Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

яса́чны, ‑ая, ‑ае.

Гіст.

1. Які мае адносіны да ясаку, з’яўляецца ясаком. Ясачны збор.

2. Які плаціць ясак, звязаны з выплатай ясаку. Ясачныя людзі.

я́сельнічы, ‑ага, м.

Гіст. Прыдворны чын у рускай дзяржаве 15–17 стст. // Асоба, якая ўзначальвала Канюшневы прыказ з пачатку 17 ст., а таксама загадвала царскім псовым паляваннем. Загад ясельнічага.

я́сельны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да ясляў (у 1 знач.). Ясельная агароджа.

2. Які мае адносіны да ясляў (у 2 знач.). Ясельная група. Ясельны ўзрост.

3. Які наведвае або можа наведваць дзіцячыя яслі. Ясельныя дзеці.

я́сеневы, ‑ая, ‑ае.

Разм. Тое, што і ясянёвы. Простая рэч — лыжы, звычайныя бярозавыя ці ясеневыя лыжы, лёгкія і такія неабходныя ў паўночных снягах. Шамякін.

я́сень, ‑я і ‑ю, м.

1. ‑я. Дрэва сямейства маслінавых з перыстым лісцем і цвёрдай драўнінай, якая выкарыстоўваецца ў мэблевай прамысловасці. Ля самага лесу маю ўвагу прыцягнулі тры высозныя ясені. Ігнаценка. Купчастыя ліпы і ясені Шалаш па-над студняй сплялі. Астрэйка. / ‑ю; у знач. зб. Пасадка ясеню.

2. ‑ю; толькі адз. Драўніна гэтага дрэва. Мэбля з ясеню.

я́сік, ‑а, м.

Абл. Маленькая падушка. У спальні стаялі два нікеляваныя ложкі, засланым квяцістымі капамі, на іх — пышныя падушкі з маленькай наверсе — ясікам. Пальчэўскі. Тата бухае.. [сяннік] на ложак, мама засцілае прасціной, зверху новай посцілкай, кладзе горачкай падушкі і на самы верх — маленечкі ясік, вышыты валошкамі. Каліна.

яско́лка, ‑і, ДМ ‑лцы; Р мн. ‑лак; ж.

Адна- або шматгадовая расліна сямейства гваздзіковых.

яскра́васць, ‑і, ж.

Уласцівасць і стан яскравага. Калі мы стаялі на маўклівай плошчы, перад намі з асаблівай яскравасцю ажыла яе багатая рэвалюцыйнымі падзеямі гісторыя. Мележ.

яскра́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Выразны, ясны; яркі. Выйду, выйду, дзе горада грукат, дзе афішы ў фарбах яскравых. Дубоўка. Шчодра ліло цяпло яскравае красавіцкае сонца. Шамякін. Лагодны летні дзень сеяў сонечныя, яскравыя зярняты на поле і лес. Бядуля.

2. перан. Пераканаўчы; яркі. Сам зборнік «Дзень паэзіі» ёсць дастаткова яскравае сведчанне таго, што нашы паэты жывуць вельмі разнастайным і ў той жа час багатым і змястоўным жыццём. Гілевіч. Яскравым прыкладам бурнага росквіту эканомікі і культуры з’яўляецца наша рэспубліка. «Звязда».

я́слі, ‑яў; адз. няма.

1. Кармушка для жывёлы ў выглядзе адкрытай драўлянай скрынкі на ножках або рашоткі, нахільна прымацаванай к сцяне. Зося хутка ўправілася з канём: распрагла, напаіла, завяла ў хлеў і падкінула ў яслі ахапак свежага дзяцельніку. Гартны. [Каня] вабіў да сябе цёплы хлеў з яслямі, поўнымі мурожнага сена. Новікаў.

2. Выхаваўчая ўстанова для дзяцей узростам да трох гадоў. Дзіцячыя яслі. □ [Маці:] А я ў полі прыбіраю Жыта ў перавяслы Ды сама сябе пытаю: Як мой сын у яслях? Колас. Сваю Настачку — Дзіцё тое — Нясу ў яслі я Раніцою. Купала.