Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

шэсцьдзеся́т, шасцідзесяці, Т шасцюдзесяццю, ліч. кольк.

Лік і лічба 60. Шэсцьдзесят памножыць на тры. // Колькасць, якая абазначаецца лічбай 60. Шэсцьдзесят гадоў таму назад прыстаў Талаш у прымы да Насці Балыгі. Колас.

шэсцьсо́т, шасцісот, Т шасцюстамі, ліч. кольк.

Лік і лічба 600. Шэсцьсот падзяліць на два. // Колькасць, якая абазначаецца лічбай 600. — На Пагіблых [балотах] толькі нашага калгаса земляў шэсцьсот гектараў пад вадою ляжыць. Краўчанка.

шэф, ‑а, м.

1. Разм. Кіраўнік якой‑н. установы, прадпрыемства і пад. у адносінах да сваіх падначаленых. І я адчуў, што падначаленыя Івану Ігнатавічу рахункаводы — рослая дзяўчына і хлопец з хітрымі вочкамі — не вельмі слухаюць свайго маўклівага шэфа. Хомчанка. Расказваў аб гэтым Максіму старшы сяржант астрожнай службы і шэф усіх надзорцаў у Лукішках Бародка. Машара. // Уст. У Расіі 18–19 стст. — высокая асоба, якая з’яўлялася ганаровым камандзірам вайсковай часці або афіцыйным апекуном вучэбнай установы.

2. (звычайна ў прыдатку). Старшы ў групе асоб аднароднай прафесіі, якія працуюць на адным прадпрыемстве, у адным цэху і пад. Шэф-повар. Шэф-пілот.

3. Асоба, установа ці прадпрыемства і пад., якія шэфствуюць над кім‑, чым‑н. Праз месяц з дапамогай шэфаў Васіль набыў для калгаса трохтонку. Шамякін. Шэфы з горада прывезлі падарункі — для ячэйкі шмат прывезлі кніг. Дудар.

шэ́фаў, ‑ава.

Які мае адносіны да шэфа, належыць яму. Курт палахліва агледзеў шэфаў пакой — тут усё тут у парадку? Дамашэвіч.

шэ́фскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да шэфа, шэфства, звязаны з шэфствам. Шэфская работа. Шэфская дапамога.

шэ́фства, ‑а, н.

1. Выкананне абавязкаў шэфа (у 1 знач.).

2. Грамадская дзейнасць па аказанню пастаяннай таварыскай, культурнай, вытворчай і пад. дапамогі каму‑н. Дзеці вядуць пошук невядомых герояў, бяруць шэфства над сем’ямі загінуўшых воінаў. «ЛіМ».

шэ́фстваваць, ‑твую, ‑твуеш, ‑твуе; незак.

Ажыццяўляць шэфства над кім‑, чым‑н. Над Астапам Вішняй шэфстваваў Янка Купала, які з ім здаўна сябраваў, Яноўскага даручылі Кузьме Чорнаму, а Карнейчука — мне. Рамановіч.

ш-ш, выкл.

Разм.

1. Ужываецца як заклік да цішыні, маўчання, спакою і пад.

2. Ужываецца гукапераймальна для абазначэння гукаў, якія ўтвараюцца пры шыпенні, і пад.

э 1, нескл., н.

1. Трыццатая літара беларускага алфавіта. Малое э. Вялікае Э.

2. Галосны нелабіялізаваны гук пярэдняга рада сярэдняга пад’ёму.

э 2, выкл. (працяжнае вымаўленне выклічніка звычайна перадаецца на пісьме некалькімі э: э-э, э-э-э).

1. Выражае з дапамогай інтанацыі розныя пачуцці, перажыванні: здзіўленне, прыкрасць, адчай і пад. «Э, глупства!» — сказаў я сам сабе. Колас. [Загурскі:] — Э-э-э, браце ты мой, той не салдат, хто не марыць быць генералам. Асіпенка.

2. Выражае нязгоду, пярэчанне субяседніку. — Э, дарагі, — жалкуючы, адказаў адзін з мужчын, — не па дарозе нам. Краўчанка. [Бацька:] — Э, не! Пакуль не збяруцца ўсе, не пакажу. Кандрусевіч.

3. Выражае затрымку ў гутарцы ад нечаканасці, здзіўлення і пад. Выбіраецца на сходзе брыгадзір ці жывёлавод — чалавек міжволі ў мінулае кідае: — Э, а з якога ён роду? Як яго бацька ці дзед некалі дбаў? Ракітны.

эазо́йскі, ‑ая, ‑ае.

У выразе: эазойская эра гл. эра.

[Ад грэч. ēōs — ранішняя зара і zōē — жыццё.]