Ска́радзь, скарада́ ‘жмінда, скнара’ (Касп.), скарэ́да ‘тс’ (Сержп., Растарг.), ска́ріда ‘нягодны; сквалыга’ (Бяльк.), ст.-бел. скаредный ‘агідны, брыдкі’, ‘благі, кепскі’ (Ст.-бел. лексікон). Параўн. укр. дыял. ска́рідь ‘погань’, рус. ска́ред, ска́реда ‘сквапны, сквалыга’, польск. szkarada ‘брыда’, чэш. škaredaпачвара’, славац. škaredý ‘агідны, брыдкі’, в.-луж. škerjeda ‘бруд, гідота’, н.-луж. škarjeda ‘тс’, серб.-харв. ска̏редан ‘брыдкі, непрыстойны’, балг. скаре́ден ‘эканомны, скупы’, радоп. ска́радлиф ‘лютаежлівы, капрызны ў ядзе’, макед. скареден ‘непрыстойны’, ст.-слав. скарѧдъ ‘брудны, агідны’, якія працягваюць прасл. *skarędъ; апошняе мае паралелі ў ст.-інд. ava‑skaras ‘экскрэменты’, apa‑skaraḥ ‘тс’, ст.-ісл. skarn н. р. ‘гной’, ‘памёт’, лац. mūskerda ‘мышыны кал’ і г. д. Іншыя версіі і літ-py гл. Фасмер, 3, 634; Глухак, 553; БЕР, 6, 729; ЕСУМ, 5, 266 (скаре́да ‘скнара’ лічыцца русізмам). Сумніўна Жураўскі (Гіст. лекс., 92), які ст.-бел. скаредный ‘агідны, брыдкі’ лічыць паланізмам пры наяўнасці стараж.-рус. скарѧдъ, скарѣдъ ‘агідны’, серб.-ц.-слав. скарѣдъ ‘тс’. Гл. таксама шкарадзь. Магчыма, сюды ж карадлівы ‘чуллівы, крыўдлівы’ (Нас.), асабліва кара́дзіцца (гл.), сярод значэнняў якога ‘прыкідвацца бедным, сквалыжнічаць’. Гл. Мяркулава, Этимология–1973, 56.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Твар ’пярэдняя частка галавы чалавека’, ’індывідуальнае аблічча, выгляд’ (ТСБМ, Ласт.), ’фізіяномія’ (Байк. і Некр., Касп., Федар. 4, Сержп. Прымхі, Сл. ПЗБ, Сцяшк., Вруб., ЛА, 3), тварь ’тс’ (Нас.), тва́ра ’тс’ (брасл., Сл. ПЗБ), тва́рына ’аблічча’ (там жа), твар м. р. ’тс’, ж. р. ’стварэнне’ (ТС), тварь ж. р. ’тс’ (Бяльк.), твар ’воблік, від’ (Гарэц., Некр. і Байк.), тва́рычка ’тварык’ (Нас.), тва́рышча ’пыса, морда’ (Нас.), тварю́ка ’стварэнне, пачвара’ (Растарг.), ст.-бел. тварь ж. р. ’фізіяномія’: тварь збита (XVI ст., Карскі 2–3, 21), твар, тварь ’тс’; ’індывідуальнае аблічча, выгляд’ (канец XV ст.). Укр. твар ’жывое стварэнне’, старое ’аблічча’, рус. тварь ’жывое стварэнне’, стараж.-рус. тварь ’стварэнне’; ’істота’; ’сусвет’; ’выраб; убор’, польск. twarz ’твар’, н.-луж. twaŕ ’будаўнічы лес, будынак’, в.-луж. twar ’вулей’, чэш. tvář ’шчака; твар’, славац. tvár ’твар; воблік’, славен. tvar ’рэчыва, матэрыял’, серб.-харв. тва̑р ’рэчыва, стварэнне’, балг. твар ’жывое стварэнне’, макед. дыял. твар ’выраз твару’, ст.-слав. тварь ’стварэнне, істота; прырода’, выгляд’. Да прасл. *tvarъ ж. р., якое звязана з *tvoriti агульным праславянскім коранем *tvor‑/*tvar‑ (Фасмер, 4, 31; Чарных, 2, 231; Шустар-Шэўц, 1562–1563; Бязлай, 4, 252; Борысь, 656; Длугаш-Курчабова, 506–507), гл. тварыць. Заслугоўвае ўвагі меркаванне Карскага (2–3, 21) пра запазычанасць формы твар ж. р. ’пярэдняя частка галавы чалавека’ з польск. twarz (гл. таксама Булыка, Лекс. запазыч., 128), якое само лічыцца запазычаным з чэш. tvář ’аблічча, твар’, што, магчыма, калькуе адносіны лац. facerefacies; гл. Басай-Сяткоўскі, Słownik, 402.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

нягоднік, нікчэмнік, мярзотнік, вылюдак, вырадак, ліхадзей; недавярак, паршывец, паскуднік, паскуда, поскудзь, брыда, брыдота, паганец, падла, падлюга, падлюка, шэльма, гіцаль, акаянец, абармот, плюгавец, прахвост, гад, гадасць, нелюдзь, латрыга, дзяржыморда, сволач, свалата, злыдзень, жываглот, псяюха, псялыжнік, падкалоднік (разм.); зараза, цаца, злодзей, разбойнік, пачвара, халера, чорт, звер, сабака, сука, псіна, гніда, змей, скула, дэгенерат, азіят, езуіт (лаянк., перан.) □ лысы чорт, сукін сын

Слоўнік сінонімаў і блізказначных слоў, 2-е выданне (М. Клышка, правапіс да 2008 г.)

Ма́ра ’тое, што створана фантазіяй’, ’жаданне, імкненне’, ’нешта нерэальнае, неіснуючае’ (ТСБМ, Др.-Падб.). Укр. мара ’сон, мара; мары’, польск. mara ’сон з марамі’, ’тое, што мроіцца ў сне’, ’тое, аб чым марыцца’. Бел.-укр.-польск. ізалекса. Узнікла ў выніку абстрагавання аднаго са значэнняў мара́1 — ’сон, тое, што здаецца’. Паводле Булыкі (Лекс. запазыч., 127), ст.-бел. мара ’соннае відовішча’ (пач. XVII ст.) запазычана са ст.-польск. mara.

Мара́1 ’прывід, страшыдла, нячыстая сіла, пачвара, здань, насланнё’ (Мал., Бес., Федар. 1, Багд., Яруш., Некр., Касп., Бяльк., Шат., ТС; слуц., мазыр., Сержп., Казкі; усх.-гом., паўн.-зах., КЭС; брэсц., пін., Нар. лекс.); ма́ра, марана ’тс’ (Клім., Др.-Падб.; Крывіч, 4; Нас., Растарг.), ’нешта брыдкае, неадчэпнае’ (Нікан.), ’нікчэмнасць’ (драг., Нар. лекс.); мара́ ’пагібель’ (Растарг.), ’прыгода, незразумелая перашкода’ (Нас.), ’чорная, страшэнная масіўная істота на кароткіх лапах, якой вельмі баяцца дзеці’, ’пудзіла з саломы, апранутае ў рыззё’ (Рам. 8), ’істота, якая давіць хлопцаў і дзяўчат у час іх сну’ (Кольб.), ’нячысцік, д’ябал’ (Ян.; нараўл., Мат. Гом.), стол. ’нягоднік, паганец’, драг. ’неахайная, непрычасаная жанчына’ (Нар. лекс.), ’жартаўнік, штукар’ (ТС), ма́рны ’дарэмны, бескарысны’ і дэрываты да яго (Нас., ТСБМ). Укр. мара́ ’прывід, здань’, ’нячысцік, які затуманьвае людзям розум, каб завесці іх у небяспечнае месца’, марний, марний ’дарэмны’; рус. ма́ра, мара́ ’прывід, мары, нячысцік, які дапрадае ноччу тое, што пакінута на ноч недапрадзеным, рве кудзелю і пражу’, кур. ’смерць’, ленінгр. ’неахайная жанчына’, урал., сіб. ’каханы’, ’дзяўчына’, рус. ц.-слав. мара ’страта свядомасці’; ст.-рус. мара ’зацямненне свядомасці’, ’забыццё’, ’сны’, ’насланнё’, ’прывід’. Польск. mara, marzydło ’прывід, цень нябожчыка, дух, страшыдла, вампір’; mara, mora ’начны дух, кашмар, які нападае на коней і сонных людзей’, ’начны матыль’, marzyć ’марыць’, marnować, marnotrawić ’марнатравіць’, marzanna ’саламянае чучала, якое сімвалізавала сонца’, н.- і в.-луж. marny ’марны’, в.-луж. marota ’капрыз, выдумка’, mara ’дух, прывід смерці’, чэш. marniti ’дарма траціць, марнатравіць’, mařiti ’псаваць, губіць, разбіваць (надзеі)’, чэш., славац. marný ’марны’, славац. mara ’хвароба’ slepa mara ’начны матыль’, mariť sa ’здавацца’, славен. márǝn ’марны’. Прасл. mara ’мары’, ’прывід, здань’ утворана ад асновы *ma‑ (гл. мані́ць) пры дапамозе суфікса ‑ra. (Бернекер, 2, 18; Фасмер, 2, 571; Брукнер, 322; Шустар-Шэўц, 12, 886; Голамб, Зб. Якабсону, 1, 779–780; Власт, Крывіч, 4, 1923, 30).

Мара́2 ’назола, дакучлівы’ (Нас., Шат.; Нар. лекс.). Да мара́1 (гл.). Насовіч (289), аднак, адносіць да мары́ць, якое ад прасл. mōra. Няма падстаў.

Мара́3 ’павольны’ (Нас.). Рус. калуж., арл. мара́ ’слабы чалавек малога росту’, сіб. ’няўклюда’. Паводле Насовіча (289), запазычана з лац. mora ’запаволенасць’. Сюды ж марава́ты ’спакойны, вялы гон па следу звера’ (Інстр. II). Параўн. рус. вяц. морова́ть ’рабіць што-небудзь паволі, спакваля’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ВАВІЛО́НА-АСІРЫ́ЙСКАЯ КУЛЬТУ́РА,

культура народаў, што насялялі ў 4−1-м тыс. да н.э. Месапатамію (Двухрэчча Тыгра і Еўфрата, тэр. сучаснага Ірака) і стварылі буйныя дзяржавы — Шумер, Акад, Вавілонію і Асірыю.

Матэрыяльная культура Месапатаміі мела дастаткова высокі ўзровень. З 3-га тыс. да н.э. тут вядомы ліццё і коўка металаў, чаканка і філігрань. У ваен. тэхніцы выкарыстоўваліся калясніцы (пач. 2-га тыс.), панцыры з медных пласцінак (сярэдзіна 2-га тыс.), мячы, каменныя і наплаўныя масты і інш. У 7 ст. да н.э. ў Асірыі пабудаваны першы каменны акведук. Для практычнага гасп. выкарыстання распрацоўваліся сістэмы мер, метады вызначэння плошчаў і аб’ёмаў, што садзейнічала развіццю шумера-вавілонскай матэматыкі. Вавілонскія матэматыкі карысталіся шасцідзесяцярычнай сістэмай лічэння. На яе аснове былі створаны табліцы дзялення і множання лікаў, квадратаў і кубаў лікаў і іх квадратных і кубічных каранёў; маглі рашаць квадратныя ўраўненні, карысталіся правілам, якое зараз наз. Піфагора тэарэмай. Хімія ў вавіланян мела выключна дастасавальны характар: захаваліся рэцэпты вырабу бронзы, прыгатавання шматколернай палівы для керамікі. У сувязі з мараплаваннем развівалася астраномія. Вавілонскія астраномы адрознівалі планеты і зоркі. Кожная планета (акрамя Меркурыя) мела сваю назву, праводзіліся назіранні планет, быў адкрыты сарас — прамежак часу, праз які сонечныя і месяцавыя зацьменні паўтараюцца ў пэўнай паслядоўнасці. Адносна высокі ўзровень дасягнуты і ў медыцыне: сістэматызацыя захворванняў і лекавых сродкаў, анатамічныя апісанні асобных частак цела чалавека, хірургічныя аперацыі (ампутацыя, зрошчванне касцей і інш.).

Зачаткам гісторыі як навукі ў Вавілоне лічыцца «Спіс цароў», дзе выкладзены гіст. падзеі ад моманту, «калі царственнасць спусцілася з неба», і да больш позніх цароў. Спіс складзены каля 2100 да н.э. для абгрунтавання абсалютнасці царскай улады. Вяліся таксама спісы найб. прыкметных падзей, рабілася датаванне. Быў звычай закладваць у фундамент будынкаў для будучых пакаленняў царскія надпісы з апісаннем дзеянняў цароў. З сярэдзіны 8 ст. да н.э. вёўся рэгулярны летапіс. Да першых прац навук. характару адносяцца спісы знакаў пісьма (напачатку малюнкавых, потым клінапісных) і пераліку тэрмінаў, запісаных з дапамогай такіх знакаў. Упершыню яны былі складзены каля 3000 да н.э.

Міфы, што дайшлі да нас, адлюстроўваюць уяўленні народаў, якія займаліся ірыгацыйным земляробствам, жывёлагадоўляй і паляваннем. Паводле міфаў, свет створаны або багіняй-маці, або (у позніх міфах) мужчынскім бажаством (Энліль, Мардук); унутры зямлі знаходзіцца змрочны горад мёртвых. Вавілонскі міф 2-га тыс. да н.э. апавядае пра барацьбу старэйшых багоў (іх узначальвае пачвара — багіня Тыямат — «Мора») з малодшымі (на чале з богам Мардукам). Прыкметнае месца займае міф пра патоп і адзінага чалавека, які выратаваўся, — мудрага Зіусудру (шумерскае; акадскае — Утнапішты). Канкрэтныя рысы міфу надалі параўнаўча частыя ў Двухрэччы разбуральныя навадненні. Цыкл міфаў г. Урук звязаны з імёнамі герояў Энмеркара, Лугальбанды і Гільгамеша. Да нашага часу дайшлі пераважна запісы афіц. версій міфаў, прасякнутыя ідэяй чалавечага бяссілля перад багамі.

Рэлігія стараж. плямён Двухрэчча прайшла складаную эвалюцыю ад першасных культаў — фетышызму, татэмізму, анімізму праз політэізм да фарміравання монатэізму. У вераваннях шумера-акадскіх плямён спачатку пераважалі абшчынныя культы. З утварэннем рабаўладальніцкай Акадскай дзяржавы ўзніклі культы агульнадзярж. багоў Ана, Энліля і Энкі. З ператварэннем Вавілона ў цэнтр дзяржавы гал. богам стаў Мардук. У Асірыі быў пашыраны той жа пантэон багоў, дапоўнены асобнымі мясц. божаствамі, сярод якіх вярхоўным лічыўся Ашур — заступнік аднайм. горада Асірыі. Вавілона-асірыйская рэлігія ўключала таксама земляробскія культы, у прыватнасці культ бога Думузі (Тамуза), які памірае і ўваскрасае; у ёй былі пашыраны дэманалогія, магія, астральныя культы і да т.п. З вавілона-асірыйскай рэлігіі многае запазычылі наступныя рэлігіі, у прыватнасці іудаізм і хрысціянства.

Літаратура народаў Двухрэчча ў 1-й пал. 3-га тыс. да н.э. была вусная. Верагодна, менавіта ў гэты час узнікла частка шумерскіх эпічных песень пра герояў г. Урук — Энмеркара, Лугальбанду і Гільгамеша, якія дайшлі ў запісах 19—18 ст. да н.э., а таксама пра багіню Інін. 24—21 ст. да н.э. — перыяд росквіту гіст.-гераічнага эпасу на шумерскай і акадскай мовах пра дзейнасць і ваен. паходы цароў Саргана і Нарамсіна. Да 22 ст. да н.э. можна аднесці ўзнікненне акадскай эпічнай паэмы пра Гільгамеша, у якой з вял. маст. сілай расказваецца пра трагічны чалавечы лёс і пошукі бессмяротнасці. Да канца 3-га тыс. да н.э., відаць, адносяцца асн. вядомыя шумерскія літ. тэксты — афарыстычныя павучанні, пакаянныя псалмы, літургічныя «плачы», пахавальныя элегіі і інш. Класічная акадская (вавілонская) л-ра 16—12 ст. да н.э. складаецца з вял. касмаганічнага эпасу з 7 песень, у якіх апісваецца стварэнне свету з хаосу, а таксама барацьба старэйшага і малодшага пакаленняў багоў. Вял. колькасць акадскіх і частка шумерскіх тэкстаў, што дайшлі да нашага часу, захоўваліся ў Ніневійскай бібліятэцы асірыйскага цара Ашурбаніпала. Арыгінальныя літ. помнікі ў Асірыі амаль не ствараліся. Самаст. жанрам асірыйскай л-ры лічацца царскія аналы, напісаныя рытмічнай прозай, у якіх намаляваны яскравыя карціны ваен. паходаў і бітваў. Помнікі старой вавілонскай, а часткова і шумерскай, пераважна культавай, л-ры перапісваліся да I ст. да н.э. на жывой арамейскай мове. Амаль уся л-ра народаў стараж. Двухрэчча — вершаваная.

У маст. культуры стараж, свету важнае месца займаюць пластычныя мастацтвы плямён і народаў Месапатаміі 4—1-га тыс. да н.э. Тут складваліся і развіваліся многія формы архітэктуры, скульптуры і інш. формы ўвасаблення ў мастацтве чалавека і навакольнага свету, характэрныя для наступных эпох. Мастацтва 5—4-га тыс. да н.э. — гэта культавыя пасудзіны з гліны, расфарбаваныя геам. узорам і стылізаванымі выявамі птушак, звяроў і людзей, статуэткі з гліны. З сярэдзіны 4-га тыс. да н.э. тут з’явіўся ганчарны круг, развівалася буд-ва храмаў, сцены якіх часам аздабляліся геям. Мазаічнымі ўзорамі. У канцы 4 — пач. 3-га тыс. да н.э. развівалася круглая скульптура, дасягнула росквіту мастацтва гліптыкі. У эпоху ўзвышэння Шумера вызначальную ролю адыгрывала храмавая архітэктура, развіваўся тып шматступеньчатай вежы (зікурата) з «жыллём Бога» наверсе (зікурат у г. Ур, 22—21 ст. да н.э.). Дробная пластыка Шумера з каменю і бронзы вызначалася схематычнасцю, выявы на рэльефах былі плоскасныя і статычныя (т.зв. штандар з г. Ур — мазаіка з ракавін і лазурыту з батальнымі сцэнамі, каля 2600 да н.э.). Выдатныя залатыя прадметы з «царскіх» грабніц — арнаментаваны шлем, дыядэма і кінжал з ножнамі філіграннай работы і інш. Нешматлікія помнікі перыяду аб’яднання Месапатаміі пад уладай дынастыі Акада (24—22 ст. да н.э.) сведчаць пра ўзмацненне культу ўладара. Пры захаванні ўмоўных прыёмаў у рэльефах заўважаюцца памкненні да большай свабоды кампазіцыі, аб’ёмнасці фігур, увасаблення прыроды (стэла ў гонар перамогі Нарамсіна з батальнымі сцэнамі, статуя правіцеля Гудэа з г. Лагаш). Дасканаласці дасягнула тэхніка маст. апрацоўкі бронзы — ліццё, чаканка, гравіроўка. У аб’яднанай дзяржаве III дынастыі Ура (канец 22—21 ст. да н.э.) ва ўмовах жрэцкага бюракратычнага рэжыму ў маст. майстэрнях ствараліся гал. чынам рэльефы з кананічнымі сцэнамі пакланення божаствам. З 18 ст. да н.э. (перыяд узвышэння Вавілона) захавалася мала помнікаў: дыярытавая стэла з рэльефнымі выявамі і выкладаннем законаў цара Хамурапі; размалёўкі палаца ў Мары з культавымі сцэнамі і выявамі багоў і інш. Новы этап у развіцці мастацтва Месапатаміі звязаны з узвышэннем Асірыі. На мастацтва Асірыі (складвалася ў 2-м тыс. да н.э.) паўплывала культура стараж. плямён хурытаў, хетаў, дзяржавы Акад; развіваліся архітэктура, манум дэкар. і прыкладное мастацтва. Цэнтрамі рэгулярных па планіроўцы гарадоў сталі палацы-крэпасці са шматлікімі памяшканнямі вакол адкрытых двароў; парадныя арачныя парталы ўпрыгожваліся паабапал гарэльефамі ў выглядзе крылатых чалавека-быкоў «шэду». Сярод найб. значных комплексаў — палац Саргана II у Дур-Шарукіне (сучасны г. Харсабад) з храмамі, у т. л. свяцілішча з вежай-зікуратам. Для пластыкі Асірыі характэрны манум. рэльефы (часам фарбаваныя) з фрызавымі кампазіцыямі. Гіпертрафіраваная трактоўка мускулатуры і прапорцый чалавечага цела ў рэльефах 9 — пач. 8 ст. да н.э. (палац Ашурнасірпала II у Кальху) змянілася ў 2-й пал. 8 — пач. 7 ст. да н.э. рэльефамі больш свабоднай кампазіцыі апавядальнага характару (палац Сінахерыба ў Ніневіі). Рэльефы 7 ст. да н.э. вылучаюцца жыццёвай выразнасцю вобразаў, дынамізмам (сцэны палявання на львоў у палацы Ашурбаніпала ў Ніневіі). Нешматлікім помнікам круглай скульптуры (каменныя статуі цароў) уласцівы строгая кананічнасць, манументальнасць, арнаментальна-дэкар. трактоўка валасоў, адзення, атрыбутаў (статуі Ашурнасірпала II, Саламанасара III з Ашура). Пра жывапіс Асірыі можна меркаваць па фрагментах фрэсак з палаца ў Тыль-Барсібе («Два асірыйскія саноўнікі», «Паляванне на льва» і інш., 9—8 ст. да н.э.). Развіваліся таксама маст. ткацтва, разьба па косці і дрэве, апрацоўка металу. Пасля падзення Асірыі (канец 7 ст. да н.э.) мастацтва Вавілона зноў перажыло кароткачасовы росквіт (7—6 ст. да н.э., т.зв. новававілонскі перыяд), створаны цудоўны ансамбль г. Вавілон. Пасля заваявання Вавілона дзяржавай Ахеменідаў (539 да н.э.) і яго ўключэння ў дзяржаву Селеўкідаў (канец 4 ст. да н.э.) вавілонская культура зазнала ўплыў персідскага, а пазней і эліністычнага мастацтва.

Літ.:

Очерки по истории техники Древнего Востока. М.; Л., 1940;

Вайман А.А. Шумеро-вавилонская математика III — І тыс. до н.э. М., 1961;

Нейгебауер О. Точные науки в древности: Пер. с англ. М., 1968;

Кленгель-Брандт Э. Путешествие в древний Вавилон: Пер. с нем. М., 1979;

Клочков И.С. Духовная культура Вавилонии: человек, судьба, время: Очерки. М., 1983;

Дандамаев М.А. Вавилонские писцы. М., 1983;

Матвеев К., Сазонов А. Земля Древнего Двуречья: (Мифы, легенды, находки и открытия). М., 1986;

Козырева Н.В. Древняя Ларса: Очерки хоз. деятельности. М., 1988;

Оппенхейм А. Древняя Месопотамия: Портрет погибшей цивилизации: Пер. с англ. 2 изд. М., 1990.

Да арт. Вавілона-асірыйская культура. Зікурат у г. Ур. 22—21 ст. да н.э.
Да арт. Вавілона-асірыйская культура. Статуя саноўніка Эбіх-іля з Мары. Фрагмент. Сярэдзіна 3-га тыс. да н.э.
Да арт. Вавілона-асірыйская культура. Статуя правіцеля Гудэа з г. Лагаш. 22 ст. да н.э.
Да арт. Вавілона-асірыйская культура. Рэльеф з палаца Саргана II у Дур-Шарукіне. 8 ст. да н.э.
Да арт. Вавілона-асірыйская культура. Так званы штандар з г. Ур. Фрагмент. Каля 2600 да н.э.
Да арт. Вавілона-асірыйская культура. Рэльеф з палаца Ашурнасірпала II у Кальху. 883—859 да н.э.
Да арт. Вавілона-асірыйская культура. «Шэду» з палаца цара Саргана II у Дур-Шарукіне. 712—707 да н.э.
Да арт. Вавілона-асірыйская культура. Шлем з г. Ур.

т. 3, с. 423

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Расама́ха1 ’драпежная млекакормячая жывёла сямейства куніц, Gulo borealis’ (ТСБМ), ’звер расамаха, Chiromis’ (Байк. і Некр.), ’звер ласка, Mustela gulo’ (Некр. і Байк.), ’звер’ (Янк. 1; з заўвагай: “гэты звер тут не водзіцца”), ’звер’ (гом., ГЧ), ’хіжы звер у Сібіры’, ’воўк-канятнік’ (Ласт.), росома́ха ’драпежная жывёліна, расамаха(?)’ (ТС), параўн. укр. росома́к, росома́х, росома́ха ’звер Gulo gulo з сямейства куніц’, рус. росома́ха ’тс’, польск. rosomak ’тс’. Хутчэй за ўсё, старажытная назва; паводле Трубачова (ВСЯ, 3, 123), з больш ранняга *сорома́ха (< прасл. *sormaxa, параўн. літ. šarmuõ, šermuõ ’гарнастай, ласка, дзікі кот’), што спарадычна адзначалася ва ўкраінскіх і беларускіх дыялектах (Трубачоў у Фасмера, 3, 505, параўн. тураў. сарома́ха, гл.), з якога шляхам метатэзы складоў утворана сучасная назва. Бяднарчук (ABSl, 9, 46) схіляецца да балтаславянскага запазычання з уграфінскіх моў, параўн. марыйск. sõrmõ, šurmaŋšõ ’рысь’, саамск. čoŕma, čierma ’воўк’, вацяцк. śor ’куніца’ і інш. Ранняя фіксацыя ў наўгародскай берасцяной грамаце канца XIV ст. (Залізняк, Древненовг., 523) у форме росомуха (бѣла росомуха) ’нейкі пушны звер’ (гл. Чарных, 2, 123), як быццам, сведчыць пра такі шлях запазычання, аднак, у сувязі з гэтым, метатэза складоў павінна была адбыцца вельмі рана. Нельга выключыць, што на гэта магла паўплываць старая славянская міфалагічная назва са значэннем ’злы дух, страшыдла’, гл. расамаха2. Сляды рэальных ведаў пра нейкага драпежнага звера ўсё ж прысутнічаюць у гаворках, параўн.: росома́ха нападае на худобіну і задніцу вуесць; а ека та росомаха, то не ведаем (ТС); rosomácha, rysamácha ’расамаха’ (Арх. Федар. з заўвагай: “Вынішчана ў слонімскіх лясах у 1831 г.”). Табуізацыя першапачатковай назвы і яе сувязь з *sorom (< і.-е. kʼormos, гл. сорам, што звязваецца з старой назвай куніцы і.-е. kʼor‑mōn), на якой настойвае Трубачоў (ВСЯ, 3, 120–124), таксама можа тлумачыцца ўплывам міфалагічнага персанажа. Меркаванні аб шляхах пранікнення назвы ў іншыя еўрапейскія мовы з усходу, а таксама аб магчымых крыніцах запазычання, гл. Брукнер, 463; Кіпарскі, ZfslPh, 20, 359 і наст.; Фасмер, 3, 504505; SEK, 4, 209.

Расама́ха2 фальк. ’страшыдла ў вобразе жанчыны, у якой распушчаныя валасы і стальныя грудзі, ёю страшаць малых дзяцей’ (Янк. 1), ’злы дух у постаці чалавека з звярынай галавой і лапамі, жыве ў каноплях’ (Ласт.), ’персанаж з дэманалогіі’ (Сержп. Грам.), ’нечысць, ёй становіцца маці, забіўшая сваё дзіця і ўтапіўшаяся’ (гом., ГЧ), расама́ка: расамака жыве ў каноплях, а русалка ў вадзе (валож., Жд. 2), перан. ’неахайная жанчына’ (барыс., там жа), ’няўклюда’ (пухав., Жыв. сл.), ’непрычэсаная, неахайная жанчына’ (Мат. Маг.), росома́ха ’жанчына з распушчанымі, непрыбранымі валасамі’, ’пра неахайную жанчыну (у параўнанні)’: ідзе бі росомаха; роспейсаласа, як росомаха (ТС), расама́ха ’неахайная жанчына’ (смарг., Сл. рэг. лекс.), ра́сумак ’непрычасаны чалавек’: ходзіш, як расумак (Мат. Маг. 2), русума́ка ’нямыты, мурза, няхлюя’, русума́чка ’мурза, смаркачка’ (Нас.). Параўн. укр. росома́к, росома́х, росома́ха, рус. дыял. росома́ха ’міфічная істота з доўгімі распушчанымі валасамі’, ’неакуратная, неахайная жанчына; лахудра’; магчыма, сюды таксама літ. razumùkas, razimùkasпачвара, страшыдла, што сядзіць на гарышчы’, ням. прус. Rosemòck, Rosumòck, Rasumùck ’страшыдла, прывід; неспакойны, благі, неахайна апрануты чалавек’, ням. дыял. Rosemock ’дэман, якім страшылі дзяцей; бялізны чалавек, волат’ (Кіпарскі, ZfslPh, 20, 365; SEK, 4, 209). Няясна. Звычайна выводзяць з расамаха1 на падставе пераносу назвы паводле знешняга вобліку звера, які, аднак, на большасці тэрыторый, дзе ўжываецца слова ў дэманалагічным і пеяратыўным значэнні, застаецца невядомым. Звяртае на сябе ўвагу характаралагічны прызнак — наяўнасць растрапаных валасоў ці краёў адзення, што дазваляе звязаць названыя формы з варыянтнай асновай *ręs‑ (параўн. расаматы, раса́2, гл.), *ros‑/*rus‑ (параўн. роса́ўка, руса́ўка: у руса́ўкі жэлезные цыцкі і косы роспушчэны; ру́савы дзед, гл.), *ras‑ (ра́ся ’неахайная жанчына’, гл.). Страхаў (Paleoslavica, 13, 1, 6–8) першасным значэннем лічыць ’непрычасаная, растропа’ і праз рус. дыял. (іванаўск.) россома́ха ’развілістае дрэва’ з устаўным экспрэсным суфіксам ‑(о)ма‑ (параўн. рус. костома́ха ’вялікая костка’) збліжае з рассо́ха (гл. расоха, расахатае дрэва), якое можа мець другаснае значэнне ’неахайная, непрычэсаная’, параўн. каш. rosoxa ’жанчына з заблытанымі валасамі’, rosoxati ’лахматы, калматы’, гл. расахаты ’раскудлачаны’: расахатая галава (Сл. ПЗБ). У такім выпадку расамаха2 < расоха (“з пашыранай асновай”, там жа), а расамаха1 ў выніку пераносу назвы на Gulo borealis па табуістычных меркаваннях. Аднак трактоўку пачатку слова як прыстаўкі рос‑ (< *orz‑) у святле існуючых варыянтных форм нельга прызнаць пераканаўчай. Па тых жа меркаваннях нельга прыняць этымалогію Чарных (2, 123) з *розсъмокъ (параўн. старыя напісанні разсамака, рассамак, розсомахи, XVII ст.), што да смок (< съмок) ’змей, цмок’ і далей да смактаць (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)