ДУБРО́ЎНА,
горад, цэнтр Дубровенскага р-на Віцебскай вобл., на р. Дняпро, пры ўпадзенні ў яго рэк Дубровенка і Свінка. За 107 км ад Віцебска, 8 км ад чыг. ст. Асінаўка на лініі Орша—Смаленск; аўтадарогамі злучаны з Оршай і Горкамі. 9,7 тыс. ж. (1997).
Ў пач. 16 ст. Д. — цэнтр буйной воласці на мяжы Віцебскага і Смаленскага ваяв. Ў розны час належала Глябовічам, Сапегам, А.Д.Меншыкаву, Р.А.Пацёмкіну, Любамірскім. У 16—18 ст. у Д. існаваў Дубровенскі замак. З 1772 Д. ў Аршанскай правінцыі, з 1777 — у Аршанскім пав. Магілёўскага намесніцтва. Дзейнічалі 4 правасл. царквы, бернардзінскі кляштар з касцёлам, сінагога, паштовы дом. У 1784 пабудавана 1-я ў Рас. імперыі гадзіннікавая ф-ка. У 1785—97 тут існаваў Дубровенскі піярскі калегіум. З 1861 цэнтр воласці Горацкага пав. Магілёўскай губ. У 1897—7974 ж. З 1924 раённы цэнтр, з 3.7.1925 горад. 9,9 тыс. ж. (1939). З 16.7.1941 да 26.6.1944 акупіравана ням.-фаш. захопнікамі, якія знішчылі ў Д. і раёне 14 110 чалавек. 4,9 тыс. ж. (1959). У 1962—65 Д. ў Аршанскім р-не.
Прадпрыемствы харч., лёгкай, буд. матэрыялаў прам-сці. Брацкія магілы супрацоўнікаў міліцыі, сав. воінаў і партызан, магіла ахвяр фашызму. Помнікі: Вызвалення, Г.А.Нікандравай. Помнікі архітэктуры: кляштар бернардзінцаў (пач. 19 ст.), Пакроўская царква (1-я пал. 19 ст.). Цэнтр ганчарнага рамяства (гл. Дубровенская кераміка).
т. 6, с. 248
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)