мінерал класа аксідаў, аксід тытану, TiO2; гал. кампанент тытанавых руд. Ізаморфныя прымесі: хром, ніобій, тантал, ванадый, волава. Крышталізуецца ў тэтраганальнай сінганіі. Утварае зярністыя суцэльныя масы, крышталі прызматычныя, слупкаватыя да ігольчастых, зросткі з магнетытам, гематытам, ільменітам, урастанні ігольчастыя і воласападобныя ў кварцы («стрэлы Амура», «валасы Венеры»), гранаце; па крышталаграфічных напрамках урастанні ў сапфіры, рубіне, шпінэлі і інш. абумоўліваюць астэрызм (эфект мігцення зоркі). Колер чырвона-буры, жаўтаваты, сіняваты, чорны, зялёны. Цв. 6,5. Шчыльн. 4,2 г/см³. Крохкі. Радовішчы вядомы ў кварцытах, гнейсах, метамарфічных сланцах. Намнажаецца ў россыпах. Выкарыстоўваецца ў электроднай і лакафарбавай прам-сці, сыравіна на ніобій і тантал. Найб. радовішчы ў Аўстраліі (90% сусветнай здабычы).