чу́чала, ‑а, н.
1. Набітая чым‑н. скура жывёлы або птушкі, якая знешнім выглядам нагадвае жывую жывёлу ці птушку. Чучала мядзведзя. □ — А я зрабіў у падарунак школе чучала палярнай савы, — паведаміў Тынэлькут. — Яна зусім як жывая. Бяганская. Калі на палях заканчваюцца ўсе работы, можна добра папаляваць з чучаламі на цецерукоў. Ігнаценка. // Фігура чалавека, зробленая з гліны, воску, саломы або набітай чым‑н. адзежы чалавека. У тэатрах і кабарэ загулялі чучалы Вільгельма і Франца-Язэпа. Гартны.
2. Пра неахайнага, бруднага, непрыгожа апранутага чалавека. [Насця:] — Ну, паглядзі ты [Кузьма] на сябе: на каго ты падобен у гэтым рызмане? Дзе ж ёсць другое такое пудзіла на свеце? Не чалавек, а чучала! Колас.
3. Разм. Ужываецца як лаянкавае слова. — Чучала! — паслаў.. [стражніку] Рыгор удагон і ў момант выпусціў з памяці паліцэйскага. Гартны.
чу́чальнік, ‑а, м.
Майстар па вырабу чучалаў (у 1 знач.).
чу́чка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.
Абл. Костачка сагнутага пальца. — Го, мой браток! — і дзед Куцейка Пастукаў чучкаю аб бронь. Колас. [Стахно] ўстаў, акінуў позіркам пакой, падышоў да акна, пастукаў чучкамі па падаконніку. Пальчэўскі.
чу́шка 1, ‑і, ДМ ‑шцы; Р мн. ‑шак; ж.
Разм. Свіння. — На плоў толькі барашак падыходзіць, — тлумачыў, седзячы на акне, худы чарнявы палонны. — Свініна? Чушка? Не-э-эт! — закапыліў ён нос і махнуў рукою: — Не-эт! О, у нашым Андзіжане робяць плоў! С. Александровіч. Сыч задумаў нейкі свінарнік на тысячу галоў чушак з механізаванай кармакухняй. Паслядовіч.
чу́шка 2, ‑і, ДМ ‑шцы; Р мн. ‑шак; ж.
Злітак металу ў форме бруска.
чу́шкавы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да чушкі 2.
чха́льны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да чхання, які выклікае чханне. Чхальны газ. Чхальная сутарга.
чха́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. чхаць, а таксама гукі гэтага дзеяння.
чха́цца, ‑аецца; безас. незак.
Пра наяўнасць неадольнага жадання чхаць. Прыйшло Іллюку на памяць, што як чхаецца, дык і слёзы на вачах знаходзяцца. Калюга.
чхаць, чхаю, чхаеш, чхае; незак.
1. Міжвольна рэзка выдыхаць паветра носам і ротам, выдзяляючы слізь і ўтвараючы шумныя рэзкія адрывістыя гукі. Стоячы на сонцы, ад спёкі шырока пазяхалі дзеці, чхалі ад папаўшага ў нос пылу. Галавач. Хоць адчувалася духата, але вокнаў яшчэ ніхто не адважваўся адчыняць: некаторыя чхалі і кашлялі. Няхай.
2. Разм. Утвараць кароткія рэзкія адрывістыя гукі, падобныя на чханне (пра работу матора, рухавіка і пад.). Матор доўга чхаў, і машыну давялося завесці ручкай. Пташнікаў. А можа, гэта была і не станцыя: толькі чхалі белай парай паравозы, грукаталі на стыках колы вагонаў, падслепавата мігалі семафоры. Сабаленка.
3. перан., на каго-што. Разм., груб. Не звяртаць увагі; выказваючы пагарду, знявагу ў адносінах да каго‑н. Вядома, пан чхаць хацеў на законы, а ўсё ж не чапаў Сіланція. Жычка. Здавалася, што Юру, які чхаў на свае абавязкі перад другімі, павінна быць лёгка ў жыцці. Карпаў. — Чхаў я на Фогеля, — ваяўніча заяўляе Хадоська. — Ён сам баіцца. Навуменка.
4. перан. Разм. Імчацца; ехаць; ісці. А праз кароткую хвіліну Антось садзіўся на машыну. На паравозе без білета Чхаў да Баранавіч дасвета. Колас.
чхнуць, чхну, чхнеш, чхне; ‑нём, ‑няце; зак.
Аднакр. да чхаць (у 1, 2 знач.).