парадак базідыяльных грыбоў. Уключае 2 сям. — устылягавыя і тылецыевыя, больш за 50 родаў, каля 1000 відаў. Пашыраны амаль па ўсім зямным шары. На Беларусі трапляюцца каля 100 відаў з 7 родаў (сараспорый, тылецыя, тэкафора, урацысціс, устыляга, энталома, энтарыза).
Звычайна спецыялізаваныя паразіты вышэйшых травяністых раслін: пашкоджваюць толькі пэўныя віды і нават асобныя сарты, выклікаюць спецыфічнае захворванне пераважна збожжавых злакаў — галаўню. У цыкле развіцця галаўнёвых грыбоў 3 стадыі (фазы): гаплоідная (кароткачасовая, базідыяспоры і першасны міцэлій), дыкарыятычная (працяглая, другасны паразітны міцэлій) і дыплоідная (вельмі кароткая, спелыя хламідаспоры). Міцэлій шматклетачны, бясколерны, мае гаўсторыі, з дапамогай якіх грыбы жывяцца. Міцэлій можа пранізваць розныя органы раслін, дзе ўтвараюцца спляценні з круглаватымі двух’ядравымі спорамі (хламідаспоры), якімі грыбы размнажаюцца. У некат. відаў утвараюцца спаракучкі з 40—50 і больш спораў. Хламідаспоры маюць ахоўную абалонку і здольныя пераносіць высушванне, захоўваюць жыццядзейнасць на працягу 20 і больш гадоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГВАЗДЗІКО́ВЫЯ (Caryophyllaceae),
сямейства кветкавых двухдольных раслін з парадку гваздзікакветных (Caryophyllales). Каля 80 родаў і больш за 2000 відаў. Пашыраны ўсюды, пераважна ва ўмераных і арыдных абласцях Паўн. паўшар’я, асабліва ў Міжземнамор’і і Ірана-Туранскай фларыстычнай вобласці. На Беларусі 25 родаў (найб. вядомыя вапнаўка, галадок, гваздзік, гладун, зорка, зоркаўка, куколь, мыльнік, пясчанка, светнік, свінакроп, смалёўка, смалянка, смолка, ясколка) і больш за 70 відаў. Некат. з іх занесены ў Чырв. кнігу Рэспублікі Беларусь. Растуць у лясах, хмызняках, на лугах, балотах, палях, па берагах рэк.
Шмат- або аднагадовыя травяністыя расліны, рэдка паўкусты і кусты. Лісце простае, звычайна суцэльнае, супраціўнае, найчасцей без прылісткаў. Кветкі ў рознага тыпу суквеццях, рэдка адзіночныя, двухполыя ці аднаполыя, 5-членныя, з двайным калякветнікам ці без пялёсткаў, апыляюцца насякомымі. Завязь верхняя. Плады розных тыпаў (звычайна каробачка, арэшка- ці ягадападобныя). Лек., тэхн., меданосныя, харч., кармавыя і каштоўныя дэкар. расліны, некат. віды — ядавітыя і пустазелле.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДОМАБУДАЎНІ́ЧЫ КАМБІНА́Т (ДБК),
будаўніча-мантажная арг-цыя, якая вырабляе зборныя жалезабетонныя канструкцыі жылых дамоў, транспартуе іх на буд. пляцоўкі, манціруе з іх будынкі і здае заказчыку цалкам гатовымі да эксплуатацыі. Структура кіравання ДБК залежыць ад яго магутнасці, умоў дзейнасці і да т.п. У арг-цыі такога тыпу рэалізуецца гал. перавага — магчымасць увязвання ў адзіны тэхнал. працэс дзейнасці ўсіх спецыялізаваных падраздзяленняў, таму ў шэрагу ДБК няма буд.-мантажных упраўленняў. Асн.вытв. падраздзяленні — пастаянна дзеючыя ўчасткі, якія выконваюць буд., сан.-тэхн., электрамантажныя і інш.віды работ.
Аснову базы індустр. домабудаўніцтва Рэспублікі Беларусь складаюць 28 з-даў буйнапанэльнага домабудаўніцтва з агульнай магутнасцю 3198; 3 тыс.м² агульнай плошчы жылля за год, або 2430,6 тыс.м³ зборнага жалезабетону (1996). Першы ДБК у краіне створаны ў Мінску ў 1960. Камбінаты падпарадкоўваюцца Мін-ву архітэктуры і буд-ва Рэспублікі Беларусь. Гл. таксама Аб’ёмнаблочнае домабудаванне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАМАВЫ́Я ГРЫБЫ́,
група базідыяльных дрэваразбуральных грыбоў, якія выклікаюць гнілі драўніны ў будынках. Пашыраны па ўсім зямным шары. Каля 70 відаў; на Беларусі каля 20. Найб. шкодныя Д.г.: сапраўдны, белы, плеўкавы, пласціністы, шпалавы, плотавы, дубовая губка, а таксама віды з роду фібрапорыя, глеяфіл, фамітопсіс і інш. Пры спрыяльных умовах яны здольны за 1—2 гады цалкам разбурыць пашкоджаныя канструкцыі будынкаў і выклікаць бурую дэструктыўную гніль. Больш устойлівая да пашкоджання Д.г. драўніна дубу, каштану, белай акацыі, чырвонага дрэва.
Міцэлій Д.г. разгалінаваны, утварае на паверхні драўніны павуціністыя або камякападобныя плеўкі, шнуры і ватападобныя або лямцавыя ўтварэнні. Пладовыя целы развіваюцца рэдка. Заражэнне драўніны адбываецца базідыяспорамі (жыццяздольныя некалькі гадоў), міцэліем, рэшткамі пашкоджанай драўніны. Унутры будынкаў Д.г. хутка распаўсюджваюцца пры дапамозе міцэліяльных шнуроў. Развіццю Д.г. спрыяе вільготнасць і застаялае паветра. Меры барацьбы: прафілактычныя і антысептычная апрацоўка.
Літ.:
Головко А.И. Домовые грибы и меры борьбы с ними. Мн., 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАМА́ШНЯЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,
вытворчасць у сял. гаспадарцы прадуктаў для асабістага карыстання, якія вырабляюцца з сыравіны, што здабываецца ў гэтай жа гаспадарцы. У большасці народаў узнікла ў эпоху першабытнаабшчыннага ладу з фарміраваннем асн. галін вытв. дзейнасці — земляробства і жывёлагадоўлі. Развіццё залежала ад мясц. умоў і наяўнай сыравіны. Найб. раннія і універсальныя віды Д.п. — апрацоўка і выраб скуры, лямцу, дрэва, кары, вяровак, віццё кошыкаў, сетак, пасудзін з сцёблаў, валасоў, валакна і інш. сыравіны стала пачаткам развіцця тэкстыльнай прам-сці. Пляценне з валакна дало пачатак прадзенню, потым ткацтву. Вялікае гасп. значэнне мела ганчарства. Д.п. была састаўной часткай эканомікі дакапіталіст. спосабаў вытв-сці. Злучэнне сял. промыслаў з патрыярхальным натуральным земляробствам было тыповым для сярэдневякоўя. У эпоху развітога феадалізму Д.п. перарасла ў рамяство. У сучасных умовах Д.п. захавалася ў некат. раёнах Афрыкі, Цэйлона, Індыі, Лацінскай Амерыкі і інш. На тэр. Беларусі сустракаецца ў выглядзе нар. промыслаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДВАЯКАДЫ́ХАЛЬНЫЯ (Dipnoi або Dipneustomorpha),
надатрад лопасцяпёрых рыб. 1 сучасны атр. рагазубападобныя (Ceratodiformes), 2 сям., 6 відаў. Вядомы з сярэдняга дэвону. Жывуць у прэсных слабапраточных вадаёмах, якія перасыхаюць, Паўд. Амерыкі (амерыканскі лускаўнік, або лепідасірэн — Lepidosiren paradoxa), трапічнай Афрыкі (4 віды пратоптэраў — Protopterus) і Паўн.-Усх. Аўстраліі (рагазуб — Neoceratodus forsteri). У засуху лепідасірэн і пратоптэры ўпадаюць у спячку.
Макс. даўж. каля 2 м, маса каля 10 кг. Цела падоўжанае, сціснутае з бакоў ці вугрападобнае У Д. жабернае і лёгачнае дыханне (адсюль назва), замест плавальнага пузыра «лёгкае», што дазваляе дыхаць атм. паветрам. Прымітыўныя асаблівасці: целы пазванкоў адсутнічаюць, хорда захоўваецца ўсё жыццё, сэрца з артэрыяльным конусам, кішэчнік са спіральным клапанам, верхняя сківіца зрошчана з чэрапам (аўтастылія). Ёсць унутр. ноздры (хааны), «лёгачны» кровазварот, ніжняя полая вена, перадсэрдзе часткова падзелена на правую і левую часткі. Нераст у перыяд дажджоў. Кормяцца беспазваночнымі, рыбамі, земнаводнымі. Пратоптэры і лускаўнік — аб’екты промыслу. Рагазуб ахоўваецца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖА́ВАРАНКІ,
птушкі сям. жаваранкавых атр. вераб’інападобных. 15 родаў, 78 відаў. Пашыраны пераважна ў Еўразіі, Афрыцы, Паўд. Амерыцы, Аўстраліі. Жывуць на адкрытых прасторах: палях, стэпах, горных лугах, радзей лясных палянах і інш. Ж. разуанскі (Calandrella razae) занесены ў Чырв. кнігу МСАП. На Беларусі 4 віды: Ж. лясны (Lullula arborea), Ж. палявы (Alauda arvensis) — звычайныя пералётныя птушкі: Ж. чубаты (Galerida cristata), нар. назвы смяцюх, сметнік — аселы, найб. шматлікі на Пд; Ж. рагаты (Eremophila alpestris) — пралётны.
Даўж. цела 11—25 см, маса 15—70 г. Целасклад моцны. Ногі кароткія, на заднім пальцы шпорападобны кіпцюр. Крылы доўгія. Афарбоўка апярэння зямлістая, валляка і грудзей — часта плямістая. Гнёзды на зямлі, нясуць 2—6 яец (некат. двойчы на год). Самцы многіх відаў у трапяткім палёце пяюць над гнездавой тэрыторыяй. Ж. чубаты можа імітаваць галасы інш. птушак. Кормяцца насякомымі, насеннем раслін.
аддзел ніжэйшых раслін. Вядома каля 560 відаў і ўнутрывідавых таксонаў. Пашыраны па ўсім зямным шары пераважна ў прэсных, некаторыя — у салёных вадаёмах і глебе. Планктонныя арганізмы, радзей бентасныя. На Беларусі адзначана больш за 50 відаў з 22 родаў: арахнахлорыс, афіяцытыум, батрыдыум, батрыдыёпсіс, вашэрыя, гетэротрыкс, гетэракокус, манодус плеўрахлорыс, трыбанема, тэтраэдрыела, харацыёпсіс і інш.
Аднаклетачныя, шматклетачныя, радзей каланіяльныя і цэнабіяльныя арганізмы разнастайнай формы. Рухомыя, плаваюць пасіўна або прымацаваныя. Колер ад светла- да цёмна-жоўта-зялёнага, рэдка зялёны або блакітны з-за наяўнасці ў хларапластах, акрамя хларафілу, вял. колькасці жоўтых пігментаў (ксантафілы, караціны). Клеткі адна-, радзей шматядравыя з абалонкай, радзей голыя. Крухмал, як запасное рэчыва, адсутнічае (характэрная прыкмета). Жыўленне пераважна аўтатрофнае. Размнажэнне вегетатыўнае, бясполае (зааспорамі, аўтаспорамі і інш.), рэдка полавае (іза- і аагамія). Аднаклетачныя рухомыя віды і зааспоры маюць 2 жгуцікі рознай даўжыні (адсюль другая назва).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАБРУ́ДЖВАЛЬНІКІ,
прыродныя (натуральныя) і антрапагенныя агенты (фіз. фактары, хім. рэчывы, біял.віды — пераважна мікраарганізмы і інш.), якія трапілі ў навакольнае асяроддзе або ўзніклі ў ім у колькасцях, што перавышаюць звычайныя, гранічныя ваганні ці сярэдні прыродны фон за вызначаны час (гл.Забруджванне навакольнага асяроддзя). Існуюць З. атмасферы, вод, глеб (гл. ў арт.Забруджванне атмасферы, Забруджванне вод, Забруджванне глеб). Адрозніваюць першасныя З., што непасрэдна ўтвараюцца ў натуральных, прыродна-антрапагенных і антрапагенных працэсах, і другасныя, якія выяўляюцца ў працэсе мадыфікацыі, распаду або пад уздзеяннем першасных. Асобныя агенты, што атрымліваюцца пры ўтварэнні небяспечных З. у фіз.-хім. працэсах, якія адбываюцца непасрэдна ў асяроддзі, могуць быць у месцах вытв-сці і выкарыстання няшкоднымі, але становяцца небяспечнымі пры іх міграцыі ў інш. геасферы (напр., фрэоны, хімічныя інертныя каля паверхні Зямлі, у стратасферы ўдзельнічаюць у фотахім. рэакцыях з утварэннем іона хлору, які з’яўляецца каталізатарам пры разбурэнні азонавага слоя планеты).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАТЫ́ (Felis),
род драпежных млекакормячых сям. кашэчых. Каля 20 падродаў, 31 від. Пашыраны ўсюды, акрамя Аўстраліі і Антарктыды. У Чырв. кнізе МСАП 8 відаў, 5 падвідаў. На Беларусі 1 від — рысь еўрапейская; занесена ў Чырв. кнігу.
Даўж. цела 46—197, хваста 15—91 см, маса 1,5—105 кг. Выш. ў крыжы большая за выш. ў плячах. Кіпцюры ўцяжныя (акрамя суматранскага К.). Афарбоўка густога футра рознага малюнку і адценняў: аднатонная, плямістая або паласатая. Нараджаюць звычайна 3—4 кацянят (зрэдку да 7), некат. віды — двойчы за год. Аб’екты промыслу, футра малакаштоўнае (акрамя рысі).
Свойскія К. (F. catus) паходзяць ад лівійскага падвіду дзікага К. Сталі хатнімі жывёламі 3—5 тыс.г. назад. Існуе каля 300 парод свойскіх К., якія адрозніваюцца даўж. і афарбоўкай поўсці. На Беларусі найб. пашыраны караткашэрсныя пароды, у т. л. руская блакітная, сіямская, з даўгашэрсных — персідская, сібірская і інш.