уесціся 1, уесца; уядуцца; пр. уеўся, уелася; зак.

1. Глыбока пранікнуць, упіцца ў што‑н. (пра фарбу, пыл і пад.). У натруджаныя рукі Антона Пятровіча ўеліся драбнюсенькія пылінкі металу. Даніленка. У лазні Сымон старанна мыў рукі, бо ў іх яшчэ ў першы дзень работы ўелася смала. Чарнышэвіч. Сухі пыл уеўся за дзень у твар, укрыў плечы. Пташнікаў. // перан. Глыбока ўкараніцца. Уеліся прафесійныя звычкі. // перан. Разм. Вельмі захапіцца чым‑н., глыбока ўнікнуць у што‑н. Уесціся ў работу. ▪ Два вяскоўцы ля акна ўеліся ў карту. Шынклер. Бацька мой, патроху, вельмі ў чытанне ўеўся. Гарэцкі.

2. Урэзацца, упіцца; угрызціся. Моцна скруцілі Міколку рукі назад, аж уеліся рамяні ў цела. Лынькоў. Піла хутка ўелася ў мякіш сасновай кары. Галавач. Шчоўкнула, уелася ў грудзі Кароткая чарга!.. Лойка.

3. перан. Разм. Надоўга застацца ў памяці, сэрцы і пад. Звон ходзікаў на ўсё жыццё ўеўся ў памяць Аксёну. Дуброўскі.

•••

Уесціся ў косці (пячонкі) — вельмі надаесці, апрацівець.

уесціся 2, уемся, уясіся, уесца; уядзімся, уясцеся, уядуцца, пр. уеўся, уелася; зак.

Разм.

1. Прывыкнуць да якой‑н. стравы, корму; пачаць добра есці.

2. (часцей з адмоўем «не»). Наесціся (пра што‑н. вельмі смачнае). Аздоблен квас быў і грыбамі, Выключна ўсё баравічкамі; Цыбуля, перчык, ліст бабковы — Ну, не ўясіс[я]!.. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)