Слепанда́ (сьлепанда́) экспр. ‘сляпы, слепаваты чалавек’ (ашм., Стан.), слепе́нда ‘падслепаватая жанчына’, слепенджа́ ‘тс’ (ТС), слепандзя́ ‘пра таго, хто кепска бачыць’ (Скарбы), слепяндзя́ ‘тс’ (Сцяшк. Сл.; в.-дзв., Шатал.), слепэньдя́ ‘тс’ (бяроз., Сл. ПЗБ), сляпандзя́ ‘тс’ (віл., там жа), сьліпіньдзя́ ‘хто не сочыць за сваёй работай’ (Варл.), сляпі́ндра, сьліпідра́ ‘слепаваты чалавек’ (Янк. 3., Яўс.). Карскі (2–3, 30) лічыць новаўтварэннямі пры дапамозе складаных суфіксаў, параўн. скупянда́ (гл.). Аднак некаторыя з гэтых фармантаў (‑енда, ‑ендзя, ‑янда, ‑янджа, ‑інда, ‑індра, гл. Сцяцко, Афікс. наз., 43, 98, 108) вядомыя і ў іншых славянскіх мовах (адносна балг. ‑ендра, ‑индра гл. Младэнаў, СЕ, 4, 2, 70).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Трайла́, трэйло́, трала́ ’балбатуха, лапатуха; балбатун, лапатун’ (Сл. ПЗБ), тра́йла ’жанчына, якая любіць хадзіць па сяле’ (ваўк., ЛА, 3), трайлава́ты ’балбатлівы’ (шальч., Сл. ПЗБ), трайло́чыць ’балбатаць’ (LKK, 1975, 16, 190). Параўн. польск. аргат. trajla ’трапло, балбатун’, trajlować ’плявузгаць, чмуціць, маніць’, літ. tráila ’пустамеля, пустамалот’. Меркаванні пра балтыйскае паходжанне (Зданцэвіч, LP, 8, 350; Лаўчутэ, Балтизмы, 73 і 85; Грынавяцкене, Сл. ПЗБ, 5, 112) патрабуюць дадатковай аргументацыі, паколькі літоўскія словы маюць гукапераймальнае паходжанне, параўн. tralė ’вясёлыя песенькі’, tráiloti ’спяваць вясёлыя песенькі’ і пад., параўн. выклічнік тра-ля-ля, трэліць ’плявузгаць, балбатаць’ (гл.); такое ж паходжанне можна дапусціць і для славянскіх слоў.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ту́мба ‘невысокі слупок ля дарогі або тратуара’, ‘круглае збудаванне для наклейвання афіш, аб’яў’, ‘падстаўка’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Яўс.), ‘выемка, гняздо ў бэльцы, куды ўстаўляецца прамавугольны шпень кроквы’ (Зайка Кос.), ‘тоўстая мажная кабета’ (Яўс.), тумбава́ты ‘тоўсты (чалавек)’ (Сцяшк. Сл.), тумбішча ‘непаваротлівая жанчына’ (Юрч. СНЛ). Праз польскую (tumba першапачаткова ‘саркафаг для цела святога’, пасля ‘слупок’, якое з лац. tumba) ці рускую мову (ту́мба, якое з нова-в.-ням. Tumbe ‘магіла’, ‘труна’, ‘яма’) з нар.-лац. tumba ‘магіла’, апошняе ўзыходзіць да ст.-грэч. τύμβος; ‘пагорак’, ‘магільны курган’, роднаснага лац. tumulus ‘узгорак’ (Фасмер, 4, 120; ЕСУМ, 5, 675; Чарных, 2, 271; Арол, 4, 116).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Каду́шка 1 ’невялікая кадзь, кадка’ (БРС, ТСБМ, Бяльк., Гарэц., Грыг.; палес., З нар. сл.; Касп., Маш., П. С., Сержп., Сержп. Грам., Сцяц. Нар., Сцяшк., Яруш.), ’кадаўб’ (палес., З нар. сл.), ’маленькая цыліндрычная каробачка, зробленая з бярозавай ці вішнёвай кары (змацаваная «ў замок») з накрыўкай; у кадушку насыпалі соль ці накладвалі масла, калі ехалі на сенажаць, у дарогу’ (брэсц., З нар. сл.), ’вялікіх памераў ёмістасць для мукі’ (слонім., КЭС), ’выдзеўбаная скрыня на дне калодзежа’ (калінк., Нар. сл.), ’рыбалоўная стаўная пастка з двума процілеглымі глухімі заходамі (ніцяная або з лазы)’ (палес., Крыв.), ’тоўстая жанчына’ (Мат. Маг.), кадуша ’тс’ (Мат. Маг.). Слова вядома ў рус. літар. мове і ў гаворках, што можна разглядаць як сумесную інавацыю (яна ўтворана памянш. суфіксам ад кадь, гл. кадзь) або як пранікненне слова разам з пашырэннем рэаліі. Звяртае на сябе ўвагу рус. дыял. кадушка ’састаўная частка рыбалоўнай снасці — венцера: абруч з нацягнутай на яго сеткай’, аднак меркаваць аб нейкай роднаснасці слоў нельга па розных прычынах. Маг. кадушка ’тоўстая жанчына’ можна разглядаць як утварэнне ад кадушка з трансфармацыяй суфікса ў выніку экспрэсіўнага характару слова або ў выніку замены яго на іншы, больш падыходзячы суфікс, параўн. вядомае на гэтай тэрыторыі гаваруша ’асоба, якая любіць пагаварыць’.

Каду́шка 2 ’ўтулка (у коле)’ (браг., Шатал.). Утворана ад кадушка 1 (перанос паводле падабенства), на магчыма больш шырокую геаграфію слова ўказвае брэсц. кадыця ’тс’ (гл. там жа прыклады іншых пераносаў).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СЮРРЭАЛІ́ЗМ (франц. surréalisme літар. — звышрэалізм),

кірунак у літаратуры і мастацтве 1-й пал. 20 ст. Узнік у Францыі, паступова ў той ці інш. форме пашырыўся ў інш. краінах Еўропы, Лац. Амерыкі і ЗША. Тэрмін «С.» уведзены ў 1918 Г.​Апалінэрам, яго заснавальнік і гал. тэарэтык — А.​Брэтон, аўтар першага «Маніфеста сюррэалізму» (1924). Фарміраванне С. звязана з дзейнасцю парыжскай асацыяцыі пісьменнікаў і мастакоў і яе час. «Littérature» («Літаратура», 1919—24) і «Révolution surréaliste» («Сюррэалістычная рэвалюцыя», 1924—29), у якіх распрацоўвалася праграма кірунку, што грунтавалася на дасягненнях сімвалізму, дадаізму, метафізічнага жывапісу, філас. вучэнні З.​Фрэйда. Гал. мэта С. — пошук «сапраўднай рэальнасці», якая выяўляецца праз асабіста-пачуццёвую сферу суб’ектыўнасці, некантралюемую творчасць. У літаратуры (пераважна ў паэзіі) для С. характэрна «аўтаматычнае пісьмо» (запіс слоў, вобразаў і фрагментаў маўлення, што ўзнікалі ў выніку спантанных асацыяцый), адмова ад рыфмы, метрыкі, члянення на строфы, завершанасці, граматыка-сінтакс. і жанрава-кампазіцыйнай арганізацыі (Л.​Арагон, Р.​Вітрак, Р.​Дэснос, Ж.​Както, Р.​Кено, П.​Рэвердзі, Сен-Жон Перс, Ф.​Супо, Т.​Тцара, Р.​Шар, П.​Элюар і інш.). Паўплываў на авангардысцкія кірункі ў л-ры 2-й пал. 20 ст. (тэатр абсурду, «новы раман», канкрэтная паэзія і інш.). Асобныя элементы С. актуалізуюцца і ў сучаснай бел. л-ры: творчасць удзельнікаў суполкі «Бум-Бам-Літ» А.​Бахарэвіча, З.​Вішнёва, В.​Жыбуля, С.​Мінскевіча, А.​Туровіча і інш. У выяўленчым мастацтве для дасягнення глыбіні падсвядомасці мастакі распрацоўвалі спец. прыёмы «псіхічнага аўтаматызму», спантаннага формаўтварэння (выпадковыя лініі, зробленыя алоўкам на паперы, дэкалькаманія, калаж, фюмаж, фратаж). С. у выяўл. мастацтве развіваўся ў 2 асн. кірунках: А.​Масон, Х.​Міро, М.​Эрнст уводзілі пазасвядомы пачатак у творчы працэс, аперыравалі свабоднымі вобразамі і адвольнымі формамі, якія часта пераходзілі ў абстракцыю; С.​Далі, П.​Дэльво, Р.​Магрыт, І.​Тангі імкнуліся выявіць ірэальны вобраз з ілюзорнай дакладнасцю праз манеру пісьма, блізкую да акад. жывапісу; сродкамі фігуратыўнага мастацтва яны стваралі вобраз, немагчымы ў рэальнасці (расцяканне цвёрдых прадметаў, празрыстасць шчыльных аб’ектаў, расслаенне фігуры на некалькі выяў і інш.). Для абодвух кірункаў характэрны алагізм, парадаксальныя спалучэнне форм, зрокавая няўстойлівасць, зменлівасць вобразаў, частае выкарыстанне эратычных матываў. На Беларусі ў сюррэалістычнай манеры працавалі і працуюць мастакі В.​Альшэўскі, М.​Селяшчук, Г.​Скрыпнічэнка, У.​Тоўсцік і інш. У кінематографе сюррэалістычныя фільмы вызначаюцца туманнай сімвалічнасцю, алагічнасцю вобразаў, прыгнечаным эратызмам, адчуваннем суму, адзіноты, смерці (С.​Брэкхейдж, Л.​Буньюэль, Далі, М.​Дэрэн, К.​Харынгтан, К.​Энгер і інш.).

Літ.:

Куликова И.С. Сюрреализм в искусстве. М., 1970;

Андреев Л.Г. Сюрреализм. М., 1972;

Каптерева Т. Дадаизм и сюрреализм // Модернизм. 3 изд. М., 1980;

Антология французского сюрреализма, 20-е гг.: Пер. с фр. М., 1994;

Лявонава Е.А. Плыні і постаці. Мн., 1998;

Сюрреализм и авангард. М., 1999;

Вирмо А. и О. Мэтры мирового сюрреализма: Пер. с фр. СПб., 1996;

Passeron R. Encyclopedia surrealizmu: Przekł. z fr. Warszawa, 1993.

Е.​А.​Лявонава (літаратура), С.​У.​Пешын.

Да арт. Сюррэалізм. С.​Далі. Сон, выкліканы палётам пчалы вакол граната за хвіліну да абуджэння. 1944.
Да арт. Сюррэалізм. Х.​Міро. Жанчына і птушка ў месячным святле. 1949.
Да арт. Сюррэалізм. Р.​Магрыт. Помста.

т. 15, с. 331

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭЦЮ́Д (франц. étude літар. — вывучэнне),

1) у выяўленчым мастацтве — твор (часта невял. памераў), выкананы з натуры з мэтай яе вывучэння і найб. поўнага ўзнаўлення маляўнічага багацця свету. Спрыяе ўдасканаленню прафес. майстэрства мастака. Э. (жывапісны, скульпт., графічны) з’яўляецца часткай творчай лабараторыі, служыць дапаможным матэрыялам пры рабоце над буйным маст. творам.

Высокамаст. Э. стваралі зах.-еўрап. і рус. мастакі А.​Вато, П.​П.​Рубенс, Ж.А.​Д.​Энгр, В.​Барысаў-Мусатаў, М.​Дабужынскі. А.​Іваноў.

К.​Каровін. І.​Левітан, І.​Рэпін, В.​Сурыкаў, М.​Урубель і інш. Значнае месца займаў Э. у творчай практыцы мастакоў 19 — пач. 20 ст. К.​Альхімовіча, С.​Богуш-Сестранцэвіча. А.​Гараўскага. А.​Каменскага. Ф.​Рушчыца і інш., творчасць якіх звязана з Беларуссю. У Нац. маст. музеі Беларусі зберагаюцца Э. мастакоў Л.​Альпяровіча («Жанчына каля мора». «Пейзаж». «Пралля»). С.​Жукоўскага («Уладзімірка», «Пейзаж з рэчкай») і інш. Вядомы Э. бел. мастакоў-пейзажыстаў А.​Астаповіча, А.​Бархаткова. В.​Бялыніцкага-Бірулі. М.​Дучыца, І.​Карасёва, У.​Кудрэвіча, І.​Рэя, М.​Тарасікава. В.​Цвіркі і інш., скульптараў А.​Анікейчыка, А.​Глебава. А.​Заспіцкага. Г.​Мурамцава і інш. Пейзажныя Э. і Э.-нацюрморт нярэдка з’яўляюцца самаст. творамі.

2) У музыцы — жанр інструментальнай, радзей вак. музыкі. прызначаны ўдасканальваць майстэрства выканаўцы, канцэнтраваць яго ўвагу на авалодванні пэўнымі тэхн. прыёмамі.

Творы эцюднага характару вядомы з 15 ст. У 19 ст. пачаў распрацоўвацца як самаст. жанр. Развіваўся ў 2 кірунках: вучэбна-пед. (зборнікі М.​Клеменці, І.​Крамера, Р.​Крэйцэра. Д.​Попера, П.​Радэ, К.​Чэрні) і канцэртна-віртуозным (І.​Брамс, Ф.​Мендэльсон-Бартольдзі, Ф.​Ліст, Н.​Паганіні, Ф.​Шапэн, Р.​Шуман). На мяжы 19—20 ст. паявіліся Э. рус. кампазітараў А.​Арэнскага. А.​Лядава. С.​Ляпунова. С.​Рахманінава, А.​Скрабіна. У 20 ст. вызначыліся новыя шляхі яго развіцця. абумоўленыя трактоўкай выразных і тэхн. магчымасцей фп. (К.​Дэбюсі, А.​Месіян. С.​Пракоф’еў, І.​Стравінскі, К.​Шыманоўскі). Створаны новыя разнавіднасці Э.: для сольнага інструмента з аркестрам (Д.​Міё), розных паводле складу інстр. ансамбляў (Б.​Чайкоўскі). аркестра (Стравінскі).

Бел. кампазітары пісалі Э. для фп. (Л.​Абеліёвіч, С.​Аксакаў. У.​Алоўнікаў, А.​Багатыроў, Р.​Бутвілоўскі, П.​Падкавыраў, Э.​Тырманд, У.​Чараднічэнка), для скрыпкі (Абеліёвіч), фагота (Багатыроў), цымбалаў (І.​Жыновіч, В.​Войцік).

3) У літаратуры — невялікі празаічны або вершаваны твор, у якім у самым агульным. эскізным выглядзе адлюстраваны нейкі адзін жыццёвы момант. У дачыненні да празаічных твораў у бел. л-ры ў гэтым значэнні часцей выкарыстоўваецца тэрмін абразок. У бел. паэзіі Э. сустракаецца ў творчасці М.​Танка («Эцюд»), Г.​Бураўкіна («Эцюд рэўнасці»), А.​Грачанікава (цыкл з чатырох вершаў «Эцюды») і інш. Часам гэтым тэрмінам вызначаюць жанравыя асаблівасці літ.-знаўчых даследаванняў («Эцюды аб прозе» Ф.​Куляшова).

4) У тэатры — імправізаванае ці раней распрацаванае практыкаванне, якое складаецца з некалькіх сцэн. дзеянняў і мае на мэце развіваць і ўдасканальваць акцёрскую тэхніку. Адзін з метадаў работы над вобразам.

Л.​Ф.​Салавей (у выяўл. мастацтве), І.​Дз.​Назіна (у музыцы), В.​П.​Рагойша (у літаратуры).

М.​Савіцкі. Эцюд. 1995.

т. 18, кн. 1, с. 196

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

адча́й, ‑ю, м.

1. Стан крайняй безнадзейнасці, упадку духу з прычыны гора, непрыемнасці; роспач. «Што рабіць, што рабіць?» — у адчаі шаптала .. [Антаніна] і кінулася ў канюшню, што стаяла поруч, да Лявона. Васілевіч. Ах, як.. [Жэні] цяжка было сказаць апошнія словы! Яна вымавіла іх з горыччу і нават з адчаем. Мележ. Фінал .. большасці навел Мапасана — беспрасветны адчай. Галавач.

2. Рашучасць, адвага, вялікая рызыка, безразважная храбрасць. Адзін немец трымаў лескі, а другі, ускарабкаўшыся па іх пад самую страху, сцягваў з сена нейкую жанчыну. Жанчына з адчаем адбівалася. Колас. Вада ў лодцы ўсё прыбывала, і ніякая сіла ўжо не магла спыніць яе. Са злым адчаем выбіваліся з сіл Федзя і Ільюша. Каваль. Камандзір палка толькі дзівіўся адчаю і смеласці хлапцоў і Ганны. Нікановіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

змахну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак., каго-што.

1. Махнуўшы чым‑н., зняць, сцерці з якой‑н. паверхні. Змахнуць пыл. Змахнуць крошкі са стала. □ Стася .. непрыкметна змахнула рукавом буйную слязу. Пальчэўскі. // Скінуць, збіць узмахам рукі. На слупах такія прыгожыя пухнатыя шапкі з снегу, як жа не змахнуць іх рукою. Лынькоў. // Лёгкім махам ачысціць што‑н. ад пылу, бруду і пад. Душэўна прывітаўшы госця ўсмешкай, жанчына змахнула фартухом услон каля стала і запрасіла Курловіча прысаджвацца. Дуброўскі.

2. Разм. Рэзкім рухам зняць, скінуць з сябе (адзенне, абутак). Хлопец усміхнуўся.. шырока і радасна, на хаду змахнуў са сваіх плеч паддзёўку. Кулакоўскі.

3. Разм. Зжаць, скасіць, прыбраць і пад. хутка, без затрымкі. [Жанчыны] адным духам змахнулі ячмень. Васілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

мясці́цца, мяшчуся, месцішся, месціцца; незак.

1. Змяшчацца, знаходзіцца, размяшчацца. Там жа, дзе пачынаўся за вясковымі платамі выган, мясціўся і будынак школы. Галавач. Пакой, у якім мясціўся сельгасаддзел, быў не так вялікі. Сабаленка. // Мець прыстанішча, жыць. У хутарскіх хатах, разам з гаспадарамі, і мясціліся палонныя з лесапільні. Чорны.

2. Займаць зручнае месца; уладкоўвацца. Хутка сястра пайшла, а хворы, крэкчучы і стогнучы, пачаў мясціцца пад коўдрай. Быкаў. Я чую, як варочаецца на паліцы жанчына, пэўне, месціцца, каб зручней было гутарыць. Галавач.

3. Умяшчацца, змяшчацца. Народ не месціцца ў хаце. Скрыган. Цеснавата калгаснаму дабру .. мясціцца ў старых будынінах. Палтаран. / Аб думках, пачуццях, перажываннях. У галаве .. [Лемеша] не месціцца, як гэта можна пайсці супраць начальства? Колас. Радасць гэткая ў сэрцы не месціцца. Бураўкін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паслухмя́ны, ‑ая, ‑ае.

Такі, які слухаецца каго‑н.; пакорны. Марцінава жонка Анэта была ціхая, паслухмяная жанчына. Бывала, нідзе не пачуеш яе голасу, ні дома, ні на вуліцы. Чарнышэвіч. Пятрок самы паслухмяны ў брыгадзе работнік. Ракітны. А разумны, паслухмяны конь сам і дарогу выбіраў, сам, без падгону, дзе трушком бег, дзе клыпаў памалу. Хомчанка. // Які лёгка падпарадкоўваецца жаданню, волі каго‑н. Не вельмі паслухмяныя пальцы пані Генавефы самаахвярна гоцалі па клавішах. Брыль. І мая паслухмяная настрою памяць адразу ж замест новага дасціпнага паркану ставіць стары частакол. Васілевіч. // перан. Які лёгка прыводзіцца ў дзеянне, лёгка паддаецца апрацоўцы; падатлівы. Майстар пачаў тлумачыць, што трэба рабіць, каб станок быў паслухмяны. Шахавец. А скора паслухмяныя машыны святло сваё адсюль дадуць акрузе. Дубоўка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)