то́ўшча, ‑ы, ж.
Маса якога‑н. рэчыва, што мае вялікую таўшчыню. Тоўшча вады. Тоўшча зямной кары. / Пра сцяну (сцены). Я не таму спыніўся ля парога, што тут, як кажуць, храм самога бога. І не таму, што нечы знатны тлен замураваны ў тоўшчы гэтых сцен. А. Вольскі.
то́чаны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад тачыць.
2. у знач. прым. Наточаны, востры. Точаны нож.
3. у знач. прым. Які вытачылі. Точаныя фігуркі. Точаныя ножкі стала.
4. перан.; у знач. прым. З правільнымі, прыгожа акрэсленымі лініямі (пра рысы твару, фігуры і пад.). Люська — тоненькае, залатакудрае і шумлівае дзяўчо; чыстыя сінія вочы заўсёды насцеж, точаны носік задзёрты — нібы яна ніколі і не была сіратой-дзетдомаўкай. Ракітны.
то́чна, прысл.
У выразе: так точна! гл. так.
то́-бок, злучнік паясняльны.
Уст. Гэта значыць.
то́-та, часціца.
Разм.
1. Ужываецца ў простай мове для пацвярджэння чаго‑н., якога‑н. заключэння. [Нічыпар:] — Ды і перад кім я хвалюся? Атаманавіч што — чужы? [Маці:] — Ды не чужы, не чужы. — То-та. А я і перад чужым не змоўчу. Паўлаў. [Васіль:] — І Міканор — «справядлівы» такі, перарабіць не мог! Маладзец сярод авец, а з Карчом не справіўся!.. Нічога, [я]шчэ можа справяцца, унь як за кулакоў узяліся! То-та дрыжыць стары хітрун! Толькі цяпер — не выкруціцца! Мележ.
2. Ужываецца з далучэннем часціны «ж» для выказвання перасцярогі. пагрозы. То-та ж, глядзі! □ — Што ты, дзеду, ды я ж снайпер, Маху не даю. — То-та ж, браце. Помні, знай жа Дабрату маю! Колас.
тпру, выкл.
Выкрык, якім спыняюць каня або якую‑н. рабочую жывёліну. — Тпру-у! — громка закрычаў Мацвей Шэмет, які на вазку быў за фурмана. Лобан. — Тпру, тпру! — нацягнуў лейцы Драбок. Краўчанка.
•••
Ні тпру ні но — а) ні з месца, ні ўзад, ні ўперад. Паляглі па чэравах коні і... ні тпррру!.. ні но! Колас; б) нічога не атрымліваецца; далей не пасоўваецца. Да прыкладу, Лявон, — чым не жаніх, здаецца, — Падыдзе, падміргне і засмяецца, А вось далей — ні тпру ні но... Корбан.
тпру́канне, ‑я, н.
Разм. Дзеянне паводле знач. дзеясл. тпрукаць.
тпру́каць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
Разм. Спыняць каня ці якую‑н. іншую цяглавую жывёліну выкрыкам «тпру». Зірнуў дзед, напнуў лейцы, каб .. падацца з бочкай у кусты, пачаў ціх[е]нька тпрукаць. Лынькоў.
трава́, ‑ы; мн. травы, траў; ж.
Расліна з аднагадовымі зялёнымі неадзеравянелымі парасткамі і сцяблом. Сонца яшчэ не схавалася, але раса ўжо густа пакрапіла апавітую тонкай густой сеткай з павуціння высокую траву. Мурашка. Яшчэ над Нёманам Лугі не скошаны, Яшчэ над Нёманам Трава, як шоўк. Шымук. // Зялёнае покрыва зямлі з такіх раслін. Зямля была пакрыта высокімі духмянымі і сакавітымі травамі. В. Вольскі. Сёмка .. падышоў да Петруся і прылёг побач з ім на траву. Брыль.
•••
Трава травой — пра нясмачную яду.
Травой зарасці — тое, што і зарасці (парасці) быллём (гл. зарасці).
Хоць воўк траву еш гл. воўк.
Хоць трава не расці — пра зусім абыякавыя адносіны каго‑н. да чаго‑н.
Цішэй вады, ніжэй травы гл. цішэй.
трава...
Першая састаўная частка складаных слоў, якая адпавядае па значэнню слову «трава», напрыклад: травасеянне, травасумесь.