панабіва́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

1. чаго. Убіць, наўбіваць куды‑н. многа чаго‑н. Панабіваць гваздоў у сцяну.

2. каго-што. Набіць, напоўніць усё, многае. Панабіваць матрацы саломай. □ А сёння зноў закруціла мяцеліца, пазасыпала праталіны снегам, панабівала яго ва ўсе шчыліны. Дуброўскі. // Разм. Сабраць куды‑н. у вялікай колькасці. Камеры ў .. [астрозе] вялікія і людзей туды панабівалі, як запалак у пачак. Сабаленка.

3. што. Разм. Натрудзіць, стаміць працай. [Сяргей Аляксандравіч:] — Няхай робяць, няхай! Яны рукі свае панабіваюць. Дубоўка.

4. што. Набіваючы, насадзіць усё, многае. Панабіваць абручы на бочку.

5. каго. Набіць, адлупцаваць усіх, многіх.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пераме́сці, ‑мяту, ‑мяцеш, ‑мяце; ‑мяцём, ‑мецяце, ‑мятуць; пр. перамёў, ‑мяла, ‑мяло; заг. перамяці; зак., што.

1. Падмесці нанава, яшчэ раз. Мама і стол заслала настольнікам, і хату разы два перамяла, і хвартух новы падвязала. Брыль.

2. Падмесці ўсё, многае. Перамесці ўсе пакоі.

3. Падмятаючы, перамясціць куды‑н., цераз што‑н. Перамесці смецце цераз парог.

4. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Замесці, засыпаць снегам упоперак (дарогу, шлях і пад.). Мяцеліца перамяла дарогу. / у безас. ужыв. Заняткі скончыліся раней, каб слухачы з іншых вёсак маглі дайсці дадому, покуль не перамяло дарог. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шарэ́ць, ‑эе; незак.

1. Станавіцца шэрым. Твар у .. [Севы] шарэў, калі ў такія хвіліны даводзілася гаварыць з бацькам. Карпаў. Неба шарэла. Было вельмі холадна. Мележ.

2. Выдзяляцца сваім шэрым колерам, віднецца. Пераезд у нізіне ўжо ледзь шарэў у вячэрнім паўзмроку. Быкаў. Зрабілася яшчэ больш цёмна, толькі шарэлі ў цемры шыбы вокнаў. Асіпенка.

3. безас. Світаць або змяркацца. Бярэцца на досвітак. Прыкметна шарэе, але хмары густа зацягваюць і без таго хмурнае неба, — мусіць, будзе мяцеліца. Сачанка. Унізе, ля зямлі, шарэла: надыходзіў вечар — хутка, па-зімоваму, адразу ж пасля паўдня. Пташнікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сляпі́ць несов.

1. (мешать видеть) слепи́ть;

мяце́ліца ~пі́ла во́чы — мете́ль слепи́ла глаза́;

слёзы ~пі́лі во́чы — слёзы слепи́ли глаза́;

2. (утомлять, притуплять зрение) слепи́ть, ослепля́ть; (ослаблять, ухудшать зрение) по́ртить;

я́ркія фа́рбы ~пі́лі во́чыя́ркие кра́ски слепи́ли (ослепля́ли) глаза́;

с. во́чы — по́ртить зре́ние

Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)

БІЯАРГАНІ́ЧНАЯ ХІ́МІЯ,

галіна арганічнай хіміі, якая вывучае сувязь паміж будовай арган. рэчываў і іх біял. функцыямі. Выкарыстоўвае пераважна метады арган. і фіз. хіміі, таксама фізікі і матэматыкі. У біяарганічнай хіміі даследуюцца біяпалімеры (бялкі, тлушчы, вугляводы, ферменты, нуклеінавыя кіслоты і інш.), нізкамалекулярныя біярэгулятары (вітаміны, гармоны, прастагландзіны, антыбіётыкі, ферамоны і інш.); сінт. біялагічна актыўныя злучэнні, у т. л. лекі, пестыцыды, гербіцыды і інш. Спалучае аналіз хім. структуры, прасторавай будовы арган. злучэння з яго сінтэзам, мадыфікацыяй і вывучэннем хім. дзеяння ў сувязі з біял. функцыямі.

Склалася на мяжы біяхіміі і арган. хіміі, з’явілася лагічным працягам хіміі прыродных злучэнняў. Найб. значныя этапы станаўлення біяарганічнай хіміі: адкрыццё α-спіральнай структуры бялкоў (Л.​Полінг), вызначэнне хім. будовы нуклеатыдаў (А.​Тод), амінакіслотнай паслядоўнасці інсуліну (Ф.​Сенгер), працы па канфармацыйным аналізе біялагічна актыўных злучэнняў (Д.​Бартан, У.​Прэлаг), поўны хім. сінтэз рэзерпіну, хларафілу, вітаміну B12 (Р.​Вудвард). У Расіі і СССР уплыў на развіццё біяарганічнай хіміі зрабілі працы А.​М.​Бутлерава, М.​Дз.​Зялінскага, А.​Е.​Арбузава, У.​М.​Радыёнава, А.​М.​Белазерскага, І.​М.​Назарава, М.​А.​Праабражэнскага, М.​М.​Шамякіна, Ю.​А.​Аўчыннікава і інш. У 1960—70-я г. пачалі выкарыстоўваць у сінтэзе ферменты, напр., для камбінаванага хіміка-энзіматычнага сінтэзу гена (Г.​Карана). Энзімалагічныя метады сінтэзу далі магчымасць выбіральна ператвараць прыродныя злучэнні і атрымліваць новыя біялагічна актыўныя пептыды, алігацукрыды, нуклеатыды і нуклеінавыя кіслоты. У 1970—80-я г. інтэнсіўна развіваюцца сінтэз алігануклеатыдаў і генаў, мембраналогія, аналіз структуры складаных бялкоў, сярод якіх трансаміназа, β-галактазідаза, ДНК-залежная РНК-полімераза, γ-глабуліны, інтэрфероны і мембранныя бялкі (адэназінтрыфасфатаза, бактэрыярадапсін, цытахромы P-450); даследуюцца будова і механізм дзеяння нейрапептыдаў — рэгулятараў вышэйшай нерв. дзейнасці. Біяарганічная хімія звязана з практычнай медыцынай і сельскай гаспадаркай (стварэнне імунахім. сродкаў мікрааналізу біялагічна актыўных рэчываў, сінтэз антыбіётыкаў, гармонаў, вітамінаў, стымулятараў росту раслін і рэгулятараў паводзін жывёл і насякомых), біятэхналогіяй, хім. і мікрабіял. прам-сцю. Спалучэнне метадаў біяарганічнай хіміі і геннай інжынерыі дало магчымасць атрымаць інсулін чалавека, інтэрферон, гармон росту чалавека і інш. біялагічна актыўныя злучэнні бялкова-пептыднай прыроды.

На Беларусі развіццё біяарганічнай хіміі пачалося пасля ўтварэння ў 1974 Ін-та біяарган. хіміі АН на чале з А.​А.​Ахрэмам. Вывучаюцца і даследуюцца: структуры і функцыі бялкоў, ферментаў, нуклеінавых кіслот і нізкамалекулярных біярэгулятараў (стэроідных гармонаў, прастагландзінаў), тонкі арган. сінтэз пестыцыдаў, лек. прэпаратаў і іншых фізіялагічна актыўных біяхім. злучэнняў. Даследаваны: біяхім. ўласцівасці стэроідаў і прастагландзінаў (Ахрэм, Ф.​А.​Лахвіч, У.​А.​Хрыпач), стэроідных і бялковых гармонаў (А.​А.​Стральчонак), нуклеатыдаў і нуклеазідаў (І.​А.​Міхайлопула), механізмы дзеяння акісляльна-аднаўляльных ферментных сістэм і іх мадэлявання (Дз.​І.​Мяцеліца, С.​А.​Усанаў), структура і арганізацыя мембранна-звязаных ферментаў (В.​Л.​Чашчын), таксама сінтэз новых лек. прэпаратаў на аснове гетэрацыклічных злучэнняў (Л.​І.​Ухава) і інш.

Літ.:

Овчинников Ю.А. Биоорганическая химия М., 1987;

Дюга Г., Пенни К. Биоорганическая химия: Хим. подходы к механизму действия ферментов: Пер. с англ. М., 1983;

Бендер М., Бергерон Р., Комияма М. Биоорганическая химия ферментативного катализа: Пер. с англ. М., 1987.

Дз.​І.​Мяцеліца.

т. 3, с. 165

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Завіру́хамяцеліца’. Рус. дыял. завиру́ха, завирю́ха, заверю́ха, завертю́ха, укр. завірюха ’тс’, польск. zawierucha ’моцны вецер’. Улічваючы паўсюднае пашырэнне ў рус. гаворках, гэта ці польск. і ўсх.-слав. агульнае слова, ці слова, што распаўсюдзілася ў польск. з усх.-слав. «крэсаў». Утворана з суф. у́ха, відаць, ад дзеяслоўнай асновы (Сцяцко, Афікс. наз., 72), але не зусім ясна якой. Рус. варонеж. завертюха, відаць, ад завертеть, але патрэбы ў выпадзенні ‑т‑ (> ‑ц‑) у іншых выпадках няма; адпаведнага ж значэння ў дзеяслова завирать у рус. дыялектах і самога дзеяслова ў бел. не зафіксавана (апрача, магчыма, завира́ть арханг. ’згортваць, закручваць’, варонеж. ’аплятаць лапці вяроўкай’).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

кружы́ць

1. drhen vt, im Kreis(e) drhen;

2. (рухацца па крузе) Krise zehen*, krisen vi;

я́страб кру́жыць der Hbicht zieht Krise;

3. (пра мяцеліцу, завею) wrbeln vi;

мяце́ліца кру́жыць der Schnesturm wrbelt;

4. (блукаць) umhr¦irren vi (s);

гэ́та кру́жыць яму́ галаву́ das steigt ihm zu Kopf

Беларуска-нямецкі слоўнік (М. Кур'янка, 2010, актуальны правапіс) 

storm1 [stɔ:m] n.

1. бу́ра, шторм;

a snowstorm завіру́ха, замяту́ха, мяце́ліца, заве́я

2. (of) вы́бух, град, бу́ра (чаго-н.);

a storm of applause бу́ра во́плескаў;

a storm of laughter вы́бухі сме́ху;

a storm of criticims град крыты́чных заўва́г

3. мо́цнае хвалява́нне;

a poiltical storm паліты́чныя хвалява́нні;

stir up a storm узня́ць бу́ру

a storm in a teacup бу́ра ў шкля́нцы вады́;

take smth. by storm узя́ць што-н. шту́рмам

Англійска-беларускі слоўнік (Т. Суша, 2013, актуальны правапіс)

КІНЕ́ТЫКА ХІМІ́ЧНАЯ,

вучэнне аб скарасцях і механізмах хім. рэакцый; раздзел фізічнай хіміі.

К.х. вызначае часавыя заканамернасці працякання рэакцый хімічных, эмпірычную сувязь паміж скорасцю рэакцый і ўмовамі іх правядзення (канцэнтрацыяй рэагентаў, т-рай, ціскам, фазавым станам і інш.), выяўляе фактары, што ўплываюць на скорасць і напрамак рэакцыі (каталізатары, ініцыятары, інгібітары і інш.). К.х. вывучае таксама механізмы складаных хім. працэсаў: высвятляе, з якіх простых хім. рэакцый (элементарных стадый) складаецца хім. працэс, як гэтыя рэакцыі звязаны адна з адной, якія прамежкавыя прадукты ўтвараюцца і ўдзельнічаюць у хім. працэсе, устанаўлівае ролю лабільных прамежкавых часціц (атамаў, свабодных радыкалаў, іонаў, актыўных комплексаў і інш.) у элементарных рэакцыях. Для рашэння гэтых задач у К.х. выкарыстоўваюць хім. і фіз.-хім. метады аналізу зыходных рэчываў і прадуктаў пераўтварэнняў, матэм. метады для тэарэт. абагульненняў, а таксама дасягненні хім. тэрмадынамікі, атамнай і малекулярнай фізікі, аналіт. хіміі, квантавай механікі.

Першыя даследаванні скорасці хім. рэакцый у 1870-я г. праведзены М.А.Мяншуткіным. У 1930-я г. фізікахімікі амер. Г.​Эйрынг і англ. М.​Паляні на базе квантавай механікі і статыст. фізікі стварылі тэорыю абс. скарасцей рэакцый, М.М.Сямёнаў і С.Н.Хіншэлвуд — тэорыю ланцуговых працэсаў. Значны ўклад у развіццё кінетыкі ланцуговых рэакцый зрабілі сав. фізікахімікі В.​М.​Кандрацьеў, М.М.Эмануэль. Тэарэт. канцэпцыі і кінетычныя даныя К.х. выкарыстоўваюць пры стварэнні схем складаных хім. працэсаў, аналізе пытанняў будовы хім. злучэнняў і іх рэакцыйнай здольнасці, для вырашэння тэхнал. і тэхн. задач.

Літ.:

Эйринг Г., Лин С.Г., Лин С.М. Основы химической кинетики.: Пер. с англ. М., 1983;

Денисов Е.Т. Кинетика гомогенных химических реакций. 2 изд. М., 1988;

Химическая кинетика и цепные реакции. М., 1966.

Дз.​І.​Мяцеліца.

т. 8, с. 269

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ве́яць, вею, вееш, вее; незак.

1. што. Ачышчаць збожжа ад мякіны веялкай. Бацька [сына] за вароты вывеў, махнуў рукою і пайшоў збожжа веяць. Каваль.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Дзьмуць (пераважна пра слабы вецер). У голым полі веяў халаднаваты ветрык. Гарэцкі. Вее ў твар Цёплы вецер вясны. Звонак. // Віхрыцца, круціць. Зіма, на дварэ мяцеліца вее, Халодныя песні заводзіць віхор. Купала.

3. пераважна безас., чым. Абдаваць павевам чаго‑н. (цеплыні, паху і пад.). На дварэ зусім сцямнела. Цёплай вільгаццю веяла ад ракі. Чарнышэвіч. Зноў над роднаю зямлёю Вее водарам хмельным, вясновым. Гілевіч. // перан.; безас. Распаўсюджвацца, перадавацца. Ад слоў бацькі, як і заўсёды, вее стрыманай ласкай і клопатам. Васілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)