Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

хто, каго, каму, каго, кім, аб кім, займ.

1. пытальны. Абазначае агульнае пытанне аб жывых істотах і стане каго‑н. — Хто пытае? — пачуўся густы бас незнаёмага. Колас. — Пачакай, — раптам перарваў.. [гаспадар] сам сябе, — ты [Мішурын] кім быў да вайны? Чорны. / У рытарычных пытальных сказах. Праца вяла з пальцамі вечную барацьбу: а ну, хто каго?. Бядуля. / У рытарычных пытаннях і воклічах, у якіх маецца на мэце адмоўны адказ. Прыпасы ў кожнага, вядома, у іх [паляўнічых] былі, Бо хто ж, падумайце вы самі, Палюе з голымі рукамі? Корбан.

2. Ужываецца ў значэнні вылучальных або ўказальных займеннікаў: «каторы», «той». Вада ў Сожы выцвіла, памялела і так аддалілася ад берага, што рэдка хто з хлапчукоў даставаў яе каменьчыкам. Ракітны. Не страшна смерць Свабоду хто бараніць, Будуе хто Нязнаны новы свет. Чарот.

3. неазначальны. Разм. Хто-небудзь, хтосьці. Каб толькі хто ведаў, як не хочацца разлучацца з сябрамі! Шыловіч.

4. адносны. Падпарадкоўвае даданыя дапаўняльныя сказы. [Туміловіч:] Я павінен ведаць, хто з нас на правільнай дарозе і каму ў каго вучыцца трэба. Крапіва. / Пры наяўнасці суадноснага слова ў галоўным сказе. [Дырэктар:] — Хто цягне — на таго і кладуць. Шамякін.

5. адносны. Падпарадкоўвае даданыя дзейнікавыя сказы (пераважна пры наяўнасці ў галоўным сказе суадноснага слова «той»). Той, хто праўды шукае, — У нас знойдзе яе, А хто вецер пасее, — Той буру пажне! Танк. — Хто харч носіць, той есці не просіць, кажуць людзі, і гэта святая праўда, хлопча, — заўважыў Роўда. Машара. У гутарку ўступіла дзяўчына.. У надышоўшым змроку не відаць было, ні хто яна, ні якая з твару. Мурашка.

6. адносны. Падпарадкоўвае даданыя азначальныя сказы; па значэнню адпавядае слову «каторы». Камандзір роты быў адным з тых, хто разам з Тураўцом ствараў брыгаду. Мележ. Слава палкім байцам, хто за волю Радзімы загінуў. Хведаровіч.

7. адносны. У спалучэнні з часціцай «ні» пачынае даданы ўступальны сказ. Чалавек на зямлі, хто б ён ні быў: воін ці будаўнік, а перш за ўсё сейбіт. Гроднеў.

8. Ужываецца ў размеркавальным значэнні пры супастаўленні членаў сказа і сказаў у значэнні: «адно..., другое». Мы рассыпаліся па ўсіх правілах хто франтавой, хто партызанскай тактыкі. Брыль. Хто ў прэферанс захоплена гуляе, Хто забаўляецца ў вясёлае лато. А. Александровіч.

•••

Мала хто — нямногія.

Хто б ні быў — няважна хто, любы, усякі.

Хто дзе — у розных месцах.

Хто каго — аб барацьбе да поўнай перамогі аднаго з процілеглых бакоў.

Хто куды — у розныя бакі. Дождж лінуў нібы з вядра. Рамонтнікі кінуліся хто куды — шукаць сховішча. Навуменка.

Хто папала — пра няпэўнасць, выпадковасць каго‑н.; абы-хто, хто прыйдзецца.

Хто ў боб, хто ў гарох — пра нязладжаныя, хаатычныя дзеянні.

Хто ў лес, хто па дровы — не гуртам, уразброд, не дружна.

Хто што — адзін адно, другі другое.

Хто яго (цябе, яе, вас, іх) ведае — ніхто не ведае, невядома. Сена бераглі: хто яго ведае, якая там будзе зіма — раптам доўгая, тады кармоў не хопіць. Асіпенка.

Хто як — адзін так, другія інакш.

хтось, кагось, камусь, кагось, кімсь, аб кімсь, займ. неазначальны.

Тое, што і хтосьці. Узлескам ранняю парою, Туды, дзе хтось траву касіў, На луг стары, да вадапою Усёй сям’ёй ідуць ласі. Прыходзька.

хто́сьці, кагосьці, камусьці, кагосьці, кімсьці, аб кімсьці, займ. неазначальны.

1. Невядома які чалавек; нехта. Вечарам, калі Аня, падаіўшы карову, выходзіла з хлява, яе хтосьці ціха гукнуў з цемры. Мележ. На дарозе глухой Палявой Ён [хлопчык] убачыў з сястрой Кімсьці кінуты воз. Куляшоў. // Адзін з прысутных (не ўказваючы хто). — Вады! — крыкнуў хтосьці з гурту дзяцей. Якімовіч. Хтосьці з хлопцаў ступіў крок наперад і гучна спытаў: — А што тут будзе? Шыловіч.

2. Які‑н. чалавек, усё роўна хто. Толькі часамі ім апаноўвала ажыўленне, у .. [Міхала] з’яўлялася патрэба штосьці камусьці расказваць. Чорны.

хто-ко́лечы, каго-колечы і пад. (гл. хто), займ. неазначальны.

Абл. Хто-небудзь. [Андрэй:] — А вось разгледжуся трохі, прыслухаюся. З кім-колечы параюся, як яно, дзе і што — можа, што-небудзь і надарыцца. Колас.

хто-ко́львек, каго-кольвек і пад. (гл. хто), займ. неазначальны.

Абл. Хто-небудзь. Заўтра ў мяне адзін урок, падменіць хто-кольвек. Марціновіч.

хто-не́будзь, каго-небудзь і пад. (гл. хто), займ. неазначальны.

Які-небудзь чалавек, усё роўна хто. [Левановіч:] У Маскву каму-небудзь сапраўды прыйдзецца паехаць. Крапіва. — Хто-небудзь купляе? — запытаўся Мікола, паказваючы на розныя танныя нацюрморты і пейзажы. Якімовіч.

хто-ніхто́, каго-нікаго, каму-нікаму, каго-нікаго, кім-нікім, аб кім-нікім, займ. неазначальны.

Хто-небудзь з людзей; некаторыя людзі. Хто-ніхто выходзіў араць на зіму, сеяць жыта, капаць бульбу. Каваленка. Хто-ніхто з хлопцаў не саромеўся без запрашэння, без тостаў каштаваць пастаўленае на сталы пітво, але толькі ў тым пакоі, які адводзіўся для моладзі. Шамякін.