Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ба́завы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да базы, належыць базе (у 3 знач.). Базавая маёмасць.

2. Прымацаваны да якой‑н. установы, прадпрыемства для пастаяннай дзейнасці. Базавая школа, лабараторыя.

база́льт, ‑у, М ‑льце, м.

Вулканічная горная парода пераважна чорнага або цёмна-шэрага колеру зярністай ці шчыльнай структуры.

[Лац. basaltes.]

база́льтавы, ‑ая, ‑ае.

Які складаецца з базальту. У пеннай красе між базальтавых скал Плыве параход. Хведаровіч. // Які мае адносіны да базальту. Базальтавыя крапінкі заіскрыліся рознакаляровымі агеньчыкамі. Шыцік. // Зроблены з базальту. Базальтавы брук. Базальтавая лава.

базані́т, ‑у, М ‑ніце, м.

Горная парода чорнага колеру, якая мае базальтавы састаў, апрача таго ўтрымлівае нефелін.

[Грэч. busanitēs — прабірны камень.]

база́р, ‑у, м.

1. Гандаль (пераважна прыватны) прадуктамі і іншымі таварамі шырокага ўжытку ў пэўныя дні на спецыяльна адведзеных плошчах. Базар пачаўся рана. // Вялікі перадсвяточны або сезонны гандаль спецыяльнымі таварамі, звычайна на адкрытым месцы. Кніжны базар. Навагодні базар. // Людзі, што знаходзяцца на базары. Базар ужо раз’язджаўся. Збегся ўвесь базар.

2. Спецыяльна адведзенае месца з адпаведнымі прыстасаваннямі і будынкамі для гандлю. Маўчаць спусцела голыя базары. Сіпакоў.

3. перан. Разм. Бязладная гаворка, крык, тлум. — Дык рабіць жа што будзем? Чаго ж гэта мы базар адкрылі тут? Галавач.

•••

Птушыны базар — месцы на берагах мора, дзе гняздзяцца вялікія масы птушак.

[Перс. bāsar.]

база́рны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да базару. Базарная плошча. Базарны дзень.

2. Разм. Непрыстойны, грубы. Базарная размова. Базарная лаянка. // Блізкі да выдумак, плётак. Базарныя чуткі.

•••

Базарная баба гл. баба ​1.

Грош цана (у базарны дзень) гл. цана.

базе́даў, ‑дава.

У выразе: базедава хвароба — расстройства функцый шчытападобнай залозы.

[Ад уласн, імя.]

базілі́к, ‑у, м.

Кустовая паўднёвая расліна сямейства губакветных.

базілі́ка, ‑і, ДМ ‑ліцы, ж.

Тып антычных і сярэдневяковых будынкаў, якія ўнутры падзяляюцца ўздоўж двума радамі калон.

[Грэч. basilikos — царскі.]

базілі́кавы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да базіліку. Базілікавы алей.