горад, цэнтр Рагачоўскага р-на Гомельскай вобл. За 121 км ад Гомеля, чыг. ст. на лініі Магілёў—Жлобін, вузел аўтадарог на Бабруйск, Магілёў, Слаўгарад, Жлобін, прыстань на р. Дняпро. 35,7 тыс.ж. (2000).
Упершыню ўпамінаецца ў Іпацьеўскім летапісе пад 1142, уваходзіў, верагодна, у Тураўскае княства. Умацаваны цэнтр стараж. Р. — Замкавая гара — размешчаны на месцы гарадзішча мілаградскай і штрыхаванай керамікі культур. З канца 13 ст. ў ВКЛ, уладанне кн. Доўманта. У 14—18 ст. цэнтр Рагачоўскай воласці, кіраваўся старостам. З 1509 належаў вял. князю. У 16 ст. пабудаваны Рагачоўскі замак з Рагачоўскім палацам. У час вайны Маскоўскай дзяржавы з ВКЛ 1534—37 і вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—57 горад пераходзіў з рук у рукі, пацярпеў ад ваен. дзеянняў. У канцы 16 ст. ў ваколіцах Р. дзейнічалі казацка-сял. атрады Налівайкі і Дубіны (гл.Налівайкі паўстанне 1594—96). З 1772 у Рас.імперыі, цэнтр Рагачоўскага павета і Рагачоўскай правінцыі. У 1777—96 і з 1802 у Магілёўскай, у 1796—1802 у Беларускай губ. 16.8.1781 атрымаў герб (у залатым полі чорны барановы рог). У 1880 — каля 4,5 тыс.ж., 560 дамоў, 2 цагельні, канатны, піваварны, мылаварны і 2 гарбарныя з-ды. У 1897—9038 ж. У 1900 працавала 36, у 1913—50 прадпрыемстваў. У 1902 праз Р. пракладзена чыгунка Магілёў—Жлобін. У 1906 адкрыта Рагачоўскае рэальнае вучылішча, пазней Рагачоўская настаўніцкая семінарыя. З мая 1919 у Гомельскай губ. РСФСР, з 1924 у БССР, цэнтр Рагачоўскага раёна Бабруйскай акр. (да 1930), з 1938 — Гомельскай вобл. У 1939 у Р. 15,2 тыс.ж. У 1936—41 і з 1944 дзейнічаў настаўніцкі ін-т. 2.7.1941 акупіраваны ням. фашыстамі, 13.7.1941 вызвалены Чырв. Арміяй у ходзе Рагачоўска-Жлобінскай аперацыі 1941. З 14.8.1941 да 24.2.1944 зноў акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі ў Р. і раёне 6,3 тыс.чал. Дзейнічала Рагачоўскае патрыятычнае падполле. Вызвалены ў ходзе Рагачоўска-Жлобінскай аперацыі 1944 войскамі 1-га Бел. фронту. 13 вайск. часцям і злучэнням нададзены ганаровыя найменні «Рагачоўскіх». У 1959 у Р. 10,2 тыс.ж., у 1970—16 тыс.ж. У 1971 знойдзены Рагачоўскі манетны скарб. З 27.2.1978 горад абл. падпарадкавання.
Першы рэгулярны план (1778) вызначыў дакладную прамавугольную сетку вуліц, якую захавалі генпланы 1947, 1959 і 1971 (Гомельскі філіял ін-та «Белдзяржпраект», арх. Я.Казлоў, А.Лебедзеў, інж. М.Найшулер; карэкціроўка 1984, БелНДІПгорадабудаўніцтва, арх. В.Кашырын, Т.Спірына, інж. Л.Пірожнік, В.Пузік). Асн.гар. тэрыторыя размешчана ў міжрэччы Дняпра і Друці (Цэнтр. і Залінейны планіровачныя раёны), часткова на правым беразе Друці (Задруцкі планіровачны раён). Гал. кампазіц. восі — вуліцы Леніна і Кастрычніцкая. Адм.-грамадскі і культ. цэнтр — пл. імя 60-годдзя Кастрычніка. Пераважае 1-павярховая індывід. забудова сядзібнага тыпу, у цэнтр.ч. будуюць 5-павярховыя дамы. Горад развіваецца паводле генплана 1999 (БелНДІПгорадабудаўніцтва) пераважна на З (на правым беразе Друці), часткова на ПнУ і Пн. Паводле генплана шматкватэрная забудова размяшчаецца ў планіровачных раёнах №1, 2, 4 (жылы раён «Ляснянка»). Сістэма азелянення горада фарміруецца ўздоўж Дняпра і Друці, ствараецца паркавая зона ў планіровачным раёне №5. Сфарміраваліся паўн. і паўд.-зах.прамысл. зоны.
Працуюць прадпрыемствы харч. (найб.Рагачоўскі малочнакансервавы камбінат), буд. матэрыялаў (з-д жалезабетонных вырабаў, камбінат буд. матэрыялаў), камбікормавай прам-сці; з-д «Дыяпраектар» і інш. Дзейнічаюць Рагачоўскае педагагічнае вучылішча, Рагачоўскі музей народнай славы. Брацкія магілы чырвонагвардзейцаў, сав. воінаў, магілы ахвяр фашызму, вайсковыя могілкі. Курган Славы. Помнік Вызвалення. Помнікі архітэктуры 19—20 ст.: капліца ў неарус. стылі, будынкі дваранскага вучылішча (1903—05), земскай управы (1909), касцёл (у 1912 асвячоны; неаготыка) і інш. Помнік археалогіі — гарадзішча і селішча стараж. Р.
Г.С.Ларкін, М.А.Найшулер (архітэктура).
Рагачоў. Будынак тэатра. Фота пач 20 ст.Рагачоў. Будынак земскай управы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БО́СНІЯ І ГЕРЦАГАВІ́НА (Bosna і Hercegovina),
дзяржава ў Паўд. Еўропе, на Балканскім п-ве. Мяжуе з Харватыяй і Югаславіяй (Сербіяй і Чарнагорыяй). Уключае 2 гіст. вобласці: Боснію (пл. 42 тыс.км²) у даліне р. Сава і яе правых прытокаў і Герцагавіну (пл. 9,1 тыс.км²) у бас.р. Нератва і ў вярхоўях р. Дрына. Агульная пл. 51,1 тыс.км². Нас. 3,8 млн.чал. (1993). Афіцыйная мова сербскахарвацкая. Сталіца — г.Сараева. У адм.-паліт. і этнічна-рэлігійных адносінах падзяляецца на сербскую (праваслаўна-хрысціянскую) і мусульмана-харвацкую часткі. Нац. свята — Дзень рэферэндуму (1 сак.).
Прырода. Большую частку Босніі і Герцагавіны займаюць Баснійскія Рудныя горы (г. Враніца, 2107 м), складзеныя пераважна з сланцаў, і Дзінарскае нагор’е (выш. каля 1000—1600 м) — з вапнякоў; характэрны карст. На Пн нізіна на р. Сава. Радовішчы жал. руды, храмітаў, марганцу, медзі, бурага вугалю, баксітаў. Клімат у даліне р. Сава ўмерана кантынентальны (600—800 мм ападкаў за год), у гарах халаднаваты і вільготны (1500—2000 мм ападкаў за год). Каля 40% плошчы пад лесам, пераважна лісцевым (дуб, бук), часткова хвойным (елка, хвоя).
Насельніцтва. У Босніі і Герцагавіне жывуць тры народы, якія маюць агульную мову, але адрозніваюцца рэліг.-культ. асаблівасцямі: баснійцы-мусульмане (саманазва муслімане, 43,7% усяго насельніцтва), сербы — пераважна праваслаўныя (31,4%), харваты — католікі (17,3%); 5,5% насельніцтва лічыць сябе югаславамі. Жывуць таксама чарнагорцы, албанцы і інш. У гарадах жыве больш за палавіну насельніцтва. Найб. гарады (тыс.ж.): Сараева — 383 (у 1993), Тузла — 230, Біхач — 200 (у 1995), Зеніца — 146, Баня-Лука — 142, Мостар — 126 (у 1991).
Гісторыя. У старажытнасці тэр. сучаснай Босніі і Герцагавіны насялялі ілірыйцы (прыкладна з 1200 да н.э.), якіх у пачатку н.э. заваёўвалі рымляне (з 9 н.э. ў складзе прав. Далмацыя, з 395 — Зах. Рымскай імперыі) і остготы. З 536 у складзе Візантыі. Да 6 ст. заселена славянамі. У 12—13 ст. тут узнікла баснійская царква (гл.Багамілы). У 1377—91 існавала моцнае баснійскае каралеўства на чале з Твртко I. З 15 ст. пад уладай Асманскай імперыі, часткова ісламізавана. Нац.-вызв. паўстанні ў 19 ст. (у т. л.Герцагавінска-баснійскае паўстанне 1875—78) пацярпелі няўдачу. Пасля паражэння Турцыі ў вайне 1877—78 з Расіяй Боснія і Герцагавіна адміністрацыйна падпарадкавана Аўстра-Венгрыі, у 1908 анексіравана яе войскамі (гл.Баснійскі крызіс 1908—09). Сараеўскае забойства наследніка аўстра-венг. трона, якое 28.6.1914 здзейсніў Г.Прынцып, паслужыла зачэпкай да развязвання 1-й сусв. вайны. Пасля распаду Аўстра-Венгрыі краіна 1.12.1918 увайшла ў Каралеўства сербаў, харватаў і славенцаў. У 2-ю сусв. вайну акупіравана ням.-фаш. войскамі (крас. 1941), уключана ў т.зв. Незалежную дзяржаву Харватыя. У ходзе Народна-вызваленчай вайны ў Югаславіі 1941—45 вызвалена. З ліст. 1945 нар. рэспубліка ў складзе Федэратыўнай Народнай Рэспублікі Югаславіі, з 1963 адна з рэспублік Сацыялістычнай Федэратыўнай Рэспублікі Югаславіі (СФРЮ).
У ліст. 1990 у Босніі і Герцагавіне ўпершыню праведзены шматпарт. выбары, у выніку якіх да ўлады прыйшлі партыі ад асноўных нац.-рэліг. груп насельніцтва — Мусульм. партыя дэмакр. дзеяння, Сербская дэмакр. партыя і Харвацкая дэмакр. садружнасць. Паміж імі разгарнулася паліт. барацьба вакол пытання пра будучы нац.-тэр. лад краіны. Пасля распаду СФРЮ у кастр. 1991 абвешчана незалежнасць Босніі і Герцагавіны (ухвалена ў сак. 1992 на рэсп. рэферэндуме, які байкатавалі баснійскія сербы). 6.4.1992 рэспубліку прызналі Еўрапейская супольнасць і ЗША. Пасля абвяшчэння 7.4.1992 на землях баснійскіх сербаў Рэспублікі Сербскай пачаўся этн. канфлікт, які перарос у грамадз. вайну (гл.Баснійскі крызіс 1990-х г.). 4.5.1992 з Босніі і Герцагавіны выведзены войскі Югасл.нар. арміі, 22 мая рэспубліка прынята ў ААН, з ліп. 1992 — удзельнік Арг-цыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе. 25.2.1994 заключана перамір’е паміж харватамі і мусульманамі, 17.3.1994 створана Баснійская мусульмана-харвацкая федэрацыя. Амаль за 4 гады вайны забіты і паранены больш за 200 тыс.чал., каля 3 млн. сталі бежанцамі. 14.12.1995 у Парыжы падпісана пагадненне аб міры ў Босніі і Герцагавіне, у аснове якога пагадненне, парафіраванае 21.11.1995 пасля перагавораў паміж сербскай, харвацкай і баснійскай дэлегацыямі ў г. Дэйтан (ЗША). Дакумент прадугледжвае захаванне Босніі і Герцагавіны ў яе сучасных межах як адзінай суверэннай дзяржавы з 2 частак — Харвацка-мусульманскай федэрацыі (ХМФ; 51% тэр.) і Сербскай Рэспублікі Босніі (39% тэр.), з калект. прэзідэнцтвам (харват і мусульманін-басніец ад ХМФ і баснійскі серб, якія кіруюць папераменна) і заканад. органам (палата дэпутатаў). Канстытуцыя Босніі і Герцагавіны прадугледжвае стварэнне плюралістычнага грамадства.
Гаспадарка. Да 1991 Боснія і Герцагавіна была даволі развітой часткай б. Югаславіі. Здабываліся жал. руда (руднікі Вараш і Любія), баксіты, буры вугаль, соль. ГЭС на горных рэках. Прадпрыемствы чорнай металургіі (Зеніца, Іліяш, Вараш), коксавыя з-ды (Зеніца, Лукавац), лясная і дрэваапр., машынабуд., харч., лёгкая прам-сць, вытв-сць соды, азотных угнаенняў, цэлюлозы. Буйныя прамысл. вузлы Сараева, Зеніца, Тузла. У сельскай гаспадарцы выкарыстоўвалася палавіна тэрыторыі, у т. л. 50% пад ворыва, агароды, сады і вінаграднікі, 50% — лугі і горную пашу. Гадоўля буйн. раг. жывёлы, авечак, свіней. Земляробства пераважна на Пн і ў далінах рэк. Вырошчваюць кукурузу, пшаніцу, бульбу, з тэхн. культур — каноплі, цукр. буракі, сланечнік, тытунь (асабліва ў Герцагавіне). Садоўніцтва (сліва, яблыня, груша, грэцкі арэх); у Герцагавіне вінаградарства. Краіна горнага турызму. Транспарт пераважна чыгуначны і аўтамабільны. Экспарт складаўся з прадуктаў горнай прам-сці, садавіны, тытуню, імпарт — пераважна з прамысл. абсталявання і нафтапрадуктаў. Грашовая адзінка — дынар Босніі і Герцагавіны.
Архітэктура і выяўленчае мастацтва. На тэр. Босніі і Герцагавіны выяўлены кераміка, статуэткі жанчын і жывёл эпохі неаліту, помнікі мастацтва ілірыйцаў і кельтаў, рэшткі стараж.-рым. гарадоў, ювелірныя вырабы стараж. славян. На сярэдневяковае мастацтва Босніі і Герцагавіны паўплывалі Візантыя, Сербія, Далмацыя, Цэнтр. Еўропа, а з сярэдзіны 15 ст. і Турцыя. У раннехрысціянскі перыяд у царк. дойлідстве тут пашыраны базілікі (у Зеніцы, Брэзе і інш.); у сярэднявеччы — крыжова-купальныя, а таксама 1-нефавыя раманскія і гатычныя храмы. У перыяд тур. панавання будаваліся мячэці (Хусрэў-бега, 1531, арх. Сінан; Алі-Пашы, 1571, у Сараеве), караван-сараі, лазні, масты (Вішаград, 1571). У час аўстр. акупацыі (1878—1918) у гарадах узводзіліся збудаванні ў духу еўрап. эклектызму, у «маўрытанскім» (ратуша ў Сараеве) і неакласіцыстычным (тэатр у Сараеве) стылях. Традыцыі функцыяналізму 1-й пал. 20 ст. саступілі ў 1960-я г. месца пластычнай выразнасці пабудоў, схіленню да бруталізму, выкарыстанню мясцовых дэкар. матэрыялаў (спарт. цэнтр «Скендэрыя» ў Сараеве). У 1980-я г. ў архітэктуры павялічылася цікавасць да нац.маст. традыцый (універмаг «Развітак» у Мостары).
У сярэдневяковым выяўл. мастацтве пашыраны каменныя надмагіллі (т.зв. стэчакі) з плоскарэльефнымі арнаментальнымі і фігурнымі выявамі, дзе арганічна пераплецены нар., раманскія і гатычныя матывы. Зберагліся рэдкія помнікі сярэдневяковага манумент. жывапісу (фрэскі царквы ў Добруне, 2-я пал. 14 ст.), блізкія да сценапісаў Сербіі, яны сведчаць і пра блізкасць да культуры Італіі. У мастацтве мініяцюры 12—14 ст. адчуваюцца сербскія і візант. уплывы. Цікавыя багамільскія рукапісы з наіўна-фалькл. мініяцюрамі («Капітарава евангелле», 14 ст., і інш.). Іканапіс рэгіёна да сярэдзіны 19 ст. прытрымліваўся візант. канонаў. Высокай дасканаласці ў сярэднявеччы дасягнулі апрацоўка металу і маст. ткацтва (кілімы з геам. і расліннымі арнаментамі). У канцы 19 — пач. 20 ст. жывапісцы, якія навучаліся за мяжой, асвойвалі метады сучаснага еўрап. жывапісу. Большасць мастакоў працавала ў Сербіі (І.Біеліч, Н.Гваздзенавіч, скульптар С.Стаянавіч). Паміж 1-й і 2-й сусв. войнамі склалася група мясц. жывапісцаў, у творчасці якіх зварот да нар. жыцця і роднай прыроды спалучаўся з пошукамі нац. своеасаблівасці, выкарыстаннем прыёмаў пленэрнага жывапісу, а таксама постімпрэсіянізму (Ш.Бацарыч, В.Дзімітрыевіч, І.Шарамет). З канца 1950-х г. пераважалі экспрэсіянізм, абстрактнае мастацтва (Дзімітрыевіч) і інш. кірункі мадэрнізму. З 1970-х г. пашыраецца «фігуратыўнае» мастацтва (Муезіновіч).
У.Я.Калаткоў (гісторыя да 1918), М.С.Даўгяла (гісторыя з 1918).
Герб і сцяг Босніі і Герцагавіны.Да арт.Боснія і Герцагавіна. І.Біеліч. Баснійскі пейзаж. 1935.Да арт.Боснія і Герцагавіна. Ускраіна г. Сараева. На пярэднім плане мячэць Газі-Хусрэф-Бега.Да арт.Боснія і Герцагавіна. Традыцыйны жаночы касцюм. 2-я пал. 19 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМПІ́Р (ад франц. empire імперыя),
стыль у архітэктуры і мастацтве 1-й трэці 19 ст., які завяршыў развіццё класіцызму.
Зарадзіўся ў Францыі на пач. 19 ст. Як і класіцызм, арыентаваўся на ўзоры ант. мастацтва Грэцыі і Рыма, аднак пошукі зграбнай простай формы і дэкору паступова змяняліся імкненнем да іх лапідарнасці і манум. выразнасці. Асн. элементамі арх. кампазіцыі былі масіўныя порцікі (найчасцей дарычнага і тасканскага ордэраў), у арх. дэталях і дэкоры пераважала ваенная эмблематыка (ліктарскія звязкі, воінскія даспехі, лаўровыя вянкі, арлы і інш.). У ампіры адчуваюцца і асобныя стараж.-егіпецкія арх. і пластычныя матывы (вял. нерасчлянёныя плоскасці сцен і пілонаў, масіўныя геам. аб’ёмы, егіпецкі арнамент, стылізаваныя сфінксы, ільвы, гермы, грыфоны). У перыяд імперыі Напалеона I (1804—15) пашырылася буд-ва мемарыяльных манум. збудаванняў: трыумфальных арак (арка на пл. дэ Голя ў Парыжы, 1806—37, арх. Ж.Ф.Шальгрэн), памятных калон і інш. У аддзелцы парадных інтэр’ераў палацаў і атэляў (Мальмезон, Фантэбло, Багарнэ ў Парыжы, перабудаваных арх. Ш.Персье і П.Фантэнам) матывы егіп. рэльефаў, этрускіх вазаў, грэч. і рым. дэкору сугучныя ампірнай мэблі Ф.А.Жакоба, стылізаванай пад абсталяванне багатага стараж.-рым. дома. У розных краінах Еўропы ампір набыў выразныя нац. рысы. У Расіі стаў выразнікам ідэі дзярж. незалежнасці, якую народ адстаяў у вайне 1812. Выдатнымі творамі рус. ампіру з’яўляюцца будынкі Адміралцейства (1806—23, арх. А.Захараў), Горнага ін-та (1806, арх. А.Вараніхін), Біржы (1805—10, арх. Тама дэ Тамон) — усе ў Пецярбургу; помнікі Мініну і Пажарскаму (1804—18, скульпт. І.Мартас), шэраг асабнякоў, пабудаваных арх. А.Грыгор’евым у Маскве.
У бел. дойлідстве стыль ампір развіваўся пад моцным уплывам рус. архітэктуры. Для будынкаў характэрныя масіўныя кубападобныя аб’ёмы з вял. гладкімі плоскасцямі, з якімі кантрастуюць дэкар. элементы ў выглядзе арнаментаваных панэляў, фрызаў, медальёнаў, разетак, выяў людзей і г.д. Аб’ёмна-прасторавая кампазіцыя вылучаецца строгай прасторай формаў, статычнасцю і манументальнасцю, геам. выразнасцю чляненняў. Нярэдка класічныя ордэрныя элементы перапрацоўваліся ў адпаведнасці з новымі маст. поглядамі, напр., у завяршэнні порцікаў выкарыстоўвалі прамавугольныя або ступеньчатыя атыкі, калоны пераважна дарычнага або тасканскага ордэраў пазбаўлялі энтазіса (патаўшчэння ствала калоны), базы, парушалі іх класічныя прапорцыі (Сноўскі палацава-паркавы ансамбль, Гомельскі Петрапаўлаўскі сабор, «Дом паляўнічага» ў Гомелі, 1809—19, арх. Дж.Кларк; асабняк у Слоніме, капліца каля в. Мілавіды Баранавіцкага р-на). У кампазіцыі дамінуе порцік або франтон на гал. фасадзе (жылы дом у Гродне на вул. Замкавай, 16), бельведэр (палац Жамыслаўскай сядзібы). Важнае маст. значэнне набыло афармленне ўваходных дзвярэй глухой разьбой. Фасады будынкаў афармляліся барэльефнымі выявамі вайсковых атрыбутаў (палац у Нясвіжскім замку). У інтэр’еры палацаў выкарыстоўваліся буйныя фрызы і панэлі з барэльефнымі кампазіцыямі (Жыліцкі палацава-паркавы ансамбль), каларыстычнае вырашэнне інтэр’ера грунтавалася на кантрасце інтэнсіўнага па колеры фону сцен і светлай столі, мармуровых дэталяў аддзелкі камінаў, ліштваў. Важную ролю ў маст. вырашэнні інтэр’ера адыгрывалі творы дэкар.-прыкладнога мастацтва (мэбля, гадзіннікі, падсвечнікі і інш.). Прадстаўнікі ампіру надавалі вял. значэнне малым арх. формам (фантан сядзібы ў г.п. Нароўля, брамы сядзібы ў в. Барбароў Мазырскага і г. Давыд-Гарадок Столінскага, надмагілле А.Снядэцкага ў в. Гароднікі Ашмянскага р-наў, лаўка на Трышынскіх могілках у Брэсце і інш.). Для твораў дэкар.-прыкладнога мастацтва ампіру характэрна статычная маналітная форма, з якой кантрастуе пластыка-дэкар. аддзелка ў выглядзе арнаментальных уставак. У мэблі апорам канап, крэслаў, сталоў надаваліся формы калон, канеліраваных слупоў, яны дэкарыраваліся выявамі грыфонаў, лебедзяў, ільвоў і інш. Цікавы ўзор дэкар. мастацтва стылю ампір — камін з выявамі карыятыдаў (пач. 20 ст.) у жылым доме ў Бабруйску на вул. Пушкіна, 211. У сярэдзіне 19 ст. ампір пачаў змяняцца рознымі эклектычнымі плынямі.
Літ.:
Некрасов А.Н. Русский ампир. М., 1935;
Isermeyer Ch.-A. Empire. München, 1977.
А.М.Кулагін.
Да арт.Ампір. Гадзіннік. 19 ст. Гомельскі абласны краязнаўчы музей.Да арт.Ампір. Трыумфальная арка на плошчы дэ Голя ў Парыжы. Арх. Ж.Ф.Шальгрэн. 1806—37.Да арт.Ампір. Надмагілле А.Снядэцкага ў вёсцы Гароднікі Ашмянскага раёна Гродзенскай вобласці. 19 ст.Да арт.Ампір. Салон пораў года атэля Багарнэ ў Парыжы. 1804—06.
горад у Ізраілі, на паўпустынным пласкагор’і на З ад Мёртвага м.Зах.ч. — Новы горад (адм. ц. акругі Іерусалім), належыць Ізраілю, усх.ч. — Стары горад, з 1967 акупіраваны Ізраілем; паводле пастановы (1950) урада Ізраіля сталіца дзяржавы, месца знаходжання ўрада і парламента. 602 тыс.ж. (разам з Усх. Іерусалімам, 1996). Рэлігійны («свяшчэнны») цэнтр іудзеяў, хрысціян і мусульман. Вузел чыгунак і аўтадарог. Аэрапорт. Прамысл., гандл., фін., навук. і культ. цэнтр краіны. Вядучыя галіны прам-сці: паліграф., лёгкая, харчовая. Развіты гарбарна-абутковая, металаапр., фармацэўтычная, шкляная, радыётэхн. прам-сці, апрацоўка алмазаў. Розныя рамёствы. Ун-т. 2 Акадэміі. Цэнтр міжнар. турызму.
Адзін з самых стараж. ханаанскіх гарадоў (3-е тыс. да н.э.). У пач. 10 ст. заваяваны Давідам, які зрабіў яго рэліг. і паліт. цэнтрам сваёй дзяржавы (адсюль вызначэнне І. як горада Давідава). Росквіт І. адбыўся пры цару Саламоне (пабудаваны храм). Пасля падзелу дзяржавы І. — сталіца Іудзейскага царства. У 586 (587?) зруйнаваны Навухаданосарам II. Адбудаваны яўрэямі пасля вяртання з Вавілонскага палону. З 538 да н.э. сталіца перс. правінцыі. Пасля заваявання Персіі Аляксандрам Македонскім і распаду яго дзяржавы пад уладай Пталамеяў, з 198 да н.э. — Селеўкідаў. З 141 да н.э. сталіца дзяржавы Макавеяў. У 70 н.э. зруйнаваны рым імператарам Цітам. У 4 ст. пры імператару Канстанціне свяшчэнны цэнтр хрысціян. З 395 пад уладай Візантыі. Пасля араб. заваявання (638) — свяшчэнны цэнтр мусульман. У 1099 захоплены крыжаносцамі, стаў месцам паломніцтва хрысціян. У 1173 І. наведала Ефрасіння Полацкая. У 1187 горад заваяваны егіп. султанам Салах-ад-дзінам. З 1517 у складзе Асманскай імперыі. У 1917 захоплены брыт. войскамі. У 1920—48 адм. ц.брыт. падмандатнай тэр. Палесціны. Паводле рашэння Ген. Асамблеі ААН ад 29.11.1947 І. павінен быў стаць самаст.адм. адзінкай пад кіраваннем ААН. Пасля араба-ізраільскай вайны 1948—49 быў падзелены на 2 часткі: усх. адышла Іарданіі, зах. — да Ізраіля. У 1950 урад Ізраіля насуперак рашэнню ААН аб вылучэнні І. ў самаст.адм. адзінку аб’явіў яго сталіцай Ізраіля. У выніку ізраільска-арабскай вайны 1967 Ізраіль захапіў увесь І. і ў ліп. 1980 абвясціў яго «вечнай і непадзельнай сталіцай» Ізраіля.
У 960—62 да н.э. на ўзгорку Марыя, дзе, як сведчыць легенда, адбылося ахвярапрынашэнне Аўраама, паводле загаду Саламона фінікійскія майстры з Тыра пабудавалі храм, у якім захоўвалася Арка Прымірэння, асн. сімвал монатэізму і богаабранніцтва ізраільцян (зруйнаваны вавіланянамі ў 586 да н.э., адноўлены ў 520—515 да н.э., канчаткова знішчаны ў 70 н.э. рымлянамі). У канцы 1 ст. да н.э. былі ўзведзены гар. ўмацаванні. У 130 на месцы Старога горада пабудаваны г. Алія Капіталіна. Ад комплексу абарончых збудаванняў захаваўся фрагмент зах. муру (Сцяна Плачу). У 335 паводле загаду Канстанціна I Вялікага на месцы Галгофы ўзведзены храм-ратонда Труны Гасподняй (неаднаразова перабудоўваўся). У 5 ст. збудаваны некалькі крыптаў, базілікі на Маслічнай гары. Пасля далучэння І. да ўладанняў Амеядаў на месцы разбуранага храма Саламона пабудавана антаганальная мячэць Кубат ас-Сахра («Купал скалы», другая назва — мячэць Амара), побач — мячэць аль-Акса (перабудавана ў пач. 8 ст. з хрысц. базілікі; перабудоўвалася ў 780, 1035). У час валодання І. крыжаносцамі ўзводзіліся новыя храмы і манастыры, Айюбідамі і мамлюкамі — мячэці і медрэсэ. Да 14 ст. адносіцца цытадэль — Вежа Давіда (з перабудовамі 16 ст.). У 16 ст. І. умацаваны, паводле загаду султана Сулеймана Велічнага адноўлены муры рым. часу (з 34 вежамі і 8 брамамі), якія ўключалі з усх. боку крэпасць Ірада (1536—41). У 1892 пачалася мадэрнізацыя І. У 20 ст. пашырылася забудова зах.ч. Новага горада. Арх. акцэнты І. — Яўрэйскі універсітэт (1925, арх. Д.Рэзнік, Э.Рау), сінагога мед. цэнтра «Эйн-Керэм» (1952—61, арх. І.Нейфельд, 12 вітражоў М.Шагала), Кнесет (арх. Д.Кармі, І.Кларвайн, інтэр’еры аздоблены габеленамі Шагала), мемарыял Дж.Кенэдзі (абодва 1966) і інш.Нац. музей Ізраіля (1965), Нац. музей «Бецалель» (Стары музей, 1906), музей Рокфелера (1927).
Да арт.Іерусалім. М.Шагал. Вітраж у сінагозе іерусалімскага медыцынскага цэнтра «Эйн-Керэм».Мячэць Амара ў Іерусаліме. 687—691.Цытадэль — Вежа Давіда ў Іерусаліме.Мемарыял Дж.Кенэдзі ў Іерусаліме. 1966.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЗАКІ́ (цюрк., удалец, вольны чалавек),
казацтва, 1) вольныя людзі — жыхары паўд. ускраін Усх. Еўропы ў канцы 15 — пач. 18 ст., потым асобае ваен. саслоўе ў Расійскай імперыі ў 18 — пач. 20 ст., якое валодала зямлёй пры ўмове абавязковай воінскай павіннасці. Утвараліся ў часы ВКЛ і Рэчы Паспалітай са збеглых сялян, у т. л. з Беларусі, і пасадскіх людзей, што сяліліся ў нізоўях Дняпра, у т.зв.Дзікім полі. У сярэдзіне 16 ст. князь Дз.І.Вішнявецкі заснаваў Запарожскую Сеч. У сярэдзіне 17 ст. вярхі К. мелі намер ажыццявіць ідэю стварэння ўкр. дзяржавы з уключэннем у яе склад паўд.-ўсх. зямель Беларусі. Спробы рэалізацыі ідэі мелі месца ў час вызваленчай вайны ўкраінскага і беларускага народаў 1648—54 і вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. З канца 15—16 ст. уздоўж Дона, Церака, Волгі і Урала ствараліся самакіравальныя абшчыны К. (як і ўкр., мелі выбарных атаманаў і кіруючы орган — старшыну). У канцы 17 — пач. 18 ст. яны падпарадкаваны рас. ўладамі; узнікла саслоўе К. (уключала К.-воінаў і іх сем’і). Найбольшай ваен.-адм. адзінкай К. было войска (стваралася і з рус. перасяленцаў для аховы межаў дзяржавы ў Сярэдняй Азіі, Сібіры і на Д. Усходзе). У пач. 20 ст. было 11 войскаў (Данское, Кубанскае, Арэнбургскае, Забайкальскае, Сямірэчанскае, Церскае, Сібірскае, Астраханскае, Усурыйскае, Уральскае, Амурскае), больш за 4,4 млн. К., у т. л. 474 тыс. на службе (1916). З 1874 К. адбывалі воінскую павіннасць ва ўзросце 18—38 гадоў і падзяляліся на падрыхтоўчы, страявы і запасны разрады, у 1909 тэрмін іх службы скарочаны на 2 гады; зброю, коней і амуніцыю К. набывалі за свой кошт. У грамадз. вайну К. падтрымлівалі пераважна «белы» рух. У 1920 казацтва ліквідавана як саслоўе, да 1936 служба К. у Чырв. Арміі абмежавана. З пач. 1990-х г. урад Рас. Федэрацыі робіць захады па аднаўленні самакіравання і культ. традыцый К.
2) Тып войска (пераважна лёгкая нерэгулярная конніца) у ВКЛ, Рэчы Паспалітай, Расіі і СССР. У войску ВКЛ і Рэчы Паспалітай К. — атрады ўкр. К., нанятыя на службу каралём і вял. князем, або наёмная конніца, узброеная «па-казацку» (шабля, піка, стрэльба, панцыр). Апошніх, у адрозненне ад запарожцаў, называлі «панцырнымі» К. (у 17 ст. складалі больш за палавіну конніцы Рэчы Паспалітай). У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 дзейнічаў (1654—55) Бел. казацкі полк, сфарміраваны магілёўскім шляхціцам К.Паклонскім. У Расіі ў 14 — пач. 18 ст. былі і служылыя К. — вольныя людзі, якія за грошы або за права карыстання зямлёй неслі ваен. службу ў аддаленых раёнах краіны (гарадавыя К., вартавыя К.), як і стральцы, але мелі падначаленых ваяводам выбарных атаманаў. У той жа час падобныя служылыя К. былі і ў ВКЛ. У 16—17 ст. у баявых дзеяннях рас. войск удзельнічалі атрады вольных К. Пазней казацкія войскі выстаўлялі пэўную колькасць конных, пешых і артыл. часцей, каманды для паліцэйскай службы. Конны казацкі полк складаўся з 4—6 соцень, брыгада — з 2—3 палкоў. Пешыя (з 1842 пластунскія) падраздзяленні зводзіліся ў батальёны. У 1-ю сусв. вайну (да 1917) К. выставілі 164 конныя палкі, 54 артыл. батарэі, 30 пластунскіх батальёнаў, 179 асобных соцень і інш. (усяго 200 тыс.чал.). У 1920 як саслоўе скасаваны, адначасова праводзілася палітыка «расказачвання», якая суправаджалася рэпрэсіямі. 20.10.1936 ЦВКСССР адмяніў абмежаванні для службы К. у Чырв. Арміі. Перад Вял.Айч. вайной сфарміраваны казацкія кав. дывізіі, а ў вайну (снеж. 1941) — і карпусы. Ням.-фаш. войскі мелі ў сваім складзе конныя і пешыя «казацкія» часці з ваеннапалонных і добраахвотнікаў — ураджэнцаў казацкіх абласцей пераважна для барацьбы з партызанамі, у т. л. і на Беларусі. З пач. 1990-х г. урад Рас. Федэрацыі робіць захады па фарміраванні новых казацкіх часцей. Асобныя казацкія фарміраванні ўзнікалі стыхійна і ўдзельнічалі ва ўзбр. канфліктах на тэр.б.СССР (напр., у Прыднястроўі). Спробы стварэння невял. грамадскіх аб’яднанняў К. прадпрымаюцца ў 1990-я г. на Беларусі (напр., у Віцебску).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУ́ЛЬТАВЫЯ ЗБУДАВА́ННІ Прызначаны для адпраўлення абрадаў рэлігійных. Тыпалогія і гісторыя развіцця К.з. абумоўлена прыналежнасцю да пэўнага веравызнання
(канфесіі),
а таксама ходам развіцця архітэктуры і буд. тэхнікі. Асн. тыпы К.з.: царква, сабор (праваслаўе), касцёл, сабор (каталіцызм), мячэць (іслам), кірха, збор (пратэстантызм), сінагога (іудаізм), пагада, ступа, дацан (будызм), малельны дом у старавераў, а таксама капішчы, званіцы, капліцы, мінарэты, капэлы, кляштары, лаўры, медрэсэ, некат. мемар. збудаванні (піраміды, мастабы, грабніцы) і інш.
Найб. раннія К.з. — мегалітычныя збудаванні позняга неаліту і часоў бронзы. Менгіры, дальмены, кромлехі, катакомбы вядомы ў многіх частках свету (Англія, Скандынавія, Італія, Францыя, Індыя, Кітай, Каўказ). У рабаўладальніцкім грамадстве будавалі грабніцы з пірамідамі ў гонар фараонаў (піраміда Джасера ў Егіпце, 2800 да н.э.), храмы-зікураты (зікурат Этэменанкі ў Вавілоне, т.зв. Вавілонская вежа, сярэдзіна 7 ст. да н.э.). У часы Новага царства (16—11 ст. да н.э.) у Егіпце з’явіліся храмы, прысвечаныя багам (храм Гора ў Эдфу, 237—57 да н.э.). У Стараж. Грэцыі і Рыме са з’яўленнем сістэмы ордэраў К.з. становяцца самымі багатымі і манум. будынкамі гарадоў (храм Парфенон у Афінах, 447—438 да н.э.; Пантэон у Рыме, 118—128 н.э.). Найб. пашыраны тып К.з. у Рым.імперыі — базіліка. Разнастайнасцю тыпаў вызначаецца архітэктура К.з. Візантыі (найб. грандыёзнае збудаванне — Канстанцінопальскі Сафійскі сабор). У раманскі і гатычны перыяды колькасць тыпаў К.з. рэзка зменшылася. Культавая архітэктура Адраджэння вярнулася да ант. ордэра (сабор св. Пятра ў Рыме, 1506—1614, арх. Д.Брамантэ, Мікеланджэла, Дж. дэла Порта, Дж.Віньёла, К.Мадэрна і інш.). У перыяды барока (палац Сан-Сусі ў г. Патсдам, Германія, 1745—47, арх. Г. фон Кнобельсдорф) і класіцызму (Казанскі сабор у С.-Пецярбургу) ажыццяўляецца перапрацоўка ордэрнай сістэмы. К.з. 20 ст. адметныя выкарыстаннем новых канстр. і пластычных вырашэнняў, маст. выразнасцю (царква Нотр-Дам-дзю-О ў Раншане, Францыя, 1950—54, арх. Ш.Э. Ле Карбюзье).
На Беларусі найб. пашыраны правасл. і уніяцкія цэрквы, каталіцкія касцёлы і капліцы, кальвінскія зборы, кляштары, трапляюцца сінагогі, мячэці. Мураваныя цэрквы вядомы з 11 ст.Асн. іх тып — крыжова-купальны храм. У 13—16 ст. К.з. звычайна з’яўляліся храмамі-крэпасцямі, у іх архітэктуры былі элементы готыкі і рэнесансу. На мяжы 16—17 ст. яны мелі бязвежавыя або 1-, 2- і 3-вежавыя гал. фасады (Мірскі Мікалаеўскі касцёл, Камайскі касцёл). У 17—18 ст.асн.маст. кірункам у архітэктуры быў стыль барока (касцёл у в. Адэльск Гродзенскага р-на, сярэдзіна 18 ст.). У гэты час пашырыліся 1- і 3-нефавыя базілікі без трансепта, крыжовыя і крыжова-купальныя, спачатку з бязвежавым ці 1-вежавым, потым, як правіла, 2-вежавым фасадам (Навасвержанская Успенская царква з брамай-званіцай, Жыровіцкі Успенскі манастыр, Нясвіжскі касцёл езуітаў). Часта К.з. ставілі ў ансамблі з манастырамі і кляштарамі (Гродзенскі кляштар бернардзінцаў, манастыр базыльян у в. Жыровічы Слонімскага р-на Гродзенскай вобл.). У 1-й пал. 19 ст. архітэктура К.з. набыла рысы класіцызму (Гомельскі Петрапаўлаўскі сабор), з сярэдзіны 19 ст. — эклектычныя формы стыляў несапраўднай готыкі, псеўдарус. і псеўдавізант. (Мінская царква Аляксандра Неўскага), мадэрн. Са старажытнасці пашыраны таксама драўляныя К.з.: зрубныя (царква ў в. Здзітава Жабінкаўскага р-на Брэсцкай вобл., 1502) і пабудаваныя «ў стоўп» (Успенская царква Пінскага Лешчанскага манастыра). У перыяд барока пераважалі збудаванні 2-зрубнай базілікальнай структуры з бязвежавым, пазней 2-вежавым гал. фасадам (царква ў в. Вавулічы Драгічынскага р-на Брэсцкай вобл., 1737), 3-зрубныя з рытмічным спалучэннем аб’ёмаў і самаст. крыццём кожнага зруба (Давыд-Гарадоцкая Георгіеўская царква). У 17—1-й пал. 19 ст. пашыраны манум. 4- і 5-зрубныя крыжова-купальныя К.з. з планам у выглядзе грэч. або лац. крыжа (Ільінская царква ў Віцебску). Драўляныя К.з. канца 19 — пач. 20 ст., як і мураваныя, маюць эклектычныя формы (касцёл у в. Паланэчка Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл., 1899).
С.А.Сергачоў, Т.В.Габрусь.
Да арт.Культавыя збудаванні. Касцёл у вёсцы Адэльск Гродзенскага раёна. Сярэдзіна 18 ст.Да арт.Культавыя збудаванні. Навасвержанская Успенская царква з брамай-званіцай. Пач. 17 ст.Да арт.Культавыя збудаванні. Саборная мячэць у г. Керман (Іран).Да арт.Культавыя збудаванні. Ступа Бадхнатх у Катманду (Непал). 1 ст. да н.э.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУРЫ́ЛЬСКІЯ АСТРАВЫ́,
архіпелаг вулканічных астравоў паміж Ахоцкім м. і Ціхім ак., ад п-ва Камчатка (Расія) на Пн да в-ва Хакайда (Японія) на Пд. Уваходзяць у склад Сахалінскай вобл.Рас. Федэрацыі. Уключаюць больш за 30 значных і шмат дробных астраўкоў і скал. Пл. каля 15,6 тыс.км². Складаюцца з Вялікай (даўж. 1200 км) і Малой (даўж. 120 км) Курыльскіх град. К.а. падзелены Курыльскімі пралівамі. Глыбокія пралівы Крузенштэрна і Бусоль падзяляюць Вял. граду на 3 групы а-воў: паўн. (Шумшу, Парамушыр, Анекатан, Шыяшкатан і інш.), сярэднюю (Сімушыр, Кетой, Расшуа, Райкоке і інш.), паўд. (Кунашыр, Ітуруп, Уруп і інш.). На У ад в-ва Кунашыр за Паўд.-Курыльскім пралівам Малая Курыльская града (в-аў Шыкатан і інш.). Кожны востраў — вулкан, частка вулкана або ланцуг вулканаў (больш за 160 вулканаў, з іх каля 40 дзеючых), якія зліліся падножжамі або злучаны нізіннымі перашыйкамі. Астравы складзены пераважна з вулканагенных і вулканагенна-асадкавых парод. З карысных выкапняў ёсць сера і тэрмальныя воды. Бываюць землетрасенні і цунамі. Рэльеф гарысты, пераважаюць выш. 500—1000 м, макс.выш. 2339 м (г. Алаід на аднайменным в-ве). Клімат умерана халодны, мусонны. Сярэдняя т-ралют. каля -7 °C, жн. ад 10 °C на Пн да 17 °C на Пд. Ападкаў за год да 1000 мм на Пд, каля 600 мм на Пн. Халоднае Курыльскае цячэнне ахалоджвае ціхаакіянскія берагі астравоў. Зах. схілы паўд. астравоў абагрэты цёплым цячэннем Соя. Зімовы мусон і цыклоны палярнага фронту прыносяць частыя мяцеліцы і штормы. На значных астравах густая сетка рэк і ручаёў. Шмат азёр, у т. л. кратэрных. Глебы пераважна дзярновыя, лугавыя і алювіяльныя, пад лесам — слабападзолістыя са значнымі дамешкамі вулканічнага матэрыялу. На паўн. астравах альхова-рабінавае крывалессе, кедравы сланік, нізкія кусцікі шыкшы (варанікі). На Пд трапляецца крывалессе з каменнай бярозы, курыльскі бамбук, ялова-піхтавыя і шыракалістыя лясы з ліянамі і бамбукам, месцамі рэдкалессе з курыльскай лістоўніцы. Для наземнай фауны характэрны мядзведзь, гарнастай, чорна-буры і чырвоны лісы, бурундук. Шмат птушак, асабліва марскіх, на скалах птушыныя базары. Мора багатае рыбай, асабліва ласасёвымі, крабамі, марскім зверам (нерпа, сівуч, марскі коцік, калан). Рыбалоўства, на Пд лясная гаспадарка. Развіта рыбаперапрацоўчая і кансервавая прам-сць. Гарады Курыльск (на в-ве Ітуруп), Севера-Курыльск (на в-ве Парамушыр). Пра гаспадарку К.а. гл. ў арт.Сахалінская вобласць.
Гісторыя. Да пач. 20 ст. К.а. насялялі айны. Першым з еўрапейцаў астравы наведаў нідэрл. мараплавец М.Г. дэ Фрыз у 1644. У Расіі першыя звесткі пра К.а. атрыманы ад землепраходца У.В.Атласава ў 1697. У 1711 астравы даследаваў, падрабязна апісаў і склаў іх чарцёж рас. служылы бел. паходжання І.П.Казырэўскі. У 1721 І.М.Яўрэінаў (таксама паходзіў з Беларусі) разам з Ф.Ф.Лужыным па заданні Пятра I правёў геад. вывучэнне К.а. і ўпершыню пазначыў іх на карце Расіі. У 1745 б.ч. астравоў нанесена на «Генеральную карту Расійскай імперыі» ў Акад. атласе. З канца 18 ст. пачалася рас.-яп. каланізацыя К.а. Паводле рас.-яп. дагавора 1855 в-аў Ітуруп і інш. астравы на Пд ад яго адыходзілі да Японіі, астатнія К.а. прызнаваліся ўладаннем Расіі. У 1875 у абмен на прызнанне Японіяй рас. суверэнітэту над в-вам Сахалін Расія перадала ёй сваю частку К.а., якія да 1945 знаходзіліся пад яп. кіраваннем. У час 2-й сусв. вайны ў адпаведнасці з рашэннем Крымскай канферэнцыі 1945 (апубл. ў лют. 1946) К.а. перададзены СССР і заняты сав. войскамі ў час Курыльскай дэсантнай аперацыі 1945; яп. насельніцтва з іх было эвакуіравана і заменена рас. перасяленцамі. З 1947 астравы ў складзе Сахалінскай вобл. Расіі. Японія не пагадзілася з перадачай Сав. Саюзу паўд. К.а. (Ітуруп, Кунашыр, Шыкатан, града Хабамаі) і да гэтага часу выказвае свае правы на іх, што стала прычынай нязгоды Японіі падпісаць Дагавор аб міры з СССР, а з 1991 з Расіяй як яго правапераемніцай.
Літ.:
Бондаренко О.Я. Неизвестные Курилы: Серьезные размышления о статусе Курильских островов. М., 1992;
Высоков М.С. История Сахалина и Курил в самом кратком изложении. Южно-Сахалинск, 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЛА́Н (Milano),
горад на Пн Італіі, у цэнтр.ч. Паданскай раўніны. Адм. ц. вобласці Ламбардыя і прав. Мілан. 1,5 млн.ж., з прыгарадамі каля 4,5 млн.ж. (1998); другі па колькасці насельніцтва (пасля Рыма) горад краіны. Важны вузел чыгунак і аўтадарог, злучаны суднаходнымі каналамі з р. По. 2 аэрапорты, у т. л.міжнар.Гал.прамысл., важны навук. і культ. цэнтр краіны. Больш за 50% эканамічна актыўнага насельніцтва занята ў прам-сці (каля 10 % занятых ва ўсёй прам-сці краіны), якая мае шматгаліновы характар. Вядучая галіна — машынабудаванне: вытв-сць абсталявання для металургіі і інш. галін прам-сці, аўтамаб., авіяц., трактарная прам-сць, вытв-сць матацыклаў, веласіпедаў, с.-г. машын, чыг. рухомага саставу і абсталявання, матора-, прылада- і станкабудаванне, электратэхн., радыёэлектронная, ваенная прам-сць. Развіты нафтаперапр., хім., гумавая прам-сць, металургія (асабліва вытв-сць якасных сталей). Прадпрыемствы тэкст., харч., швейнай, гарбарна-абутковай і інш. галін. Найбуйнейшы цэнтр выдавецкай справы ў Італіі. Метрапалітэн. У М. знаходзяцца праўленні вядучых канцэрнаў краіны, банкі, гандл. і фондавая біржы. У М. — шэраг ВНУ, у т. л. 3 ун-ты, кансерваторыя, акадэмія выяўл. мастацтваў, і навук. устаноў, у т. л. Акадэмія л-ры. Нац.б-ка, б-ка Амбразіяна і інш. Міланская прамысл. выстаўка.
Засн. ў 4 ст. да н.э. інсубрамі (адно з кельцкіх плямён). З 196 пад уладай Рыма, буйны эканам. цэнтр Рым.імперыі. У 313 выдадзены Міланскі эдыкт. У 539 разбураны остготамі, у 569 заваяваны лангабардамі. З 774 пад уладай Каралінгаў. З канца 10 ст. ўладанне архіепіскапа, буйны гандл. і рамесніцкі цэнтр (выраб зброі, шоўку, сукна). Вайна (патарыя) гараджан супраць архіепіскапа прывяла да ўтварэння ў М. камуны (1147). Горад падтрымаў вайну папства супраць ням. імператара Фрыдрыха I Барбаросы, у 1162 разбураны яго войскамі. Адбудаваны на сродкі Ламбардскай лігі. У 1176 гараджане ўдзельнічалі ў разгроме імперскіх войск пад Леньяна. Паводле Канстанцкага міру 1183 за М. замацаваны правы камуны. З 1277 пад уладай тыраніі Вісконці, з 1395 сталіца Міланскага герцагства. У 14 ст. адзін з гал. цэнтраў гандлю і вытв-сці ў Еўропе (вырабы з жалеза, тэкстыль), горад чаканіў сваю манету. З 1450 уладанне роду Сфорца, пры двары якіх працавалі Д.Брамантэ і Леанарда да Вінчы. Пасля смерці апошняга Сфорца (1535) М. захапіў імператар Карл V і аддаў горад свайму сыну Філіпу II (каралю Іспаніі). У 1706 заваяваны Аўстрыяй. У 1796 акупіраваны Напалеонам, з 1797 сталіца Цызальпінскай рэспублікі, з 1802 — Італьян. рэспублікі, з 1805 — Італьян. каралеўства. У (815—59 у складзе Аўстрыі, цэнтр Ламбарда-Венецыянскага каралеўства. У 1859 вызвалены, разам з Ламбардыяй у складзе Сардзінскага каралеўства, з 1861 — адзінага Італьян. каралеўства. У 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. М. ператварыўся ў буйны гандл.-прамысл. і фінансавы цэнтр з моцным рабочым рухам. У 2-ю сусв. вайну значна разбураны.
Аблічча сярэдневяковага М. вызначалася авальным планам з радыяльнай сеткай вуліц і цэнтрам на пл. П’яцца даль Дуома. Захаваліся фрагменты стараж.-рым. пабудоў, помнікі раннехрысц. і раманскага дойлідства: касцёлы Сан-Ларэнца Маджорэ (пачаты ў 4 ст., перабудаваны ў 11 і 16 ст., мазаікі 4—5 ст.), Сант-Амброджа (9—12 ст.; клуатры — з 1492, арх. Брамантэ), Сант-Эўсторджа (12—13 ст.; капэла Партынары, 1462—68, арх. Мікелоца, фрэскі В.Фопы). У М. — гатычны сабор (1386—1856, арх. А. і Ф. дэльі Аргані, С.Арсеніга, М.Фрызоне, К.Салары, П.Тыбальдзі і інш.), замак Кастэла Сфарцэска (пачаты ў 1450, арх. Дж. да Мілана, А.Філарэтэ, Брамантэ, фрэскі паводле эскізаў Леанарда да Вінчы; у 1952—56 рэканструяваны пад музей), рэнесансавыя касцёлы Санта-Марыя дэле Грацые (1466—97, арх. Г.Салары, Брамантэ; у трапезнай размалёўка «Тайная вячэра» Леапарда да Вінчы), Санта-Марыя прэса Сан-Сатыра (1479—83, арх. Брамантэ, фасад 19 ст.); шэраг збудаванняў у стылях барока і класіцызму, у т. л.т-р«Ла Скала» (1778, арх. Дж. П’ермарыні). Сярод пабудоў у сучасных стылях: вышынныя будынкі Пірэлі (1956—60, арх. Дж.Понці, А.Раселі; выш. 130 м), Торэ Веласка (1956—58) і інш. Музеі: Нац. навукі і тэхнікі Леанарда да Вінчы, марскі, карцінныя галерэі Брэра, Амбразіяна. Тэатры «Ла Скала», «Пікала-тэатр» і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІЛСУ́ДСКІ ((Piłsudski) Юзаф Клемент) (5.12.1867, маёнтак Зулова Свянцянскага пав. Віленскай губ., цяпер Залавас, Літва — 12.5.1935),
польскі паліт., дзярж. і ваен. дзеяч; лідэр руху за аднаўленне польскай дзяржаўнасці ў пач. 20 ст. Маршал Польшчы (1920). Скончыў Віленскую гімназію (1885), вучыўся ў Харкаўскім ун-це. Зблізіўся з народнікамі, у 1887 арыштаваны ў Вільні і сасланы на 5 гадоў ва Усх. Сібір. У 1893 вярнуўся ў Вільню і далучыўся да Польскай сацыялістычнай партыі (ППС). Сродкамі барацьбы за вызваленне Польшчы лічыў масавы рабочы і нац. рух прыгнечаных народаў Рас.імперыі. Свае погляды прапагандаваў праз газ. «Robotnik» («Рабочы»), якую рэдагаваў да другога арышту (1900). Адзін з заснавальнікаў баявой арг-цыі ППС (1905). Пасля расколу партыі (1906) засяродзіўся на падрыхтоўцы кадраў будучай польск. арміі, наладзіў супрацоўніцтва з аўстр. генштабам (1909). Адыгрываў вядучую ролю ў стварэнні паўваен. польскіх арг-цый у Галіцыі. У пач. 1-й сусв. вайны па яго загадзе польскія стралкі спрабавалі ўзняць антырас. паўстанне ў Каралеўстве Польскім (жн. 1914). Камандаваў 1-й брыгадай легіёнаў польскіх (да ліп. 1916). Стварыў сакрэтную Польскую арганізацыю вайсковую. Уваходзіў у Часовую дзярж. раду ў Варшаве (са студз. 1917), кіраваў яе вайск. камісіяй. Зразумеўшы бесперспектыўнасць арыентацыі на Аўстра-Венгрыю і Германію, летам 1917 заклікаў сваіх прыхільнікаў у «Польскіх узбр. сілах» адмовіцца ад прысягі гэтым дзяржавам, за што 22.7.1917 зняволены ў Магдэбургскай крэпасці. У ліст. 1918 вызвалены і вярнуўся ў Варшаву. 11.11.1918 атрымаў ад рады вайск. ўладу, 14.11.1918 рада перадала яму поўную ўладу і самараспусцілася; П. стаў «начальнікам» (кіраўніком) дзяржавы (зацверджаны Устаноўчым сеймам 20.2.1919). Сваёй гал. мэтай лічыў усталяванне бяспечнага месца Польшчы ў Еўропе пасля 1-й сусв. вайны. Карыстаючыся аслабленнем Расіі, імкнуўся адцясніць яе на У. Дзеля гэтага прапагандаваў ідэю федэратыўнага саюза з Польшчай дзяржаў, што ўтвараліся на тэр. былой Рэчы Паспалітай. 22.4.1919 у Вільні ў звароце «Да жыхароў былога Вялікага княства Літоўскага» заявіў аб супольнай працы з насельніцтвам краю. 18—19.9.1919 быў у Мінску. У 1920 кіраваў польскімі войскамі пры абароне Варшавы (гл.Варшаўская аперацыя 1920). Знясіленне Польшчы прымусіла П. адмовіцца ад федэратыўных планаў, але дамогся ўключэння ч.тэр. Беларусі і Украіны ў склад Польшчы ў выніку Рыжскага мірнага дагавора 1921 (гл.Заходняя Беларусь). У кастр. 1920 ініцыіраваў «бунт» Літ.-бел. дывізіі на чале з ген. Л.Жалігоўскім, у выніку якога захоплена Віленшчына. Створаная тут Сярэдняя Літва ў 1922 далучана да Польшчы. Падтрымліваў антысав. выступленне ген. С.Булак-Балаховіча на Палессі (ліст. 1920). П. не ўдзельнічаў у прэзідэнцкіх выбарах 1922 і саступіў пасаду кіраўніка дзяржавы абранаму прэзідэнту Г.Нарутовічу, у 1923 адмовіўся ад інш.дзярж. пасад. 12.5.1926 здзейсніў дзярж. пераварот пад заклікам «санацыі» («аздараўлення») дзяржавы. У выніку ім устаноўлены аўтарытарны «санацыйны рэжым» з фіктыўнай уладай прэзідэнта, з абмежаванымі паўнамоцтвамі сейма і фактычна неабмежаванай уладай самога П. Ен займаў пасады ген. інспектара арміі і ваен. міністра, а ў кастр. 1927 — чэрв. 1928 і ў жн.—снеж. 1930 — і кіраўніка ўрада. Жорстка душыў камуніст. рух, бел. і ўкр.нац. рух. Пад яго кіраўніцтвам закладвалася палітыка «раўнавагі» Польшчы паміж двума яе вял. суседзямі: 25.7.1932 заключаны дагавор аб ненападзе з СССР, 26.1.1934 — Дэкларацыя аб непрымяненні сілы з Германіяй (гл.Германа-польскі пакт 1934 аб ненападзе). У Польшчы фарміраваўся культ П. як стваральніка і абаронцы польскай дзяржавы. У канцы 1980 — пач. 1990-х г. у Польшчы адбыўся рэнесанс культу П. У яго гонар названы вуліцы, плошчы, устаноўлены помнікі ў многіх гарадах краіны.
Тв.:
Pisma zbiorowe. T. 1—11. Warszawa, 1989—91;
Myśli, mowy i rozkazy. Warszawa, 1989;
Рус.пер. — Война 1920 г. // Тухачевский М. Поход за Вислу;
Пилсудский Ю. Война 1920 г.М., 1992.
Літ.:
Михутина И.В. Майский переворот 1926 г. в Польше // Сов. славяноведение. 1989. № 6;
Наленч Д., Наленч Т. Юзеф Пилсудский: Легенды и факты: Пер. с пол. М., 1990;
Коўкель І.І. «Беларускае пытанне» ў палітыцы Польшчы (1918—1920) // Гістарычная навука і гістарычная адукацыя ў Рэспубліцы Беларусь: Новыя канцэпцыі і падыходы. Мн., 1994. Ч. 1;
Астрога В., Скалабан В. Пілсудскі ў Менску: Хроніка аднаго візіту // Спадчына. 1998. № 4;
Garlicki A. Józef Piłsudski, 1867—1935. 2 wyd. Warszawa, 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РА́БСТВА,
найбольш жорсткая форма эксплуатацыі, пры якой эксплуатуемы (раб) з’яўляецца маёмасцю свайго гаспадара-рабаўладальніка. Узнікла пераважна пасля пераходу чалавека да земляробства і жывёлагадоўлі; але існавала і ў некат. паўн.-амер. паляўнічых плямёнах. Верагодна, першыя рабы былі з ваеннапалонных. Найб. прымітыўнай формай Р. было паўсюдна пашыранае патрыярхальнае Р., калі рабы лічыліся бяспраўнымі членамі сям’і. У большасці выпадкаў патрыярхальнае Р. вызначалася адносна лёгкім становішчам раба. У першых дзяржавах Стараж. Усходу 3—2-га тыс. да н.э. [Егіпет часу Стараж. царства, Шумер, Стараж. Індыя і Кітай часу Шан (Інь)] найб. пашырэнне атрымала дзярж. Р., калі рабы выкарыстоўваліся на грамадскіх працах, у палацавай і храмавай гаспадарках; прыватнае Р. было нязначным. У больш позні час пашырылася прыватнае Р., у т. л. продаж у Р. за пазыкі. Законы Хамурапі (18 ст. да н.э.) рэгулявалі Р., гарантавалі рабам некат. вызначаныя правы (шлюбу, уладання пэўнай маёмасцю і інш.). Рабы выкарыстоўваліся пераважна ў хатняй гаспадарцы рабаўладальніка і не адыгрывалі вял. ролі ў эканоміцы ўсх. грамадстваў. У Стараж. Грэцыі і Рыме склалася класічнае ант. Р., цесна звязанае з таварнай вытворчасцю. З 5 ст. да н.э. Р. набывала ўсё большае значэнне ў гаспадарцы Грэцыі, пераважна ў рамястве, горнай справе і інш.Найб. росквіту інстытут Р. дасягнуў у Рым. дзяржаве. З часу позняй рэспублікі (2—1 ст. да н.э.) праца рабоў выкарыстоўвалася ва ўсіх галінах эканомікі. Буйныя рабаўладальнікі мелі тысячы рабоў. Іх становішча было вельмі цяжкае, яны не мелі ніякіх правоў, а рабаўладальнік меў права нават забіць свайго раба. Памяншэнне прытоку рабоў у перыяд імперыі прывяло да пэўнага паляпшэння іх становішча ў 2—4 ст.н.э. Неэфектыўнасць рабскай працы вяла да паступовай замены яе ў сельскай гаспадарцы працай залежных сялян-арандатараў. У час ранняга Сярэднявечча Р. ў краінах Еўропы адыгрывала важную, але не вядучую ролю ў гаспадарцы. У Візантыі Р. мела большае значэнне, чым на Захадзе. У Кіеўскай Русі Р. існавала ў патрыярхальнай форме ў перыяд станаўлення феад. ладу ў 9—11 ст. (гл.Халопы, Чэлядзь). Да 13 ст. Р. практычна знікла ў большасці краін Еўропы, хоць некат. італьян. гарады (Генуя, Венецыя і інш.) працягвалі гандаль рабамі і пазней. У краінах Паўд. і Усх. Азіі патрыярхальнае Р. існавала да ўзнікнення капіталізму. Шырокія памеры Р. набыло ў мусульм. краінах. У 16—18 ст. продаж у Р. людзей, захопленых у выніку набегаў на ўкр., бел. і рус. землі, быў найважн. крыніцай прыбыткаў Крымскага ханства; найб. яскравы нарыс пра гандаль рабамі ў Крыме змешчаны ў творы бел. аўтара 16 ст. М.Літвіна. З 16 ст., са стварэннем буйных плантацыйных гаспадарак у еўрап. калоніях Амерыкі, пачаўся ўвоз туды рабоў з Афрыкі, што набыло асабліва вял. маштабы ў 18 — пач. 19 ст. Да канца 18 ст. негры-рабы складалі б.ч. насельніцтва а-воў Вест-Індыі, Бразіліі і некат. рэгіёнаў ЗША. У 1807 Вялікабрытанія, пазней інш.еўрап. дзяржавы і ЗША прынялі законы, якія забаранялі гандаль рабамі, хоць нелегальны ўвоз рабоў працягваўся. У 1833—38 Р. скасавана ў брыт., пасля 1848 — у франц. калоніях. У Паўн. Амерыцы Р. скасавана ў выніку грамадзянскай вайны ў ЗША 1861—65. У 1888 апошняй з амер. краін Р. скасавала Бразілія. Брусельскі акт 1890 афіцыйна забараніў любы гандаль рабамі. Аднак Р. працягвала існаваць у некат. краінах Азіі і Афрыкі да сярэдзіны 20 ст. (напр., Эфіопія скасавала Р. ў 1942, Саудаўская Аравія — у 1962). У 1926 Ліга Нацый прыняла канвенцыю аб Р. з патрабаваннем поўнага яго скасавання. На яе аснове Міжнародная арганізацыя працы падрыхтавала Канвенцыю аб прымусовай працы 1930, якая абавязала ўсе краіны скасаваць усе формы прымусовай працы. Усеагульная дэкларацыя правоў чалавека, прынятая ААН у 1948, забараняе Р. ва ўсялякіх формах. У 1956 міжнар. канферэнцыя ў Жэневе прыняла дадатковую канвенцыю аб барацьбе з Р., гандлі рабамі, скасаванне інстытутаў і звычаяў, падобных да Р.
Літ.:
Кузищин В.И. Античное классическое рабство как экономическая система. М., 1990;
Штаерман Е.М. Расцвет рабовладельческих отношений в Римской республике. М., 1964;