адцягну́ць, ‑цягну, ‑цягнеш, ‑цягне; зак., што.
1. Адсунуць, перамясціць цягнучы; адвесці ўбок. Адцягнуць курок. □ [Аксіння] кінулася было да распасцёртай постаці на падлозе, але яе груба адцягнулі назад, да дзвярэй. Лынькоў. Жанчына падбегла, схапіла дзіця за ручку і скоранька адцягнула ўбок. Скрыган.
2. Пацягнуўшы, напяць; пацягнуць. Адцягнуць шнур. // Цягнучы, выклікаць пачуццё болю. Адцягнуць руку.
3. Падоўжыць каваннем; зрабіць танчэйшым. Адцягнуць болт. Адцягнуць касу. // Зрабіць даўжэйшым; выцягнуць. — А ў цябе вушы маці адцягнула! — не стрымаў абразы Сярожа. — Таму і доўгія. Ваданосаў.
4. Якімі‑н. дзеяннямі прымусіць змяніць напрамак руху ў свой бок; адвесці. Адцягнуць сілы ворага. □ Нашай групе трэба было адцягнуць на сябе агонь праціўніка, пакуль асноўныя часці, хаваючыся за будынкамі вёскі, наблізяцца з супрацьлеглага боку і пойдуць на штурм. Карпюк.
5. перан. Адхіліць думкі, увагу і пад. ад чаго‑н., прымусіць забыцца пра што‑н. Гэтыя размовы мелі тую карысць, што на некаторы час адцягнулі думкі хлопцаў ад голаду. Маўр. Заўважыўшы чалавека, .. [ласіха] не будзе ўцякаць, як заўсёды, а, наадварот, выйдзе наперад, пакажацца яму на вочы і пастараецца адцягнуць увагу ад таго месца, дзе яна схавала сваё дзіця. В. Вольскі.
6. перан. Перанесці на пазнейшы час, адкласці на потым. Аратыя як разышліся, дык адцягнулі полудзень, і да паўдня скрозь ралля адно чарнела ўся спрэс роўная, без межаў. Чорны.
•••
Голасу не адцягнуць — не мець сілы ўголас сказаць што‑н.
За вушы не адцягнеш — пра вельмі смачную яду.