СЕНТЫМЕНТАЛІ́ЗМ (франц. sentimentalisme ад англ. sentimental пачуццёвы),

плынь у еўрапейскай маст. культуры 2-й пал. 18 — пач. 19 ст. Сфарміравалася ў л-ры, тэатр., муз. і выяўл. мастацтвах пад уплывам ідэалогіі эпохі Асветніцтва і ранняга рамантызму як альтэрнатыва рацыяналістычнай зададзенасці і нарматыўнасці класіцызму. Узнікла пад уплывам дэмакратызацыі грамадскага жыцця, пераадольвання яго саслоўнай ізаляванасці, пераходу ад феад. да бурж. грамадскіх адносін, барацьбы за свабоду асобы і свабоднага выяўлення яе гуманных пачуццяў.

У літаратуры С. зарадзіўся ў Англіі ў канцы 1720-х г., сфарміраваўся там у 1740—50-я г. (С.​Рычардсан, Дж.​Томсан, Э.​Юнг, Т.​Грэй, Л.​Стэрн і інш.), тэарэт. абгрунтаванне атрымаў у сац.-філас. і літ. творах Ж.​Ж.​Русо і ў грамадска-літ. руху «Бура і націск» (Германія). У рус. л-ры быў дваранскім гуманістычна-асветніцкім кірункам (М.​Карамзін, І.​Дзмітрыеў, В.​Капніст, ранні В.​Жукоўскі). Асаблівасць С. як літ.-маст. і эстэт. плыні — яго недастатковая храналагічная акрэсленасць: сентыментальныя рэмінісцэнцыі і рэпрызы, характэрныя для большасці посткласіцысцкіх маст. метадаў і кірункаў — рамантызму, крытычнага рэалізму, натуралізму, сацыялістычнага рэалізму, некат. мадэрнісцкіх і постмадэрнісцкіх плыняў.

У бел. л-ры С. — адна з плыняў бел.-польскага рамантызму 1-й пал. 19 ст. Найб. поўна выявіўся ў творчасці Я.​Чачота, Я.​Баршчэўскага, часткова ў паэзіі У.​Сыракомлі, ранняй паэзіі і драматургіі В.​Дуніна-Марцінкевіча. Пры гэтым рамантычныя ідэалы дамінуюць у іх польскамоўнай паэзіі, а сентыментальная арыентацыя на маральнае асветніцтва, гармонію паміж класамі і саслоўямі грамадства, дыдактыку і зварот да простага народа — у бел. творах, разлічаных на сялянства і фальварковую шляхту (вершы Чачота «Да мілых мужыкоў», «Як добра, калі мужык...», «Плакала бяроза ды гаварыла...», «Паночкі, нашы кветачкі...», «Ой, чаму ж ты, зязюлечка...»; вершы Баршчэўскага «Дзеванька», «Да Юліі», балада «Дзве бярозы»), Класічнымі ўзорамі С. ў бел. л-ры з’яўляюцца лібрэта камічнай оперы Дуніна-Марцінкевіча «Сялянка» («Ідылія», 1844, апубл. 1846), яго вершаваная аповесць «Гапон» (1855), вершы «Літвінка», «Галубкі», «Смутак на чужыне», прасякнутыя ідэяй гармоніі грамадскіх адносін, акцэнтацыяй маральных крытэрыяў ацэнкі людскіх учынкаў, ідэалізацыяй натуральнай культуры і вясковага побыту, культам пачуццёвасці. Лепшыя здабыткі С. ўвайшлі ў бел. класічную і сучасную л-ру.

У выяўленчым мастацтве і архітэктуры С. набыў некат. агульныя стылявыя прыкметы: пяшчотнасць, мяккасць мадэліроўкі і каларыстычных адценняў, паветранасць дэталей, вытанчанасць збудаванняў, прадметаў, фігур, лёгкасць, прастату і высакародства. Культ прыроды, натуральнага пачуцця, прыроджанай несапсаванасці людзей і маральнай чысціні нараджалі асаблівую духоўную атмасферу, у якой узнікалі маст. вобразы, поўныя шчырасці, душэўнай высакароднасці, прыроднай грацыі. Элегічныя і пастаральныя настроі, ідэалізацыя патрыярхальнага побыту, захаплення натуральнай прыродай наклалі адбітак на архітэктуру пейзажных паркаў і размешчаных у іх палацаў, павільёнаў, будынкаў, якія пераймалі сельскія і экзатычныя ўзоры (архітэктары У.​Кент, У.​Чэймберс у Вялікабрытаніі, Ж.​А.​Габрыэль, Р.​Мік у Францыі, Ф.​В.​Эрдмансдорф у Германіі, Ч.​Камерон, П.​Г.​Ганзага, В.​Няелаў у Расіі). Для С. ўласцівы пяшчотныя, замілавальныя жаночыя, юнацкія і дзіцячыя вобразы (у скульптуры — Э.​М.​Фальканэ ў Францыі, М.​Казлоўскі ў Расіі; у жывапісе — партрэты Т.​Гейнсбара ў Вялікабрытаніі, Ж.​Л.​Вуаля, Э.-Л.​Віжэ-Лебрэн у Францыі, У.​Баравікоўскага ў Расіі), велічыня і меланхалічныя пейзажы з ант. руінамі і паркавымі пабудовамі (Ю.​Рабер у Францыі, С.​Шчадрын у Расіі). Папулярнасцю карысталіся творы Ж.​Гроза, А.​Каўфман, Ж.​А.​Фраганара, В.​Гісландзі, Ф.​Гвардзі і інш. У бел. мастацтве рысы С. найб. праявіліся ў творах І.​Аляшкевіча, С.​Богуша-Сестранцэвіча, Н.​Сілівановіча.

У тэатры тэарэт. абгрунтаванне С. далі Ж.​Ж.​Русо («Ліст да Д’Аламбера аб відовішчах», 1758), Л.​С.​Мерсье («Аб тэатры, ці Новы вопыт пра драматургічнае мастацтва», 1773), Я.​Ленц («Заўвагі пра тэатр», 1774). Пад уплывам С. ўзніклі жанры «слёзнай камедыі», мяшчанскай драмы. Прыёмы С. выкарыстаны ў драматургіі «Буры і націску», п’есах П.​Бамаршэ, у ранніх творах Ф.​Шылера, у меладрамах. У акцёрскім мастацтве ўвага звярталася на ўнутраны свет герояў, іх пачуцці (у супрацьпастаўленні з рацыяналістычным класіцызмам з яго пафаснасцю, дэкламацыйнай рыторыкай). Маўленне акцёраў набліжалася да побытавых інтанацый. Сярод прадстаўнікоў С. акцёры Д.​Гарык (Вялікабрытанія), А.​Каратыгіна, Я.​Шушэрын (Расія). У сцэнаграфіі замест традыц. «палацавых» залаў для трагедый і нейтральных статычных інтэр’ераў для камедый з’явіліся маляўнічыя пейзажы, прадметы побыту простага люду.

У бел. драматургіі і тэатры С. у самаст. кірунак не склаўся. Існаваў сумесна з інш. плынямі ў асобных прыёмах і матывах і меў выразна дэмакр. акрэсленасць (спагада да бедных, замілаванне роднай прыродай). На сумежжы класіцызму і С. напісана лібрэта М.​Радзівіла да оперы Я.​Голанда «Агатка, або Прыезд пана» (1784); матывы і элементы С. сустракаюцца ў «Сялянцы» Дуніна-Марцінкевіча, у жанрах драмы і меладрамы пач. 20 ст. («У іншым шчасці няшчасце схавана» К.​Каганца, «Блуднікі» Л.​Родзевіча, «Сягонняшнія і даўнейшыя» К.​Буйло, «Апошняе спатканне» і «Ганка» У.​Галубка, «На Купалле» М.​Чарота, «Чырвоныя кветкі Беларусі» В.​Гарбацэвіча і інш.). У сцэн. мастацтве найб. выразна рысы С. выявіліся ў спектаклях Бел. вандроўнага т-ра ў 1-й пал. 1920-х г.

У музыцы быў звязаны з аднайменным літ. кірункам. Тэарэтыкі С. (К.Ф.​Э.​Бах, Ж.​Ж.​Русо, Д.​Шубарт і інш.) лічылі музыку «мовай пачуццяў», здольнай «закрануць сэрцы слухачоў», адметная рыса якой — выразнасць мелодыі. Пад уздзеяннем С. ўзбагацілася вобразна-жанравая палітра музыкі, у оперы пашырылася супрацьлеглая класіцыстычнай эстэтыцы тэндэнцыя змешвання жанраў, у камічнай оперы, у т. л. ў Расіі — элементы драматызму, якія набліжалі яе да «слёзнай камедыі» («Добрая дачка» Н.​Пічыні і інш.). Узнік новы муз.-драм. жанр — меладрама. У інстр. музыцы С. часткова праявіўся ў творчасці кампазітараў мангеймскай школы. С. спрыяў росквіту сольнай песні з інстр. суправаджэннем любоўнага зместу: песні кампазітараў берлінскай школы, «расійская песня» (Ф.​Дубянскі, В.​Казлоўскі, Р.​Цяплоў).

Літ.:

Маркус С.А. История музыкальной эстетики. Т. 1. М., 1959;

Музыкальная эстетика Западной Европы XVII—XVIII вв. М., 1971;

Дорошевич Э., Конон В. Очерк истории эстетической мысли Белоруссии. Мн., 1972;

Тарасюк Л.К. Мастацкія кірункі і плыні ў беларускай паэзіі XIX — пачатку XX ст. Мн., 1999.

У.​М.​Конан (літаратура), А.​В.​Сабалеўскі (тэатр), Ю.​Дз.​Златкоўскі (музыка).

т. 14, с. 336

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛМЫ́КІЯ, Рэспубліка Калмыкія,

у складзе Расійскай Федэрацыі. Пл. 76,1 тыс. км². Нас. 319 тыс. чал. (1996), гарадскога 39%. Сярэдняя шчыльнасць 4,2 чал. на 1 км². Жывуць калмыкі (45,4%), рускія (37,7%), даргінцы (4%), чэчэнцы (2,6%), казахі (1,9%), немцы (1,7%) і інш. Сталіца — г. Эліста. Гарады: Лагань, Гарадавікоўск.

Прырода. К. займае ч. Прыкаспійскай нізіны (Чорныя землі на Пд і Сарпінская нізіна на Пн). На З ўзв. Ергені (выш. да 221 м), на ПдЗ Кума-Маныцкая ўпадзіна. Паверхня раўнінная, нахіленая да Каспійскага м., узровень якога ў апошні час павышаецца, што прыводзіць да падтаплення нізінных участкаў. Карысныя выкапні: прыродны газ і нафта, кухонная і глаўберава солі, буд. матэрыялы. Клімат рэзка кантынентальны з гарачым сухім летам і маласнежнай зімой. Сярэдняя т-ра студз. ад -5 — -8 °C, ліп. 23—26 °C. Гадавая колькасць ападкаў ад 170 мм на ПдУ да 400 мм на ПнЗ. Паверхневых вод мала. Рэкі, што сцякаюць з Ергенёў, летам перасыхаюць. На мяжы з Дагестанам р. Кума, якая выкарыстоўваецца на арашэнне. Шмат мелкаводных салёных азёр (Сарпінскія, Маныч-Гудзіла і інш.) і ліманаў. Чаграйскае вадасховішча. Глебы на Пн светла-каштанавыя, на З каштанавыя, на У і ПдУ бурыя паўпустынныя з саланцамі і саланчакамі чаргуюцца з масівамі пяскоў, што развяваюцца. Расліннасць злакавая (кавыльна-ціпчаковая), злакава-палынная і палынная; у лагчынах Ергенёў растуць вярба, асіна, вяз. На берагах азёр і мелкаводдзяў Каспійскага м. зараснікі трыснягу. З млекакормячых характэрны грызуны, з буйных капытных — сайгакі.

Гісторыя. Тэр. К. заселена з эпохі палеаліту. У 7—5 ст. да н.э. тут і на суседніх землях жылі скіфы, у 4 ст. да н.э. — 6 ст. н. э. — аланы і сарматы. З сярэдзіны 7 ст. тэр. Ніжняга Паволжа ўвайшла ў Хазарскі каганат, з сярэдзіны 11 ст. — ч. тэрыторыі полаўцаў, з 1240-х г. — у складзе Залатой Арды, пасля яе распаду ў 1460-я г. — Астраханскага ханства, якое ў 1566 далучана да Расіі. У пач. 17 ст. ў міжрэчча Урала, Волгі і Дона прыйшлі айраты (продкі калмыкаў), выхадцы з Цэнтр Азіі, што раней жылі ў Джунгарыі і займаліся качавой жывёлагадоўляй. У 17 ст. сярод калмыкаў пашырыўся ламаізм. Пад націскам феадалаў Кітая, Манголіі і каз. ханаў калмыкі адкачавалі да ніжняга Дона і Волгі і ў 2-й пал. 17 ст. ўтварылі тут Калм. ханства. У 1608—09 ч. феад. аб’яднанняў айратаў прыняла рас. падданства і пачала качаваць у раёнах Паўд. і Зах. Сібіры. Іншыя феад. аб’яднанні калмыкаў увайшлі ў Рас. дзяржаву ў 17—18 ст. Калмыкі ўдзельнічалі ў сял. войнах пад кіраўніцтвам С.​Ц.​Разіна і Е.​І.​Пугачова. У 1771 з-за ўціску царскай адміністрацыі большасць калмыкаў адкачавала ў Кігай, астатнія (каля 13 тыс. сямей) перайшлі ў падпарадкаванне Астраханскага губ. кіравання. У 2-й пал. 18 ст. царскі ўрад перасяліў ч. калмыкаў на рэкі Урал, Церак і Куму. У канцы 18 ст. невял. іх колькасць, што жыла на Доне, залічана ў казацкае саслоўе Вобласці войска Данскога. У 1861 Вялікадэрбетаўскі улус перададзены з Астраханскай у Стаўрапольскую губ. Адм.-тэр. расчляненне калм. народа прыпыніла працэс яго нац. кансалідацыі. Да 1917 у К. панаваў феад.-патрыярхальны ўклад жыцця. У лют. — сак 1918 устаноўлена сав. ўлада. У 1919 — пач. 1920 большая ч. К. захоплена войскамі ген. А.І.Дзянікіна.

4.11.1920 утворана Калм. аўт. вобл. у складзе РСФСР, з 1935 — Калм. АССР. У 1921—23 шмат калмыкаў загінула ў выніку голаду. У Айч. вайну ч. К. акупіравана ням.-фаш. войскамі (жн. 1942 — студз. 1943). У 1943 калм. насельніцтва абвінавачана ў супрацоўніцтве з акупантамі і дэпартавана ў Сібір, ліквідавана аўтаномія калмыкаў (адноўлена ў 1957). У кастр. 1990 Вярх. Савет К. прыняў Дэкларацыю аб дзярж. суверэнітэце, у вер. 1991 уведзена пасада прэзідэнта, у лют. 1992 прынята назва Рэспубліка К. У сак. 1992 падпісаны федэральны дагавор з Рас. Федэрацыяй.

Гаспадарка. Асн. галіны прам-сці (паводле аб’ёму прадукцыі, што вырабляецца): электраэнергетыка, харч., паліўная, буд. матэрыялаў, машынабудаванне і металаапрацоўка, мукамольна-крупяная, лёгкая, дрэваапрацоўчая. Вытв-сць электраэнергіі каля 1 млн. кВт-гадз (1995). У харч. прам-сці (22% прамысл. прадукцыі) вылучаюцца мясная, малочная, кансервавая, рыбная, хлебапякарная. Асн. прадпрыемствы: мясакамбінаты (Эліста, Гарадавікоўск, Лагань), маслазаводы (Эліста, Гарадавікоўск, Яшалта), рыбныя (Лагань, Яшалта). Развіваецца нафтавая і газавая прам-сць. Здабыча нафты (уключаючы газавы кандэнсат) — 339 тыс. т (1996). Вытв-сць буд. матэрыялаў прадстаўлена з-дамі: керамзітавым, цагельным, жалезабетонных вырабаў, домабуд. камбінатам, кар’ерамі па здабычы бутавага каменю. Ёсць машынабуд. з-ды (Эліста, Лагань) і прадпрыемствы па абслугоўванні рыбалавецкага флоту (Лагань). Прадпрыемствы лёгкай (швейная і трыкат. ф-кі) і дрэваапр. (мэблевая ф-ка) прам-сці ў Элісце. Нар. маст. промыслы (разьба і размалёўка па дрэве, цісненне скур, вышыўка, аздабленне сярэбраных вырабаў чаканкай, гравіроўкай, чэрню). Сельская гаспадарка спецыялізуецца на танкаруннай авечкагадоўлі і мясной жывёлагадоўлі. Выкарыстоўваюцца ў асноўным пашавыя ўгоддзі (каля 70% с.-г. зямель). На Чорных землях, дзе снегу амаль не бывае, авечак пасуць і зімой. Гадуюць буйн. раг. жывёлу (калмыцкая парода). Вытв-сць мяса 36 тыс. т, настрыг воўны 5,7 тыс. т (1995). Вярблюдагадоўля. Земляробства больш развіта на З і ПнЗ. Ворныя землі займаюць каля 1 млн. га. Сеюць збожжавыя (пшаніцу), тэхн. (сланечнік), агароднінна-бахчавыя, кармавыя культуры. Збор (тыс. т, 1995) збожжавых —287, сланечніку — 24. Праводзіцца арашэнне і абвадненне зямель. Чорназямельская, Праваегарлыкская, Сарпінская, Аршань-Зельменская і інш. абвадняльна-арашальныя сістэмы. Асн. роля ва ўнутр. перавозках належыць аўтамаб. транспарту. Даўж. аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 2,8 тыс. км (1996). Гал. аўтадарогі Стаўрапаль—Эліста—Астрахань, Эліста—Валгаград; чыгункі Астрахань—Кізляр, Эліста—Светлаград. Паветр. транспарт (аэрапорт у г. Эліста). Экспарт (24,8 млрд. руб., 1994): мяса, воўна, скура, кансервы, нафта і інш. Імпарт (28,3 млрд. руб., 1995): метал, машыны, абсталяванне і інш.

Літаратура. Узнікла на базе вуснай нар. творчасці (паданні, легенды, песні, гераічны эпас «Джангар»), а таксама зазнала ўплыў культур Манголіі, Тыбета, Індыі. Да стварэння ў 17 ст. калм. пісьменства калмыкі карысталіся агульнаманг. алфавітам, мелі агульную з манголамі л-ру. У 17 ст. зарадзілася ўласна калм. л-ра («Месяцавае святло» і інш.). У 19 — пач. 20 ст. з’явіліся вольналюбівыя вершы Анчхана Джыргала, паэзія Баавана Бадмы (сатыр. паэма «Улагоджванне слыху»). Развіццё л-ры, пераважна паэзіі, у 1920—30-я г. звязана з імёнамі Х.​Канукава, Н.​Манджыева. Першыя празаічныя творы належаць Манджыеву (апавяданні), А.​Амур-Санану (аповесці «Мудрошкін сын», «У стэпе»). У л-ру прыйшлі Б.​Басангаў (аповесць «Праўда мінулых гадоў», п’есы), К.​Эрэнджэнаў (вершы, паэмы), С.​Каляеў (вершы, паэмы), Х.​Сян-Белгін (героіка-драм. паэма «Змагар-сірата»; вершы, апавяданні, нарысы), паэты А.​Сусееў, Л.​Інджыеў, Д.Кугульцінаў, Б.​Джымбінаў, драматург Б.​Эрдніеў і інш. У творах асэнсоўванне гіст. мінулага, адлюстраванне тагачасных падзей у жыцці калм. народа. У Вял. Айч. вайну найб. пашыраны вершы, апавяданні, публіцыстыка. Для л-ры апошніх дзесяцігоддзяў характэрны маральна-этычная праблематыка, тэмы мінулай вайны, стваральнай працы: паэзія Б.​Сангаджыевай (першая паэтэса-калмычка), М.Ханінава, М.​Нармаева, Каляева, Кугульцінава, Сусеева, Эрэнджэнава; раманы і аповесці Б.​Дарджыева, Інджыева, А.​Балакаева, Эрэнджэнава, п’есы Эрдніева і інш. Развіваецца таксама дзіцячая л-ра. У перакладзе на калм. мову выдадзены творы Я.​Купалы, Я.​Коласа, П.​Броўкі, М.​Танка, А.​Пысіна. На бел. мову перакладзены асобныя творы Кугульцінава, Ханінава, Джымбінава (перакладалі А.​Звонак, Р.​Барадулін, А.​Грачанікаў, М.​Чарняўскі, Ю.​Свірка, Броўка, М.​Танк, Пысін, С.​Грахоўскі, М.​Аўрамчык, К.​Камейша, Г.​Бураўкін, І.​Калеснік).

Архітэктура і мастацтва. У 17—19 ст. жыллём калмыкаў-качэўнікаў служыла зборна-разборнае жытло (гер) з рашотчатым каркасам, накрытым лямцам. З пашырэннем ламаізму будавалі манастыры-хурулы — комплексы першапачаткова лямцавых, потым драўляных, з канца 19 ст. цагляных і каменных будынкаў. Гал. храм, звычайна 2—3-ярусны, пірамідальны, меў увянчаны вежай высокі цэнтр. аб’ём, які аздабляўся разьбой, размалёўкай, бронз. скульптурай, абразамі. Нар. мастацтва склалася ва ўмовах качавога побыту. Драўляныя часткі юртаў, мэблю, хатняе начынне ўпрыгожвалі разьбой і размалёўкай, якія стваралі ўражанне аб’ёмнасці ўзору. Цісненнем (раслінныя матывы, салярныя знакі, матывы рагоў) аздаблялі вырабы са скуры, вышыўкай і аплікацыяй — з лямцу, а таксама жаночае адзенне (залатыя і сярэбраныя ніткі з каляровай воўны, тасьмой, часам бісерам). Вырабы з серабра ўпрыгожвалі чэрню, гравіроўкай, чаканкай. У 18—19 ст., пад уплывам тыбета-манг. традыцый у выяўл. мастацтве пераважалі іканапіс і дрэварытнае друкаванне кніг і абразоў. За межамі К. працавалі графік Ф.​Калмык і жывапісец А.​Ягораў. У 20 ст. архітэктура развівалася ў агульнасавецкім рэчышчы. Сярод архітэктараў: Дж. і М.​Пюрвеевы, В.​Цялегін, В.​Савельеў і інш. Развіваецца выяўл. мастацтва (жывапісцы К.​Альдаеў, Г.​Ракчынскі, тэатр. мастак Дз.​Сычоў, графік Б.​Данільчанка, скульптар М.​Санджыеў і інш).

Музыка. Да пач. 1920-х г. нар. муз. творчасць калмыкаў існавала ў вуснай традыцыі. Сярод гіст., прац., абрадавых, эпічных і лірычных песень і прыпевак вылучаліся працяжныя песні ут дун без суправаджэння з уласцівымі ім імправізацыйнасцю, багатай мелізматыкай, глісандаваннем, рытмічнай свабодай; кароткія песні ахр дун з акампанементам дамбры, адметныя меладычнасцю і дакладным рытмам, а таксама песні-танцы, песні-жарты келдг білдж дун, бліз кія да прыпевак. Асаблівае месца займаў эпас «Джангар», які выконвалі спевакі-джангарчы ў рэчытатыўнай манеры. Ладавая аснова нар. музыкі К. — дыятоніка, трапляюцца і элементы пентатонікі. Нар. танцы К. строга дыферэнцаваны: мужчынскія — хуткія, тэмпераментныя, жаночыя — лірычныя і павольныя. Сярод нар. інструментаў: струнна-смычковы хур, струнна-шчыпковая дамбра, духавыя бічкюр, гангдн, бюра, ухр-бюра, дунг, ударныя цанг, арамбру, кенкерге, каранг, хонха, з пач. 20 ст. і гармонік. У пач. 1920-х г. зарадзілася маст. самадзейнасць. Пачаліся збіранне і апрацоўка нар. песень. У 1930-я г. на аснове нац. муз. фальклору створаны першыя сімф. творы (В.​Гайгерава, А.​Спадавекія). Першы прафес. кампазітар — П.​Чанкушоў (балет «Жывая вада», 1979; творы розных жанраў). Працуюць: ансамбль песні і танца «Цюльпан» (з 1937) з аркестрам нар. інструментаў (з 1970), філармонія (з 1939), муз. вучылішча (Эліста, з 1960), дзіцячыя муз. шкалы.

Літ.:

Очерки истории Калмыцкой АССР. [Т. 1—2.] М., 1967—70;

История калмыцкой литературы. Т. 1—2. Элиста, 1980—81;

Тритуз М.Л. Музыкальная культура Калмыцкой АССР. М., 1965.

В.​М.​Сасноўскі (прырода, гаспадарка).

т. 7, с. 474

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

скараці́ць, ‑рачу, ‑роціш, ‑роціць; зак., каго-што.

1. Зрабіць кароткім або больш кароткім. Каб скараціць дарогу, хлопцы звярнулі на поле і пайшлі, шастаючы ботамі, па ржэўніку. Хомчанка. Я павярнула, каб скараціць шлях, у сквер. Савіцкі. Вершы Танка нельга дапоўніць дадатковымі строфамі або скараціць. Кучар. Настаўніца не толькі выправіла граматычныя памылкі, але і скараціла тэкст. Жычка. // Зрабіць менш працяглым у часе. Скараціць рабочы дзень. □ — Мне тэрмін скарацілі, — задаволена кажа Валодзя. Васілевіч. // Заняць, запоўніць час чым‑н.; зрабіць менш прыкметным час працякання чаго‑н. — Мо шахматы прынесці? — пытаецца Меер. — Давай, скароцім час. Карпюк. Відаць, .. [суседу Міхася] таксама было холадна і нудна, ён гаворкай хацеў скараціць чаканне раніцы. Машара. // Замест поўнай назвы абазначыць што‑н. пачатковай літарай, часткай слова і пад.

2. Зменшыць, абмежаваць колькасна або па велічыні, у аб’ёме. Скараціць штаты. □ Было тое вясною, Яўген Данілавіч дачуўся, што гэты шалёны старшыня самавольна скараціў плошчу пад авёс і ячмень і павялічыў плошчу пад лён. Паслядовіч. // Звузіць, зменшыць (вытворчасць, выраб чаго‑н. і пад.). Скараціць вытворчасць.

3. Разм. Звольніць (з работы, службы). Але тут пачаліся розныя непрыемнасці на фабрыцы. Скарацілі чамусьці з сотню рабочых. Лынькоў.

4. У матэматыцы — падзяліўшы на які‑н. лік, выразіць у меншых ліках. Скараціць дроб.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

турма́, ‑ы; мн. турмы, ‑аў; ж.

1. Месца зняволення, будынак, дзе ўтрымліваюцца асобы, якія прыгавораны судом да пазбаўлення волі, або тыя, што знаходзяцца пад следствам. [Дзяўчыну] не пасадзілі ў турму, а паколькі яна была яшчэ вельмі маладая, суд вырашыў выслаць яе этапным парадкам у нейкі штат. Лынькоў. Машына спынілася каля турмы. Мележ. // Пакаранне зняволеннем. Відаць было Максіму, што Алесь вельмі ганарыцца сваімі чатырма і васьмю месяцамі турмы. Машара. Дзед не змоўчаў. — Мой след, — сказаў ён, — хоць і праз турмы прайшоў, але чысты, не тое, што другіх... Якімовіч. // Знаходжанне ў зняволенні. У турме [П. Пестрак] захапляўся літаратурай, шмат чытаў, пісаў вершы. Хромчанка. А Кірыл сваё паўтараў: — Так усім і скажы, рабочы я і аніякай турмы не адбываў. Кавалёў. Пайду ў турму і веру — будзе год, калі маю прамову дагаворыць натхнёны барыкадамі кулямёт! Таўлай.

2. перан. Месца, дзе цяжка жыць, дзе жывуць прыгнечана. Царская Расія была турмой народаў. □ Я старац, Фёдар Кузьміч... Пустэльнік, Які сам сябе тут, на заімцы, у келлю-турму запёр... Сіпакоў. // Заняволенне, прыгнечанне. Ф. Багушэвіч .. клікаў з цемры да святла, з турмы на свабоду. «Полымя».

•••

Турма плача па кім — пра таго, хто заслугоўвае пакарання, турэмнага зняволення.

[Ад ням. Turm.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тэндэ́нцыя, ‑і, ж.

1. Напрамак, у якім адбываецца развіццё чаго‑н. (грамадства, эканомікі, культуры і пад.). Асноўная і галоўная тэндэнцыя капіталізму заключаецца ў выцясненні дробнай вытворчасці буйной, і ў прамысловасці і ў земляробстве. Ленін. // Ідэалагічны напрамак, цячэнне ў палітыцы, навуцы, мастацтве і пад. Аднак пасля смерці Ф. Энгельса, з надыходам эпохі імперыялізму ў дзейнасці II Інтэрнацыянала ўзмацняюцца апартуністычныя тэндэнцыі. «Звязда». Беларуская літаратура адчула на сабе і плённы ўплыў братняй украінскай літаратуры, таксама вельмі багатай дэмакратычнымі тэндэнцыямі. «Полымя».

2. Імкненні, намеры, уласцівыя каму‑, чаму‑н.; погляды, прынцыпы. «Дарагое маё», «Светлае», «Сапраўднае» — гэтыя вершы, як і паэтызацыя Праўды, вечных тэм жыцця і смерці, кахання і прыроды, ярка выявілі характэрную для С. Дзяргая тэндэнцыю паэтызаваць галоўныя вартасці жыцця, быцця чалавека. Лойка. // Схільнасць, уласцівасць. [Васіль:] — У цябе, Міхей Пятровіч, тэндэнцыя к зазнайству. Шамякін. У Вукатага гэта і раней было: толькі сабе каб добра, а людзям і абсеўкі, маўляў, можна. Вось за гэтую тэндэнцыю Валько яму лазінку і заламаў. Савіцкі.

3. Асноўная думка, ідэя, накіраванасць навуковага, мастацкага і пад. твора, выказвання і пад. Тэндэнцыя трылогіі Я. Коласа «На ростанях».

4. Прадузятая, аднабаковая думка, якая праводзіцца, навязваецца (чытачу, слухачу і пад.), але не выцякае з сутнасці справы або з развіцця мастацкага вобраза. П’еса з тэндэнцыяй.

[Лац. tendentia — накіраванасць.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

БАРШЧЭ́ЎСКІ (Ян) (1790, паводле інш. крыніц 1794, ці 1796, ці 16.12.1799, в. Мурагі Расонскага р-на Віцебскай вобласці — 12.3.1851),

бел. літаратар, выдавец. Пісаў на польск. і бел. мовах. Вучыўся ў Полацкай езуіцкай калегіі і акадэміі. З 1817 у Пецярбургу. Працаваў у дзярж. установах, выкладаў латынь і грэч. мову ў прыватных дамах. Сустракаўся з А.​Міцкевічам, Т.​Шаўчэнкам. З 1839 рэдактар-выдавец альманаха «Незабудка». У 1847 пераехаў у г. Чуднаў на Валыншчыне (Украіна). Літ. творчасць пачаў у студэнцкія гады (беларускамоўныя творы «Рабункі мужыкоў», «Дзеванька», «Гарэліца»; апубл. 1843—44). Пад уплывам пісьменнікаў-рамантыкаў і, магчыма, Шаўчэнкі пачаў апрацоўваць бел. легенды і паданні (балады «Русалка-зводніца», «Дзявочая крыніца», «Дзве бярозы», «Роспач», «Курганы», «Зарослае возера» і інш.). Баршчэўскі задумаў расказаць пра Беларусь, абудзіць у сэрцах землякоў пачуцці любові да роднага краю. Цыкл апавяданняў-прытчаў склаў зб. «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях» (т. 1—4. Пб., 1844—46), дзе Баршчэўскі ўпершыню сцвярджаў думку пра самабытнасць Беларусі. Праз сістэму вобразных сродкаў пісьменнік выказаў бел. нац. ідэю. Сімвалічны вобраз Плачкі-Беларусі — цэнтральны ў кнізе. Апавяданні-прытчы, не выкарыстаныя ў «Шляхціцы Завальні», склалі аповесць «Драўляны дзядок і кабета Інсекта» (1844—47). Тэма роднага краю, нешчаслівага лёсу таленавітых людзей Беларусі — у драм. паэме «Жыццё сіраты». У аповесці «Душа не ў сваім целе» Баршчэўскі ў алегарычнай форме паказаў шляхі, якімі павінны ісці сумленныя людзі, каб служыць Бацькаўшчыне. Гэтыя творы разам з «Мелодыямі пілігрыма» склалі кн. «Проза і вершы» (ч. 1. Кіеў, 1849).

Тв.:

Бел. пер. — Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях. Мн., 1990;

Санет: Для В.П. Буйніцкай;

Рыбак: (балада);

Зарослае возера: Балада // Роднае слова. 1994. № 9;

Дзве бярозы: Балада // Беларусь. 1995. № 4;

Душа не ў сваім целе // Полымя. 1996. № 1. Аповесць.

Літ.:

Падбярэскі Р. Беларусь і Ян Баршчэўскі // Баршчэўскі Я. Шляхціц Завальня... Мн., 1990;

Кісялёў Г.В. Ад Чачота да Багушэвіча. Мн., 1993;

Хаустовіч М. Ля вытокаў беларускае ідэі // Полымя. 1994. № 11.

М.​В.​Хаустовіч.

Я.Баршчэўскі.

т. 2, с. 325

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯЛІ́НСКІ (Вісарыён Рыгоравіч) (11.6.1811, г. Свеаборг, Расія, цяпер Суаменліна, Фінляндыя — 7.6.1848),

рускі літаратурны крытык, публіцыст. Вучыўся ў Маскоўскім ун-це. У 1833 збіраўся працаваць настаўнікам рус. мовы ў Беларусі, пазней адмовіўся. Зблізіўся з гуртком М.​У.​Станкевіча, дзе вывучаў філас. сістэмы Канта, Фіхтэ, Шэлінга; пазней зацікавіўся філасофіяй Гегеля. Супрацоўнічаў у выданнях М.​І.​Надзеждзіна «Телескоп» і «Молва» (1833—36), рэдагаваў час. «Московский наблюдатель» (1838—39). З 1839 у Пецярбургу, працаваў у «Отечественных записках» А.​А.​Краеўскага. У 1846—48 кіраваў крытычным аддзелам час. «Современник» М.​А.​Някрасава і І.​І.​Панаева. Бялінскаму ўласцівыя выключная эстэтычная чуйнасць, рознабаковы падыход да з’яў мастацтва. У крытыка-публіцыстычных артыкулах, аглядах, рэцэнзіях ён звяртаўся да пытанняў філасофіі (эвалюцыя ад ідэалізму да матэрыялізму), адстойваў ідэі рэв.-дэмакр. руху, на аснове дыялектыкі распрацоўваў тэорыю мастацтва і л-ры (гал. крытэрыямі каштоўнасці маст. твора лічыў прастату вымыслу, дасканаласць праўды жыцця, народнасць, арыгінальнасць), гісторыі л-ры (вылучаў ламаносаўскі, карамзінскі, пушкінскі, празаічна-апавяд. перыяды і інш.), тэорыі і гісторыі крытыкі як найб. яркага ўвасаблення развіцця грамадскай думкі. Сярод прац «Літаратурныя мары: (Элегія ў прозе)» (1834), «Аб рускай аповесці і аповесцях сп. Гогаля («Арабескі» і «Міргарад»)» (1835), «Нішто аб нічым, або Справаздача сп. выдаўцу «Тэлескопа»...» (1836), «Герой нашага часу... Твор М.​Лермантава», «Гора ад розуму. Твор А.​С.​Грыбаедава» (абодва 1840), «Вершы М.​Лермантава», «Раздзяленне паэзіі на роды і віды», «Агульнае значэнне слова літаратура» (усе 1841), «Прыгоды Чычыкава, або Мёртвыя душы» і «Слова пра крытыку» (1842), а таксама пагадовыя агляды рус. л-ры 1840—47. Асаблівае месца ў творчасці Бялінскага належыць цыклу з 11 артыкулаў «Творы Аляксандра Пушкіна» (1843—46) — фактычна першай спробе манаграфічнага аналізу творчасці пісьменніка на фоне гіст. і літ. працэсаў. «Ліст да Гогаля» (1847), напісаны за мяжой, стаў своеасаблівым завяшчаннем крытыка.

Тв.:

Полн. собр. соч. Т. 1—13. М., 1953—59;

Собр. соч. Т. 1—9. М., 1976—82.

Літ.:

Березина В.Г. Этюды о Белинском — журналисте и критике. СПб., 1991.

Л.​І.​Зарэмба.

т. 3, с. 397

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРУ́Н (Алесь) (сапр. Прушынскі Аляксандр Уладзіміравіч; 11.3.1887, б. фальварак Новы Двор Мінскага р-на — 28.7.1920),

бел. пісьменнік, дзеяч нац.-вызв. руху. Скончыў мінскія гар. (1897) і рамеснае (1902) вучылішчы. Працаваў у Мінску сталяром. З 1904 чл. партыі эсэраў-максімалістаў. За антыўрадавую дзейнасць у 1907 арыштаваны і ў 1908 сасланы ў Кірэнскі пав. Іркуцкай губ. З 1912 з Я.Лёсікам у Мельнічным выселку каля Кірэнска. Пасля працаваў на Лене і Віціме, на залатых капальнях у Бадайбо. У Мінск вярнуўся ў вер. 1917 хворы на сухоты. Удзельнічаў у дзейнасці бел. арг-цый. Віцэ-старшыня Усебеларускага з’езда 1917, удзельнічаў у стварэнні БНР, рэдагаваў газ. «Беларускі шлях», у 1919—20 узначальваў Бел. нац. к-т, быў чл. Бел. вайсковай камісіі. У 1920 хвароба абвастрылася. Па дарозе на курорт Закапанэ памёр у Кракаве.

Раннія творы не зберагліся. 1905 датуецца паэма «Мае коляды» (Вільня, 1920, пад псеўд. А.​Сумны) — гісторыя абуджэння нац. свядомасці ў вясковага хлопчыка. З 1907 друкаваўся ў газ. «Наша ніва». Пісаў пераважна лірычныя вершы, якія вызначаюцца меладычнасцю, багаццем рытміка-інтанацыйнага ладу, спалучэннем філас. заглыбленасці з публіцыстычнасцю і тонкім лірызмам, творчым засваеннем фалькл. традыцый. Паводле матываў і тэматыкі яго паэзія блізкая да паэзіі Я.​Купалы і Я.​Коласа. У ёй выказана такое ж неадольнае жаданне лепшай долі для народа, непрымірымасць да несправядлівасці, гатоўнасць ахвяраваць сабой дзеля шчасця людзей і Бацькаўшчыны. Аўтар зб. паэзіі «Матчын дар» (1918, 2-е выд. 1929, факсімільнае выд. 1988). Адметнасць прозы Гаруна — яе ідэйна-тэматычнае багацце. Пісаў пра нац. бяспраўе беларуса («Пан Шабуневіч»), пра тое, як астрог калечыць лёс чалавека, разбурае яго псіхалогію («Чалавек без крыві», «Маладое»). Сцэны з жыцця бел. пасяленца ў Сібіры паказаў у апавяданні «Свята». Празаічны трыпціх «П’ера і Каламбіна» аб’ядноўвае тэма кахання, маст. роздум аб загадкавай сіле гэтага пачуцця. Празаічныя творы падпісваў псеўд. І.​Жывіца. У зб. «Жывыя казкі» (1920) увайшлі п’есы для дзіцячага тэатра, прасякнутыя жыццесцвярджальным аптымізмам, непрымірымасцю да фальшу і несправядлівасці.

Тв.:

Сэрцам пачуты звон: Паэзія, проза, драматургія, публіцыстыка. Мн., 1991.

Літ.:

Казбярук У. Светлай волі зычны звон: Алесь Гарун. Мн., 1991.

У.​В.​Рагойша.

А.Гарун.

т. 5, с. 72

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯРГА́Й (Сяргей Сцяпанавіч) (17.9.1907, Мінск — 25.12.1980),

бел. паэт. Скончыў Мінскую чыг. школу (1924) і агульнаадук. курсы (1927). Удзельнік падполля і партыз. руху на Беларусі ў Айч. вайну. У 1930-я г. працаваў у газ. «Звязда», з 1951 у час. «Полымя», у 1953—67 у час. «Вожык». Друкаваўся з 1938. Першы зб. «Вачыма будучыні» (1953). Гал. тэмы яго паэзіі (зб-кі «Крэмень аб крэмень», 1958, «Чатыры стыхіі», 1962, Літ. прэмія імя Я.​Купалы 1964, «Свята ў будзень», 1964) — любоў да роднага краю, неаслабная ўвага да чалавека, клопат пра яго самаўдасканаленне, засяроджанасць на складаных праблемах часу, зварот да подзвігу бел. народа ў Вял. Айч. вайну. Дз. горача цікавіўся гіст. мінулым свайго народа (паэмы «Напрадвесні», 1960, «Над спакоем крыніц». 1962), паказваў пераўтварэнне чалавекам зямлі («Песня пра Туркменскі канал», 1951), ствараў гіст. эпас («Пушкін на шашы Энтузіястаў», 1953). Выкарыстанне разнастайных паэт. сродкаў і формаў, умелае валоданне фальклорна-песенным вершам, сучасным верлібрам, філасафічнасць, асацыятыўнасць мыслення, культура творчасці, руплівыя адносіны да роднай мовы зрабілі яго паэзію адметнай у бел. л-ры. Гумарыстычныя творы Дз. ў яго зб-ках «Цешча» (1959), «Салата з дзядоўніку» (1967). На бел. мову перакладаў паэмы «Гражына» А.​Міцкевіча, «Бацька зачумленых» Ю.​Славацкага, «Дванаццаць» А.​Блока, «На ўвесь голас» У.​Маякоўскага, «Сінія гусары» М.​Асеева, «Сын» П.​Антакольскага, «1905 год» Б.​Пастарнака, асобныя творы Э.​Багрыцкага, У.​Бранеўскага, В.​Брусава, У.​Лугаўскога, Я.​Райніса, М.​Рыльскага, П.​Тычыны і інш.

Тв.:

Выбранае. Мн., 1967;

Вершы. Мн., 1974;

На вогненнай сцяжыне. Мн., 1977;

Чатыры стыхіі. Мн., 1988.

Літ.:

Арочка М. Сатырычная паэзія // Сучасная беларуская паэзія. Мн., 1970;

Бярозкін Р. Пошук сапраўднага // Бярозкін Р. Постаці. Мн., 1971;

Гілевіч Н. Словы трывалыя, прачулыя, разумныя // Гілевіч Н. У гэта веру. Мн., 1978;

Лойка А. Зайдзі ў мой дом // Лойка А. Паэзія і час. Мн.. 1981;

Гніламёдаў У. Сучасная беларуская паэзія. Мн., 1983. С. 223—227;

Сачанка Б. Круты стол Сяргея Дзяргая // Сачанка Б. Жывое жыццё. Мн., 1985;

Сіпакоў Я Сяргей Сцяпанавіч // Сіпакоў Я. Журба ў стылі рэтра. Мн., 1990.

Я.Сіпакоў.

С.С.Дзяргай.

т. 6, с. 142

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРТЭ́С (Сяргей Альбертавіч) (н. 18.2.1935, г. Сан-Антоніо, Чылі),

бел. кампазітар. Засл. дз. маст. Беларусі (1980). У Мінску з 1955. Скончыў Бел. кансерваторыю (1962, клас А.Багатырова). З 1965 заг. муз. часткі Дзярж. рус. т-ра Беларусі, з 1966 — Бел. т-ра імя Я.​Купалы, з 1972 муз. рэдактар, гал. муз. рэдактар кінастудыі «Беларусьфільм». З 1991 дырэктар Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі і маст. кіраўнік оперы, з 1996 дырэктар—маст. кіраўнік Нац. акад. т-ра оперы Рэспублікі Беларусь. У яго творчасці тэмы высокага грамадз. гучання, імкненне да філас. асэнсавання рэчаіснасці. Працуе пераважна ў жанрах, заснаваных на сінтэзе музыкі, слова і сцэн. дзеяння. Інстр. музыка вызначаецца праграмнасцю, канкрэтнай вобразнасцю, характарыстычнасцю. Пры выкарыстанні складаных відаў сучаснай кампазітарскай тэхнікі (дадэкафонія, алеаторыка) музыка К. лёгкая для ўспрымання дзякуючы яркасці меладычных вобразаў, апоры на быт. жанры. Сярод твораў: оперы «Джардана Бруна» (паст. 1977), «Матухна Кураж» паводле Б.​Брэхта (паст. 1982, Каўнас; запіс на бел. радыё 1988), «Візіт дамы» паводле Ф.​Дзюрэнмата (паст. 1995), балет «Апошні інка» (паст. 1990, Гавана); харэаграфічныя мініяцюры «Першыя чайкі» і «В’етнам» (паст. адпаведна 1967 і 1969); араторыі «Памяці паэта» на словы Я.​Купалы (1972), «Бай прыдумаў» для хору хлопчыкаў і аркестра на словы Р.​Барадуліна (1975); вак.-сімф. паэма «Попел» на словы Э.​Межэлайціса (1966); музыка для струнных (1970), канцэрт для фп. з аркестрам «Капрычас» (1969); уверцюра на бел. тэмы для аркестра бел. нар. інструментаў (1972); санаты, сюіты «Казка» і «Кантрасты» для фп.; струнны квартэт (1996); вак. цыклы на вершы А.​Вярцінскага, М.​Танка («Закон захавання матэрыі»), У.​Шэкспіра, Ф.​Гарсія Лоркі і інш.; музыка да драм. спектакляў, кіна- і тэлефільмаў. Дзярж. прэмія Беларусі 1982.

Літ.:

Ауэрбах Л.Д. Белорусские композиторы: Е.​Глебов, С.​Кортес, Д.​Смольский, И.​Лученок. М., 1978;

Друкт А.А. Драматургічная канцэпцыя оперы С.​Картэса «Джардана Бруна» // Весці АН БССР. Сер. грамад. навук. 1984. № 1;

Аладава Р.М. Опера С.​Картэса «Візіт дамы» ў яе сувязях з літаратурай // Пытанні культуры і мастацтва Беларусі. Мн., 1994. Вып. 13.

А.​А.​Саламаха.

С.А.Картэс.

т. 8, с. 106

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)