хці́васць, ‑і, ж.
1. да чаго. Імкненне задаволіць ненасытнае жаданне чаго‑н. Гэтая хцівасць да грошай у Майбарады мяне дзівіць і абражае. Скрыган.
2. Сквапнасць, карыслівасць. Зоя Лагодзіч зрабіла адкрыццё, што хцівасць Дывінца, пра якую намякала Ліля, вымусіла.. брыгадзіра займацца спекуляцыяй. Асіпенка.
хці́вец, хціўца, м.
Той, каму ўласціва хцівасць. На ўсіх этапах свайго творчага шляху пісьменнік ненавідзеў закаранелага ўласніка, хціўца, кулака-крывасмока. Кудраўцаў.
хці́вы, ‑ая, ‑ае.
1. Які імкнецца ўзяць сабе, атрымаць, мець у сябе як мага больш чаго‑н. Скупы багацей пасадзіў вялікі вінаграднік і вельмі баяўся зладзеяў і хцівых зайздроснікаў. Страх прымусіў яго абнесці сад вялізнай сцяной. Майхровіч. Хцівыя да чужога багацця, акупанты наспех вывозілі ва ўсходнюю Прусію ўсё, што траплялася пад руку. «Маладосць». // Які выражае хцівасць. Сам Банадысь, .. пакуль сесці ў сані, ішоў побач з канём. Ля студні кінуў хцівае вока на Ладымера: — Гэта ж у цябе вядро новае! Чорны. // Пражэрлівы, ненасытны, прагны. Наўкол лясы, лясы, лясы, А над лясамі хцівы, дужы, Як і ў далёкія часы, Яшчэ каршун злавесна кружыць. Грахоўскі.
2. Скупы, карыслівы. Пад маскай «прыстойнасці» і ціхай пакорлівасці лёсу праяўляецца ў ім небяспечны драпежнік, хітры дзялок, хцівы і бессардэчны «накапіцель». Перкін. // Заснаваны на карыслівасці, імкненні да асабістай выгады. Ёсць і такія інтарэсы між самімі людзьмі. Не ў варожым стане, а між сваіх. Інтарэсы дробныя, хцівыя. Грамовіч. Паэт парадзіруе валацужную рамантыку, якая фактычна маскіруе хцівую пагоню за нажывай. Бярозкін.
3. Пажадлівы. Ядвісю хмурым майскім ранкам Наведаў хцівы Яська Смык.. — Я вамі жыў і штодзень марыў, Каб мне дасталіся хутчэй. Пушча. // Які выражае пажадлівасць. Іваноўскі хцівымі вачыма глядзеў на артыстку. Новікаў. [Анежка] ўспомніла сухі і злосны твар Парэчкуса, пагляд яго хцівых вачэй, і яе ўсю закалаціла. Броўка. // знач. наз. хці́вы, ‑ага, м. Чалавек, які вызначаецца прагнасцю да нажывы, карыслівасцю, скупасцю. Якім трэба быць бяздушным, хцівым, каб прымушаць працаваць цяжка хворага чалавека. Дадзіёмаў. [Леў Раманавіч:] — А не паспеў чалавек як след агледзецца, зямля даставалася другому, багатаму, хціваму. Асіпенка.
хэнць, ‑і, ж.
Абл. Жаданне, ахвота. Узіраючыся, як мільгала за частаколам.. [Марціна Ваўчка] шарая, ганарыста ссунутая на адно вуха кепка, Міця таксама ўчуў нейкую хэнць прайсціся вузенькаю, вытаптанаю ў росным карычневым быльніку па чужой мяжы сцежкаю ў блізкі верасаўскі лясок. Адамчык. Кожны падкрэслены.. [Якавам Гузікам] сказ выклікае прыметныя калыханкі ўсяе залы. Гэта надавала яму настрою, хэнці, захаплення. Гартны.
[Польск. chęć.]