чэ́мер, ‑у, м.
Тое, што і чамярыца. А потым ужо порсткае цёплае сена — яно пахне горкім чэмерам — у хлевушку на палатках. Адамчык. / у перан. ужыв. «Дабранач» буркнуўшы сабе пад нос, Шаціла знік адразу ў нетрах ночы. Ён нават не зірнуў у твар дзявочы, І горкі чэмер ён у сэрцы нёс. Зарыцкі.
чэмпіён, ‑а, м.
Званне пераможцы ў спартыўных спаборніцтвах, гульнях на першынство, а таксама асоба або каманда, удастоеныя такога звання. Чэмпіён свету. □ Павел любіў спорт. Але яшчэ больш любіў фізіку, а чэмпіёнам не зрабіўся толькі таму, што не хапіла часу для трэніровак. Шыцік. [Марына Паўлаўна:] — Ігар заняў першае месца па Саюзу па плаванню. Чэмпіён... Як я рада. Васілевіч.
•••
Абсалютны чэмпіён — спартсмен, які атрымаў найбольшую колькасць ачкоў у спаборніцтвах.
[Англ. — champion.]
чэмпіёнка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.
Жан. да чэмпіён.
чэмпіёнскі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да чэмпіёна. Чэмпіёнскае званне. Чэмпіёнскі прыз.
чэмпіёнства, ‑а, н.
Званне чэмпіёна. Заваяваць чэмпіёнства.
чэмпіяна́т, ‑у, М ‑наце, м.
Спаборніцтва на першынство ў якім‑н. відзе спорту або ў спартыўных гульнях. Шахматны чэмпіянат. Чэмпіянат па футболу. Чэмпіянат свету па вольнай барацьбе.
чэ́паць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
Разм. Павольна, цяжка ісці. [Стары] чэпаў, абапіраючыся на палку. Чутно было, як са старэчых грудзей ірвалася сіплае дыханне. Хадановіч.
чэ́пік, ‑а, м.
Тое, што і бакас. Прыляцелі жаўрукі, І зязюлі, і шпакі, Качкі, чэпікі, З імі ластаўкі. Танк.
чэ́пчык, ‑а, м.
Памянш.-ласк. да чапец (у 1 знач.). // Лёгкі дзіцячы або жаночы галаўны ўбор у выглядзе каптура. // Пра лёгкі жаночы галаўны ўбор без палёў. [Маша] падняла свае тонкія рукі, каб паправіць бялюткі чэпчык на высокай дзівосна залатой кукле валасоў. Шамякін. — Дзяўчынка, мне «асобай», — падаў грошы [Ягор Лявонавіч] маладзенькай прадаўшчыцы з залатымі кудзеркамі, што выбіліся з-пад беленькага чэпчыка. Аношкін.
чэ́рава, ‑а, н.
1. Разм. Бруха, жывот. Нядоўга думаючы, .. [насарог] схіліў галаву ўбок і запусціў два страшэнныя рагі ў чэрава мастадонта. Маўр. Дзікі кабан павольна выходзіць з ляснога гушчару і брыдзе па чэрава ў снезе. Колас.
2. Унутраная частка жывата чалавека, жывёлы. Развіццё плода ў чэраве маці. // перан.; чаго. Унутраная частка чаго‑н. Тумілін адчыніў вузкія дзверцы і знік у чэраве электрапечы. Савіцкі. Васіль Малюк зноў адчыніў топку і з нейкай упартай метадычнасцю пачаў кідаць у яе ненажэрнае чэрава паліва. Васілёнак.