СТРА́ЧА,

рака ў Пастаўскім р-не Віцебскай вобл., Мядзельскім р-не Мінскай вобл. і Астравецкім р-не Гродзенскай вобл., правы прыток р. Вілія. Даўж. 59 км. Пл. вадазбору 1140 км². Выцякае з воз. Малыя Швакшты Пастаўскага р-на, цячэ на паўд.-зах. схілах Свянцянскіх град, упадае ў Вілію за 2 км на ПдУ ад в. Міхалішкі Астравецкага р-на. Цячэ праз ландшафтны заказнік Блакітныя азёры. Даліна ў верхнім цячэнні не выражана, на астатнім працягу трапецападобная. Пойма двухбаковая, забалочаная. Рэчышча моцназвілістае, у верхнім цячэнні камяністае, ёсць парогі; яго шыр. ў межань у верхнім і сярэднім цячэнні 8—12 м, у ніжнім 15—20 м. Каналізаванае на працягу 6,1 км. Каля в. Страча створана сажалка. Прымае сцёк з меліярац. каналаў.

т. 15, с. 204

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)