўныя цырыманіяльныя дзеянні як адзнака прызнання чыіх‑н. заслуг. Назаўтра пахавалі мы Бартало і Найдзёніка разам, з усімі нашымі партызанскімі ўшанаваннямі... Гроднеў. [Варанецкі:] — У гэтай зале ёсць людзі, якія, можа, больш варты ўшанавання, чым я. Дуброўскі.

2. Урачыстасці ў гонар юбіляра. Ушанаванне юбіляра. Ушанаванне перадавікоў працы. □ [М. Танк] .. быў членам Усесаюзнага камітэта па ўшанаванню памяці А. Міцкевіча. Бугаёў.

3. Прыстойнасць асобы. Сур’ёзныя твары .. [палешукоў] часта рабіліся вясёлымі, і дружныя покаты смеху напаўнялі вуліцу. Пры гэтым палешукі, як па камандзе, адкідалі назад галовы і выпучвалі жываты. Але гэта было толькі ў тых выпадках, калі якая-небудзь з кабет, пераступіўшы ўсякія граніцы жаночага ўшанавання, адпускала штось вельмі жыццёвае і сакавітае. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

эмігра́цыя, ‑і, ж.

1. Перасяленне з сваёй айчыны ў іншую краіну па эканамічных, палітычных, рэлігійных і інш. прычынах. Мы добра ведаем з біяграфіі У. І. Леніна аб яго вымушанай эміграцыі за мяжу. Каршукоў. Крыўдна, што балюе беглы карнік Каля ўспамінаў дарагіх — Герцэн... Эміграцыя... Друкарні... Песні волі... Песні і сцягі. Панчанка. // Разм. Наогул пераезд у іншы горад ці іншую мясцовасць.

2. Знаходжанне за межамі сваёй айчыны ў выніку такога перасялення. Левандоўскі якраз два дні таму назад вярнуўся з эміграцыі. Карпюк. Знаходзячыся ў эміграцыі, Цётка [Алаіза Пашкевіч] прадаўжала марыць аб звароце на радзіму, каб працягваць рэвалюцыйную работу. Клімковіч.

3. зб. Эмігранты. Частка польскай моладзі ў краі знаходзілася пад уплывам ідэй лідэра польскай эміграцыі Л. Мераслаўскага. Смірноў.

[Ад лац. emigrare — перасяляцца, высяляцца.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

return

[rɪˈtɜ:rn]

1.

v.i.

варо́чацца, вярта́цца

He will return this summer — Ён ве́рнецца сёлета ўле́тку

2.

v.t.

1) варо́чаць, вярта́ць, адсыла́ць наза́д, аддава́ць наза́д (напр. доўг)

Return that book to the library — Вярні́ ту́ю кні́гу ў бібліятэ́ку

2) дава́ць (прыбы́так)

3) афіцы́йна паведамля́ць, абвяшча́ць

The jury returned a verdict of guilty — Суд прысяжны́х абвясьці́ў прысу́д: вінава́ты

4) адка́зваць

“No!” — he returned crossly — “Не!” — адказа́ў ён зло́сна

to return in kind — адка́зваць тым са́мым

3.

n.

1) вярта́ньне n., зваро́т, паваро́т -у m. (куды́)

2) вярта́ньне n., зваро́т -у m. (до́ўгу)

3) адпла́та f.

a poor return for kindness — мала́я адпла́та за дабрыню́

4) справазда́ча, дэкляра́цыя f.

income tax return — пада́ткавая дэкляра́цыя

election returns — да́дзеныя галасава́ньня, вы́бараў

5) адка́з -у m.

4.

adj.

1) зваро́тны

return ticket — зваро́тны біле́т

2) паўто́рны

a return performance — паўто́рны пака́з

•

- a return game

- in return

- returns

Ангельска-беларускі слоўнік (В. Пашкевіч, 2006, класічны правапіс) 

круці́ць, кручу́, кру́ціш, кру́ціць; кру́чаны; незак.

1. каго-што. Вярцець па крузе.

К. сячкарню.

К. кран.

2. чым. Паварочваць з боку ў бок.

К. галавой.

3. што. Звіваючы, вырабляць, скручваць што-н.

К. перавяслы.

К. папяросу.

4. каго-што. Звязваць, сцягваць.

К. рукі назад.

5. каго-што і без дап. Уздымаючы, прыдаваць віхравы рух чаму-н.

Вецер круціць пыл.

Мяцеліца круціць.

6. Хітрыць, не даваць прамога адказу (разм.).

Гэты чалавек праўду не гаворыць, а круціць.

7. Караючы, цягаць за вушы, валасы (разм.).

К. сына за вуха.

8. перан. Распараджацца па-свойму, камандаваць кім-н.

Мужам круціла так, як хацела (разм.).

9. з кім. Быць у любоўных адносінах з кім-н. (разм.).

10. што. Свідраваць дзіркі ў чым-н.

11. перан., звычайна безас. Прычыняць рэзкі боль.

Цэлы дзень круціць, усё ломіць.

|| зак. скруці́ць, скручу́, скру́ціш, скру́ціць; скру́чаны (да 3 і 4 знач.).

|| аднакр. крутну́ць, -ну́, -не́ш, -не́; -нём, -няце́, -ну́ць; -ні́ і крутану́ць, -ну́, -не́ш, -не́; -нём, -няце́, -ну́ць; -ні́ (да 1 і 2 знач.).

|| наз. кручэ́нне, -я, н. (да 1, 3, 5, 8 і 9 знач.).

|| прым. круці́льны, -ая, -ае (да 3 знач.; спец.).

Круцільная машына.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

back

[bæk]

1.

n.

1) сьпі́на f.; пле́чы pl. only, хрыбе́т -та́ m.

2) Anat. хрыбе́т -та́ m.

a broken back — злама́ны хрыбе́т

3) зад -у, тыл -у m.; аза́дак -ка m.

the back of the head — паты́ліца f.

the back of the room — тыл пако́ю

4) сьпі́нка f. (крэ́сла)

5) адваро́тны або́ ле́вы бок

the back of a rug (fabric) — ле́вы бок дывана́ (ткані́ны), спод -у m.

2.

v.t.

1) падтры́мваць (ду́мку, плян); дапамага́ць

2) рабі́ць ста́ўку, ста́віць (на каня́)

3) дава́ць фон, быць фо́нам

4) адступа́цца ад чаго́, падава́цца наза́д (на аўтамабі́лі), тылава́ць

5) прыбыва́ць, падыма́цца (пра ваду́)

3.

adj.

1) за́дні; далёкі, глухі́

the back seat of a car — за́дняе сядзе́ньне ў аўтамабі́лі

back street — глуха́я ву́ліца

2) спо́зьнены, пратэрмінава́ны

back pay — спо́зьненая апла́та

back bills — пратэрмінава́ныя раху́нкі

3) стары́, ране́йшы

the back issues of this magazine — ране́йшыя ну́мары гэ́тага ча́сапісу

4) адваро́тны, супрацьле́глы

4.

adv.

1) наза́д

to be back — вярну́цца наза́д

2) у запа́се, у рэзэ́рве

to keep back enough money — трыма́ць у запа́се дастатко́ва гро́шай

•

- a stab in the back

- back and forth

- back down

- back from the road

- back of

- back out of

- back up

- behind one’s back

- get one’s back up

- hold back the crowd

- look back

- on one’s back

- talk back

- turn one’s back on

- with one’s back to the wall

Ангельска-беларускі слоўнік (В. Пашкевіч, 2006, класічны правапіс) 

склада́ны, ‑ая, ‑ае.

1. Які складаецца з некалькіх частак, элементаў; састаўны. Складаны сказ. Складанае рэчыва. Складаныя лікі. □ Пэўная колькасць складаных слоў была запазычана старабеларускай мовай з іншых моў. Гіст. лекс. бел. мовы.

2. Які з’яўляецца сістэмай многіх узаемазвязаных частак. Сельская гаспадарка — жывы і вельмі складаны арганізм. Дуброўскі. / Пра машыны, механізмы. На вачах Ігната пашыраўся завод, на якім вырабляліся цяпер самыя складаныя станкі. Лынькоў. Мантажныя работы — наогул нялёгкая аперацыя. Тым больш цяжка зманціраваць такую складаную машыну, як земснарад. Дадзіёмаў. // Мудрагелісты па сваёй будове, форме. Складаны ўзор. Складаны арнамент. □ Трактарысту .. пяць год таму назад.. [граніца] ўяўлялася ледзь не кітайскай сцяной, або, па меншай меры, нейкай складанай камбінацыяй з калючага дроту. Брыль.

3. Які характарызуецца сукупнасцю звязаных паміж сабой з’яў, адносін, прыкмет і пад. Пісьменнік стварае складаную сітуацыю, калі два ўласнікі змагаюцца паміж сабою. Адамовіч. Васіль Паўлавіч трошкі з сумам, але і з гонарам успамінае тыя цяжкія, складаныя дні. Кулакоўскі.

4. Які спалучае ў сабе разнастайныя, часта супярэчлівыя бакі, рысы (пра чалавека, яго характар і пад.). Лемяшэвіч выйшаў з абкома са складанымі і супярэчлівымі пачуццямі. Шамякін.

5. Цяжкі для разумення, рашэння, ажыццяўлення і пад. На перапынку Люба разбіралася ў складаным алгебраічным прыкладзе. Васілевіч. Гадоў трыццаць таму назад мнагабор’е лічылася надзвычай складаным відам спаборніцтваў і было пад сілу толькі дарослым. Шыцік. Ніколі раней Якаву Пятровічу не даводзілася рабіць складаных аперацый у такіх дзікіх умовах. Паслядовіч. Задачы перад працаўнікамі гаспадаркі стаяць складаныя. «Звязда».

6. Такі, які можна складваць дзякуючы рухомаму злучэнню частак. Складанае вудзільна. □ Доўга корпаўся [салдат] у кішэні, дастаючы складаны ножык. Лынькоў. Перад .. [прыставам] стаяў маленькі складаны столік. Чорны.

•••

Складанае трайное правіла гл. правіла.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ЖЫЦЦЁ,

асобая форма існавання і руху матэрыі, здольная да развіцця (эвалюцыі) і якасна больш высокая, чым фіз. і хім. формы; асн. матыў існавання і змест перажывання чалавека, жыццёвы лёс наогул. Характарызуецца абменам рэчываў, раздражняльнасцю, самааднаўленнем, сістэмным самакіраваннем, перадачай энергіі і інфармацыі, прыстасаванасцю да ўмоў асяроддзя(адаптацыяй), а таксама адноснай самастойнасцю надарганізменных утварэнняў (біягеацэнозаў, экасістэм) пры агульным фізіка-хім. адзінстве жывога рэчыва біясферы Зямлі (магчыма, і ўсяго Сусвету). Існуюць розныя канцэпцыі паходжання і сутнасці Ж. Прыхільнікі крэацыянізму прызнаюць аднаактавае стварэнне арганізмаў Богам або шматлікія акты стварэння ўсё больш дасканалых форм Ж. пасля знішчэння папярэдніх у выніку «катаклізмаў». Тэорыя самаадвольнага і спантаннага зараджэння Ж. была пашырана ў Стараж. Кітаі (Канфуцый), Вавілоне і Егіпце. Віталізм, які абапіраецца на вучэнне Арыстоцеля аб энтэлехіі, растлумачвае працэсы Ж. дзеяннем нематэрыяльнай «энергіі душы», «жыццёвай сілы» або «жыццёвага парыву». Тэорыя біяхім. эвалюцыі прапануе сваю ўсеагульную схему ўзнікнення Ж. ў выніку працяглых пераўтварэнняў вугляродазмяшчальных злучэнняў, пераходу ад складаных арган. рэчываў да простых жывых арганізмаў; паводле палеанталагічных звестак, першыя жывыя арганізмы (аднаклетачныя) з’явіліся на Зямлі не менш як 3,5—3,8 млрд. гадоў назад. На глебе метафізічнага матэрыялізму распрацоўваліся канцэпцыі пра занясенне зародкаў жыцця на Зямлю з космасу (панспермія) і аб спрадвечным паралельным існаванні жывой і нежывой матэрыі. Франц. філосаф А.​Бергсон разглядаў Ж. як працэс чалавечага быцця і ўяўляў яго ў форме зыходнага «ўзрыву», які прывёў да разгортвання жыццёвага працэсу; пры гэтым у якасці 2 асн. форм Ж. і пазнання ён вылучаў інтэлект і інтуіцыю. З псіхааналітычнага пункту погляду Ж. ўяўляе сабой узаемадзеянне структурных элементаў псіхікі, жыццядзейнасці індывіда і асаблівасцей навакольнага асяроддзя. На думку З.​Фрэйда і Л.​Шапенгаўэра А.​Шапенгаўэра, «сапраўдным вынікам» і мэтай Ж. з’яўляецца дасягненне смерці, а сексуальныя схільнасці, якія ўзнаўляюць папярэднія станы праз зліццё дзвюх зародкавых клетак, ёсць увасабленне волі да Ж. Ідэі аб Ж. як рэдкай разнавіднасці смерці ляжаць у аснове канцэпцыі постструктуралізму, прадстаўнікі якога не проціпастаўляюць Ж. смерці, а ўводзяць іх у адносіны невырашальнай узаемаабарачальнасці. Гл. таксама Абіягенез, Гамеастаз, Дарвінізм, Філасофія жыцця.

Літ.:

Вернадский В.И. Живое вещество. М., 1978;

Фролов И.Т. О смысле жизни, о смерти и бессмертии человека. М., 1985;

Зеленков А.И., Водопьянов П.А. Динамика биосферы и социокультурные традиции. Мн., 1987;

Стереотипы и динамика мышления. Мн., 1993.

С.​Ф.​Дубянецкі.

т. 6, с. 476

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІДЭАЛІ́ЗМ,

агульная назва філас. сістэм (поглядаў), у якіх сутнасці прадметаў надаецца асабліва ідэальны і субстанцыянальны сэнс. Зыходзіць з першаснасці духоўнага, мысліцельнага, псіхічнага і другаснасці матэрыяльнага, прыроднага, фізічнага. Узнік каля 2,5 тыс. г. назад. У філас. сэнсе І. азначае пэўную пазіцыю ў рашэнні асн. пытання філасофіі аб адносінах мыслення да быцця. Калі ідэальнае набывае характар аб’ектыўнага духоўнага першапачатку свету, размова ідзе пра аб’ектыўны І., калі сутнасць пазбаўляецца аб’ектыўнай асновы — пра суб’ектыўны І. У 1-м выпадку сутнасць (ідэя) паўстае ў 2 іпастасях: з аднаго боку, яна павінна быць вечнай, абсалютнай і нязменнай, для чаго неабходна пастуліраваць асобны свет яе знаходжання, якімі выступаюць платонаўскі свет ідэй, арыстоцелеўская форма форм, лейбніцкія манады, гегелеўская абсалютная ідэя або розум Бога ў схаластычнай філасофіі; з другога боку, сутнасць як адбітак (цень) сваёй асн. ідэі-матрыцы прадстаўлена ў канкрэтных прадметах рэальнага свету. Таму рэчы маюць канец, існуюць у часе і прасторы, а іх сутнасць (ідэя) абсалютная і вечная, г.зн. існуе па-за часам і прасторай. У рамках аб’ектыўнага І. сцвярджаецца ідэя гіпераб’ектыўнага крытэрыю ісціны; апошняя набывае неабходны аб’ектыўны сэнс, які раскрываецца не кожнаму розуму, а толькі таму, што філасофствуе. У сістэме суб’ектыўнага І. формы пачуццёвага пазнання (прастора і час у філасофіі Дж.​Берклі, Д.​Юма і І.​Канта) і сутнасці абстрактных паняццяў (напр., прычына, неабходнасць, усеагульнасць, заканамернасць і г.д.) выводзяцца з прыроды самой свядомасці чалавека. Такім чынам сутнасць аддзяляецца ад прадмета, набывае асаблівы намінальны сэнс або характар прыроджаных ідэй (Р.​Дэкарт). Крытэрый ісціны з аб’ектыўна-анталагічных асноў пераходзіць у бок логіка-псіхал. форм пазнання. Суб’ектыўны І. рэалізуецца ў такіх сваіх разнавіднасцях, як суб’ектывізм, скептыцызм, сафістыка, агнастыцызм, ірацыяналізм, інтуітывізм, прагматызм, валюнтарызм, пазітывізм і інш. І. супрацьстаіць матэрыялізму ў вырашэнні асн. пытання філасофіі (аб адносінах матэрыі і свядомасці матэрыяльнага і духоўнага). І. ўяўляе сабой моцны пласт духоўнай культуры чалавецтва і ў спалучэнні з матэрыялізмам дазваляе скласці цэласнае ўяўленне пра свет, у рамках якога чалавек выступае моцным фактарам сацыяпрыроднага прагрэсу. У быт. сэнсе паняцце «І.» абазначае схільнасць людзей да абстрактнага тэарэтызавання, бескарыслівага захаплення нерэальнымі ідэямі, нездзяйсняльнымі планамі і праектамі.

Літ.:

Идеалистическая диалектика в XX ст. М., 1987.

А.​М.​Елсукоў.

т. 7, с. 168

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМЕ́ННАВУ́ГАЛЬНАЯ СІСТЭ́МА (ПЕРЫ́ЯД), карбон,

геалагічная сістэма палеазойскай эратэмы (групы эры). Адпавядае 5-му перыяду палеазойскай эры геал. гісторыі Зямлі. Падсцілаецца адкладамі дэвонскай сістэмы (перыяду), перакрываецца адкладамі пермскай сістэмы (перыяду). Пачалася каля 350 млн. гадоў назад і доўжылася больш за 65 млн. гадоў. Падзяляецца на ніжні, сярэдні і верхні аддзелы; у ніжнім вылучаюць турнейскі, візейскі і серпухаўскі ярусы, у сярэднім — башкірскі і маскоўскі, у верхнім — касімаўскі і гжэльскі. У рэгіянальнай стратыграфічнай схеме кам.-вуг. адкладаў Беларусі на падставе вывучэння выкапнёвых фарамініфераў, брахіяпод, астракод і рэшткаў раслін (спораў) вылучаны (1981) больш дробныя стратыграфічныя адзінкі — світы і слаі.

Арганічны свет у кам.-вуг. перыяд, як і ў дэвонскі, заставаўся багатым і разнастайным. У морах пераважалі фарамініферы, ганіятыты, брахіяподы, каралы, крынаідэі, астракоды, імшанкі, канадонтаносьбіты і інш., у прэсных вадаёмах — рыбы, малюскі, філаподы. На сушы з наземных пазваночных жылі стэгацэфалы, актыўна рассяляліся насякомыя і павукападобныя, з’явіліся прымітыўныя паўзуны. На сушы пераважалі споравыя, асабліва дзеразовыя, членістасцябловыя, папарацевыя расліны. Гіганцкія наземныя дрэвы (лепідадэндраны, каламіты, сігілярыі і інш.) у прыбярэжных азёрах і балотах ва ўмовах вільготнага цёплага клімату ўтваралі буйныя радовішчы каменнага вугалю, зялёныя водарасці прэсных вадаёмаў — паклады сапрапелевых вуглёў і гаручых сланцаў. З адкладамі К.с.(п.) на Зямлі звязаны радовішчы нафты і газу, жалеза, баксітаў, поліметалаў і інш. Адклады К.с.(п.) вядомы на ўсіх кантынентах.

На тэр. Беларусі кам.-вуг. адклады пашыраны на ПдУ (Прыпяцкі прагін) і на крайнім ПдЗ (Валынская манакліналь). Іх фарміраванне адбывалася пераважна ў марскіх умовах. Змена марскіх і кантынентальных умоў звязана з тэктанічнымі рухамі ў эпоху герцынскай складкавасці. Найб. поўны разрэз адкладаў К.с.(п.) ускрыты свідравінамі ў Прыпяцкім прагіне, дзе іх магутнасць вагаецца ад некалькіх метраў (на саляных купалах) да 1000 м і больш (у міжкупальных паглыбленнях). Прадстаўлены ў асноўным пясчана-гліністымі і глініста-карбанатнымі пародамі турнейскага, візейскага, серпухаўскага, башкірскага і маскоўскага ярусаў ніжняга і сярэдняга аддзелаў. Адклады верхняга аддзела (пераважна гліны, аднесеныя да ніжняй ч. касімаўскага яруса) маюць лакальнае пашырэнне і нязначную магутнасць. На крайнім ПдЗ адклады К.с.(п.) прадстаўлены глініста-карбанатнымі пародамі (магутнасцю да 90 м) верхняй ч. візейскага яруса. З тоўшчамі карбону звязаны паклады баксітавадаўсанітавых руд, каменных і бурых вуглёў, анамаліі рэдкіх элементаў.

Літ.:

Материалы по стратиграфии Белоруссии. Мн., 1981;

Решение Межведомственного регионального стратиграфического совещания по среднему и верхнему палеозою Русской платформы: Каменноугольная система. Л., 1990.

С.​А.​Кручак.

т. 7, с. 513

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)