Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

хуткаплы́нны, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і хуткацечны. Хаткі, хутаркі з дзікага каменю, чыстая, як сляза, хуткаплынная рэчка. Караткевіч. Вачэй не адарваць ад бяскрайніх прастораў, ад рэк хуткаплынных, ад тайгі велічнай, ад ззяючых на сонцы чорных хрыбтоў. Хадкевіч. Менавіта гэтае сутыкненне хуткаплыннай гістарычнай, нават штодзённай явы з вечнасцю, яе праекцыя на вечнасць надае твору [«Новай зямлі» Я. Коласа] мастацка-філасофскую вышыню, высокае гучанне. Навуменка. І нашы клёны разрасліся, І хуткаплынныя гады Пазамялі апалым лісцем Мае хлапечыя сляды. Бураўкін.

ху́ткасны, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і скорасны. Можна ўдасканальваць станок, змяняць форму разца, пераходзіць на хуткаснае або сілавое рэзанне — шляхоў існуе многа. Шахавец.

хуткастрэ́льнасць, ‑і, ж.

Колькасць выстралаў, якую можна зрабіць з якога‑н. віду зброі ў адзінку часу.

хуткастрэ́льны, ‑ая, ‑ае.

Які мае вялікую хуткастрэльнасць. [Аляшкевіч:] Скажам, возьмуць хлопцы ў немцаў хуткастрэльны кулямёт. Ні да чаго ён нам: патронаў шмат з’ядае. Карамазаў.

ху́ткасць, ‑і, ж.

1. Ступень скорасці руху каго‑, чаго‑н. або распаўсюджання чаго‑н. Хуткасць палёту. Хуткасць святла. Хуткасць гуку. □ Ехалі з хуткасцю шэсцьдзесят кіламетраў у гадзіну. Гурскі. Поезд раптам здрыгануўся, зноў заляскаў буферамі, .. а потым марудна пачаў набіраць хуткасць. Кулакоўскі.

2. Ступень скорасці, з якой адбываецца якое‑н. дзеянне, працэс. Хуткасць рэзання. Хуткасць стральбы. □ Асаблівы непакой выклікаў той факт, што хуткасць асядання такой вялікай плошчы паверхні зямлі ўсё больш і больш паскараецца. Матрунёнак.

3. Ступень скорасці дастаўкі грузаў. Адправіць груз малой хуткасцю.

4. Ступень скорасці руху або вярчэння некаторых машын, якая залежыць ад парадку ўзаемадзеяння дэталей каробкі скорасцей. Уключыць хуткасць. □ [Ячны:] — Эй ты, Ластаўка! Трэцюю хуткасць уключым. Пайшла!.. Брыль. Так, ці даўно.. [Чыкуноў] як аб вялікім дасягненні пісаў вось аб гэтай канструкцыі механізма пераключэння хуткасці станка? Васілёнак.

5. У механіцы — адносіны пройдзенага целам шляху да адпаведнага прамежку часу. Раўнамерная хуткасць.

хуткаце́чнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць хуткацечнага. Хвілін не праклінаем хуткацечнасць, Не верым ні хаўрусам, ні хлусні. Камейша.

хуткаце́чны, ‑ая, ‑ае.

Які хутка цячэ (звычайна пра рэкі). Мост высокі, і з яго прыемна, нават трошкі страшнавата, наглядаць на хуткацечную ваду. Ракітны. // перан. Які хутка праходзіць, мінае. Праводжу, утароплены, плынь удаль. О, колькі ў сабе яна топіць і тоіць Хвілін хуткацечных пад покрывам хваль! Арочка.

ху́ткі, ‑ая, ‑ае.

1. Які адбываецца з вялікай хуткасцю. Хуткі бег. Хуткая хада. □ Коні, узмакрэлыя ад далёкай дарогі і хуткай язды, як толькі ім зноў дазволілі перайсці на ступу, пачалі задаволена фыркаць. Брыль. // Які імкліва перамяшчаецца ў прасторы, які вызначаецца вялікай хуткасцю. Прабягалі хуткія кур’еры За кароткім часам наўздагон. Глебка.

2. Быстры ў сваіх рухах, дзеяннях, рашэннях і пад. Арэшкін хоць і быў вышэйшы ростам, але крочыў паважна, не спяшаючыся, і імкліваму, хуткаму ў рухах Лемяшэвічу прыйшлося запаволіць сваю хаду, а калі ён парушыў рытм, рэчы пачалі замінаць. Шамякін. [Сяргей:] — Надта ж марудна кнот тлеецца... [Таня:] — Ах, які ты хуткі на ўсё. Машара. // Паспешлівы. [Андрэй] падаў паперку старэйшаму. Той узяў яе, кінуў хуткі погляд на напісанае. Самуйлёнак. Крушынскі аглядваецца па баках, хуткімі крокамі выходзіць з лесу. Бядуля.

3. Які адбываецца ў кароткі адрэзак часу. Хуткі рост прамысловасць Хуткі рост народнай асветы ў рэспубліцы. // Які павінен адбыцца праз невялікі адрэзак часу. Вер нам цвёрда, Зямля! І чакай нас, Зямля! Да спаткання, да хуткай сустрэчы. Гілевіч.

•••

Карэта хуткай дапамогі гл. карэта.

Хуткая дапамога гл. дапамога.

У хуткім часе гл. час.

хутчэ́йшы, ‑ая, ‑ае.

Выш. ст. да прым. хуткі.

ху́ценька, прысл.

Разм. Ласк. да хутка. Зорка, ой, зоранька Ветла міргае. Хуценька-скоранька Рань заіграе. А. Александровіч.