Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

штурха́ч, ‑а, м.

Спец.

1. Дэталь, прыстасаванне для падштурхоўвання чаго‑н. Штурхач клапана.

2. Дапаможны паравоз у хвасце поезда.

3. Спец. Буксірнае судна, якое штурханнем рухае баржы.

4. Разм. Чалавек, якому даручана паскорыць вырашэнне якой‑н. справы.

штурхе́ль,

Разм.

1. ‑хяля, м. Тое, што і штуршок. — Даволі вёрз, нахаба! — У грудзі даў штурхель. Лужанін.

2. выкл. у знач. вык. Ужываецца паводле знач. дзеясл. штурхаць — штурхнуць і штурхацца. Старая, як купчыха, Старога ў бок штурхель. Барадулін. Пасажыраў сыходзіла нямнога. Гляджу, з апошняга вагона нясмела выйшаў смуглявы чалавек з чамаданам у руцэ, спыніўся і глянуў вакол. Мяне быццам хто штурхель у спіну: «Ён». Пальчэўскі.

штурхну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.

Аднакр. да штурхаць.

штуршо́к, ‑шка, м.

1. Кароткі, рэзкі дотык ці ўдар рухам ад сябе. Старшыня рэдкалегіі насценгазеты атрымаў ад суседа лёгкі штуршок у бок. Бядуля. Васіль моцным штуршком адапхнуў ад сябе Антося і прыўзняўся на левы локаць. Кулакоўскі. // звычайна мн. (штуршкі́, ‑оў). Біццё сэрца, пульсацыя крыві. Кроў штуршкамі біла ў скроні, туманіла свядомасць. Карпаў. — Заўтра ўстану і прыбягу сюды, — вырашыў Алежка і адразу адчуў, як гарачымі штуршкамі забілася сэрца, як забегалі па спіне халодныя дрыжыкі: весела і страшна стала яму. Вышынскі. // Рэзкае хістанне ў выніку ўдару, рыўка і пад. Падземныя штуршкі. □ Глухія штуршкі раз-пораз устрасаюць карабель. «Звязда». Ад рэзкага штуршка паляцяць з лавак пасажыры і чамаданы, не ўтрымаецца і жонка з дзіцем... Не, нельга спыняць састава! Васілёнак.

2. Рэзкі рух, якім адпіхваюцца ад чаго‑н. Штуршок ад трампліна. Штуршок ад берага. // Рэзкі рух уперад або ўгору; рывок. Андрэйка робіць моцны штуршок наперад, размахвае рукамі і то правым, то левым плячом сячэ цемру, і яна, як вада, расступаецца. Кавалёў.

3. Спец. Асобнае практыкаванне ў штурханні спартыўнага снарада. Па класічнаму трохбор’ю.. [Хальфін] набраў 305 кілаграмаў і ўстанавіў 2 рэкорды Беларусі — у рыўку дзвюма рукамі — 94,5 кілаграма і ў штуршку — 122,5 кілаграма. «Маладосць».

4. перан. Знешняе або ўнутранае пабуджэнне, што паскарае ці ўзмацняе якое‑н. дзеянне, служыць стымулам для развіцця чаго‑н. — А голад у дзевяностых гадах — .. быў штуршком да рэвалюцыйнага руху? — акрылілася Ліба. Гартны. Уздым патрыятычнай свядомасці беларускага народа.. даў моцны штуршок развіццю.. літаратуры. Барысенка.

штуф, ‑а, м.

У геалогіі — кавалак мінералу, руды, узяты ў якасці ўзору.

[Ням. Stufe.]

шту́цэр, ‑а, м.

1. Старажытная ваенная стрэльба з вінтавымі нарэзамі ў ствале. // Паляўнічая наразная стрэльба вялікага калібру.

2. Спец. Невялікі патрубак з вонкавай разьбой, які служыць для злучэння труб паміж сабой, для далучэння іх да рэзервуараў, пасудзін і пад.

[Ням. Stutzer.]

шту́чка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.

Памянш.-ласк. да штука (у 2–4 знач.). — На, Сымоне, маеш штучку! Грай здаровы! — дзед сказаў. Колас. Вярталася.. жаданне — побач з сур’ёзнаю справай выкінуць нейкую штучку. Брыль.

•••

Тонкая штучка — хітрун, спрытнюга.

шту́чнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць штучнага ​1. Гаспадар заўважыў усю штучнасць і фальш.. весялосці [госця]. Чорны.

шту́чны ​1, ‑ая, ‑ае.

1. Ненатуральны, зроблены накшталт сапраўднага, прыроднага. Штучнае валакно. □ Бакалы, вазы і кілішкі са штучнага хрусталю пераліваліся ўсімі колерамі вясёлкі. Шамякін.

2. Роблены, прытворны, няшчыры. Размінаючыся з Рыгорам, [Грамадой] першы схіляе галаву з засмучанай ветлівасцю, такою штучнаю на яго грубым твары. Крапіва. [Следчы] стараецца ўсміхнуцца, але штучная ўсмешка толькі крывіць яго рот. Сабаленка.

•••

Штучнае дыханне гл. дыханне.

Штучны адбор гл. адбор.

шту́чны ​2, ‑ая, ‑ае.

1. Які ўяўляе сабой асобную рэч, прадмет. Штучны тавар. // Які служыць, прызначаецца для гандлю таварам, які нельга ўзважыць або адмераць. Штучны аддзел магазіна. // Зроблены, выпушчаны не серыяй, а ў колькасці некалькіх экземпляраў, абмежавана. Штучная шабля. Штучны медаль.

2. Спец. Які праводзіцца, робіцца па штуках (у 1, 2 знач.). Штучная аплата.

штыб, ‑у, м.

Спец. Дробны ці здробнены каменны вугаль. Вугальны штыб.

[Ад ням. Staub — пыл.]