ЛА́БУ,

у акадскай міфалогіі леў-пачвара. Паводле міфа Л., якога намаляваў на небе бог Энліль, ажыў і пачаў лютаваць на зямлі, але быў пераможаны богам-воінам Цішпакам.

т. 9, с. 83

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЭРА... (ад грэч. teras пачвара), дзесятковая прыстаўка для ўтварэння найменняў кратных адзінак, роўная 10​12 зыходным адзінкам. Абазначаецца Т. Напр., 1 ТДж = 10​12 Дж, 1 Тг = 10​12 г = 10​9 кг = 10​6 т = 1 Мт.

т. 16, с. 130

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХІМЕ́РА,

1) у стараж.-грэч. міфалогіі пачвара з галавой ільва, тулавам казы і хвастом дракона.

2) У выяўл. мастацтве скульпт. выява фантаст. пачвары, што ўвасабляе заганы, сілы зла. Уваходзілі ў скульпт. ўбранне гатычных сабораў.

3) У пераносным сэнсе — фантазія, неажыццявімая мара.

Хімера з г. Арэца (Італія). Каля 480 да н.э.

т. 17, с. 19

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУЙ,

у старажытнакітайскай міфалогіі пачвара ў выглядзе аднаногага бязрогага попельна-сіняга быка, які мог хадзіць па паверхні мора, выклікаць моцны вецер і лівень. У некаторых помніках К. — аднаногі дракон або дух дрэў і камянёў, што жыве ў гарах. Пазней вобраз пачвары К. злучаны з Куем, што загадваў музыкай пры міфічным правіцелі Шуні.

т. 8, с. 566

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕВІЯФА́Н,

у біблейскай міфалогіі вялізная марская пачвара ў выглядзе кракадзіла, змея ці дракона, здольная ўскіпяціць увесь акіян. У Бібліі (Старым Запавеце) узгадваецца як прыклад (разам з бегемотам) недаступнасці спасціжэння боскага тварэння, або ў якасці варожай Богу магутнай істоты, якая сімвалізуе першабытны хаос, які ён перамагае напачатку светаўтварэння. У пераносным сэнсе — нешта вялізнае і пачварнае.

т. 9, с. 181

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІНАТА́ЎР,

у старажытнагрэчаскай міфалогіі пачвара-людаед з галавой быка і целам чалавека. Яго ўласнае імя — Астэрый («Зорны»). Народжаны жонкай крыцкага цара Мінаса (дачкой Геліяса) Пасіфаяй ад свяшчэннага быка бога Пасейдона або ад самога Пасейдона. Мінас пасяліў М. ў падземным лабірынце, куды яму прыносілі ў ахвяру (штогод або некалькі разоў на год) па сем юнакоў і дзяўчат з падуладных Мінасу Афін. Забіты героем Тэсеем.

т. 10, с. 379

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЭ́РБЕР, Кербер,

у старажытнагрэчаскай міфалогіі жудасны трохгаловы сабака-пачвара са змяіным хвастом і тулавам, усеяным змяінымі галовамі, які ахоўвае ўваход у падземнае царства мёртвых — Аід. Паводле міфаў, толькі асобным героям удалося перамагчы Ц.: Геракл звязаў яго, Арфей зачараваў сваімі спевамі, а адна з грэч. сівіл, каб дапамагчы Энею, усыпіла праснаком са снатворнай травой. У пераносным сэнсе Ц. — люты, няўмольны вартавы.

т. 17, с. 180

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЭРАТО́МА [ад грэч. teras (teratos) пачвара + ...ома],

пухліна жывёл і чалавека, якая ўзнікае ад парушэння фарміравання тканак у эмбрыянальны перыяд развіцця. Часцей дабраякасная, можа ператварацца ў злаякасную пухліну (тэратабластому). Бывае ў палавых залозах, крыжава-хвастцовай вобласці, на пярэдняй паверхні шыі, таксама ў поласці чэрапа, грудной клетцы. Адрозніваюць Т.: гістоідную (з тканак аднаго віду), арганоідную (з 2 розных тканак, напр., мышачнай і эпітэліяльнай) і арганізмоідную (з розных тканак 3 зародкавых лісткоў).

М.​К.​Недзмедзь.

т. 16, с. 132

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СФІНКС,

1) у старажытнаегіпецкай міфалогіі дух-ахоўнік, увасабленне царскай улады; фантастычная істота з целам ільва і галавою чалавека (звычайна партрэт фараона) або свяшчэннай жывёлы.

2) У старажытнагрэчаскай міфалогіі пачвара з тварам і грудзьмі жанчыны, целам ільва і крыламі птушкі, якую наслала Гера ў пакаранне на г. Фівы. Яна забівала кожнага, хто не мог адгадаць яе загадку. Загадку разгадаў Эдып, С. у роспачы кінулася ў бездань і разбілася.

А.​Г.​Зельскі.

Сфінкс з Дэльфаў (Грэцыя). Мармур. 570—560 да н.э.

т. 15, с. 303

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЭРАТАГЕНЕ́З [ад грэч. teras (teratos) пачвара + ...генез],

фарміраванне прыроджаных парушэнняў развіцця арганізма. Абумоўлены пашкоджаннем гамет і ўздзеяннямі рознага паходжання на стадыі зародка, эмбрыёна і плода. Пры Т. мяняецца працэс размнажэння клетак, зніжаецца іх мітатычная актыўнасць. Дыферэнцыроўка клетак можа спыніцца на любым этапе і пачацца працэс росту недыферэнцыраваных клетак. Міграцыяй клетак абумоўлена ўзнікненне органа ці тканкі на незвычайным месцы. На тканкавым узроўні пры Т. гінуць асобныя клетачныя масы, запавольваецца распад тканак, што адміраюць у ходзе нармальнага эмбрыягенезу.

М.​К.​Недзьведзь.

т. 16, с. 132

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)