КРЫНІЦАЗНА́ЎСТВА,

гістарычная дысцыпліна, якая распрацоўвае тэорыю, гісторыю і методыку вывучэння гіст. крыніц (пісьмовых, рэчавых, этнагр., моўных, фалькл. кінафотадакументаў і фонадакументаў). Аб’ект К. — сукупнасць гіст. крыніц, прадмет — вывучэнне гэтых крыніц, іх формы, зместу, магчымых метадаў атрымання з іх гіст. інфармацыі і ўдасканаленне гэтых метадаў. Гісторыя К. разглядае пытанні тэорыі, методыкі і практыкі вывучэння і выкладання К. ў развіцці і на сучасным этапе. Тэорыя К. распрацоўвае пытанні прыроды крыніцы і іх уласцівасцей, адмежаванне ад сумежных дысцыплін (гіст. навукі, музеязнаўства, архівазнаўства, бібліяграфіі гістарычнай, інфарматыкі, археаграфіі), выкарыстанне, сістэматызацыю і класіфікацыю крыніц. У задачы тэорыі К. ўваходзіць даследаванне крыніц у эўрыстычным (тыпалогія крыніц, арыентаванне ў іх пошуку) і методыка-аналітычным (распрацоўка метадаў крытыкі крыніц) кірунках. Класіфікацыя крыніц распрацоўваецца для выяўлення аб’ектыўных уласцівасцей іх вял. груп паводле паходжання ў рамках гіст. перыядаў. Паводле відаў, метадаў і форм адлюстравання рэчаіснасці вылучаюць 4 катэгорыі крыніц: рэчавыя, пісьмовыя, фанічныя і выяўленчыя; апошнія ў сваю чаргу падзяляюцца на выяўл.-графічныя, выяўл.-мастацкія, выяўл.-натуральныя. Тэорыя К. распрацоўвае і метады эўрыстыкі (выяўлення) крыніц, для чаго выкарыстоўваюцца картатэкі і каталогі б-к, бібліягр. паказальнікі, энцыклапедычныя, біяграфічныя, тлумачальныя, тэрміналагічныя і інш. слоўнікі, навук.даведачны апарат архіваў і музеяў з мэтай выяўлення і адбору неабходных даследчыку крыніц. У задачы методыкі К. ўваходзіць крытыка крыніц, якая ўключае ў сябе ўстанаўленне іх сапраўднасці або падробкі, магчымых мэт іх фальсіфікацыі, прачытанне і разуменне зместу крыніц, выяўленне розных рэдакцый і напластаванняў у крыніцы, рэканструкцыю тэкстаў, што не захаваліся. Наступныя этапы крытыкі крыніц — вытлумачэнне, г.зн. устанаўленне сэнсу, укладзенага ў тэкст крыніцы аўтарам, высвятленне прамога тэксту, алегорый, іншасказанняў, замоўчванняў і іх прычын, вывучэнне канкрэтных гіст. абставін стварэння крыніцы, часу і месца яе ўзнікнення, устанаўлення імя аўтара (гл. Атрыбуцыя). Для высвятлення навук. каштоўнасці інфармацыі, прыведзенай у крыніцах, вывучаецца ўплыў умоў, пры якіх узнікла інфармацыя, яе паўната, верагоднасць і дакладнасць, уплыў групавых (этн., дзярж., паліт., саслоўных, рэліг. і інш.) поглядаў на аўтара, на інфармацыю, змешчаную ў крыніцы. Наступны этап у методыцы К. — сінтэз інфармацыі з комплексу крыніц, што вывучае даследчык, пасля чаго ён можа пачынаць рэканструкцыю гіст. падзей. К. шырока выкарыстоўвае метады спец. гіст. навук, якія вывучаюць, або асобныя групы крыніц (палеаграфія, дыпламатыка, сфрагістыка, геральдыка, генеалогія, нумізматыка і інш.), ці асобыя бакі крыніц (храналогія, метралогія, гіст. геаграфія, антрапаніміка, тапаніміка і інш.). У сучасную структуру К. не ўваходзяць традыц. пералічэнне і апісанне асобных груп крыніц, бо гэта не ў стане раскрыць іх сутнаснае значэнне. Значэнне крыніцазнаўчага падыходу і метаду вывучэння пастаянна павялічваецца, а К. ўзаемадзейнічае з усё больш новымі галінамі гуманіт. і прыродазнаўчанавук. ведаў.

Літ.:

Пушкарев Л.Н. Классификация русских письменных источников по отечественной истории. М., 1975;

Медушевская О.М. Современное зарубежное источниковедение. М., 1983;

Яе ж. Источниковедение: теория, история и метод. М., 1996;

Пронштейн А.П., Данилевский И.Н. Вопросы теории и методики исторического исследования. М., 1986.

В.​П.​Грыцкевіч.

т. 8, с. 516

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІСІЯНЕ́РСТВА (ад лац. missio пасылка, даручэнне),

форма дзейнасці рэліг. арг-цый па распаўсюджванні свайго веравучэння і культу сярод іншаверцаў. Характэрна для ўсіх сусв. рэлігій, найб. пашырана ў хрысціянстве. Дзейнасць першых місіянераў у Зах. Еўропе звязана з пашырэннем хрысціянства як пануючай ідэалогіі феад. грамадства. Місіянерская дзейнасць каталіцкай царквы ў 10—13 ст. спалучалася з жорсткімі крыжовымі паходамі, прымусовым хрышчэннем мясц. насельніцтва. Намаганні правасл. місіянераў садзейнічалі распаўсюджванню хрысціянства сярод малалікіх народаў Расіі на Поўначы, Урале, у Сібіры, а таксама ў Амерыцы (Аляска, Каліфорнія), Кітаі, Японіі і інш. У 15—16 ст. М. стала часткай дзейнасці ордэнаў францысканцаў, бенедыкцінцаў, дамініканцаў, езуітаў. Місіянеры пракладвалі шлях заваёўнікам — салдатам і купцам еўрап. краін, іх дзейнасць суправаджалася знішчэннем помнікаў нац. культуры як язычніцкіх, іншаверных. У 18—19 ст. ствараліся пратэстанцкія місіянерскія т-вы — Нідэрландскае (1792), Лонданскае (1795), Англійскае (1797), Берлінскае (1824), якія кіравалі дзейнасцю евангелічных місій. М. адыграла значную ролю ў барацьбе за перадзел свету. Асаблівая актыўнасць у гэтым належала Ватыкану і створанай пры ім кангрэгацыі прапаганды веры. Пасля 1-й сусв. вайны ў энцыкліках рым. пап намечана новая тактыка Ватыкана, якая прадугледжвала падрыхтоўку каталіцкага духавенства і місіянераў з мясц. насельніцтва з мэтай прыстасавання прапаганды да мясц. звычаяў і нораваў. Разам з тым М. садзейнічала пашырэнню сан.-гігіенічных ведаў, лячэнню хвароб і барацьбе з эпідэміямі, вывучэнню еўрап. моў і авалоданню дасягненнямі еўрап. культуры (стварэнне і дзейнасць місіянерскіх школ, дзіцячых дамоў, бальніц, бібліятэк і г.д.).

На тэр. Вял. кн. Літоўскага місіянерскую дзейнасць шырока праводзілі каталіцкія манахі т. зв. жабрацкіх ордэнаў (гл. Ордэны манаскія), езуіты. Місіянерскія пляцоўкі знаходзіліся ў Вільні (засн. 1695, з 1803 дзейнічала школа, дзе навучалі чытанню, пісьму, арыфметыцы, лац. і рус. мовам, катэхізісу, маральным навукам), у Асвеі (1788), Лыскаве (1751, з 1757 дзейнічала павятовая 6-класная школа, шпіталь), Оршы (1752), Сямяцічах (1719), Смілавічах (1747), Смолінску (1808, парафія і школка), Тыкоціне (1751). Дзейнічалі таксама семінарыі ў Магілёве (1783), Мінску (1804), Беластоку, Краславе, рэзідэнцыя ў Ігумене. У 1921—39 актыўную місіянерскую дзейнасць у Зах. Беларусі вяла каталіцкая царква, а таксама баптысты, евангельскія хрысціяне, пяцідзесятнікі.

У канцы 20 ст. формы і метады М. змяніліся. Ордэн езуітаў у 1965 распрацаваў сучасныя прынцыпы М., у іх ліку навучанне або абуджэнне веры як адказ на пытанні людзей, выкарыстанне нац. мовы, рэалістычнае ўспрыняцце сучаснай цывілізацыі, дыялогі і кантакты, аб’яднанне місіянерскай і пастырскай дзейнасці і інш. У аснову дзейнасці пратэстанцкай царквы пакладзена евангелізацыя — распаўсюджванне і ўкараненне ў сістэму мясц. культ.-гіст. традыцый і веравызнання асн. палажэнняў хрысц. веравучэння, яго абрадавай практыкі і адпаведнага светапогляду. У краінах і рэгіёнах, дзе маюць месца секулярызацыйныя тэндэнцыі або атэістычныя настроі, пастаўлена мэта рэевангелізацыі, пераўтварэння традыц. канфесій і плыняў у састаўную частку абвешчанага місіянерамі вучэння. З істотнымі грашовымі ўліваннямі з-за мяжы звязана М. ў Беларусі, дзе выкарыстоўваюцца такія яго формы, як аказанне гуманіт. дапамогі, выкарыстанне сродкаў масавай інфармацыі, арэнда залаў, стадыёнаў для агітацыйнай работы, арг-цыя паездак за мяжу і інш.

І.​В.​Катляроў.

т. 10, с. 472

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕДАГО́ГІКА (грэч. paidagōgikē літ. дзетаваджэнне),

навука, якая даследуе працэс мэтанакіраванага развіцця і фарміравання ва ўмовах яе выхавання, адукацыі і навучання; навуч. прадмет сярэдніх спец. і вышэйшых навуч. устаноў, якія рыхтуюць настаўнікаў, выкладчыкаў, выхавальнікаў. Вывучае аб’ектыўныя сувязі паміж развіццём асобы і знешнімі фактарамі (выхаванне, асвета, навучанне), распрацоўвае тэорыю і методыку выхавання. Разглядае фарміраванне асобы ў асн. сферах яе жыццядзейнасці (сям’я, калектыў, грамадства і інш.). Уключае пед. навукі: агульную П., пераддашкольную, дашкольную, школьную, сямейную, спецыяльную, параўнальную, вытворчую, прафтэхпадрыхтоўчую, вышэйшай школы, ваенную, спартыўную, інжынерную, сацыяльную, андрагогіку (тэорыя і практыка выхавання і адукацыі дарослых), гісторыю П. і інш.

Як сістэма фарміравання асобы П. пачала складвацца ў стараж. дзяржавах (Грэцыя, Рым, Егіпет, краіны Усходу), калі з’явіліся ўстойлівыя погляды на выхаванне, якія адлюстроўвалі менталітэт народаў, іх сац. склад, характар вытв-сці, погляды на дабро і зло. Як асобная навука вылучылася з сістэмы філас. ведаў у пач. 17 ст. Першае абагульненне пед. вопыту зрабіў Я.А.Каменскі. У працы «Вялікая дыдактыка» ён разгледзеў асн. праблемы адукацыі і выхавання, упершыню падкрэсліў прынцыпы дыдактыкі і асновы прыродазгоднага выхавання дзіцяці, заклаў базіс класна-ўрочнай сістэмы навучання ў школе. Уклад у П. зрабілі Дж.Лок, Ж.Ж.Русо, І.Г.Песталоці, І.Ф.Гербарт, А.Дыстэрверг і інш.; у Расіі — К.​Дз.Ушынскі, В.​І.​Вадавозаў, М.І.Пірагоў, Дз.​Дз.​Сямёнаў, В.​П.​Астрагорскі, П.Ф.Лесгафт, Л.М.Талстой, П.​Ф.​Капцераў, К.​М.​Вентцэль і інш.

На Беларусі з развіццём пісьменнасці і ўзнікненнем школ канцэпцыі выхавання і навучання складваліся пад уздзеяннем хрысц. маралі (Ефрасіння Полацкая) і ідэі стараж. філосафаў. Пед. ідэі, заснаваныя на нар. традыцыях, выказвалі М.Гусоўскі, Ф.Скарына, С.Будны, В.Цяпінскі, Л.Зізаній і інш. У 17—18 ст. уклад у развіццё П. зрабілі М.К.Сарбеўскі, К.Нарбут, Я.Снядэцкі і інш. Асветнікі і вучоныя 19 ст. (К.Каліноўскі, Ф.Багушэвіч, Я.Лучына, М.Нікіфароўскі, Е.Раманаў, Я.Карскі і інш.) разглядалі асветніцкія і пед. ідэі як сродак абуджэння самасвядомасці народа. У 20 ст. пэўны ўклад у пед. навуку Беларусі зрабілі Цётка («Першае чытанне для дзетак беларусаў», 1906, і артыкулы пра выхаванне), Я.Колас (падручнікі «Другое чытанне для дзяцей-беларусаў», 1909, і «Методыка роднае мовы», 1926), П.Я.Панкевіч, У.І.Пічэта, І.І.Замоцін, М.І.Гарэцкі, Д.​А.​Жарыкаў, М.Я.Байкоў, Л.​В.​Шашкоў і інш. Развіццё мовы яны разглядалі як частку агульнага падыходу да праблемы грамадскага жыцця. У канцы 20 — пач. 21 ст. арганізацыя набывае грамадска-дзярж. характар; у яе ўключаюцца сям’я, паліт. партыі, канфесіі, грамадскія аб’яднанні. Адраджаюцца гімназіі, ліцэі, каледжы, акадэміі, галіновыя ун-ты. Пытанні тэорыі і практыкі П. распрацоўваюць Нацыянальны інстытут адукацыі, кафедры П. ВНУ, адпаведныя кафедры Рэсп. ін-та прафес. адукацыі, Акадэміі паслядыпломнай адукацыі, абл. ін-таў павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кіруючых работнікаў і спецыялістаў адукацыі, аддзяленне псіхолага-пед. навук. грамадскага аб’яднання «Бел. акадэмія адукацыі» і інш.

Літ.:

Харламов И.Ф. Педагогика. 5 изд. Мн., 1998;

Вадзінскі Д.І. Асновы педагогікі вышэйшай школы. Мн., 1993;

Антология педагогической мысли Белорусской ССР. М., 1986;

Мещеряков В.П. Братские школы Белоруссии (XVI — первая половина XVII в.). Мн., 1977.

В.​М.​Навумчык.

т. 12, с. 253

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВА́ТАННЕ, сватаўство, сваты,

даўні звычай наладжвання шлюбу ў многіх народаў свету, калі жаніх пасылае сваіх прадстаўнікоў (сватоў) да бацькоў нявесты прасіць яе сабе за жонку; адзін з этапаў падрыхтоўчага перыяду вяселля, у час якога бацькі і нявеста даюць згоду на шлюб. На Беларусі — рэгіянальная назва дружкі (Пружаншчына, Слонімшчына). У С. найчасцей ехалі бацька жаніха, яго старэйшы брат, дзядзька або хто-небудзь з блізкіх сваякоў, абавязкова жанатыя і не ўдаўцы. На ПдЗ Беларусі ў С. магла ўдзельнічаць і замужняя жанчына. Самога жаніха звычайна не бралі. Нярэдка за гал. свата запрашалі каго-небудзь са старонніх, хто добра ведаў рытуалы С. Звычайна сватаць ехалі ў аўторак, чацвер, суботу або напярэдадні якога-небудзь свята ўначы без папярэдняй дамоўленасці або пасля яе. У першым выпадку сваты частавання і падарункаў не бралі, у другім — бралі. Часта сваты прыходзілі нечакана ў будны дзень, каб паглядзець парадак у хаце, як выглядае і апранута нявеста ў час працы.

Перад ад’ездам у С. сватоў частавалі, благаслаўлялі, жадалі поспеху. Сваты не павінны былі адразу заходзіць у хату, а стукалі ў акно і прасілі пусціць іх нанач, выдаючы сябе за падарожных, паляўнічых, купцоў і г.д. Увайшоўшы ў хату, сваты не адразу гаварылі пра мэту прыходу, спыняліся перад першай бэлькай, не віталіся за руку, не ішлі адразу да стала, а калі іх запрашалі, садзіліся на лаву каля сцяны ад двара (паводле нар. прыкмет, садзіцца на лаву каля сцяны ад вуліцы азначала, што адзін з маладых аўдавее). У час С. гаварыліся спец. прымаўкі, прыказкі, намёкі, прыгаворы, іншасказанні, умоўныя формулы. У большасці формул захаваліся рэшткі паляўнічага, жывёлагадоўчага, земляробчага спосабаў жыцця продкаў, водгукі стараж звычаю куплі-продажу нявесты. У С. ездзілі нярэдка да трох разоў. Другі раз прыязджалі з жаніхом. Калі сваты заходзілі ў хату, нявеста хавалася. А калі яе запрашалі выйсці да сватоў, усяляк аднеквалася. Часам яна не хавалася, а дэманстравала перад сватамі сваю працавітасць. Сватоў частавалі (абавязкова былі сыр і яешня), потым сват і бацька нявесты паціскалі адзін аднаму рукі, папярэдне накрыўшы іх крысом.

У час С. бакі гаварылі пра падрыхтоўку да вяселля і тэрмін запоін. Пра пасаг дамаўляліся папярэдне. Перад ад’ездам сватоў маці нявесты давала ім загорнуты ў ручнік свой рытуальны хлеб, які, як і хлеб жаніха, называўся мінельнікам, і бутэльку з-пад гарэлкі, у якую насыпала жыта і абвязвала яе каляровым поясам. У выпадку адмовы ад шлюбу аднаго з бакоў апошні адсылаў мінельнік назад, а нявесце, акрамя таго, вярталі з бутэлькай жыта. У выпадку адмовы сяброўкі нявесты імкнуліся ўваткнуць у сані або воз сватоў дзяркач («галень»), Нярэдка з воза сватоў сяброўкі нявесты выбіралі сена і салому і пасыпалі імі сцежкі да сваіх хат, што павінна было азначаць хуткі прыезд да іх сватоў. Калі нявеста абвязвала сватоў ручнікамі, гэта з’яўлялася знакам згоды на шлюб. Пасля С. спраўлялі заручыны.

Літ.:

Вяселле: Абрад. Мн., 1978.

Л.​А.​Малаш.

т. 14, с. 247

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

гра́мата, ‑ы, ДМ ‑мэце, ж.

1. Уменне чытаць і пісаць. Сельскі настаўнік павінен быў вучыць на сяле грамаце і дзяцей і дарослых. «Беларусь». Пайшоў Антось у армію цёмным хлопцам і вырас у барацьбе да камандзіра, навучыўся грамаце. Чарнышэвіч. // Пачатковыя звесткі з якой‑н. галіны ведаў. Музычная грамата. Палітычная грамата. Тэхнічная грамата.

2. Афіцыйны дакумент, якім узнагароджваюць за пэўныя поспехі. Пахвальная грамата. Ганаровая грамата.

3. Уст. Пісьмо, пасланне. □ Першае вядомае гісторыкам пісьмовае сведчанне, у якім адзначаецца роля Мінска ў Вялікім княстве Літоўскім, — гэта грамата вялікага князя літоўскага ад 1444 года. «Полымя».

•••

Ахоўная грамата — дакумент, які сведчыць, што асоба або яе маёмасць знаходзіцца пад асаблівай аховай дзяржаўнай улады.

Берасцяная грамата — старажытнарускія пісьмы і дакументы, напісаныя на бяросце.

Вярыцельная грамата — урадавы дакумент пра назначэнне пэўнай асобы дыпламатычным прадстаўніком у якой‑н. дзяржаве.

Кітайская грамата — пра што‑н. цяжкае для разумення; тое, у чым цяжка разабрацца.

Фількава грамата — непісьменны складзены дакумент; дакумент, які не мае юрыдычнай сілы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

блі́зка,

1. Прысл. да прым. блізкі (у 1, 2, 4 і 5 знач.).

2. у знач. вык. У хуткім часе, хутка. Жніво і ўборка з поля былі блізка. Чорны. А на дварэ ўжо вечарэе, І ночка блізка, змрок гусцее. Колас.

3. прыназ. з Р. Разм. У прасторавым значэнні. Блізка горкай рэчкі Сарыярві Жыў сабе ды гаспадарыў Паво. Багдановіч. Сеў каля паваленай яліны блізка сцежкі, што ў гушчар вядзе. А. Вольскі. // У часавым значэнні. Блізка апоўначы зноў змоўкла малатарня: чысцілі транспарцёр. Савіцкі.

4. прысл. Разм. Амаль, прыблізна. Экзамены цягнуліся блізка тыдзень. Колас. Ёсць будынкі з тоўстага бярвення, век якіх ідзе блізка не за сто год. Чорны. Прыцягнулася ў гэта мястэчка Прузына ўжо блізка году. Ядвігін Ш.

•••

Блізка што — амаль што.

І блізка няма — зусім няма. Сімон, які ведаў, што важных дакументаў і блізка няма.., цяжка ўздыхнуў. Самуйлёнак.

І ні блізка; ні блізка; ані блізка — ні ў якім разе, ні за што.

Прымаць (браць) блізка да сэрца гл. прымаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

асцерага́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Прымаць якія‑н. меры перасцярогі; быць асцярожным. У той дзень была галалёдзіца, тратуары зрабіліся слізкімі, і Валіку прыходзілася ўвесь час асцерагацца, каб не пакаўзнуцца. Жычка. — Ах, сынок, ці ж так можна? Асцерагайся, не лезь на ражон! — маліла маці і несла то вішань, то свежага малака, то ягад. Карпюк. // каго. Быць асцярожным у сваіх адносінах з кім‑н.; пабойвацца каго‑н. Падпольнае і партызанскае жыццё навучыла яго [Косцю] асцерагацца ворага, не падпускаць яго да сябе. Якімовіч. Князь.. славіўся адвагай і вельмі запальчывым характарам, і.. яго асцерагаліся. Самуйлёнак. А Грышка, дык той проста лічыў Казюка не сваім хлопцам і казаў усім асцерагацца яго. Чарот.

2. чаго або з інф. Устрымлівацца ад чаго‑н., пазбягаць чаго‑н. з перасцярогі. Асцерагаліся партызаны да пары да часу выдаць свой баявы сакрэт. Лынькоў. Сотнікаў адчуваў, як проста было ператварыцца з напарніка ў абузу, і найбольш асцерагаўся менавіта таго, хоць і ведаў, што калі здарыцца найгоршае — выйсце для сябе знойдзе сам, не абцяжарыць нікога. Быкаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нашто́, прысл.

1. пытальнае. Для чаго, для якой мэты. Нашто ўсё гэта патрэбна? // Ужываецца пры выказванні нязгоды з чым‑н., неабгрунтаванасці чаго‑н. Сярожка, Сярожка, нашто ты так зрабіў... Арабей. Раз ёсць недавер’е да ўчынкаў героя, чытача пачынаюць трывожыць усялякія .. пытанні: нашто герой так робіць? Кучар.

2. адноснае. Ужываецца як злучальнае слова ў даданых дапаўняльных сказах. [Сцёпка:] Папытайцеся ў яго, нашто яму трэба было якраз сёння сарваць наш спектакль. Крапіва. // Разм. З адценнем прычыны або мэты. Мы [дзеці] ніяк не маглі зразумець, што такое смерць, якая яна, чаму трэба было ўміраць парабку,.. нашто парабак араў панскае поле... Чорны.

3. у знач. часціцы (звычайна ў спалучэнні са словам «ужо»). Ужываецца ў складаных сказах з адваротнай абумоўленасцю састаўных частак. Нашто ўжо Барыс Далідовіч дакладна ведаў, дзе размяшчаецца лагер, але толькі перайшоўшы па кладцы цераз лясны ручай,.. заўважыў першыя зямлянкі. Шахавец. Нашто ўжо палахлівы чорны дрозд, а і той да вады хоць і пеша, азіраючыся, але падыдзе. Ігнаценка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

рой, ‑ю; мн. раі, ‑ёў; м.

1. Сям’я пчол (або іншых падобных насякомых), якія ўтвараюць на чале з маткай адасобленую групу. З дзедавых расказаў .. [Міхалка] ведаў, што рой доўга не сядзіць на месцы, што матка, вывеўшы з вулля сваю маладую сям’ю, толькі чакае высланых разведчыкаў, якія паляцелі шукаць новае месца для рою. Якімовіч.

2. Вялікая колькасць насякомых або птушак, якія кружацца ў паветры. Рой мошак віўся перад .. тварам [Нявады]. Чорны. / Пра сняжынкі, лісце і пад., якія кружацца ў паветры. Узмахне Зіма рукавом кажуха і рой сняжынак, быццам белыя матылькі, сыплецца на зямлю. Даніленка. Над палянаю кружыўся залаты рой кляновага лісця. Шамякін.

3. у знач. прысл. ро́ем. Чарадой, гуртам, у вялікай колькасці. Гарачым летнім днём Вол з ворыва вяртаўся. Напрацаваўся, аж хістаўся. За ім жа куча аваднёў Ляцела роем. Крапіва. Па рэйках роем пстрыкалі кулі. Машара.

4. перан.; каго-чаго або які. Мноства, вялікая колькасць каго‑, чаго‑н. Над вогнішчам узвіваецца цэлы рой залатых іскрынак. Курто.

•••

Віцца роем гл. віцца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

таі́цца, таюся, тоішся, тоіцца; незак.

1. Скрываць што‑н. ад іншых, не расказваючы, не выказваючы што‑н.; праяўляць скрытнасць. За час свайго замужжа Ганна прывыкла таіцца, хаваць у душы і пакутны боль, і тугу, і надзеі. Мележ. Вера кінула таіцца перад Надзяй сваёй службай, расказвала ёй аб парадках у камендатуры. Лынькоў. З нашага дзесятага класа болей ніхто не быў закаханы, і мы з трывогай глядзелі на гэтых двух [Славу і Вераніку], якія так упарта таіліся адзін ад другога. Навуменка. І от пасля першай гэтай гаворкі.., у якой, што тут таіцца, была пэўная доза с[е]нтыментальнасці, сяброўкі пачалі набываць кожная свой звыклы выгляд. Чорны.

2. Хавацца, скрывацца. [Бацька] таіўся да гэтага часу, цураўся сваёй сям’і... Дамашэвіч. За кожнай кудлатай елкай, магчыма, тоіцца вораг. Жычка.

3. Існаваць у скрытым выглядзе; не праяўляцца яўна. На гэтых прасторах вады, пад цёмнаю навіссю панурых лясоў таяцца грозныя замыслы паўстаўшага сялянства. Колас. І не ведаў ніхто, што ў вачах гэтых бура тоіцца, Што ўвесь ён [Саша] напоен нянавісцю спаленых сёл. Панчанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)