баці́нкі, ‑нак; адз. бацінак, ‑нка, м.
Тое, што і чаравікі. Ірваныя бацінкі на босую нагу больш за ўсё іншае гаварылі, што ён з далёкай дарогі... Брыль. Косцік за вясну збіў бацінкі, а Валі туфлі цесныя зрабіліся. Васілевіч.
ба́цнуцца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; зак. і аднакр.
Разм. З шумам паваліцца, кінуцца. Мікалай Яўсеевіч шмыгнуў у суседні пакой і бацнуўся на канапу. Кавалёў.
ба́цнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.
Разм. Моцна ўдарыць. Люта — аж заенчыў той — бацнуў наском сабаку. Мележ.
бацы́ла, ‑ы, ж.
Бактэрыя, якая мае форму палачкі. Туберкулёзная бацыла. / у перан. ужыв. К. Чорны — адзін з пісьменнікаў, якія добра разумелі гэтае імкненне фашызму заразіць увесь свет, усё чалавецтва бацыламі антыгуманізму. Адамовіч.
[Лац. bacillum — палачка.]
бацылано́сьбіт, ‑а, М ‑біце, м.
Чалавек або жывёліна, у органах якіх знаходзяцца ўзбуджальнікі заразных хвароб, не выклікаючы яўных захворванняў саміх носьбітаў.
бацыля́рны, ‑ая, ‑ае.
Выкліканы бацыламі. Бацылярная дызентэрыя.
ба́цька, ‑і; мн. бацькі, ‑аў; м.
1. Мужчына ў адносінах да сваіх дзяцей; тата. Зачуўшы татаў ход знаёмы, Малыя з хаты высыпалі, За брамай бацьку сустракалі. Колас. // Вядомая і паважаная ў пэўных колах асоба. [Гарун:] — Павел Сцяпанавіч! Добрай раніцы, добрага здароўечка. Бацька ты наш родны! Шамякін. // Разм. Зварот да старога чалавека. Пераехаўшы [цераз рэчку], знаёмы партызан падзякаваў Грысю і зноў назваў яго бацькам. Кулакоўскі.
2. Самец у адносінах да свайго патомства.
3. чаго. Кніжн. Заснавальнік, пачынальнік якой‑н. навукі, вучэння. Акадэмік Карскі — бацька беларускай філалогіі.
•••
Выліты бацька, копія бацька — пра дзіця, з твару вельмі падобнае на бацьку.
Гадзіцца ў бацькі каму гл. гадзіцца.
Імя па бацьку гл. імя.
Пайсці па бацьку гл. пайсці.
Пасаджоны бацька — пры адсутнасці бацькі той з родзічаў, што выконвае на вяселлі ролю бацькі жаніха або нявесты.
Прыёмны бацька — чалавек, які прыняў дзіця ў сваю сям’ю на правах сына (дачкі).
Родны бацька, кроўны бацька — аднаго роду, адной крыві па бацькоўская лініі.
Увесь у бацьку — пра дзіця, якое з твару і характарам падобнае на бацьку.
ба́цькавіч, ‑а, м.
Разм. жарт. Ужываецца пры іменаванні каго‑н. па бацьку, калі імя бацькі невядома або яно не называецца. — Да хуткага спаткання, Леанід бацькавіч! — жартаўліва памахала [Агнёва] ручкай. Вірня.
бацьказабо́йца, ‑ы, м. і ж.
Забойца свайго бацькі. Але адмовіць вялікай ноччу ў пацалунку?! Такое рабілі, толькі калі між людзьмі ляжала кроў сваяка, блізкага сваяка, або самага лепшага друга. Такое рабілі толькі даносчыку на сваіх або бацьказабойцу. Караткевіч.