ЯЛХО́Ў Юрый Аляксандравіч (н. 7.12.1940, Масква),

бел. кінааператар, рэжысёр. Скончыў Усесаюзны дзярж. ін-т кінематаграфіі (1970). З 1971 працуе на кінастудыі «Беларусьфільм», адначасова з 1990 — у «Белвідэацэнтры». Як аператар зняў дзіцячыя тэлемюзіклы «Прыгоды Бураціна» (1975), «Пра Чырвоную Шапачку» (1977) і фільмы «Марынка, Янка і каралеўская сварка» (1976), «Зорка Венера» (2000; абодва з М.​Браўдэ); маст. фільмы «Браты Рыка» (1980), «Раскіданае гняздо» (1982), «Культпаход у тэатр» (1983), «Двое на востраве слёз» (1986), «Адступнік» (1987), «Наш бронецягнік» (1988), «Сын за бацьку» (1995). Сярод інш. аператарскіх работ у дакумент. кіно: «Я — крэпасць, вяду бой» (1972; у сааўт.), «Загадка Францыска Скарыны» (1973), «Шчаслівыя берагі Алімпіі» (1978), «У вайны не жаночы твар» (1980—84, паводле твораў С.​Алексіевіч), «Васіль Быкаў. Узыходжанне» (1984; абодва з С.​Пятроўскім), «Святлана» (1997) і інш. Паставіў маст. фільмы «Кашкадаў Сільвер» (1988), «Прабач нас, мачыха-Расія» (1990), «Анамалія» (1992), «Анастасія Слуцкая» (2003; прыз Міжнар. кінафестывалю «Брыганціна» ў г. Бярдзянск, Украіна, 2003).

В.​Ф.​Нячай.

т. 18, кн. 1, с. 262

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)