сямейства млекакормячых атр. зайцападобных. 1 род (Ochotona), 20 відаў. Пашыраны ў Паўд.-Усх. Еўропе, Азіі, на ПдЗПаўн. Амерыкі. Жывуць пераважна калоніямі ў норах на адкрытых мясцінах раўнін і высакагор’я. На Беларусі жылі ў познім антрапагене. Знаходкі вядомы з перыгляцыяльных адкладаў каля вёсак Койтава Віцебскага і Пашына Аршанскага р-наў і каля г. Гродна. Некат. віды — носьбіты ўзбуджальніка чумы.
Даўж. да 28 см, маса да 240 г. Вушы круглыя, кароткія. Вібрысы доўгія. Хвост вельмі кароткі. Афарбоўка бура-карычневых адценняў. Моцна свішчуць і пішчаць (адсюль назва). Расліннаедныя. На зіму назапашваюць сухую траву (адсюль другая назва). Нараджаюць да 7 дзіцянят 2—3 разы за год.
Э.Р.Самусенка.
Да арт.Пішчухавыя. Пішчухі: 1 — велікавухая; 2 — алтайская; 3 — паўночная; 4 — стэпавая, або малая.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛЁНКІ ПАЛІМЕ́РНЫЯ,
суцэльныя слаі палімераў таўшчынёй 0,2—0,3 мм; празрыстыя эластычныя матэрыялы. Вырабляюць пераважна з сінт. палімераў (напр., поліэтылену, полівінілхларыду, поліамідаў), а таксама прыродных (напр., гідратцэлюлозныя плёнкі, найб.вядомы з іх цэлафан) і штучных палімераў, т.зв. эфірацэлюлозныя плёнкі, напр. ацэтатныя. Першыя прамысл. плёнкі выраблены ў 1899 у Вялікабрытаніі з нітратаў цэлюлозы, пазней з цэлафану.
У прам-сці П.п. атрымліваюць экструзіяй расплаваў, з раствораў палімераў: паліваннем на паліраваную паверхню (бясконцая метал. стужка або барабан) з наступным награваннем для выдалення растваральніку (сухое фармаванне) ці пры дапамозе спецсаставаў у асаджальнай ванне (мокрае фармаванне), каландраваннем пластыфікаваных палімераў (гл.Каландр), прасаваннем. Выкарыстоўваюць як упаковачныя і электраізаляцыйныя матэрыялы, аснову кіна- і фотаплёнак, магн. стужак, пакрыццё для цяпліц і парнікоў, для вырабу мембран (гл.Мембранныя метады раздзялення), святлафільтраў, ламінавання паліграфічнай прадукцыі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАМЯНЁВІКІ, радыялярыі (Radiolaria),
клас (падкл.) прасцейшых падтыпу саркодавых. 4 атр., каля 8 тыс. відаў. Адзіночныя, радзей каланіяльныя формы. Жывуць пераважна ў цёплых морах у складзе планктону. Вядомы з кембрыю (каля 570 млн.г. назад). Рэшткі П. уваходзяць у састаў геал. парод: апокі, радыялярыту, трэпелу, яшмы. На Беларусі адзначаны ў адкладах верхняга дэвону Прыпяцкага прагіну. Выкарыстоўваюцца пры вызначэнні ўзросту геал. адкладаў.
Памеры ад 0,04 да 1 мм, у некат. каланіяльных — да некалькіх сантыметраў. Унутр. шкілет — скурыстая капсула з порамі, вонкавы — мінеральны, з воднага крэменязёму (апалу) або сернакіслага стронцыю. У цытаплазме П. трапляюцца аднаклетачныя водарасці. Ад цела адыходзяць шматлікія псеўдаподыі, іх функцыя — улоўліванне корму, — інш. прасцейшых. Размнажаюцца дзяленнем.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАПС (Brassica napus var. napus),
кветкавая расліна сям. крыжакветных. Спантанны гібрыд капусты агароднай і свірэпіцы. Часам Р. вылучаюць у самастойны від. У культуры вядомы з 4-га тыс. да н.э., у Расіі — з 19 ст. Вырошчваюць як алейную і кармавую расліну ў Індыі, Кітаі, Канадзе, Еўропе, у т. л. на Беларусі.
Аднагадовая травяністая, азімая або яравая расліна, пакрытая васковым налётам. Галінастыя сцёблы выш. 50—150 см. Разетачнае лісце лірападобна-перыста-надрэзанае, ніжняе сцябловае — лірападобнае, верхняе — прадаўгавата-авальнае. Кветкі дробныя, жоўтыя, зрэдку белыя, у гронках. Плод — стручок. Насенне мае сабе да 50% рапсавага алею, які спажываецца ў ежу. Макуха — высокабялковы (да 32% бялку) канцэнтраваны корм Зялёная маса, багатая аскарбінавай к-той і карацінам, ідзе на корм жывёле. Тэхн., харч., кармавая і меданосная расліна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РОГ,
старажытны нар. духавы сігнальны амбушурны муз. інструмент Вядомы многім народам свету. Вырабляецца з рагоў і біўняў жывёл, а таксама з ракавін, дрэва, металу. У залежнасці ад памераў і формы, наяўнасці ці адсутнасці ігравых адтулін Р. дазваляе здабываць адзін або некалькі тонаў абертонавага ці паступеннага гукарадаў. Моцнае, далёка чутнае гучанне Р. спрыяла выкарыстанню яго як камунікатыўнага сродку ў абрадах, рэліг. цырымоніях, паляўнічай, пастухоўскай, вартаўнічай і ваен. практыцы. На Беларусі пашыраны Р. розных памераў (30—50 см), робіцца з пустацелых рагоў быка, каровы, барана, з дрэва (бярозы, алешыны, клёну формай, блізкай да натуральнага рога жывёлы), часам з бляхі; ігравых адтулін не мае.
У муз. мастацтве Р. — папярэднік разнастайных духавых інструментаў (валторны. трамбона і інш.), а таксама аснова рагавога аркестра.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭ́СЛІНГ (ад англ. wrestling барацьба),
спартыўныя адзінаборствы, у якіх адзін з сапернікаў імкнецца вымусіць другога дакрануцца плячыма да дывана на падлозе («пакласці на лапаткі»). Налічваецца больш за 50 разнавіднасцей Р. (вольная барацьба, грэка-рымская барацьба, сумо і інш.). Барцы карыстаюцца прыёмамі ў межах правілаў для кожнага віду барацьбы. Адзін з асн. прыёмаў — захват, які дазваляе ўтрымліваць саперніка і кантраляваць яго рухі.
Вядомы са стараж. часоў. Паядынкі паміж барцамі ўваходзілі ў праграму Алімп. гульняў у Стараж. Грэцыі з 708 да н.э. З 1921 аматарскі Р. аб’ядноўвае Міжнар. аматарская федэрацыя барацьбы (FILA). У праграму сучасных Алімп. гульняў уваходзяць грэка-рымская і вольная барацьба. Па асобных відах Р. штогод праводзяцца чэмпіянаты свету. Спаборніцтвы сярод жанчын праводзяцца з 1988. Паядынкі паміж прафесіяналамі адбываюцца звычайна на рынгу накшталт баксёрскага.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕКСТЭ́Т (ням. Sextett ад лац. sextus шосты),
1) ансамбль з 6 выканаўцаў. На Беларусі ў 1962—71 існаваў С. домраў, які даў пачатак камерна-інстр. ансамблю Белтэлерадыёкампаніі.
2) Музычны твор для 6 выканаўцаў (інструменталістаў або вакалістаў); адзін з відаў камернай музыкі (як і квартэт, квінтэт і септэт). Першы вядомы С. належыць Д.Бакерыні. Найб. пашыраны струнныя С., існуюць таксама С. для духавых, нар. і інш. інструментаў. Звычайна маюць санатна-цыклічную форму, пашыраны і інш. цыклічныя (сюіта) і нецыклічныя формы. Найб. вядомыя С. І.Брамса, Ф.Мендэльсона, А.Дворжака, П.Чайкоўскага, А.Шонберга. Вакальныя С. сустракаюцца пераважна ў операх («Дон Жуан» В.А.Моцарта). У бел. музыцы прадстаўлены ў творчасці М.Аладава, Я.Касалапава, П.Падкавырава, Р.Пукста, М.Шнейдэрмана і інш. 3) У вершаскладанні — тое, што шасцірадкоўе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІ́ТНАЎСКІ ЗА́МАК.
Існаваў у 16 ст. на паўд.-зах. беразе воз. Сітна каля вытокаў р. Палата (Полацкі р-н Віцебскай вобл.). Пабудаваны ў 1563 з дрэва на штучнай земляной выспе, умацаванай драўлянымі канструкцыямі. Трапецападобную форму замка вызначала канфігурацыя мыса, утворанага берагам возера і лукавінай ракі. Быў умацаваны драўлянымі абарончымі сценамі-гароднямі з 4 вуглавымі чацверыковымі 3-яруснымі вежамі (на паўкруглых у плане асновах), накрытых двухсхільнымі дахамі. Праезд у замак размяшчаўся ў сцяне з боку перашыйка паміж ракой і возерам. 1-павярховая драўляная забудова размяшчалася ў цэнтры замка, свабодная прастора ўздоўж сцен прызначалася для манеўра войск. С.з. разбураны войскамі ВКЛ у 1566, потым адбудаваны і зноў знішчаны пры штурме ў час Лівонскай вайны 1558—83. Вядомы паводле малюнка С.Пахалавіцкага 1579.
Ю.А.Якімовіч.
Сітнаўскі замак. З малюнка С.Пахалавіцкага. 1579.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКАРПІЁНЫ (Scorpiones),
атрад членістаногіх кл. павукападобных. 6 сям., да 70 родаў, каля 750 відаў. Вядомы з сілуру. Пашыраны ў трапічных і субтрапічных паясах, на Пд умеранага пояса. Жывуць у камяністых мясцінах, у гарах, пустынях, вільготных лясах, на марскіх узбярэжжах. Звычайны С. роду Buthus, у т. л. жоўты, або стракаты, С. (B. eupeus). Найб. буйны трапічны С. Pandinus.
Даўж. звычайна 5—10 см, трапічнага пандынуса да 20 см. Галавагрудзі ўкрыты суцэльным панцырам з парай сярэдзінных і некалькімі парамі бакавых вачэй. Членістая гібкая метасома («хвост») мае на апошнім членіку брушка парную ядавітую залозу, якая адкрываецца на канцы выгнутага джала. Хеліцэры невял., клюшнепадобныя. Клюшні масіўныя. Дыхаюць лёгкімі. Апладненне сперматафорамі, вонкава-ўнутранае. Жывародныя, некат. адкладваюць яйцы. Начныя драпежнікі. Укол балючы для чалавека, а некат. трапічных — смяротны.
Скарпіёны: 1 — жоўты або стракаты; 2 — трапічны пандынус.