або́йма, ‑ы ж.

1. Металічная рамка для патронаў, якая ўстаўляецца ў магазінную каробку агнястрэльнай зброі. Абойма патронаў. □ У кішэнях падпальшчыкаў ляжалі пісталеты, абоймы з патронамі. Новікаў. // Колькасць патронаў у такой рамцы. Выпусціць абойму патронаў.

2. Дэталь, прыстасаванне ў выглядзе скабы. абруча і пад., якія служаць для змацавання частак машын, збудаванняў і пад. Жале заве тонкая абойма.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кля́мка, ‑і, ДМ ‑мцы; Р мн. ‑мак; ж.

Прыстасаванне, з дапамогай якога адчыняюць і зачыняюць дзверы. [Рашчэня] націснуў на язычок клямкі і крануў локцем брамку. Пальчэўскі. Міхал паціснуў клямку і пераступіў парог сянец. Васілевіч. // Дзвярная зашчэпка, якая надзяваецца на прабой і прыціскаецца замком або затычкай. Спяшаючыся, [Пракоп] зашчапіў дзверы на клямку і заткнуў у прабой дубовы калок-затычку. Якімовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

крыжаві́на, ‑ы, ж.

1. Дзве планкі, два брусы і пад., змацаваныя ў форме крыжа. Крыжавіна рамы. □ Пры ўваходзе ў горад на ўсіх вуліцах былі пастаўлены крыжавіны з рэек і ўкапаны надаўбні. Сабаленка.

2. Прыстасаванне на месцы перасячэння рэйкавых пуцей для пераводу цягніка на другі пуць. Грукаючы на крыжавінах, цягнік прайшоў міма ўваходных стрэлак, паступова суцішаючы ход. Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

валаку́ша, ‑ы, ж.

1. Прымітыўнае прыстасаванне для перавозкі грузаў канём ва ўмовах бездарожжа — дзве доўгія, змацаваныя папярочкамі аглоблі, канцы якіх цягнуцца па зямлі. Да стога [сена] падцягвалі дзвюма валакушамі — таўставатымі жардзінамі, якія былі прымацаваны да гужоў. Асіпенка.

2. Агульная назва сельскагаспадарчых прылад для зграбання сена, саломы, выраўноўвання паверхні раллі і сенажаці.

3. Невялікі невад для лоўлі дробнай рыбы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

лато́к, ‑тка, м.

1. Адкрыты прылавак для гандлю на вуліцы. Змітрок спыніўся, потым падышоў да латка, дзе прадаваліся папяросы. Ваданосаў.

2. Тое, што і латак (у 1 знач.). Алёша прыпыняе камбайн і любуецца, як цераз латок льецца з бункера ў скрыні жывы і вясёлы струмень збожжа. Шамякін.

3. Прыстасаванне ў выглядзе каўша, карыта для прамыўкі пароды пры разведачных работах.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ле́йка 1, ‑і, ДМ лейцы; Р мн. леек; ж.

1. Прыстасаванне ў выглядзе конуса з вузкай трубкай для пералівання і фільтравання вадкасцей.

2. Тое, што і палівачка.

3. Спец. Чарпак для вылівання вады.

ле́йка 2, ‑і, ДМ лейцы; Р мн. леек; ж.

Від вузкаплёначнага фотаапарата. З «лейкай» цераз плячо, спяваючы, па лесвіцы збягала дзяўчына. Алешка.

[Ням. Leica (скарачэнне слова Leitz-Camera — па назве фірмы Leitz).]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

малато́к, ‑тка, м.

1. Ручны інструмент, прызначаны для забівання, кляпання і пад., у выглядзе металічнага або драўлянага бруска рознай формы, насаджанага на ручку пад прамым вуглом. Шавецкі малаток. Мулярскі малаток. □ На дварэ стараставай сядзібы шорхаў гэбель, шыпела піла, стукалі малаткі. Самуйлёнак.

2. Спец. Прыстасаванне, механізм ударнага дзеяння. Адбойны малаток.

•••

З малатка (уст.) — з аўкцыёну (прадаць, пусціць, пайсці і пад.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перапра́ва, ‑ы, ж.

1. Дзеянне паводле дзеясл. пераправіць ​2 (у 1 знач.); пераход, пераезд (звычайна цераз раку). З кожным крокам пераправа станавілася ўсё больш небяспечнай. Краўчанка.

2. Месца, дзе перапраўляюцца на другі бераг. Звярнуўшы налева, аўтобус стаў у доўгую чаргу машын каля пераправы. Грахоўскі. // Спецыяльнае збудаванне, прыстасаванне, якое дае магчымасць пераправіцца на другі бераг. Навесці пераправу. Пантонная пераправа.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пры́вязь, ‑і, ж.

1. Вяроўка, рэмень, ланцуг і пад., якімі прывязваюць, прымацоўваюць каго‑, што‑н. Ласяня тупала каля дубка, нарабіла сарвацца з прывязі. С. Александровіч. Прыгледзеўшыся, .. [Андрэй] убачыў, што хтось адвязвае цялё, якое пасвілася на прывязі. Дуброўскі.

2. Прыстасаванне для прывязвання жывёлы на адкрытым месцы. Разагнацца не было дзе. Я аб’ехаў вакол прывязі. Якімовіч.

•••

Трымаць язык на прывязі гл. трымаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

радыя́тар, ‑а, м.

1. Прыстасаванне для ахаладжэння вады або масла, паветра ў маторах аўтамабіляў, трактараў, самалётаў і пад. Паветрана-масляны радыятар. □ Шафёр заліў ваду ў радыятар, і машына памчала далей. Кулакоўскі.

2. Награвальны прыбор цэнтральнага ацяплення, які ўяўляе сабой сістэму труб з гарачай вадой або парай унутры. Нішто не перашкаджае цяпер думаць дома, грэючы спіну каля радыятара. Шамякін.

[Ад лац. radio — выпраменьваю.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)