Асігна́цыя. У Гарб. адзначана assignatio ў розных значэннях: ’распараджэнне, квітанцыя, прызначэнне’. Рус. ассигнация (у канцы XVII ст. з польскай — Вінаградаў, Очерки, 51; Шанскі, 1, А, 161), укр. асигнація, паводле Паўтарака, як і беларускае, з польскай, дзе з заходнееўрапейскіх (Бел. лекс., 153), польск. asygnacja мае крыніцай лац. assignatio. Слова asygnować сустракаецца ў польскай з XVI ст.; цалкам верагодна, што бел. асігнаваць сапраўды з полькай, калі гэта слова сустракалася ў старабеларускай, што, аднак, невядома. Асигнация ў стараўкраінскай вядома з канца XVIII ст. у кантэксце, які ўказвае на рускую крыніцу запазычання (рускія асігнацыі былі ў хаду з 1796 да 1843 г.). Да XVII ст. asygnacja не засведчана і ў польскіх слоўніках. Таму можна дапускаць, што асігнацыя запазычана з рускай мовы ў канцы XVIII — пачатку XIX ст.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Басурма́н 1 ’басурман’, ст.-бел. бесурман, бесурмянин, бусурмянин (Булыка, Запазыч.), рус. басурма́н, бусурма́н, ст.-рус. бесерменин, бесурменин, укр. басурма́н, бусурман. Запазычанне з цюрк. моў, дзе адпаведнае слова азначае ’мусульманін’. Параўн. тат., казах. musulman, тур. müslim, müslüman, müsürman, кірг., кумык., балкар. busurman (цюрк. словы з перс.). Меліаранскі, ИОРЯС, 10, 4, 113–116; Шэльд, Slavia, 2, 290; Фасмер, 1, 132; Дзмітрыеў, Тюрк. эл., 19 (< тат.); Шанскі, 1, Б, 54 (падтрымлівае тат. версію); Рудніцкі, 270–271, гл. яшчэ Сольмсен, KZ, 37, 590. Варыянт тыпу бесурман і пад. лічыцца запазычаннем з цюрк. дыял. варыянта (гл. Фасмер, 1, 160). Параўн. басурма́н 2.
Басурма́н 2 ’заняпалы чалавек’ (Касп.). Ужыванне ў якасці экспрэсіўнага слова басурма́н 1 (гл.) ’мусульманін’. Таксама і ў іншых мовах. Параўн. рус. дыял. бусурма́н ’разбойнік’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Бурда́ 1 ’бурда, нясмачная яда’ (БРС, Бяльк., Нас., Шат., Касп.). Рус. бурда́, укр. бурда́. Лічыцца запазычаннем з цюрк. моў: тат. burda ’мутны напітак’. Міклашыч, Türk. El., Nachtr., 1, 18; Праабражэнскі, 1, 53; Фасмер, 1, 244; Рудніцкі, 259. Старая версія (ад народнага бурда́ ’чырвонае віно’ < франц. Bordeaux) не пераконвае (гл. Фасмер, 1, 244; Рудніцкі, 259). Шанскі (1, Б, 230) памылкова адносіць да гэтай групы слоў і польск., чэш. burda ’скандал, сварка’ (гэтыя словы зусім іншага паходжання, гл. Махэк₂, 77; Рудніцкі, 258).
Бурда́ 2 ’грыжа, пухліна’ (Нас.). Слова не вельмі яснага паходжання. Магчыма, трэба параўноўваць з рус. дыял. (кур., арл., разан.) бу́рды ’мясісты нарост у птушак пад ніжняй чэлюсцю; хахалкі ў курэй; другі падбародак’. Усё, магчыма, звязана з асновай бурд‑ (гл. бурды́ль). Першапачаткова ’пухір, бурбалка’?
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Ве́ча ’веча, сход, на якім вырашаліся грамадскія і дзяржаўныя пытанні ў некаторых гарадах старажытнай Русі’ (КТС, БРС, Яруш.). Укр. віче, рус. вече, пск., наўг. веча́ ’тс’, пск. веча́ть ’крычаць’; ’выдаваць глухі гук’, ст.-рус. вѣче ’веча’; ’тайнае зборышча, загавор’; ’прамова, угаворванне, саромленне, павучанне, прыгавор’, арханг. вечь ’галашэнне’; ’сход’, польск. wiec ’веча, мітынг’, wiecować ’кіраваць’, ст.-чэш. věce, славен. věča ’вясковы суд, судовая справа’; ’падатак’, серб.-харв. ве́ће ’веча, нарада, савет’, ст.-слав. вѣще ’нарада’. Прасл. věti̯o, да веціць (гл.); параўн. яшчэ ст.-рус. вѣтъ ’нарада’, ст.-чэш. аорыст věce ’сказаў’ і ст.-прус. wayte ’вымаўленне’, waitāt ’гаварыць’. Гл. Міклашыч, 387; Праабражэнскі, 1, 109; Траўтман, Altpreuß., 353; Траўтман, 339; Фасмер, 1, 308; Брукнер, 614; Голуб-Копечны, 414; Махэк₂, 687; Шанскі, 1, В, 81; КЭСРЯ, 78.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Восем (БРС, Яруш., Бяльк., КТС, Шат.). Рус. во́семь, укр. ві́сім, ст.-рус., ст.-слав. осмь ’восем’, балг. о́съм, серб.-харв. о̏сам, славен. ósem, чэш. osm, славац. osem, польск. ośm, в.-луж. wosom, н.-луж. wosym. Прасл. *osmь ’восем’ — новаўтварэнне ад osmъ ’восьмы’, падобна šestь : šestъ, devętь : devętъ і г. д. (Праабражэнскі, 1, 99; Фасмер, 1, 231). І.‑е. *ok̑tō(u); параўн. літ. aštuonì, лат. astuôni, ст.-інд. aṣṭā́u, aṣtã́, авест. ašta, арм. utʼ, грэч. ὀκτώ, лац. octō, гоц. ahtáu, ірл. ocht, тахар. okadh (Траўтман, 15; Торп, 8; Майргофер, 1, 63). У і.-е. *ok̑tōu ’восем’ бачаць форму пар. л. ад *oketā ’барана’, першапачаткова ’чатырохзубая’ (літ-ру гл. Фасмер, там жа). Гл. таксама Махэк₂, 419; Шанскі, 1, В, 170; Супрун, Числит., 11 і наст.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Вяршы́ць ’складваць, канчаць стог, сцірту’ (Выг., КТС), (перан.) ’вырашыць чый-небудзь лёс’ (БРС), укр. вершити ’вяршыць’; ’насыпаць звыш краёў’, рус. вершить ’канчаць складваць стог, снапы (на возе), верх страхі’; ’вырашаць лёс’, польск. wierszyć ’укладваць спадзісты верх, страху’; ’мець першаснасць перад кім-небудзь’, чэш. vršiti ’складваць у вышыню, збіраць у кучу’, славац. vŕšiť ’кідаць, укладваць у кучу’; ’узвышацца’; ’заканчваць’, славен. vršíti ’тс’, серб.-харв. вр́шити ’выконваць, рабіць, вяршыць’, макед. врши ’выконваць, рабіць’; ’малаціць’; ’дамаўляцца на заручынах’, балг. върша ’выконваць, рабіць, прызначаць’, върше́я ’малаціць’. Прасл. vьršiti ’канчаць, завяршаць, рабіць што-небудзь, рабіць верх’, якое мела ў прасл. мове яшчэ значэнне ’малаціць з дапамогай скаціны’ (Выгонная, Лекс. Палесся, 83–87; Скок, 3, 624; БЕР, 1, 214; Шанскі, 1, В, 71; Булахоўскі, Труды ИРЯ, 1, 1949, 183).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Галу́шка 1 ’галушка’ (БРС, Касп., Нас., Сцяшк. МГ), таксама ’шарык, галачка’ (Касп.). Рус. галу́шка, укр. галу́шка, польск. gałuszka (hałuszka; гэты апошні варыянт запазычаны з укр.; гл. Брукнер, 133). Адносіны паміж асобнымі словамі ў слав. мовах даволі складаныя. Рус. слова лічыцца запазычаннем з укр. (гл. Шанскі, 1, Г, 20). Укр. галушка, паводле Шанскага (там жа), хутчэй за ўсё ўзята з польск. мовы (gałuszka < gała). Штосьці пэўнае адносна бел. слова сказаць цяжка, бо няма дастатковых даных адносна гісторыі гэтай лексемы. Аб слове галу́шка ў бел. дыялектах гл. падрабязна Сцяц. Нар., 36–37, які адзначае, што як назва стравы слова галушкі малаўжывальнае і часцей яно сустракаецца ў форме галушка (адз. л.) са значэннем мучнога шарыка ў зацірцы.
Галу́шка 2 ’звязка апрацаванага лёну’. Гл. галу́шка 1.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Жніво́ жні́ва ’уборка збожжа; ураджай’ (ТСБМ), жнітво́ (в.-дзвін., Шатал.). Рус. абл. жнива́ ’час уборкі’, дыял. жни́во́ ’жніво’, укр. жни́во, жнива́ ’тс’, польск. żniwo ’тс’, н.-луж. уст. žnivo, чэш., славац. žnivo ’тс’, балг. дыял. жни́во ’зжатае збожжа’. Ст.-рус. жниво (XVI ст.). Ц.-слав. жьниво (Міклашыч, Lex. palaeosl.). Як бел. словаўтварэнне разглядае Сцяцко (Афікс. наз., 41), але слова мае прасл. характар, калі ўлічыць яго агульнаслав. пашырэнне. Ад кораня žьn‑ (жаць 1) з суфіксам i‑v‑о (гл. пра суфікс Мейе, Études, 371–373). Шанскі (1, Д, Е, Ж, 295) лічыць, што гэта адсубстантыўнае ўтварэнне, указваючы на вытворнасць ад *žьnь (параўн. чэш. žeň ’жніво’), аднак, магчыма, і аддзеяслоўнае (як ст.-слав. сѣчиво ад сѣк‑ѫ, тѧтива ад тѧт‑и). Параўн. яшчэ. ст.-рус. жнитво, жнитва.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Звіне́ць ’утвараць металічны гук’. Рус. звенеть, укр. дзвеніти, звеніти, палаб. znane ’звініць’ (3 ас.), славен. zvę́niti. Ст.-слав. звенѣти. Ст.-рус. звенѣти. Ст.-бел. звинети (Скарына). Прасл. zvьnčti (або zvъněti, Копечны, Zákl. zásoba, 430) > чэш. zníti, славац. znieť ’звінець’ і інш. Прасл. слова мае спрэчныя суадносіны з і.-е. (Фасмер, 2, 86–88; Шанскі, 2, З, 77; Голуб-Копечны, 438). Першая магчымасць: zvьněti < і.-е. *gʼhu̯en‑ ’гучаць’: літ. žvéngti, лат. zvíegt ’іржаць’, алб. zē ’голас’ (Покарны, 1, 490; Траўтман, 374; Скок, 3, 668). Іншая магчымасць: і.-е. корань su̯en‑ ’гучаць’, ст.-інд. svanati ’гучыць’, лац. sono ’гучу’. Махэк₂ (717–718) пачатковае z замест s тлумачыць уздзеяннем зваць (гл.), звяк (гл.), які тады ўзводзіцца да *gʼhu̯en‑ (БЕР, 1, 623). Гл. звяга, звон, звяк.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Злы. Рус. злой, укр. злий ’тс’, польск., серб.-луж. zły ’кепскі, злы’, чэш., славац. zlý ’тс’, славен. zál, zèl ’злы’, ’някепскі’, серб.-харв. за̏о, балг. зъл, макед. зол. Ст.-слав. зълъ ’кепскі, злы’. Ст.-рус. зълый ’кепскі, злы’, ’варожы, грэшны’ (XI–XII стст.). Прасл. zъlъ, верагодна, мела значэнне ’кепскі’, адкуль потым развіваліся іншыя значэнні. Выводзяць з і.-е. *gʼhu̯el ’згінацца (у тым ліку духоўна)’, да якога адносяць іран. zūr ’хлусня’, ст.-грэч. φαλός ’дурны’, φῆλος ’зманлівы’, лац. fallo ’падманваю’, літ. atžúlas ’цвёрды, злы’. Шанскі, 2, З, 95; Фасмер, 2, 99 (дзе і літ-ра); Махэк₂, 716; Скок, 3, 642–643; БЕР, 1, 663–664; Абаеў, Этимология, 1966, 252; Траўтман, 372–373; Покарны, І, 489–490. Пра ст.-бел. ужыванне слова гл. Булахаў, Прыметнік, 3, 87–89.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)