ТРЫЯ́ДА [ад грэч. trias (triados) тройца, траістасць],

спосаб філас. канструявання, які зыходзіць з траістасці, трохступеньчатасці развіцця. Паняцце Т. ўведзена ў філасофію Платонам і шырока распаўсюдзілася ў платанізме і неаплатанізме. Прокл разглядаў Т. як 3 праекцыі свету ў межах розуму: знаходжанне — выступленне — вяртанне; трэці член Т., на яго думку, аб’ядноўвае крайнасці першых двух і ўяўляе сабой «сярэдзіну» паміж імі. Неаплатанісцкая мадэль Т. пакладзена ў аснову хрысц. вучэння пра Святую Тройцу, але ў значна адрозным выглядзе: іпастасі хрысц. Т. ўяўляюць сабой сутнасці, што знаходзяцца на агульным анталагічным узроўні: Бог-Айцец, Бог-Сын, Бог — Дух Святы, а не безаблічныя, як у неаплатанізме. Прынцып Т. па-свойму тлумачыўся ў ням. класічнай філасофіі. Г.​Гегель разглядаў Т. як універсальную схему ўсялякага развіцця, што ўключае 3 ступені: тэзіс (палажэнне), антытэзіс (проціпалажэнне) і сінтэз (злучэнне); лічыў, што кожная наступная ступень адмаўляе папярэднюю, а апошняя (сінтэз) не толькі адмаўляе, але і злучае ў сабе асаблівасці папярэдніх ступеней развіцця. Гл. таксама Адмаўленне адмаўлення.

А.​Б.​Савеня.

т. 16, с. 12

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТУТАНХАМО́Н (літар. — жывы вобраз Амона; троннае імя Небхепрура),

егіпецкі фараон эпохі Новага царства (XVIII дынастыя), правіў каля 1400 — каля 1392 да н.э. Зяць Аменхатэпа IV (Эхнатона) і, магчыма, яго сын ці малодшы брат. Уступіў на прастол у 12-гадовым узросце пад імем Тутанхатон, памёр, не дажыўшы да 20 год. Фактычна ўлада знаходзілася ў руках візіра Эе і інш. вяльмож. Пры Т. адменены рэліг. рэформы Эхнатона, адноўлены культ бога Амона, сам Т. адмовіўся ад імя Тутанхатон і вярнуў рэзідэнцыю фараона з Эхетатона ў г. Фівы. У 1922 выяўлена грабніца Т. — адзінае амаль не разрабаванае пахаванне фараона, дзе захаваліся цудоўныя помнікі мастацтва.

Літ.:

Картер Г. Гробница Тутанхамона: Пер. с англ. М., 1959;

Кацнельсон И.С. Тутанхамон и сокровища его гробницы. 2 изд. М., 1979;

Жак К. Египет великих фараонов: История и легенда: Пер. с фр. М., 1992.

Тутанхамон у свяшчэннай лодцы. Статуэтка з грабніцы Тутанхамона ў Фівах. XVIII дынастыя. 1-я пал. 14 ст. да н.э.

т. 16, с. 63

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФЕДАРЭ́НКА Святаслаў Мікалаевіч (н. 31.10.1946, г. Магілёў),

бел. жывапісец. Сын М.М.Федарэнкі. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1973). З 1972 выкладае ў Рэсп. каледжы мастацтваў. Працуе пераважна ў жанрах сюжэтна-тэматычнай карціны, партрэта і пейзажа. Творы вылучаюцца вобразнай выразнасцю, публіцыстычнай завостранасцю, дынамізмам і псіхалагізмам у абмалёўцы персанажаў, часам мантажнасцю кампазіцыйнай пабудовы. У гіст. эпізодах імкнецца знайсці адбітак сучасных з’яў і даць ім сэнсава-эмацыянальную ацэнку. Сярод твораў: карціны «У коле рэвалюцый» (1989), «Контррэфармацыя і Ф.​Скарына», «20 стагоддзе. Салдаты міру» (абедзве 1990), «Боль паэта» («М.​Багдановіч», 1991), «Хрэсны шлях народа» (1993), «Хроніка подзвігу» (1995), «На прыступках гісторыі» (1997), «За нашу і вашу свабоду. А.​Міцкевіч і Дж.​Гарыбальдзі» (2001); партрэты «Чаканне» (1975), мастака-медальера В.​Слабадзянюк (1979), К.​Метэ, «Ганначка» (абодва 1981), Я.​Коласа, А.​Пысіна (абодва 1982), Я.​Семяжона (1987), С.​Кашталапавай (1991), Т.​Палягошка (1997), мастака Я.​С.​Барскага, актрысы Т.​Г.​Мужэнка (абодва 1999), В.​Разанава (2001) і інш.

Л.​Ф.​Салавей.

С.Федарэнка. Контррэфармацыя і Ф.​Скарына. 1990.

т. 16, с. 343

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦІХАНО́ВІЧ Генрых Яўгенавіч (28.5.1937, Мінск — 29.12.2000),

бел. мастак. Сын Я.М.Ціхановіча. Скончыў Бел. тэатр.маст. ін-т (1963). У 1997—98 выкладаў у Бел. АМ. Зацікаўлены тэмамі гіст. і сац. характару, стварыў драм. свет вобразаў, уводзіў у кампазіцыю фантаст. пласт, ствараў метафарычную прастору, абапіраючыся на канкрэтныя падзеі: «Мірная раніца» (1965), «1905 год» (1966), «Хто з мячом да нас прыйдзе...» (1967), «Аблічча вайны» (1985), «Дзяды ў Курапатах» (1992), «Не спі, Радзіма!» (1998), «Толькі б не было вайны», «Памяці сына» (абодва 2000). Аўтар партрэтаў «Ля сіняй бухты. М.​Багдановіч» (1985), «Францыск Скарына» (1986), «Мой дзед Галубок» (1992), «Я.​Купала. Сорак першы», «А.​Міцкевіч. Вязень» (абодва 1998) і інш.; лірычных пейзажаў «За акном майстэрні» (1985), «Браслаўскі краявід» (1990), «Няміга сніцца мне» (1995) і інш.; серый акварэлей «Нарачанская сюіта» (1972—75), «КамАЗ будуецца» (1974), «Азёры Карэліі» (1980), «Незабыўны Байкал» (1981); афортаў «Наваполацкі нафтаперапрацоўчы камбінат» (1975), «Метрабудаўцы Мінска» (1982—85), экслібрысаў.

Л.​Ф.​Салавей.

Г.Ціхановіч. Ля сіняй бухты. М.​Багдановіч. 1985.

т. 17, с. 125

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЭ́ПЕШ (Tepeş ад рум. ţеара кол),

сапр. Дракул Улад (1431—76), гаспадар Валахіі [1456—62, 1476], Сын гаспадара Валахіі Улада Дракула [1436—46]. З надзвычайнай жорсткасцю змагаўся за цэнтралізацыю дзярж. улады і супраць уплывовых баяр. Мянушку «Ц.» («саджальнік на кол») атрымаў за свой садысцкі звычай караць людзей смерцю праз пасаджэнне на кол (паводле паданняў, часам караў па 10 і 30 тыс. чал. за адзін раз). Пабудаваў у Бухарэсце цытадэль (1459). У 1461 адмовіўся плаціць даніну тур. султану і выканаць яго загад аб прыездзе ў Стамбул, захапіў тур. крэпасці на правым беразе р. Дунай і жорстка расправіўся з мясц. балг. насельніцтвам; у 1462 адбіў уварванне тур. войск у Валахію. Здрада баяр прымусіла Ц. ўцячы ў Венгрыю, дзе да 1474 быў зняволены. У 1476 зноў гаспадар Валахіі. Забіты баярамі (паводле інш. версіі, загінуў у баі з туркамі). Паданне аб тым, што Ц. піў кроў сваіх ворагаў, дало падставу англ. пісьменніку Б.​Стокеру зрабіць яго прататыпам вампіра Дракулы ў рамане «Дракула» (1897).

В.​В.​Грынявецкі.

т. 17, с. 179

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШВАРН (?—1270?),

князь галіцкі, вял. князь ВКЛ з 1267. Сын галіцка-валынскага кн. Данілы Раманавіча. Каля 1253 ажаніўся з дачкою вял. кн. ВКЛ Міндоўга. У 1256 з бацькам, братамі Львом і Раманам і ваўкавыскім кн. Глебам удзельнічаў у паходзе на яцвягаў. У наступныя гады ўдзельнічаў у вызваленні некат. гарадоў з-пад мангола-татарскай улады. У 1262 дапамагаў Міндоўгу ў нападзе на мазавецкага кн. Семавіта I (забіў яго ў Яздаве пад Варшавай). Пасля смерці бацькі (1264) валодаў Усх. Галіччынай з г. Галіч, Забужжам з гарадамі Бэлз, Чэрвен, Холм, Мельнік, Дарагічын. У 1264 дапамог Войшалку заняць трон у ВКЛ, адпомсціць Траняту за забойства Міндоўга, заваяваць Нальшчаны і Дзяволтву. Быў прыхільнікам аб’яднання сіл ВКЛ і Галіцка-Валынскага княства для барацьбы супраць яцвягаў і Польшчы. Неаднаразова нападаў на Польшчу. У 1267 атрымаў ад Войшалка велікакняжацкую ўладу ў ВКЛ. Забіты братам Львом, які зайздросціў, што Войшалк перадаў уладу менавіта Ш. Пасля яго гібелі вял. князем ВКЛ стаў Трайдзень.

т. 17, с. 400

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЮЛІЯ́Н АДСТУ́ПНІК, Флавій Клаўдзій (Flavius Claudius Julianus Apostata; 332, г. Канстанцінопаль, цяпер Стамбул — 26.6.363),

рымскі імператар [361—363]. Сын Юлія Канстанцыя, пляменнік Канстанціна Вялікага. Атрымаў хрысціянскае выхаванне, але з юнацтва займаўся язычніцкай л-рай і філасофіяй. У 335 імператар Канстанцый II зрабіў Ю.А. цэзарам і намеснікам Галіі. У 357 ён паспяхова ваяваў супраць франкаў і алеманаў. У 360 паўстаўшыя гальскія легіёны абвясцілі Ю.А. імператарам-аўгустам. Пасля смерці Канстанцыя (361) Ю.А. стаў адзінаўладным правіцелем Рым. імперыі. Ён рэфармаваў фін. і падатковую сістэмы, удасканаліў армію і пошту, пашырыў правы муніцыпальных курый, адмовіўся ад вял. выдаткаў на ўтрыманне двара. Абвясціў сябе прыхільнікам дахрысц. вераванняў. Выдаў 2 эдыкты супраць хрысціян, дазволіў адчыніць храмы і аднаўляць культы багоў. Хрысціян не праследаваў, а дазволіў свабоду веравызнання. Аўтар шэрагу твораў, скіраваных супраць хрысц. царквы. Яго дзейнасць асуджала хрысціянскае духавенства (адсюль яго мянушка «Адступнік»). Ю.А. загінуў у час паходу супраць персаў.

Літ.:

Видал Г. Юлиан: Пер. с англ. СПб., 1994.

А.​Г.​Зельскі.

т. 18, кн. 1, с. 207

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЯЛЕ́НСКАЯ (Дмахоўская) Эма

(29.2.1864, в. Камаровічы Петрыкаўскага р-на Гомельскай вобл. —24.1.1919),

бел. фалькларыстка і этнограф, польская пісьменніца. Пад уплывам Я.Карловіча зацікавілася побытам і духоўнай культурай бел. народа. Запісала 11 сшыткаў нар. песень, склала 2 рукапісныя зборнікі — казак, сабраных у Мазырскім і Навагрудскім пав. (62 творы, выд. 1976 пад назвай «Беларускі казачны эпас»), і «Песні, прыслоўі і загадкі з Камаровіч». У этнагр. працы «Вёска Камаровічы ў Мазырскім павеце» (1891) апісала жыццёвы ўклад, прац. дзейнасць і эстэт. погляды палескіх сялян. У час. «La Tradition» («Традыцыя») у 1894—95 надрукавана яе даследаванне «Палескі фальклор» і 8 бел. нар. песень у перакладзе на франц. мову. Як пісьменніца працягвала традыцыі Б.​Пруса і Э.​Ажэшкі: раманы і аповесці «Двор у Галінішках», «Ад кахання», «Паненка», «Маці», зб. навел «Буслы», п’есы «Сын», «Крыўда», «Хвіля». Вяла асветніцкую дзейнасць на Віленшчыне, адкрывала перасовачныя бібліятэкі, школы.

Літ.:

Васілевіч У.А. «Паненка» з вёскі Камаровічы // Работніца і сялянка. 1982. №2;

Яго ж. Збіральнікі. Мн., 1991.

У.​А.​Васілевіч.

т. 18, кн. 1, с. 260

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЯЛХО́Ў Юрый Аляксандравіч (н. 7.12.1940, Масква),

бел. кінааператар, рэжысёр. Скончыў Усесаюзны дзярж. ін-т кінематаграфіі (1970). З 1971 працуе на кінастудыі «Беларусьфільм», адначасова з 1990 — у «Белвідэацэнтры». Як аператар зняў дзіцячыя тэлемюзіклы «Прыгоды Бураціна» (1975), «Пра Чырвоную Шапачку» (1977) і фільмы «Марынка, Янка і каралеўская сварка» (1976), «Зорка Венера» (2000; абодва з М.​Браўдэ); маст. фільмы «Браты Рыка» (1980), «Раскіданае гняздо» (1982), «Культпаход у тэатр» (1983), «Двое на востраве слёз» (1986), «Адступнік» (1987), «Наш бронецягнік» (1988), «Сын за бацьку» (1995). Сярод інш. аператарскіх работ у дакумент. кіно: «Я — крэпасць, вяду бой» (1972; у сааўт.), «Загадка Францыска Скарыны» (1973), «Шчаслівыя берагі Алімпіі» (1978), «У вайны не жаночы твар» (1980—84, паводле твораў С.​Алексіевіч), «Васіль Быкаў. Узыходжанне» (1984; абодва з С.​Пятроўскім), «Святлана» (1997) і інш. Паставіў маст. фільмы «Кашкадаў Сільвер» (1988), «Прабач нас, мачыха-Расія» (1990), «Анамалія» (1992), «Анастасія Слуцкая» (2003; прыз Міжнар. кінафестывалю «Брыганціна» ў г. Бярдзянск, Украіна, 2003).

В.​Ф.​Нячай.

т. 18, кн. 1, с. 262

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАНДО́ Дзмітрый Юр’евіч (н. 1.4.1950, Казань, Расія),

бел. біяфізік. Д-р біял. н. (1989), праф. (1996). Вынаходнік СССР (1988). Сын Ю.К.Ландо. Скончыў БДУ (1972). З 1973 у Ін-це ядз. энергетыкі, з 1975 у Ін-це біяарган. хіміі Нац. АН Беларусі (з 2001 заг. лабараторыі). Навук. працы па біяхіміі і біяфізіцы дэзоксірыбануклеінавай кіслаты (ДНК). Распрацаваў тэарэт. метады разліку ўздзеяння біялагічна актыўных рэчываў на канфармацыйныя пераходы ў ДНК, метады вызначэння характарыстык ДНК-змяшчальных комплексаў і метады атрымання ДНК асабліва высокай чысціні для навук. даследаванняў і мед. практыкі.

Тв.:

Оценка влияния кооперативности взаимодействия ДНК-белок на узнавание срецифических мест (разам з А.​А.​Ахрэмам) // Докл. АН СССР. 1976. Т. 230, № 2;

А theoretical consideration of the influence of selective binding of small ligands on DNA helixcoil transition // Joum. Biomolecul. Struct. &

Dynam. 1994. Vol. 12, № 2;

Melting of crosslinked DNA. 1. Model and theoretical methods // Там жа. 1997. Vol. 15, № 1.

т. 18, кн. 1, с. 417

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)