І́ЎЕ,

гарадскі пасёлак, цэнтр Іўеўскага р-на Гродзенскай вобл., на р. Івенка. За 158 км ад Гродна, 10 км ад чыг. ст. Гаўя на лініі Ліда—Маладзечна, вузел аўтадарог на Мінск, Ліду, Навагрудак. 8,8 тыс. ж. (1998).

Вядома з пач. 15 ст. як велікакняжацкі двор. У 1444 аддадзена земскаму маршалку літоўскаму П.​Мантыгердавічу У 16—19 ст. належала Забярэзінскім, Кішкам, Слушкам, Глябовічам, Жыжэмскім, Агінскім, Сапегам, Тызенгаўзам, Замойскім і інш. З 1561 мястэчка Ашмянскага пав.; у ім знаходзіліся арыянскія друкарня і школа, рэктарам якой быў Я.Л.Намыслоўскі.

У 1598 у І. пасяліліся татары. Каля 1600 пабудаваны Іўеўскі касцёл і кляштар бернардзінцаў. У 1634—180 двароў. З 1795 у Рас. імперыі. У 19 — пач. 20 ст. цэнтр воласці Ашмянскага пав. Віленскай губ. У 1897—2828 ж., 387 двароў. У 1921—39 у складзе Польшчы, цэнтр гміны Валожынскага (з 1926 — Лідскага) пав. Навагрудскага ваяв. З 1939 у БССР, з 1940 гар. пасёлак, цэнтр Іўеўскага раёна. З 29.6.1941 да 8.7.1944 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі ў І. і раёне 2621 чал. У 1971—5 тыс. жыхароў.

Прадпрыемствы харч. прам-сці. Сярэдняя, муз., дзіцяча-юнацкая спарт. школы, школа-інтэрнат, Дом культуры, 2 б-кі, бальніца, аптэка, паліклініка, царква (1994), аддз. сувязі. Брацкія магілы сав. воінаў і партызан. Помнікі архітэктуры: Іўеўскі касцёл і кляштар бернардзінцаў, Іўеўская мячэць.

В.​У.​Шаблюк (гісторыя).

Іўе. Фрагмент забудовы вуліцы 1 Мая.

т. 7, с. 366

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)