ганя́ць, -я́ю, -я́еш, -я́е; незак.

1. каго-што. Прымушаць каго-што-н. рухацца, перамяшчацца.

Г. кароў.

Г. хутка машыну.

2. каго. Даваць часта даручэнні (разм.).

Г. хлапчука па пошту.

3. што. Перакідваць, перакочваць з месца на месца.

Г. мяч.

4. перан., каго па чым. Правяраць веды па розных пытаннях вучэбнай праграмы (разм.).

Г. па матэматыцы.

5. без дап. (са словамі «ў поле», «на пасьбу»). Быць пастухом.

Цэлае лета ганяў у поле.

6. безас., каго. Быць дзе-н. (разм.).

І дзе цябе ганяе?

◊

Сабак ганяць (разм., неадабр.) — гультаяваць.

Толькі ваўкоў ганяць; хоць ваўкоў ганяй (разм.) — пра вялікае пустое або халоднае памяшканне.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

КАСТЭ́ЛЬ (ад франц. castel невял. замак),

сярэдневяковы замак, цытадэль з абарончымі сценамі, вежамі, жылымі карпусамі, храмам і ўнутр. дваром. Выконвалі ролю рэгіянальных цэнтраў абароны і місіянерства, былі месцам кірмашоў, збору падаткаў. Будавалі К. звычайна ў цяжкадаступным месцы, каля буйных населеных пунктаў, на мяжы заваяванай тэрыторыі, на гандл. шляхах ці скрыжаваннях стратэг. дарог.

Першыя К. паявіліся ў Стараж. Рыме — невял. прамавугольныя ў плане ўмацаванні, якія спалучалі формы рым. ваен. лагера з рысамі замка. Пасярэдзіне кожнага з 4 бакоў знаходзіліся брамы, што звычайна фланкіраваліся 2 вежамі. Вежы часта ўзводзілі і па вуглах умацавання. Памяшканні для жаўнераў і стайні прымыкалі да ўнутр. бакоў мураваных сцен або схілаў валоў. Пазней форму К. запазычылі візантыйцы і народы Зах. Еўропы. У 12—14 ст. іх узводзілі крыжакі і лівонскія рыцары ў Прыбалтыцы.

На Беларусі К. будавалі ў 13—1-й пал. 14 ст. для абароны ад крыжакоў. Яны адрозніваліся ад крыжацкіх большымі памерамі, узводзілі іх на невял. пясчаных выспах, ці штучных насыпах. Уяўлялі сабой пляцоўку, замкнёную высокімі (да 15—16 м) сценамі, змураванымі з палявога каменю, і 1—2 вежамі. З найб. небяспечных бакоў рабілі равы, якія часта абвадняліся. Гарнізонныя памяшканні будавалі з дрэва па ўнутр. баках сцен. Сярод пабудоў вылучаўся памерамі дом кашталяна (таксама драўляны). Пасярэдзіне К. выкопвалі 1—2 студні. Паводле планавай кампазіцыі да К. блізкія Лідскі замак і Крэўскі замак. У час варожых набегаў на замкавым двары знаходзілі паратунак жыхары навакольных вёсак.

Літ.:

Ткачев М.А. Замки Белоруссии. Мн., 1987.

М.​А.​Ткачоў.

т. 8, с. 158

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГІЛЁЎСКАЯ КА́ФЛЯ,

архітэктурна-дэкаратыўная кераміка 15 — пач. 20 ст., якую выраблялі цаніннікі з г. Магілёў. Кафля канца 15—16 ст. гаршковая, з круглым вусцем, некаторыя вырабы пакрыты знутры зялёнай палівай. Кафля канца 16—20 ст. каробчатая (тэракотавая, зялёная паліваная, паліхромная). У аздабленні паліхромнай кафлі 17 ст. выкарыстоўвалі белую, зялёную, блакітную, карычневую, жоўтую паліву. У канцы 16—1-й пал. 17 ст. выраблялі кафлю з двухпрыступкавай рамкай на вонкавай пласціне. Паводле тыпаў і прызначэння М.к. падзяляецца на сценавую, карнізную (простую, складаную і інш.), паясную, вуглавую, кафлі-перамычкі, гарадкі (каронкі). У аздабленні пашыраны расл. (выява букета кветак у вазе, дубовыя і лаўровыя лісты, бутон хмелю і інш.) і геам. (зігзагі, сетка, «рыбіна луска» і інш.) арнаменты, сюжэтныя, зааморфныя, геральдычныя, міфалагічныя выявы (ільвы, арлы, грыфоны, анёлы, коннікі, гербы і інш.). У трактоўцы расл. арнаменту, які часта спалучаўся з геам., адметны ўплыў маньерызму (вырабы канца 16—1-й пал. 17 ст.), барока (сярэдзіна — 2-я пал. 17 ст.). Некаторыя кафлі датаваныя. Кафлю канца 17 — пач. 18 ст. часта аздаблялі т.зв. дывановым арнаментам, рэльефнымі выявамі. Кафля канца 18—19 ст. мае гладкую вонкавую пласціну, пакрытую пераважна зялёнай палівай. У канцы 19 — пач. 20 ст. паверхню вонкавай пласціны аздаблялі складаным рэльефным малюнкам.

Літ.:

Володько Р.Ф. Белорусские изразцы. Мн., 1978;

Трусаў А.А., Чарняўскі І.М., Кукуня В.Р. Архітэктурна-археалагічныя даследаванні гістарычнага цэнтра Магілёва // Весці АН БССР. Сер. грамад. навук. 1983. № 5.

А.​А.​Трусаў, І.​М.​Чарняўскі.

Магілёўская кафля. Паліваная кафля з выявай картуша. 18 ст.

т. 9, с. 458

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПОЛІПЛАІДЫ́Я (ад грэч. polyploos шматразовы + eidos від),

эўплаідыя, спадчынная змена, звязаная з кратным павелічэннем колькасці храмасом у клетках арганізма. Найб. часта бывае ў раслін і прасцейшых, са шматклетачных жывёл — у дажджавых чарвей. Узнікае ў выніку парушэння разыходжання храмасом у мітозе ці меёзе пад уздзеяннем высокай або нізкай т-ры, іанізавальнага выпрамянення, хім. рэчываў (у прыродзе і ў эксперыменце). Пры П. бываюць адхіленні ад дыплоіднай колькасці храмасом у саматычных клетках і ад гаплоіднай — у палавых; могуць таксама ўзнікаць клеткі, у якіх кожная храмасома прадстаўлена тройчы (3n — трыплоіды), 4 разы (4n — тэтраплоіды), 5 разоў (5n — пентаплоіды) і інш. Адрозніваюць аўтаполіплаідыю (кратнае павелічэнне колькасці набораў храмасом аднаго віду), характэрную пераважна для відаў з вегетатыўным спосабам размнажэння (аўтапаліплоіды стэрыльныя з-за парушэння кан’югацыі гамалагічных храмасом у працэсе меёзу) і алаполіплаідыю (змена колькасці набораў храмасом на аснове міжвідавой гібрыдызацыі, пры якой звычайна адбываецца падваенне колькасці храмасом у бясплоднага дыплоіднага гібрыда і ён становіцца пладавітым). П. мае важнае значэнне ў эвалюцыі культурных і дзікарослых раслін, а таксама некат. груп жывёл (пераважна партэнагенет.). Паліплоіды часта характарызуюцца буйнымі памерамі, павышанай колькасцю шэрагу рэчываў, устойлівасцю да неспрыяльных фактараў навакольнага асяроддзя і інш. гасп. карыснымі адзнакамі. Яны з’яўляюцца важнай крыніцай зменлівасці і выкарыстоўваюцца як зыходны матэрыял для селекцыі (на аснове П. створаны высокаўраджайныя сарты с.-г. раслін, устойлівыя да хвароб). У шырокім сэнсе тэрмін «П.» азначае кратную (эўплаідыя) і някратную (анеўплаідыя) змены колькасці храмасом у клетках арганізма.

Р.​Г.​Заяц.

т. 12, с. 476

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

го, выкл., часта з паўтарэннем (го-го-го!).

1. Ужываецца для выражэння пачуццяў радасці, здзіўлення і пад. — Го, якая радасць! .. — пачуўся голас сувязнога. М. Ткачоў.

2. Ужываецца як прызыўнае слова, кліч. Яшчэ момант, і пачуўся нясмелы воклік. — Гого! — Го! — адгукнуўся дзед Талаш, пазнаўшы голас свайго Панаса. Колас.

3. Ужываецца гукапераймальна для выражэння грубага смеху. — Го-го! — рагочуць падлетні. Ракітны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

замы́ць, ‑мыю, ‑мыеш, ‑мые; зак., што.

1. Адмыць пляму, не мыючы ўсю адзежыну. Зажыць рукаў.

2. Сапсаваць, няўмела ці занадта часта мыючы. Замыць сукенку.

3. Змыць няроўнасці на пяску, зямлі і пад. (пра цякучыя воды). Гэткі дождж — любы след замые! Савіцкі. // Занесці пяском, жвірам вусце ракі, які‑н. прадмет на дне ракі. / у безас. ужыв. Камень замыла пяском.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

валато́ўка, ‑і, ДМ ‑тоўцы; Р мн. ‑товак; ж.

Абл. Курган, у якім, паводле народных уяўленняў беларусаў, пахаваны легендарныя асілкі-волаты. На магілцы-валатоўцы Зарунеюць кветак руні. Зайдзе сонца, узыдзе сонца... Сні, таварыш, аб Камуне! Купала. Я часта прыпыняюся каля сталоў, Дзе разлажылі прадаўшчыцы зёлкі, Сабраныя з усіх лугоў, палёў, на скрыжаваннях і на валатоўках. Танк.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

заспа́ць, ‑сплю, ‑спіш, ‑спіць; зак.

1. Прачнуцца пазней, чым трэба; праспаць. У панядзелак Сямён Парфёнавіч заспаў .. Такога з ім не здаралася ўжо год дваццаць — каб ён праспаў. Шамякін. — Ты ж глядзі, Гарык, не заспі! — паказваў Андрэй сябру-таўстуну, які часта спазняўся ў школу. Скрыпка.

2. што. Разм. Доўга сплючы, пазбавіць свежасці, жывасці (твар, вочы). Заспаць твар.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

наслу́хацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

1. Пачуць, паслухаць многа чаго‑н. Наслухацца пра даўнейшае. Наслухацца казак. □ А расказваць было што: ходзячы вечна па людзях, усяго наслухаешся. Чорны. Шмат чаго мы наслухаліся ад дзеда пра войны. Якімовіч.

2. Атрымаць задавальненне, слухаючы (часта з адмоўем «не» або дзеясл. «магчы»). Наслухацца музыкі. □ Слухае не наслухацца [Пастух] Салаўя-спевака, птаху чароўную. Сіняўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

неразры́ўны, ‑ая, ‑ае.

Такі, што нельга раз’яднаць; непарыўны, непарушны (пра пачуцці, адносіны, сувязі і пад.). Неразрыўная дружба. Неразрыўныя вузы братэрства. □ Бязмежная адданасць справе і скромнасць шчырага працаўніка — вось дзве галоўныя рысы характару пагранічніка. Гэта, перш за ўсё, .. адзін з тых «вінцікаў», чыя ціхая праца, увесь неразрыўны ланцуг штодзённых маленькіх перамог вельмі часта губляецца ў громе і бляску. Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)