МІХАЛО́ЎСКІ ((Michałowski) Пётр) (2.7. 1800, г. Кракаў, Польшча — 9.6.1855),

польскі мастак; прадстаўнік рамантызму. Вучыўся малюнку ў М.​Стаховіча, Ю.​Брадоўскага і Ф.​Лампі ў Кракаве (1816—18), жывапісу ў Н.​Т.​Шарле ў Парыжы (1832—33). Удзельнік паўстання 1830—31. Ствараў батальныя і жанравыя сцэны. Творы вызначаюцца дынамічнасцю і экспрэсіўнасцю вобразнага ладу, псіхалагізмам, танальнай напружанасцю, яркімі колеравымі акцэнтамі, смелай і эфектнай манерай пісьма: «Напалеон на кані» (каля 1832—37), «Схватка кірасіраў», «Пераправа артылерыі цераз раку», «Кракусы», «Бітва пад Самасьерай», «Блакітныя гусары», «Блакітны хлопчык», «Конны кірмаш» (усе 1840-я г.) і інш., серыя партрэтаў сялян («Селянін у капелюшы», каля 1846). Аўтар малюнкаў «Араб на кані», «Французскія паштальёны», «Конюх утаймоўвае першэронаў» і інш.

Літ.:

Piotr Michałowski. Warszawa, 1959;

Janoziński J. Piotr Michałowski: Życie i twórczość 1800—1855. Wrocław, 1985.

П.Міхалоўскі. Блакітны хлопчык. 1840-я г.

т. 10, с. 485

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

сцямне́ць, ‑ее; зак.

1. безас. Пра надыход цемнаты, змроку, прыцемку. На дварэ ўжо сцямнела, і над сталом запалілі вялікую вісячую лямпу. Лобан. [Шафёр:] — Вечарам, калі зусім сцямнее, падыдзіце да крайняй хаты ад Слуцка і пастукайце тры разы ў акно. Шчарбатаў. Сцямнела. Зоры высыпаліся на небе, дробныя як мак. Чарнышэвіч.

2. Разм. Стаць цёмным ці больш цёмным. — Уявіце сабе, — [Габінаў] развёў рукамі і самотна ўсміхнуўся, і яго блакітныя вочы неяк раптоўна сцямнелі. Савіцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ГАРТЭ́НЗІЯ, гідрангія (Hydrangea),

род кветкавых раслін сям. гартэнзіевых. 35 відаў. Пашыраны ва Усх. Азіі, Гімалаях, Амерыцы. На Беларусі ў культуры адкрытага грунту 3 віды: гартэнзія дрэвападобная (H. arborescens; яе стэрыльная садовая форма — f. sterilis вызначаецца пышным і працяглым цвіценнем), гартэнзія мяцёлчатая (H. paniculata) і рознашарсцістая (H. heteromala); у бат. садах і парках трапляецца таксама гартэнзія попельная (H. cinerea); у пакаёвай культуры вырошчваюць гартэнзію буйналістую, або садовую (H. macrophylla).

Кусты, невял. дрэвы выш. 3—10 м, ліяны даўж. да 25 м. Лісце яйцападобнае або эліпсоіднае, даўж. 5—10 см, на чаранках, зубчастае або пілаватае. Кветкі двухполыя, звычайна белыя, зеленавата-, ружова- ці блакітна-белыя (у садовых і пакаёвых формах бываюць блакітныя, малінавыя, ружовыя) у буйных шчыткападобных або мяцёлчатых суквеццях. Плод — каробачка. Дэкар. расліны, выкарыстоўваюцца для адзіночных і групавых пасадак на газонах, пры афармленні ўзлескаў, у стварэнні кампазіцый. Вільгацялюбныя расліны. Абмярзаюць у паўн. раёнах інтрадукцыі. Размнажаюць насеннем, садовыя формы — адводкамі, зялёнымі чаранкамі, атожылкамі, дзяленнем куста.

Гартэнзія мяцёлчатая.

т. 5, с. 72

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

та́лія 1, ‑і, ж.

Найбольш вузкая частка тулава паміж грудзьмі і клубамі. Абняць за талію. □ [Зіна] прыжмурыла шэра-блакітныя вочы, расчасала кольцы спадаючых на плечы светлых валасоў, зацягнула тужэй паясок на тонкай таліі. Федасеенка. // Частка адзення, якая аблягае гэтае месца. Пінжак быў звужаны ў таліі і нечым нагадваў жаночы жакет. Асіпенка.

[Ад фр. taille.]

та́лія 2, ‑і, ж.

1. Камплект ігральных карт з дзвюх калод.

2. Круг картачнай гульні да канца калоды ў банкіра або да зрыву банка.

[Ад фр. tailler — банкаваць.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

го́ран, ‑рна, м.

1. Кавальская печ для награвання металу, забяспечаная мяхамі і паддувалам. У кузні было горача. Ярка палала вуголле. У горне ляжаў прадаўгаваты кавалак распаленага дабяла жалеза, ад яго з лёгкім трэскам разляталіся ў бакі блакітныя іскры. Курто. // Спецыяльная печ для абпальвання керамічных вырабаў.

2. перан.; чаго. Цяжкасці, выпрабаванне якія загартоўваюць, робяць стойкім каго‑, што‑н. Паэзія М. Танка.. вытрымала суровыя выпрабаванні, прайшла сапраўдную загартоўку ў горне жыцця. Шкраба.

3. Ніжняя частка доменнай печы, дзе згарае паліва.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разбудзі́ць, ‑буджу, ‑будзіш, ‑будзіць; зак., каго-што.

1. Прымусіць каго‑н. прачнуцца. Раніцай Вера разбудзіла мужа пасля таго, як падаіла карову. Пальчэўскі. [Хрысцюк] сабе спакойненька падрэмваў увесь вечар на ложку, пакуль жонка не разбудзіла піць чай. Дуброўскі. / у перан. ужыв. Ідзём мы вышукваць напрамкі дарог, Каб стэп разбудзіць, Каб ажыў ён і мог Раджаць для краіны хлеб. Кірэенка.

2. перан. Выклікаць да жыцця, абудзіць, актывізаваць. Антон глядзеў у .. [Алініны] блакітныя вочы. Яны разбудзілі ў яго сэрцы былыя пачуцці. Прокша.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

БЛАКІ́ТНІЦЫ (Lycaenidae),

сямейства насякомых атр. матылёў. Каля 1000 відаў. Вельмі пашыраны. Ва ўмераным поясе Паўн. паўшар’я каля 500 відаў. На Беларусі каля 40 відаў, з якіх 4 занесены ў Чырв. кнігу: блакітніца алькон (Maculinea alcon), блакітніца мелеагр (Polyommatus daphnis), блакітніца эраідэс (P. eroides), блакітніца тарфянікавая (P. optilete), 10 відаў — у Чырв. кнігу СССР. Найб. пашыраны на Беларусі мнагавочка шчаўевая (Chrysophanus dispar rutilus), блакітніца-ікар (L. icarus), блакітніца лясная (L. semiargus). Жывуць у лясах, на лугах, лясных палянах, у садах.

Дзённыя матылі. Крылы (размах 2—4 см) у самцоў зверху блакітныя (адсюль назва), сінія, зялёныя, аранжава-чырвоныя, часта з метал. бляскам, у самак бурыя, знізу шараватыя або бурыя з дробнымі вочкападобнымі плямамі. Вусікі булавападобныя. Пярэднія ногі ўкарочаныя. Вусені тоўстыя, кароткія, укрытыя валаскамі; кормяцца на шыракалістых дрэвах або кустах, травяністых раслінах (часцей грэчкавых або бабовых). Многія віды блакітніц звязаны з мурашкамі. У некат. трапічных відаў вусені — драпежнікі, кормяцца тлямі, чарвяцамі, лічынкамі мурашак. Акукліваюцца часцей у глебе або мурашніках. Зімуюць яйцы, вусені, кукалкі.

Самцы блакітніцы: 1 — алькон, 2 — мелеагр, 3 — эраідэс, 4 — тарфянікавай; малюнак крыла: а — зверху, б — знізу.

т. 3, с. 186

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕАНІ́ДЗЕ (Георгій Мікалаевіч) (8.1.1900, с. Петардзеулі, Грузія — 9.8.1966),

грузінскі паэт. Нар. паэт Грузіі (1959). Акад. АН Грузіі (1944). З 1907 вучыўся ў Тбіліскім духоўным вучылішчы, з 1913 — у семінарыі. Дырэктар Літ. музея Грузіі (1930—52), Ін-та гісторыі груз. л-ры (1957—66). Друкаваўся з 1911. У 1918 увайшоў у групу груз. сімвалістаў «Блакітныя рогі». Многія вершы 1924—25 — шэдэўры груз. лірыкі («Нінацміндская ноч», «Кіліла і Дамана», «Цхнецкая ружа» і інш.). У ліраэпічных паэмах «Самгоры» (1950), «Партахала» (1951, Дзярж. прэмія СССР 1952) зварот да гісторыі, вобразаў славутых продкаў. Паэзіі Л. ўласцівы жыццялюбства, героіка-рамант. пафас, мяккі лірызм. Аўтар зб. апавяданняў на аўтабіягр. аснове «Чарадзейнае дрэва» (1962), даследаванняў па гісторыі груз. л-ры «Саят-Нова» (1931), «Бесікі» (1942), «Давід Гурамішвілі» (1957) і інш., сцэнарыя кінафільма «Шчыт Джургая» (Дзярж. прэмія СССР 1950). На бел. мову асобныя вершы Л. пераклалі П.​Макаль і Р.​Яўсееў. Дзярж. прэмія СССР 1941.

Тв.:

Рус. пер. — Избр. стихотворения и поэмы. Тбилиси, 1986;

Древо желания. Тбилиси, 1987.

Літ.:

Маргвелашвили Г. Георгий Леонидзе. Тбилиси, 1970.

Г.М.Леанідзе.

т. 9, с. 170

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

абры́нуцца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; зак.

1. Імкліва ўпасці зверху, абрушыцца, абваліцца. Ён [мост] закалышацца, як дзіцячая калыска, не вытрымае цяжару і абрынецца ў ваду. Сабаленка. Косыя блакітныя ніткі мігатлівай шкляной заслонай захінаў далягляд, і Юрку здалося, што палатка — гэта астравок, на які абрынулася вада. Карпаў. // перан. Нечакана спасцігаць каго‑, што‑н. Няшчасце абрынулася на Марыльку. Сабалеўскі.

2. перан. Імкліва, з вялікай сілай напасці, наваліцца. Не ступіў я і кроку, як раптам у галаве памутнела, паплылі кругі, нейкая магутная сіла абрынулася на мяне, і я апамятаўся на брызенце. Карпюк.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ГАРЫ́ЧКА (Gentiana),

род кветкавых раслін сям. гарычкавых. Каля 400 відаў. Пашыраны ў нетрапічных краінах зямнога шара. На Беларусі трапляюцца: гарычка веснавая (G. verna) — вельмі рэдкі сярэднееўрапейскі горны рэліктавы від, адзначаны ў Пухавіцкім і Капыльскім р-нах Мінскай вобл., расце на вільготных лугах; гарычка крыжападобная, або сакаліны пералёт (G. cruciata), — рэліктавы лесастэпавы від, трапляецца рэдка, пераважна ў паўн. раёнах, расце на астэпаваных схілах узгоркаў, сухіх лугах, на лясных палянах і ўзлесках; гарычка лёгачная, або звычайная (G. pneumonanthe), трапляецца зрэдку па ўсёй тэр., расце на лугах, у хмызняках. гарычка веснавая і крыжападобная занесены ў Чырв. кнігу Рэспублікі Беларусь. Гарычка лёгачная патрабуе прафілактычнай аховы. У Цэнтр. бат. садзе АН Беларусі вырошчваюцца 2 інтрадукаваныя віды — гарычка трохкветная (G. tricolor) і тыбецкая (G. tibetika).

Шматгадовыя травяністыя і паўкусцікавыя расліны з голым пустым прамаслойным ці прыўзнятым сцяблом. Лісце суцэльнае, супраціўнае, звычайна падоўжана-ланцэтнае, ніжняе часта ў разетцы. Кветкі адзіночныя або сабраныя ў верхавінкавыя ці пазушныя суквецці, звычайна буйныя, ярка афарбаваныя (сінія, блакітныя, фіялетавыя, радзей пурпуровыя і жоўтыя), 4—5-членныя. Вяночак трубчасты або трубчаста-лейкападобны. Плод — каробачка. Лек. (выкарыстоўваюцца ў афіцыйнай і нар. медыцыне), харч., фарбавальныя, меданосныя і дэкар. расліны, некат. віды — ядавітыя.

Гарычка: 1 — веснавая; 2 — звычайная.

т. 5, с. 77

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)