ГЕМАТЫ́Т

[ад грэч. haima (haimatos) кроў],

чырвоны жалязняк, мінерал падкласа простых аксідаў, аксід жалеза Fe2O3. Прымесі тытану (да 11%), алюмінію (да 14%), марганцу (да 17%) і інш. Крышталізуецца ў трыганальнай сінганіі. Крышталі пласціністыя, таблітчастыя, часта ў суцэльных скрытакрышт. масах, ліставатых ці лускападобных агрэгатах, у псеўдамарфозах па магнетыцы (мартыт). Колер чырванавата-карычневы да чорнага. Бляск паўметалічны. Цв. 6—6,5. Шчыльн. Каля 5,3 г/см³. Па паходжанні метамарфічны, гіпергенавы і інш. Асн. радовішчы ў жалезістых крыніцах. Адна з найважнейшых жалезных руд. Выкарыстоўваецца для вытв-сці фарбаў (чырв. охра) і абразіўных парашкоў. На Беларусі як акцэсорны мінерал трапляецца ў пародах крышт. фундаменту, у адкладах рыфею і венду, дэвону, карбону, пярмі і трыясу, кайназою.

т. 5, с. 148

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)