Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

...актны, ‑ая, ‑ае.

Другая частка складаных прыметнікаў, першая частка якіх лічэбнік, што паказвае на колькасць актаў. Трохактная камедыя. Аднаактны балет.

...ана,

Другая частка складана-скарочаных слоў, якая сама з’яўляецца скарачэннем слоў: аддзел народнай асветы, напрыклад: райана, гарана, аблана.

...бальны, ‑ая, ‑ае.

Другая састаўная частка складаных слоў, якая абазначае: роўны столькім балам, колькі паказвае першая частка гэтых слоў, напрыклад: пяцібальны, дзевяцібальны.

...валентны, ‑ая, ‑ае.

Спец. Другая састаўная частка складаных слоў, якія абазначаюць: здольны злучацца з атамамі іншага элемента ў прапорцыі, вызначанай у адносінах да вадароду і паказанай першай часткай слова, напрыклад: аднавалентны, двухвалентны, полівалентны.

...варэнне, ‑я, н.

Другая састаўная частка складаных слоў, якая абазначае прыгатаванне тых ці іншых прадуктаў шляхам варкі, напрыклад: мылаварэнне, піваварэнне.

...гадзінны, ‑ая, ‑ае.

Другая састаўная частка складаных слоў, якая абазначае: разлічаны на столькі гадзін, колькі паказана ў першай частцы; назначаны на пэўную гадзіну дня або ночы. Сямігадзінны рабочы дзень. Пяцігадзінны кінасеанс.

...гадовы, ‑ая, ‑ае.

Другая састаўная частка складаных слоў, якая абазначае: роўны столькім гадам, колькі паказана ў першай частцы, напрыклад: аднагадовы, пяцігадовы, шматгадовы.

...галовы, ‑ая, ‑ае.

Другая састаўная частка складаных слоў, якая ужываецца ў значэннях: а) з такой галавой (у 1 знач.), характарыстыка якой даецца ў першай частцы, напрыклад: светлагаловы, чорнагаловы; б) з такой колькасцю галоў (у 1 знач.), якая названа ў першай частцы, напрыклад: трохгаловы, шматгаловы.

...галосы, ‑ая, ‑ае.

Другая састаўная частка складаных слоў, якая абазначае: а) з такім голасам, які паказваецца ў першай частцы, напрыклад: звонкагалосы, рознагалосы; б) з такой колькасцю галасоў, якая названа ў першай частцы, напрыклад: двухгалосы, шматгалосы.

...гонны, ‑ая, ‑ае.

Другая састаўная частка складаных слоў, якая абазначае: такі, што садзейнічае выдзяленню чаго‑н., названага ў першай частцы слова, напрыклад: глістагонны, патагонны.