напі́цца, ‑п’юся, ‑п’ешся, ‑п’ецца; ‑п’ёмся, ‑п’яцеся; пр. напіўся, ‑пілася, ‑пілося; заг. напіся; зак.
1. чаго і без дап. Выпіць чаго‑н., каб наталіць смагу; папіць. Напіцца чаю. □ Падмацаваўшыся, Сцёпка напіўся ў рэчцы вады. Колас. — Добра, — сказала жанчына, выслухаўшы Любу. — Дай мне напіцца. Чорны.
2. Дайсці да стану ап’янення. Ніяк не мог [Нічыпар] успомніць, з якой прычыны ўчора напіўся. Асіпенка.
3. перан.; чаго і без дап. Насыціцца, прасякнуцца чым‑н. Нават паветра змянілася ў сяле: напілося густога смалістага паху. Васілевіч.
•••
Напіцца (насмактацца) крыві чыёй — памучыць каго‑н., паздзекавацца з каго‑н.
Хоць вады напіся — пра вельмі прыгожы твар.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пяшчо́тны, ‑ая, ‑ае.
1. Вельмі ласкавы, поўны ласкі, замілавання, адданасці. Пяшчотная маці. Пяшчотнае сэрца. □ І заўсёды, што б.. [Надзя] ні рабіла, .. у кожным жэсце яе, у кожным руху і слове заўсёды адчувалася жанчына, чулая, пяшчотная, клапатлівая. Васілевіч. // Які выказвае, выяўляе ласку, любоў. Смірын узняў вочы на Веру. Перахапіў яе пяшчотны позірк. Алешка. На яе вуснах блукала пяшчотная ўсмешка. Лупсякоў.
2. перан. Мяккі, лагодны; вельмі прыемны. Пяшчотны голас. Пяшчотны ветрык. □ Пяшчотныя зычныя грэлі салаўя запоўнілі пакой. Бядуля. Неўзабаве перад намі ўзніклі ў пяшчотнай ранішняй смузе светлыя небаскробы вялікага горада на ўзбярэжжы акіяна. В. Вольскі. // Вельмі далікатны, тонкі. На чарэшнях ужо шалясцелі маладыя пяшчотныя лісткі. Шамякін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
су́дна 1, ‑а, н.
Плавальнае збудаванне, прызначанае для транспартных, тэхнічных, навуковых і ваенных мэт. Судна на падводных крылах. □ Непадалёк, за эстакадай прайшло ваеннае патрульнае судна берагавой аховы. Лынькоў. Да ракеты набліжалася многа суднаў — беласнежныя яхты, лёгкія катэры, глісеры, маторныя лодкі. Гамолка.
су́дна 2, ‑а, н.
1. Пасудзіна для спаражнення, якая падаецца ляжачым хворым. Падкладное судна.
2. Абл. Вядро. Ідучы вуліцай, Глушкевіч убачыў, як насустрач яму ад студні набліжалася рослая жанчына з суднамі вады. Дуброўскі. І пасля на працы, ўсюды Пасаблялі хто ў чым: То суцешаць Кацярыну, То ёй песню запяюць, То сажнуць яе часціну, То ёй судны паднясуць. Броўка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сюд-ту́д, прысл.
Разм.
1. Раз-пораз, вельмі часта. Шэрая вязаная хустка з пушком абдымала яе плечы. Жанчына сюд-туд папраўляла хустку, нацягваючы яе ўверх. Пестрак. Гарасім сюд-туд кідаў вокам на маю работу. Якімовіч.
2. Узад і ўперад, з аднаго боку ў другі. Мы з рэдактарам шпацыравалі сюд-туд па калідоры. Сабаленка. На досвітку цягач з важкім трохвугольнікам двойчы прайшоў сюд-туд і прабіў дарогу з аэрадрома ў Міхалі. Алешка. // З аднаго месца ў другое. Я хацеў зноў прылегчы і пачаў папраўляць ватоўку. «Дзе ж рэчавы мяшок?» — махнуў я рукою сюд-туд. Няма. С. Александровіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сябро́ўка, ‑і, ДМ ‑роўцы; Р мн. ‑ровак; ж.
Дзяўчынка, дзяўчына або жанчына, якая сябруе з кім‑н. [Пятро:] — Сёння скардзілася мне [Вольга], што вы [Лена] хоць і сяброўка ёй, але робіце нешта такое не па-сяброўску. Што вы не падзялілі? Ваданосаў. Дзяўчаты былі сяброўкамі, хаця вучыліся па розных факультэтах і не былі падобны адна на адну сваімі характарамі. Шахавец. Абкружыў яе [Кацярыну] жаданы круг сябровак дарагіх... Броўка. / у перан. ужыв. Золь асенняя, туман. Шэпчуць жоўклыя лісты. Ноч — сяброўка партызан, Друг іх верны — лес густы. Крапіва. // Пра каханую жанчыну. Каханнем першым І шчырым, і непаўторным Цябе я, сяброўка, кахаў. Панчанка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
э́тыка, ‑і, ДМ этыцы, ж.
1. Вучэнне аб маралі, як адной з форм грамадскай свядомасці, аб яе сутнасці, законах яе развіцця і ролі ў грамадскім жыцці. Марксісцкая этыка. □ А. К. Ільінскі ў пытаннях мастацтва, этыкі, маралі заўсёды стаіць на прынцыповай вышыні. «Полымя».
2. Сукупнасць норм паводзін, мараль якога‑н. класа, арганізацыі, прафесіі і пад. Тамара Аляксандраўна спачатку збянтэжылася, калі яе.. «усемагутная разведка» ўстанавіла, хто тая жанчына, якую яна сустрэла з Ярашам каля дачы. Але, разважыўшы, узрадавалася: гэта яшчэ лепш, бо, акрамя ўсяго іншага, на галаву чалавека, які зрабіўся цяпер ёй ненавісны, падае яшчэ адзін цяжкі грэх — парушэнне ўрачэбнай этыкі. Шамякін.
[Грэч. ēthika ад ēthos — звычай.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
эфі́рны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да эфіру; знаходзіцца ў эфіры. Эфірная прастора.
2. Кніжн. Вельмі тонкі, незвычайна лёгкі. Эфірнае адзенне. // перан. Бесцялесны, незямны. — Не! Я не якое-небудзь эфірнае стварэнне, а жанчына, якая ведае, як і граблі, і рыдлёўку, і сякеру трымаць у руках, — рэзка адказала Галіна. Рамановіч.
3. Які ўтрымлівае эфір (у 4 знач.). Эфірны шкіпінар. □ [Ніна Іванаўна:] — Не забывайцеся, што гэтае дрэва [грэцкі арэх], а больш дакладна, ягоныя прыгожыя лісты, вельмі багатыя фітанцыдамі, якія, як вы ўжо добра ведаеце, забіваюць шкодных мікробаў, што ў лістах ёсць эфірны алей. Дубоўка. // Які ўласцівы эфіру як хімічнаму рэчыву. Эфірны пах.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
Сі́кша ‘хто мочыцца пад сябе’, ‘падлетак’ (Федар. 4), ‘запальчывы чалавек’ (Нас.), ‘запальчывая жанчына’ (Байк. і Некр.). Паводле Карскага (2–3, 38), утворана пры дапамозе суф. ‑ша ад сікаць (гл.). Параўн. таксама рус. пск. сику́ша, сикту́ха ‘сярдзітая сварлівая баба’. Аднак не выключаны ўплыў на семантыку польск. аргат. siksa ‘дзяўчына-падлетак, смаркачка’, ‘маладая прастытутка’, што выводзіцца з ідыш szikse, ням. Schicks(e) ‘дзяўчына; кабета лёгкіх паводзін’ < іўр. shikse (šigsa) ‘дзяўчына не яўрэйка’ (Штэрн, Wörterbuch, 180; Каня, Słownik, 199). Горбач (Арго школярів, 29) падае зыходнае іўр. šiqcāh ‘тс’ для ўкр. аргат. сікса.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Пяке́льны (пякѣльный) ’звязаны з пеклам; страшны, страшэнны, жахлівы, нясцерпны’ (Нас., Шымк. Собр., Гарэц., Шат.): пяке́льны аго́нь (лаг., Сл. ПЗБ), сюды ж пяке́льнік ’чорт у пекле’ (Нік., Няч.), ’кат’ (Нас.), ’той, хто выконвае цяжкую працу’ (брасл., Сл. ПЗБ), пяке́льніца ’жанчына, што выконвае цяжкую працу; кепскае жыццё, пекла’ (брасл., Сл. ПЗБ; Сцяц.), ’халадэча’ (мядз., Жыв. сл.). Запазычана з польск. piekielny ’пякельны, страшэнны’, гл. Цвяткоў, Запіскі, 2, 71 (мяккі к перад ъ, “які праясніўся”, параўн. *pьkъlъ, гл. пекла). Параўн. польск. piekielnik (1471, < ст.-чэш. pekelník), piekielnica (1564), гл. Банькоўскі, 2, 549.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Райду́н ’той, хто гаворыць інакш, з суседняй вёскі’, райдуны́ ’назва жыхароў суседняй вёскі, якія гавораць інакш’ (Сл. ПЗБ), райду́нка ’жанчына з іншай вёскі з іншай гаворкай’ (мсцісл., пух., Нар. сл.). Параўн. польск. жарг. rajdak, rajder, rajdyn, rajdowiec ’валацуга’. Магчыма, сувязь з ням. Rede ’маўленне, размова’, reden ’гаварыць, размаўляць’ (гл. райдоліць) і адсюль развіццё семантыкі ад ’гаварыць’, ’гаварыць інакш’ > ’той, хто інакш размаўляе’ > ’прыхадзень, іншы, немясцовы’ > ’вандроўнік, валацуга’. Менш верагодна першаснае ’чужак, прыхадзень’, што ў беларускую мову магло трапіць праз сучаснае польск. rajd ’паход’ і звязана з англ. raid ’набег, налёт, напад’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)