ДО́БРУШ,

горад абл. падпарадкавання ў Гомельскай вобл., цэнтр Добрушскага р-на, на р. Іпуць. За 25 км ад Гомеля. Чыг. станцыя на лініі Гомель—Унеча, аўтадарогамі злучаны з Гомелем, Веткай, Церахоўкай, Навазыбкавам (Расія). 20 тыс. ж. (1997).

Вядомы 3 1560 як вёска Гомельскага староства Рэчыцкага пав. ВКЛ. З 1772 у Рас. імперыі, з 1777 сяло Вылеўскай вол. Беліцкага, з 1852 Гомельскага пав., цэнтр Добрушскай эканоміі (аб’ядноўвала 14 навакольных вёсак). У 1776—587 ж., 87 двароў, 3 вадзяныя млыны, сукнавальня. У 1775 заснавала Добрушская палатняна-парусная мануфактура, каля 1795 — чыгуналіцейная, медзеапрацоўчая, мукамольная мануфактуры. Да 1834 належаў графу П.А.Румянцаву-Задунайскаму, потым князю І.Ф.Паскевічу і яго нашчадкам. У 1870 заснавана Добрушская папяровая фабрыка. У 1886 больш за 1 тыс. ж., 185 двароў. З 1887 чыг. станцыя Палескіх чыгунак. З 1903 дзейнічала група РСДРП. З крас. 1919 у Гомельскай губ. З 1922 цэнтр воласці Гомельскага пав. З 1926 фабрычна-заводскі пасёлак, цэнтр раёна, з 4.8.1927 горад у Гомельскім р-не. З 1935 цэнтр адноўленага Добрушскага р-на. З 22.8.1941 па 10.10.1943 акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі, якія загубілі ў горадзе і раёне 321 чал. Дзейнічала Добрушскае патрыятычнае падполле. З 7.3.1963 Д. — горад абл. падпарадкавання. У 1970—16,8 тыс. ж.

Добрушская папяровая фабрыка, Добрушскі фарфоравы завод, прадпрыемствы харч. прам-сці. Брацкія магілы сав. воінаў, партызан і ахвяр фашызму. Брацкая магіла чырвонагвардзейцаў і партызан. Помнік Вызвалення.

т. 6, с. 173

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)