СЕ́ЛІШЧА,
1) тэрмін, які шырока ўжываецца ў стараж. летапісах у сэнсе сяло, вёска.
2) Археал. тэрмін, які выкарыстоўваецца для абазначэння рэшткаў стараж. неўмацаванага паселішча. Як правіла, С. не маюць знешніх прыкмет (равоў, валоў). Найчасцей узнікалі на роўных мясцінах каля рэк і азёр. Жытлы звычайна драўляныя, чатырохвугальныя; дамы размяшчаліся радамі; сустракаецца і кучная забудова без бачнага парадку. Некат. С. былі абгароджаны плятнямі. На Беларусі С. вядомы з эпохі бронзавага веку. У раннім жал. веку насельніцтва пераважна жыло на гарадзішчах (акрамя Пд). Новая хваля пашырэння С. пачалася з першых стагоддзяў н.э., асабліва ў 4—5 ст. Шмат С. захавалася ад раннефеад. часу (9—13 ст.). На тэр. Беларусі зафіксавана некалькі соцень С.
В.І.Шадыра.
т. 14, с. 308
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)