ЯРО́МЕНКА Мікалай Мікалаевіч (17.6.1926, г. Новасібірск, Расія — 30.6.2000),
бел. акцёр. Нар.арт. Беларусі (1964). Нар.арт.СССР (1989). Скончыў студыю Бел.т-ра імя Я.Коласа (1948). Працаваў у гэтым т-ры, з 1959 у Нац.акад. т-ры імя Я.Купалы. У 1976—87 старшыня праўлення Бел.тэатр. аб’яднання, у 1987—92 — Саюза тэатр. дзеячаў Беларусі, з 1992 прэзідэнт Бел. канфедэрацыі творчых саюзаў. Акцёр шырокага творчага дыяпазону. Яго творчай індывідуальнасці былі ўласцівы інтэлігентнасць, высокае пачуццё грамадзянскасці, патрыятызму, гранічная праўда і шчырасць пачуццяў, глыбокая псіхал. абмалёўка характару, тэмперамент. Адметную старонку яго творчасці складаюць вобразы сац. герояў: у т-ры імя Я.Коласа — Азорыч («Святло з Усходу» П.Глебкі), Інсараў («Напярэдадні» паводле І.Тургенева), Бахіраў («Бітва ў дарозе» паводле Г.Нікалаевай); у т-ры імя Я.Купалы — Міканор («Людзі на балоце» паводле І.Мележа), Чубар («Плач перапёлкі» І.Чыгрынава), Марозаў («Уцёкі з начы» братоў Тур), Саламахін («Пратакол аднаго пасяджэння» А.Гельмана), Нікіцін («Бераг» паводле Ю.Бондарава). Найб. значная роля героіка-рамант. плана — Канстанцін Заслонаў у аднайм. п’есе А.Маўзона. Характарныя ролі вызначаліся яркай сатыр. афарбоўкай, выразнай пластыкай, майстэрствам пераўвасаблення: Барыс («Начное дзяжурства» А.Дзялендзіка), Скараспей («Брама неўміручасці» К.Крапівы), Вяршыла («Мудрамер» М.Матукоўскага), Розенберг («Рускія людзі» К.Сіманава), Нібыарлоў («Стары Новы год» М.Рошчына) у т-ры Я.Купалы. Маст. густ, адчуванне стылістычнай і жанравай адметнасці твора ўласціва вобразам у класічным рэпертуары: Вышнеўскі («Даходнае месца» А.Астроўскага), Бертрам («Канец — справе вянец» У.Шэкспіра), Арнхольм («Жанчына з мора» Г.Ібсена) у т-ры Я.Купалы. Вяршыня творчасці — яго апошнія ролі: сэр Джон («Касцюмер» Р.Харвуда) у т-ры імя Я.Купалы і Бернард Шоу («Мілы лгун» Дж.Кілці) у Т-ры-студыі кінаакцёра. З 1959 здымаўся ў кіно («Людзі і звяры», «Крушэнне імперыі», «Масква—Генуя», «Сын за бацьку» і інш.), тэлевізійных фільмах («Трывожнае шчасце», «Вечны покліч» і інш.).
Літ.:
Орлова Г., Екель Л. Три я. Мн., 1996;
Сабалеўскі А. Мікалай Яроменка // Майстры беларускай сцэны. Мн., 1978;
Гаробчанка Т «Я — прыхільнік псіхалагічнага тэатра» // Тэатр. Мінск. 1986. № 3;
Няфёд У. Акцёр-грамадзянін // Мастацтва Беларусі. 1986. № 6;
Бур’ян Б. Так суджана — да скону дзён акцёрам заставацца... // Там жа. 1997. № 11.