шарлата́нскі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да шарлатана, шарлатанства. Шарлатанскія прыёмы.
шарлата́нства, ‑а, н.
Паводзіны, спосаб дзеяння, уласцівы шарлатану; бессаромны падман, разлічаны на няведанне, невуцтва прысутных. Ездзіў у вёску Маркавічы. Там мне расказалі пра адну жанчыну, якая займаецца шарлатанствам. Гаўрылкін.
шарло́тка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.
Салодкая страва з запечанага цеста або сухароў са слаямі яблыкаў.
[Ад фр. charlotte.]
шарм, ‑у, м.
Кніжн. Чароўнасць, прывабнасць.
[Фр. charme.]
шарні́р, ‑а, м.
Рухомае злучэнне дэталей, канструкцый, якое дазваляе змацаваным часткам паварочвацца пад вуглом. Шаравыя шарніры. Устаноўка на шарнірах.
[Ням. Scharnier.]
шарні́рны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да шарніра, уяўляе сабой шарнір. Шарнірны механізм. Шарнірныя вузлы. // Зроблены на шарнірах, з шарнірамі. Шарнірная перадача. Шарнірнае злучэнне дэталі.
шаро́н, ‑рану, м.
Абл. Шарпак. Кабыла прытка секла падковамі малады лядок на дарозе, а пад палазамі хрусцеў шарон. Чыгрынаў. Лена ішла па шаране, прыкрытым мяккім снегам. Шамякін.
шаро́ўка, ‑і, ДМ ‑ўцы, ж.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. шараваць 1.
шаро́ш 1, ‑рашу, м.
Дробны крохкі лёд у выглядзе кашападобнай масы, які ідзе перад ледаставам або ў час вясновага крыгаходу. Бялява-шэрыя аблачынкі на рацэ, на якія .. [лётчык] звярнуў увагу з самалёта, аказаліся першымі маленькімі плывучымі астраўкамі шарашу. Хадкевіч. Светла-попельны колер хмар пад нагамі нагадвае то густы шарош на вадзе, то нядаўна астрыжаную аўчыну. Брыль.
шаро́ш 2, ‑рашу, м.
Спец. Лес, які сплаўляецца па рацэ бярвеннямі, не звязанымі ў плыт.
шарпа́к, ‑у, м.
Абледзянелая скарынка на паверхні снегу. Уся зямля пакрылася ледзяным шарпаком. Гурскі. Сядзяць [цецерукі], спачываюць, пасля даюць нырца проста на снег; праклёўваюць лёгенькі шарпак, кешкаюцца, што куры ў пяску — рыхтуюць ямкі — пасля зашыюцца ў бачок пад самы снег і паснуць на ноч. Пташнікаў.