Кайстра́1 ’кастра, адходы, якія атрымліваюцца ў выніку перацірання адзеравянелых частак сцябла пры мяцці і трапанні валакністых раслін (лёну, канапель і інш.)’ (Бяльк., Мат. Гом., Яўс.), койстра (петрык., Шатал.), кайстрыца (Маш., Радч., Янк. 2, Янк. 3.), кайстрыйка, кайстрычка (Бяльк.), кайстрысты ’з кастрыцай’ (Яўс.). Геаграфія слова ўсх.-бел. толькі н.-зыбк., усх.-бран. койстра ’тс’. Мясцовая (усх.-бел.) інавацыя на базе кастра (гл.), фанетыку вытлумачыць з упэўненасцю цяжка. Магчыма, ‑й‑ «узнаўляецца» па аналогіі з лексікай, дзе адзначаюцца формы з ‑й‑ і без; не выключана, што тут уплыў слова кайстра2, якое магло ўспрымацца як ананімічнае, аб фанетыцы апошняга гл. кайстра2.

Кайстра́2 ’дарожная торба, заплечны мяшок’ (БРС, ТСБМ, Бяльк., касцюк., КЭС; Серж., Некр., Чуд., Шн. 3; Эр. Очерки; Яўс.), ’торба, мех; кошык’ (Мат. Гом.), ’торба’ (Янк. 1), ’торба з палатна’ (мін., Карскі 1, 2; Маш.), ’торба са скуры’ (Грыг.), кайстры ’мяшкі ў выглядзе кішэнь з палатна, якія носяць старцы’ (Радч.), кайстрачка (Сержп.), кайсцерка (Мат. Гом.). Укр. кайстра ’мяшок’ усх.-палес. ’торба’, спарадычна кастра і тайстра, рус. смал. і бран. кайстра ’мяшок, торба, аброчная торба’, СРНГ прыводзіць яшчэ памету «паўдн.-усх.» у форме кастракурск. Брукнер (564) адзначае: «…kajstra ў гаворках, хаця звычайная польск. форма — tajstra». Слова лічыцца запазычаннем з лац. мовы. Фасмер (2, 162), аднак, не ўказвае шляхоў запазычання. Геаграфія слова ва ўсх.-слав. мовах сведчыць аб пранікненні або запазычанні з польск. мовы. У польск. Брукнер (там жа) меркаваў аб непасрэднай крыніцы чэш. tanistra. Гэта для польск. tajstra; формы з ‑к‑, аднак, бліжэй да лац. canistrumгрэч.) ’кошык, пляцёнка’. Разглядаемая форма з’яўляецца, відаць, зыходнай для палес. тайстра, польск. tajstra; Фасмер (2, 162) тлумачыў з’яўленне дыстантнай дысіміляцыяй; працэс, як у гумага < бумага. Фанетыку слова (кайстра < canistrum) вытлумачыць цяжка, хутчэй за ўсё тут нерэгулярныя трансфармацыі, «апрацоўка» ў гаворках. На гаворкавы (кантактны) шлях распаўсюджання ўказвае шырокая вядомасць нелітаратурнай для польскай мовы формы слова. Неабходна, аднак, звярнуць увагу на тое, што бел. слова — усходняе па геаграфіі. Сімптаматычна, што Сл. паўн.-зах. адзначае формы кайстра і кэйстра толькі з Рагачоўскага і Калінкавіцкага раёнаў, што сведчыць аб запазычанні з польск. перыферыйнага дыялекту. Рус. гаворкі атрымалі слова за бел. пасрэдніцтвам; кур. кастра або з усх.-палес. кастра, або вынік незалежнай карэкцыі формы па блізкай у гукавым плане костра ’кастрыца’. Аб распаўсюджанні слова на ўкр. тэрыторыі дакладных звестак няма; не выключана, што ёсць два арэалы пранікнення: з польск. мовы і бел. Параўн. яшчэ тайстра (гл.).

Кайстра́3 ’агонь, полымя’ (Мат. Гом.). Мясцовая трансфармацыя слова касцёр. Магчыма, спачатку з формы кайсцёр, аналагічна і не без уплыву кайстра1 (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Прут1 ’тонкая доўгая палачка, галінка, дубец, розга’, ’доўгі металічны стрыжань’, ’кавалак дроту’, ’вітка’, ’вочап у студні з жураўлём’, ’тупы край касы — патоўшчаная яе частка, супрацьлеглая вастрыю’, ’прут у жолаба навою для прымацавання палатна’ (ТСБМ, Нас., Шат., Янк. 2, Сцяшк.; маст., Шатал., ТС; брэсц., Нар. словатв., Сл. ПЗБ), ’прут у ярме’ (ЛА, 2, 355), пруто́к ’стрыжанёк, на якім абарачаецца цэўка ў чаўнаку’ (Тарн., Бяльк., Янк. 2; Уладз.; лун., в.-дзв., Шатал.), ’адзін рад саломы на страсе’ (ТС), ’кіёк у ніце’ (ТС, Скарбы), ’сухі чалавек’ (полац., Нар. лекс.), пруткі́ ’спіцы для вязання’ (ТСБМ, Нас., Шат., Касп., Гарэц., Сцяшк.; віл., беласт., Сл. ПЗБ; Сл. Брэс.), пруты́ ’жалезныя цягі, якімі злучаюцца ручкі плуга з дышлам’ (Тарн.), прут ’жалезны прут, якім злучаюцца ручкі плуга’ (Смул.), ’металічныя стрыжні ў аснове бараны’ (драг., Выг.; лях., Сл. ПЗБ), ’тонкія жэрдкі, якія прымацоўваюць упоперак латы пры крыцці саламянай страхі’ (Сцяшк., ТС), пру́цік ’спіца для вязання’ (Мат. Маг.), ’палачка ў бёрдзе’ (віл., Сл. ПЗБ). Ст.-бел. прутъ ’адзінка вымярэння даўжыні і плошчы’ (гл. падрабязна Скурат, Меры, 24 і наст). Рус. прут ’галінка, дубец, розга; металічны стрыжань, кавалак дроту’, прутки́ ’вязальныя спіцы’, укр. прут ’галінка, дубец’, ст.-рус. прутъ ’прут, дубец’, польск. pręt, палаб. prǫt, в.-луж. prut, н.-луж. pšut, чэш. prut, славац. prút, серб.-харв. пру̑т, славен. prọ̑t, балг. прът ’прут’. Прасл. *prǫtъ, паводле Фасмера (3, 390) і Брукнера (436), роднаснае слав. *prǫdъ‑ ’цячэнне’ (гл. пруд) з першасным значэннем ’галінка’, параўн. у семантычных адносінах рус. побе́г ’ветка; парастак’ ад бежа́ть. У і.-е. мовах у якасці роднасных прыводзяцца ст.-ісл. spretta ’ўскокваць, пырскаць, прарастаць’, англ. sprint ’мчацца’, с.-в.-ням. sprenzen ’пырскаць’ і да т. п. Менш верагодныя параўнанні з рус. пря́тать (бел. пра́таць), (Брукнер, 436; Праабражэнскі, 2, 145 і наст.); з рус. прыть, пры́ткий (Брукнер, 436), з польск. promień (Петарсан, BSL, 82). Інакш таксама Махэк₂ (488), які параўноўвае *prǫtъ з чэш. prtiti ’ўсходзіць вясной з зямлі (аб траве)’ і да т. п.; з’яўленне насавога галоснага ён тлумачыць “афектаваным” характарам слова, якое прывяло да падваення зычнага ў канцы слова: *prъttъ > prъntъ > prątъ, што вельмі штучна. Гл. Шустар-Шэўц, 2, 1164; ЕСУМ, 4, 617; БЕР, 5, 831; Банькоўскі, 2, 776. Гл. яшчэ прэнт. Аб пруто́к у ткацкай тэрміналогіі гл. Трубачоў, Этимология–1963, 20.

Прут2 ’раскладка снапоў для малацьбы’ (ДАБМ, камент., 872), ’укладка посуду аднаго ў адзін’ (Вярэн.). Да прут1; гэтыя значэнні можна вывесці з ’рад, роўны, як прут’; параўн. прут1 ’рад саломы на страсе’, а таксама пакладка на прост (пад прост1).

Прут3 ’згуба, пагібель, смерць’ (капыл., Нар. словатв.). Адваротны дэрыват ад пруцяне́ць, апруцяне́ць (гл.). Параўн. яшчэ паралельныя ўтварэнні апру́да ’смерць’, апру́дзіцца ’цяжка захварэць, акалець’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ветхі ’стары, старажытны, старадаўні, трухлявы’ (КТС), укр. ве́тхий, рус. ве́тхий ’тс’, ленінгр. ’хваравіты’, кастр. ветха́ный ’стары, зношаны’, ст.-рус. ветъхый ’стары, паношаны, трухлявы; даўні, спрадвечны; дахрысціянскі, паганскі’ (з XI ст.), польск. уст. wietki ’гнуткі, хрупкі, слабы, тонкі, шчуплы’, wiotchy ’стары’; ’гнуты, слабы, далікатны’, н.-луж. wjatki ’пацёрты, зношаны’, wiatły ’тс’; ’стары (аб будыніне)’, в.-луж. wjetki ’стары, трухлявы, паношаны’, чэш. vetchý ’стары, старадаўні, трухлявы, слабы’; ’рэдкі (аб палатне)’, славац. vetchý ’зношаны, трухлявы; стары, слабы, хваравіты, не валодае сабою’, серб.-харв. вѐт, вѐтах ’стары’, макед. ветов ’стары, паношаны, пацёрты’, балг. вехт, ве́хът, ве́тав, ветък, вехток ’тс’, ст.-слав. ветъхъ. Прасл. vetъхъ. Мае і.-е. адпаведнікі: літ. vẽtušas ’стары, састарэлы’, лат. vecs ’стары, старажытны, старадаўні’, лац. vetus, vetus‑tus ’састарэлы’, грэч. ἔτος, Ϝἔτος, алб. vjet ’год’, ст.-інд. vatsá ’тс’, vatsás ’гадавалы’, сагдз. wtšnyy ’стары’ > іран. *wat(u)šana‑ (гл. Траўтман, 356; Сэмерэні, Word, 8, 50; Мюленбах-Эндзелін, 4, 517; Вальдэ-Гофман, 2, 776; Праабражэнскі, 1, 80; Брукнер, 623; Голуб-Копечны, 414; Махэк₂, 686; Фасмер, 1, 307; КЭСРЯ, 57; Шанскі, 1. В, 80). Рэканструюецца як і.-е. *u̯etuso‑ (wetuso‑) ’стары, састарэлы’ (Персан, IF, 26, 63; БЕР, 1, 139). Буга (РФВ, 67, 246) і Эндзелін (Слав.-балт. эт., 52) выводзяць літ. vẽtušas з *u̯etukʼsos. Гл. таксама ве́тах.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ве́чар ’час сутак ад канца дня да наступлення ночы’ (КТС, БРС, Сцяшк. МГ, Касп., Бяльк., Бяс.); ’увечары, вечарам’ (Сцяшк. МГ, Янк. I); ’забавы моладзі з танцамі’ (Інстр. лекс.); ’грамадскі вячэрні сход, прысвечаны якой-небудзь даце, падзеі’ (КТС, БРС), укр. ве́чір ’вечар’, рус. ве́чер ’тс’, урал. ’перадвясельная вечарынка’, вяц. ’вечарам’, смал. ’старасць’, ст.-рус. вечеръ ’вечар’; ’увечары’; ’забава’, вечерний ’заходні’ (з XIII ст.), польск. wieczór ’вечар’; ’вячоркі’; ’вечарам’, н.-луж. (w)jacor, в.-луж. wječor ’вечар’; ’захад’, чэш. večer ’вечар, вечарам’, славац. večer ’тс’, славен. večér ’вечар’; ’захад’, серб.-харв. ве̏че, ве̏чер ’ранні вечар’; ’вячоркі’; ’увечары’; ’захад’, макед., балг. вече́р ’вечар’; ’увечары’, ст.-слав. вечеръ ’вечар’. Прасл. večerъ суадносіцца з літ. vãkaras ’вечар’ (< *vekeros < *ve‑ke(spe)ros), арм. gišer (гл. Махэк₂, 680; Рудніцкі, 1, 376), лат. vakars, а таксама, відаць, з грэч. ἑσπέρα, ἕσπερος, лац. vespera, ірл. fescor ’тс’ (< *ve‑(ke)speros), ст.-інд. vaskara. Некаторыя даследчыкі звязваюць večer з ням. West ’захад’, ст.-в.-ням. wästan, англа-сакс. west, ст.-нарв. vestr (Эндзелін, KZ, 52, 119; Траўтман, 348; Мюленбах-Эндзелін, 4, 448). Гл. таксама Міклашыч, 376; Вальдэ, 827; Бругман, IF, 13, 1902, 157; Покарны, 1174; Брукнер, 614; БЕР, 1, 140; Фасмер, 1, 309; Праабражэнскі, 1, 81; Шанскі, 1, В, 81. Малаімаверна збліжэнне *večer з *věko ’века’ (КЭСРЯ, 79).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вы — асабовы займ. 2 асобы мн. л., укр. ви, рус. вы, польск. wy, чэш. vy, славац. vy, славен. vȋ, серб.-харв. ви̑, балг., макед. вие. Агульнаславянскае, ускосным склонавым формам адпавядаюць ст.-прус. wans — він. скл. мн. л. ’вас’, лац. vōs, авест. , ст.-інд. vas — энклітыка він. скл. падв. л., род. скл. мн. л., грэч. ὑμᾶς і інш.; старажытная форма наз. скл. мн. л., якой адпавядаюць ст.-прус. ious, літ., лат. jūs, авест. yužəm, yūš, ст.-інд. yūyám, гоц. jus (і.-е. *i̯ūs) была страчана пад уплывам ускосных склонавых форм (Фасмер, 1, 366; Брукнер, 637; Махэк₂, 704; Младэнаў, 65; Праабражэнскі, 1, 103). Вы ў звароце да адной асобы адз. л. засвоена праз польск. з заходнееўрапейскіх краін, дзе пачало ўжывацца ў такім значэнні ў сярэднія вякі (Махэк₂, 704; Шанскі, 1, В, 218).

Вы — прыстаўка, характэрная пераважна для паўночнаславянскіх моў (укр. ви‑, рус. вы‑, польск. wy‑, чэш. vy‑, в-, луж. wu‑), якой у паўднёваславянскіх па значэнню часцей за ўсё адпавядае из‑. Роднасная ст.-в.-ням. ūz (сучасн. ням. aus ’з’), гоц. ūt, ст.-інд. ud ’на, уверх, з’ і інш. Пры калькаванні ў беларускай літар. мове звычайна служыць для перадачы рус. из (< ц.-слав.); параўн. рус. истребоватьбел. вытрабаваць, 124) извергнутьбел. вывергнуць і пад. (Крукоўскі, Уплыў, 124).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ля́мец1, ляме́ц, ля́мац, ля́мяц, ля́міц, ле́мыц, ля́мэць ’тоўсты, шчыльны матэрыял, звалены з воўны, шэрсці’ (ТСБМ, Грыг., Гарэц., Уладз., Нас., Шат., Касп., Растарг., ТС, Сл. ПЗБ; КЭС, лаг.), ’пракладка з лямцу ў хамуце пад хамуцінай’, ’лёгкая пракладка з саломы ці лямцу пад клешчамі’, ’падхамутнік’, ’потнік’, ’від хамута’ (Маслен., Бяльк., Нас., Сл. ПЗБ, Касп.), ’лямка, шляя’ (Др.-Падб.), ’ярмо, цяжкая работа’ (Мат. Гом.), ’ільняны або саламяны абруч, на які паляшучкі накручвалі валасы’ (Малч., Тарн., Маш., Сержп. Грам.; мазыр., Шпіл.), ля́мцы ’непрычасаныя валасы’ (клец., Нар. лекс.), ’каўтун’ (Мат. Гом.), ля́мчыцца ’збівацца ў камяк, каўтуны’, ля́мчыць ’валіць воўну’ (Нас.; КЭС, лаг.; ТСБМ, ТС), ля́мец ’пласт гною, сена і інш.’ (жытк., Нар. словатв.; ТС). Укр. ля́мець, рус. ля́мец ’тс’, польск. lamec ’тс’, lemiec, чэш. límec, lémec ’каўнер’. Няясна. Фасмер (2, 551) рус. лексему выводзіць з польск. lemiec ’каўнер’, адкідаючы версію Бернекера (1, 700), які ўзводзіць гэту лексему да франц. lame ’палоска, тонкі дрот’. Слаўскі (4, 39) дапускае бел. мову ў якасці крыніцы для запазычання з польск. lamiec або з ням. Lahn‑tresse ’стружка, галун з шоўку’. Карловіч (Wyr. obce, 335) і Брукнер (290) лічаць крыніцай с.-в.-ням. lîm ’рамка, аблямоўка’. Махэк₂ (326) лічыць роднасным (да чэш. lem ’тс’) грэч. λῶμα ’аблямоўка’.

Ля́мец2 ’гультай’ (Мат. Гом.). У выніку семантычнага пераносу з ля́мец1.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вірга́цца ’брыкацца (пра коней)’ (зэльв., Сцяц.). Укр. вергати(ся) ’кідацца, шпурляцца’ < вере́чи, вергу, рус. вергать ’тс’, польск. wierzgać ’брыкаць’, wirgać ’тс’; ’перакульвацца’, н.-луж. wjergaś ’кідаць(ца), шпурляцца’, в.-луж. wjerhać ’шпурляць, рваць’, wjerhać so ’змагацца’, чэш. vrhati (se) ’кідаць(ца)’, ст.-чэш. vrci (vrhu), славац. vrhať (sa) ’тс’, славен. vrẹ́ci, серб.-харв. вр̏ћи (вр̏гнем//вр̏жем), вp̏ћ, харв.-кайк. vreći ’тс’, макед. врска ’сцёбаць’, врсне ’сцебануць’, балг. въргам ’кінуць’, ст.-слав. врѣшти, врѣщи, врьгѫ ’тс’. Прасл. vьrgǫ, vьrgati ’штурхаць, кідаць’. Ст.-слав. изврагъ ’ізгой’ з’яўляецца другой ступенню чаргавання кораня vorg‑ < і.-е. кораня *u̯reg‑/*u̯erg‑ ’гнаць’ (параўн. літ. var̃gas ’бяда, патрэба, нястача’, гоц. wrikan ’праследаваць’, ст.-англ. wrecan ’гнаць, помсціцца’, ням. rächen ’помсціць’, лац. urgeo ’цясніць, штурхаць, гнаць’). У слав. мовах маецца і рэдукаваны корань vьrgati (Трубачоў, История терм., 176–177; Мартынаў, Лекс. взаим., 153–155). Гл. таксама Праабражэнскі, 1, 73; Фік, 1, 549; Вальдэ, 821; Траўтман, 361; Міклашыч, 383; Голуб-Копечны, 423; Брукнер, 618; Махэк₂, 700; Фасмер, 1, 294–295; Скок, 3, 621. Младэнаў (667) збліжае лексему з ням. Werk ’работа, справа’, wirken ’дзейнічаць’; ’ткаць’. Каралюнас (ZfSl, 2, 1974, 203–206) адносіць сюды літ. vérgti ’гнаць у рабства, рабіць рабом’, vérgas, ver̃gas ’раб’, лат. ver̂gs, vḕrgs ’тс’. Бел.-польск. семантычная ізалекса.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Віці́на1 ’дубец, галінка’ (БРС, Др.-Падб.); ’кій, плыт’ (Гарэц.); ’прывязь з дубцоў, пры дапамозе якой звязваецца бярвенне з пакладзенымі на іх жэрдкамі’ (З нар. сл.), віці́ны ’перапляценне, на якое кладуць жэрдкі ў плоце’ (Шатал.). Рус. ви́тина ’дубец; кошык, пляцёнка’, серб.-харв. ви̏тина ’дубец, звычайна лазовы, для звязвання снапоў або перавязь з дубцоў’. Да віць (Праабражэнскі, 1, 86); (параўн. таксама ў словаўтваральных адносінах літ. vỳtinė ’дубец, галінка’ ад vỹtis ’тс’). Гл. віца.

Віці́на2 ’вялікая барка або лодка, асаблівы від барак’ (Федар., 6, 106, 7, 254; Шн., 1; Дзмітр., Гарэц., Др.-Падб.). Рус. вити́на, вити́н, вити́ма ’хадавое пласкадоннае судна толькі на Нёмане і яго прытоках і на Прыляці’, польск. wicina ’тс’. Этымалогія застаецца няяснай. Брукнер (613) лічыць слова літоўска-беларускім. Скарджус (ZfslPh, 26, 1957, 150 і наст.) адносіць яго да запазычанняў з літ. (слав. витина, віціна < літ. vytìne ’пласкадоннае судна, барка’, якое з vytìs або výtas ’плецены’) і ў якасці аргумента на карысць запазычання ўказвае на геаграфію і ізаляванасць слова ў славянскіх мовах. Але з семантычнага і словаўтваральнага пунктаў погляду як літоўскае, так і славянскае паходжанне (ад віць, віты) роўнаверагодныя; параўн. польск. okręt ’карабель’ з *obkrǫntь ’пляцёнка’ (Трубачоў, Ремесл. терм., 230 і наст.). Фасмер (1, 321) дапускае славянскае паходжанне і роднаснасць з ветвь, ви́твина.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Напашэ́ве ’пад рукамі, нагатове, у патрэбную хвіліну’ (слуц., Вітка, Полымя, 1988, 7, 201), ’на такім месцы, дзе можна ўзяць адразу, не шукаючы’ (слуц., Нар. словатв.), напашэ́я ’пад рукою, навідавоку’ (дзярж., Нар. сл.), напашэўку ’пад рукамі, пад рукой’ (мін., Жыв. сл.; стаўбц., Нар. сл.; Янк. Мат.; шчуч., Сцяшк. Сл.), ’блізка, пад рукамі’ (Сл. ПЗБ). Відаць, са спалучэння на пашэве, дзе другая частка — назоўнік у месным склоне *пашэ́ва ці *пашэ́ў ’похва’, параўн. польск. poszew, poszwa ’тс’, першапачаткова ’трымаючы руку на похве са зброяй’; у выпадку спалучэння на пашэўку — ’паклаўшы руку на похву’, параўн. польск. poszewka ’похва’, усё да шыць, шво (гл.). Магчыма і іншая версія, якая ўлічвае наяўнасць у радзе славянскіх моў прыслоўяў тыпу польск. poszewo ’коса, нахілена, крыва’ (магчыма, да szawiać ’кранаць, рухаць’, што Брукнер (542) параўноўвае з chwiać, параўн. ша́ваць ’рухаць’, рус. шевелить ’тс’), славен. pošev ’коса’, асабліва napošev ’коса, накасяк’, што дае падставы гаварыць аб адноснай старажытнасці слова, аднак адсутнасць фіксацыі зыходнай формы ў беларускіх гаворках прымушае лічыцца з магчымасцю запазычання. У карысць апошняй версіі сведчыць, магчыма, і ўкр. на‑похваті ’навідавоку, пад рукой’, дзе другая частка — аддзеяслоўны назоўнік похват (да хватати ’хапаць’); тады магчымае *пашэў ’рух, крананне’ (да шаваць ’рухаць, кранаць’). Цікава, што пры гэтым захоўваецца фармальная суадноснасць з іншым варыянтам назвы ножнаў — похва, што не выключае магчымых збліжэнняў у развіцці семантыкі слова.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Каштава́ць1 ’мець тую або іншую цану, грашовую вартасць’; ’абыходзіцца ў якую-н. суму, патрабаваць якіх-н. затрат’ (ТСБМ, БРС, Касп., Шат.). Слова засведчана ў ст.-бел. мове з 1516 г. (таксама як і коштъ, коштованье, коштовне, коштовность і г. д.; гл. Булыка, Запазыч., 174). Параўн. рус. коштовать (дыял.), укр. коштувати і г. д. Запазычанне з польск. мовы (< польск. kosztować ’тс’); Бернекер, 586; Фасмер, 2, 361; гл. яшчэ Кюнэ, Poln., 67; Рыхардт, Poln., 68. Крыніцай польск. слова з’яўляецца с.-в.-ням. kosten ’каштаваць, быць вартым і да т. п.’ Слаўскі, 2, 545. Гэта апошняе ў сваю чаргу узята са ст.-франц. coster < лац. *costare < cōnstare (Слаўскі там жа).

Каштава́ць2 ’спрабаваць ежу, піццё на смак, на гатоўнасць і інш.’ (ТСБМ, БРС, Касп., Шат.). Параўн. рус. дыял. коштова́ть ’тс’, укр. куштува́ти, коштува́ти. Запазычанне з польск. мовы. Параўн. польск. kosztować ’тс’ (у такім значэнні польск. слова вядома з XVI ст.), якое ўзята з с.-в.-ням. kosten ’даследаваць, вывучаць, спрабаваць, пробаваць на смак’ або ст.-в.-ням. kostōn ’тс’ (гэты дзеяслоў роднасны лац. gastāre ’каштаваць, спрабаваць ’). Гл. Бернекер, 1, 586; Брукнер, 260; Фасмер, 2, 361; Махэк₂, 282. Вельмі падрабязна аб семантычнай гісторыі слова kosten у ням. мове гл. у Пауля, Wörterb. (7. Aufl., 1960), с. 344. Гл. яшчэ Клюге, 395–396.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)