МАЛЕ́ВІЧ (Мікалай Андрэевіч) (1898, г. Лібава, Латвія — 1944),
бел. графік. Працаваў пераважна ў кніжнай графіцы. У 1920—30-я г. працаваў у газ. «Чырвоная змена», выконваў ілюстрацыі да час. «Іскры Ільіча» і «Беларускі піянер». Аформіў кнігі для дзяцей «Першы дзень у дзіцячым садзе» (1928), «Пра смелага ваяку Мішку і яго слаўных таварышаў» М.Лынькова (1937), «Казка пра рыбака і рыбку» А.Пушкіна, «Канёк-гарбунок» П.Яршова (абедзве 1938), «Верабейчык» Я.Герасімовіча (1939), «Як дзядзька Тамаш напалохаў ваўкоў» К.Чорнага (1941). У 1920-я 1930-я г. працаваў і як карыкатурыст (8 пано-плакатаў «Падпал рэйхстага Ван дэр Любэ»).
Літ.:
Ціхановіч В. М.А.Малевіч. Мн., 1959.
М.А.Гугнін.
М.Малевіч. Ілюстрацыі да казкі «Канёк-гарбунок» П.Яршова, 1938.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НКІН (Алег Гаўрылавіч) (н. 31.3.1952, в. Чарняўка Хоцімскага р-на Магілёўскай вобл.),
бел. паэт, перакладчык. Скончыў Маскоўскі ін-т інжынераў с.-г. вытв-сці (1975). Працаваў электрамантажнікам, майстрам па буд-ве электрападстанцый, інжынерам у сістэме «Галоўтранснафта». З 1981 у Брэсце. З 1991 у Вільнюсе. З 1998 рэдактар газ. беларусаў Літвы «Рунь». Друкуецца з 1980. Аўтар зб-каў паэзіі «Сурма» (1985), «Расколіна» (1991), «Пенаты» (1999), кніжкі для дзяцей «За месяцам месяц» (1994), кн. прозы (антыутопіі) «Праўдзівая гісторыя Краіны Хлудаў» (1994). Паводле бел.нар. казкі напісаў п’есу «Як Лыска ваўком быў» (1985). З польскай пераклаў на бел. мову кнігі паэзіі «Ідзі за мною» Ц.Норвіда (1993), «Пан Блішчынскі» Б.Лесьмяна, «Высокія дрэвы» Л.Стафа (абедзве 1994).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЯ́ННІК ((Männik) Эдуард) (12.1.1906, г. Тарту, Эстонія — 30.1.1966),
эстонскі пісьменнік. Засл. пісьменнік Эстоніі (1965). Друкаваўся з 1921. У сац.-крытычным рамане «Шэры дом» (1930), кнігах апавяданняў і аповесцей «Дваццаць гадоў назад» (1953), «За калючым дротам» (1954) падзеі грамадска-паліт. жыцця даваен. Эстоніі. Кнігі апавяданняў «Выпрабаванне сэрцаў» (1946), «Пятнаццаць крокаў» (1947, Дзярж. прэмія Эстоніі 1948), «Барацьба працягваецца» (1950), «Франтавыя апавяданні» (1962) пра вытокі гераізму і мужнасці народа ў Вял.Айч. вайну. Аўтар аповесці «Гісторыя аднаго кахання» (1954), зб. навел «Людзі на чашы шаляў» (1959) маральна-этычнай тэматыкі, кніг сатыры «Папыхваючы люлькай» (1964), «Голас пустой бочкі» (1965). Пісаў для дзяцей. На бел. мову асобныя творы М. пераклаў Г.Шупенька.
Тв.:
Рус.пер. — «Через горы» и другие рассказы. Таллин, 1959.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕЗАМЕ́ННЫЯ АМІНАКІСЛО́ТЫ,
кіслоты, якія не сінтэзуюцца ў арганізме жывёл і чалавека або сінтэзуюцца ў недастатковай колькасці і павінны паступаць з ежай. Для чалавека неабходны 8 Н.а.: валін, ізалейцын, лейцын, лізін, метыянін, трыптафан, трэанін, фенілаланін. Астатнія амінакіслоты адносяць да заменных, але некат. ўмоўна. Напр., тыразін у арганізме ўтвараецца толькі з фенілаланіну, пры недахопе якога ў ежы можа стаць незаменным. Для розных жывёл набор Н.а. абумоўлены іх відам, узростам і інш. (напр., для белага пацука Н.а. — 10, для кураняці — 15). Адсутнасць або недахоп адной ці некалькіх Н.а. у ежы прыводзіць да адмоўнага балансу азоту ў арганізме, парушэння біясінтэзу бялкоў, развіцця, росту, паяўлення цяжкіх захворванняў, асабліва ў дзяцей (квашыаркор). У пэўныя перыяды (напр., лактацыя, цяжарнасць, некат. захворванні) патрэбнасць ў Н.а. павялічваецца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРАХНЕ́ВІЧ (Міхась) (Міхаіл Прохаравіч; н. 20.8.1934, в. Мінкавічы Старадарожскага р-на Мінскай вобл.),
бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1965), Вышэйшую парт. школу пры ЦККПСС (1969). Працаваў у рэдакцыях раённых газет, у газ. «Мінская праўда», у 1966—67 у газ. «Літаратура і мастацтва», у 1969—71 і 1978—90 нам.гал. рэдактара газ. «Вячэрні Мінск», у 1971—78 у ЦККПБ. Друкуецца з 1950. Аўтар празаічных кніг «Грыбны дождж» (1969), «Зара-зараніца» (1975), «Абяцанне» (1976), «Маё і тваё маленства» (1978), «Прыгарадная камандзіроўка» (1979), «Марыніка» (1982), «Белыя цені бяроз» (1989), зб. вершаў «Жыццё» (1972), гумарыст. зб. «Модны гальштук» (1977). Асн. тэмы — нязломнасць людзей у ваен. ліхалецце, маральнае высакародства ў мірны час. Піша для дзяцей.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАТА́ПЕНКА (Ігнацій Мікалаевіч) (снежань 1856, с. Фёдараўка Херсонскай вобл., Украіна — 17.5.1929),
рускі пісьменнік. Вучыўся ў Новарасійскім ун-це (Адэса), скончыў Пецярбургскую кансерваторыю. Друкаваўся з 1881. Аповесць «На абавязковай службе» (1890), раман «Не герой» (1891), апавяданні з жыцця інтэлігенцыі і духавенства. Праблемы жаночай эмансіпацыі ў аповесці «Генеральская дачка» (1891). Аўтар раманаў «Жах шчасця» (1908), «Адступленне» (1915), аповесцей «Шасцёра» (1891), «Дурань» (1902), «Брат Андрэй» (1904), зб. вершаў «Думы і песні Ігнація Бяздольнага» (1881), п’ес, мемуараў пра жыццё студэнтаў 1870-х г. «Гісторыя адной «камуны» (1928), публіцыстычных і крытычных артыкулаў, апавяданняў для дзяцей і інш. Прозе П. ўласцівы аптымізм, вострая назіральнасць, гумар, камізм.
Тв.:
У кн.: Писатели чеховской поры: Избр. произв. писателей 80—90-х гг.М., 1982. Т. 1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІРЫДАКСІ́Н, вітамін B6, адэрмін C8H11NO3,
група водарастваральных злучэнняў, вытворных 2-метылпірыдзіну. Вылучаны з паліраванага рысу ў 1932. У прыродзе пашыраны 3 яго формы: П., пірыдаксаль, пірыдаксамін, якія лёгка пераўтвараюцца ў арганізме адна ў адну.
Бясколернае крышт. рэчыва, добра раствараецца ў вадзе і спірце. Сінтэзуецца мікраарганізмамі, зялёнымі раслінамі, у жвачных жывёл і чалавека — кішэчнай мікрафлорай. Біял. функцыі П. ажыццяўляе ў форме 5-пірыдаксальфасфату, які выконвае ролю каферменту ў рэакцыях абмену амінакіслот (напр.пераамінаванне). Удзельнічае ў азоцістым, тлушчавым абмене, у сінтэзе сератаніну. Недахоп П. ў арганізме выклікае анемію, сутаргі, дэрматыт і інш. Сутачная патрэбнасць дарослага чалавека ў П 1,5—2,8 мг, дзяцей — 0,5—2 мг. Найб. П. маюць рысавае і пшанічнае вотруб’е, боб, дрожджы, печань млекакормячых. Выкарыстоўваюць у медыцыне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІЯДЭРМІ́Я (ад грэч. pion гной + дэрма),
гнайнічковыя хваробы скуры, агульная назва пашкоджанняў скуры, выкліканых уздзеяннем гнаяродных мікраарганізмаў (стафілакокаў, стрэптакокаў, зрэдку вульгарнага пратэю, кішачнай і сінягнойнай палачкі і інш.). Бывае першаснай і другаснай (як ускладненне інш. захворванняў скуры). Развіццю П. спрыяюць прафес. і быт. забруджанні скуры, мікратраўмы, пераграванне або пераахаладжэнне, парушэнне функцый унутр. органаў, ц. н. с., абмену рэчываў. Некат. формы часцей назіраюцца ў дзяцей (псеўдафурункулёз), інш. ў дарослых (сікоз). Адрозніваюць стафіла-, стрэпта- і стафіластрэптапіядэрміі. Пры стафілапіядэрміі найчасцей пашкоджваюцца валасяныя фалікулы і потавыя залозы (гідрадэніт, карбункул, фурункул і інш). Стрэптакокапіядэрміі (заеда, імпеціга, хранічная параніхія і інш.) выклікаюць паверхневае або глыбокае запаленне скуры. Да стрэптастафілакокавых адносяць хранічную глыбокую язвавую і язвава-вегетуючую П. Лячэнне: тэрапеўтычнае. На П. хварэюць таксама жывёлы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫГАВО́РНЫ РУХ 1905—07,
сялянскі рух у выглядзе складання зваротаў (прыгавораў) да цара за паляпшэнне свайго становішча і перадачу яму зямлі ва ўласнасць. Стаў пашыраным пасля царскага Маніфеста ад 18.4.1905. У прыгаворах выкладаліся наспелыя патрабаванні жыхароў вёскі. Бел. сяляне выступалі з патрабаваннямі перадачы ўсіх зямель у рукі прац. люду, неадкладнай перадачы беззямельным і малазямельным сялянам казённых, удзельных і манастырскіх зямель, ліквідацыі розных перажыткаў прыгонніцтва, скасавання саслоўных інстытутаў па кіраванні сялянамі, выказваліся таксама патрабаванні роўнасці ўсіх грамадзян перад законам, увядзення ўсеаг. абавязковага бясплатнага навучання дзяцей школьнага ўзросту. П.р. сведчыў у пэўнай ступені пра царысцкія ілюзіі сялян, хоць у працэсе складання, абмеркавання і прыняцця прыгавораў сяляне арганізоўваліся і непазбежна ўступалі ў канфрантацыю з уладамі. У ідэалаг. адносінах П.р. сведчыў пра рэвалюцыянізацыю вёскі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАМАНО́ЎСКАЯ (Гэлена Людвікаўна) (13.12.1908, Мінск — 17.5.1980),
бел. пісьменніца, перакладчыца. Скончыла Мінскі польскі пед. тэхнікум (1929), Бел. вышэйшы пед.ін-т (1934). Працавала настаўніцай у польскіх і бел. школах (Дзяржынск, Мінск), у 1932—37 — на Бел. радыё, у польскамоўнай газ. «Orka» («Ворыва»), у 1944—63 настаўнічала ў Мінску. Друкавалася з 1929. Пісала на польскай мове. Асобнымі кнігамі выйшлі аповесці «З вясной наўздагон» (1933), «Пахне зямля» (1934), драм. інсцэніроўка для дзяцей «У барацьбе за Саветы» (1934). Для яе твораў характэрна рамант. ўзнёсласць, тэма барацьбы старога і новага на вёсцы. На польскую мову перакладала творы бел. пісьменнікаў, у т. л. аповесць П.Галавача «Спалох на загонах» (1933). На бел. мову асобныя яе творы перакладалі С.Шушкевіч, В.Эрнест.