Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

цяглі́ца, ‑ы, ж.

Тое, што і мышца. Пройдзеш разы два па хаце — і сціхне патроху нудны боль у плячах і паясніцы, застаецца ў цягліцах толькі нешта такое пругкае і гужаватае. Крапіва. [Грэйнім] мыўся голы да пояса, і прыемна было глядзець на яго здаровае цела, абвітае дужымі цягліцамі. Чарнышэвіч.

цяглі́чны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да цягліцы; мышачны.

цягло́, ‑а, н.

1. Гіст. У Рускай дзяржаве ў 15 — пачатку 18 стст. — дзяржаўныя павіннасці сялян і пасадскіх людзей.

2. Гіст. Адзінка абкладання павіннасцямі ў прыгоннай гаспадарцы ў 18–19 стст.

3. зб. Сродкі цягі ў сельскай гаспадарцы. [Паходня:] — Зябліва таксама закончыце коньмі — цягло ў вас спраўнае. Хадкевіч. [Шаройка:] — У нядзелю мабілізуем усё наша цягло, можам нават у суседа пазычыць, так, каб за адзін дзень увесь.. лес быў дома. Шамякін.

•••

Жывое цягло — рабочая жывёла, жывёла для цягі.

ця́глы, ‑ая, ‑ае.

1. Гіст. Абкладзены цяглом. Акрамя цяглых, службовых і рамесных сялян, сельскую мясцовасць Вялікага княства Літоўскага насялялі іншыя групы сялянства. Булыка.

2. Гіст. Звязаны з адбываннем паншчыны коньмі, жывёлай. Больш чым у палавіне маёнткаў сяляне працавалі на памешчыка па З дні цяглых і па З дні пешых у тыдзень. Лушчыцкі.

3. Разм. Стромкі, высокі (пра дрэвы). Я свой парус узняў, і знікае За ўспененай хваляй сівой Цаласа галькі берагавая, Дзе стаіш ты пад цяглай сасной. Танк.

цягні́к, ‑а, м.

Тое, што і поезд. Уся станцыя была забіта вагонамі і цягнікамі. Колас. Адзін за адным ішлі таварныя цягнікі. Лынькоў.

цягніко́вы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да цягніка. Нават тут, дзе ўсё прапахла цягніковым дымам, добра адчуваліся подыхі вясны. Новікаў. Крыху адвык ад вялікіх гарадоў, людскіх патокаў, нават ад цягніковага стукату і лязгання. Дубоўка.

цягну́льны, ‑ая, ‑ае.

Спец. Які прызначаецца, служыць для расцягвання чаго‑н. (скуры, дроту і пад.). Цягнульныя машыны.

цягну́льшчык, ‑а, м.

Рабочы пры цягнульнай машыне, які здзяйсняе аперацыю выцягвання чаго‑н.

цягну́льшчыца, ‑ы, ж.

Жан. да цягнульшчык.

цягну́цца, цягнуся, цягнешся, цягнецца; незак.

1. Размяшчацца дзе‑н., працягваючыся, выцягваючыся (пра канат, вяроўку і пад.). Цягнуліся густыя правады. Адамчык. // Распаўсюджвацца, размяшчацца ў якім‑н. напрамку (пра шэраг прадметаў). Агарод цягнуўся паўз дарогу. Чорны. // Размяшчацца на вялікай адлегласці, прасторы. На далёкія вёрсты цягнецца лес. Скрыган. Каля пасады лесніковай Цягнуўся гожаю падковай Стары, высокі лес цяністы. Колас. Адразу за вёскаю пачынаўся і цягнуўся па абодва бакі дарогі на некалькі кіламетраў сад. Сачанка.

2. Мець уласцівасць павялічвацца ў даўжыню, шырыню. Рызіна цягнецца. Скура цягнецца.

3. Працягваць руку, галаву да каго‑, чаго‑н., падавацца ўсім корпусам у якім‑н. напрамку. Палкоўнік паволі ўзнімаўся на сваім крэсле і, ухапіўшыся рукамі за край стала, цягнуўся да твару Васіля. Лынькоў. Да папярос цягнуліся мазолістыя пальцы, і каробка ўмомант пусцела. Шамякін. Цягнецца ручка, каб месяц забраць: Добра, каб з небам у хатцы гуляць! Грамыка. // Выцягвацца, імкнуцца ў якім‑н. напрамку пры росце (пра расліны). Шумяць бары, І сосны, як прамяні, цягнуцца да сонца. Танк. [Сцяпан:] — Я гляджу, жыта нішто будзе. І лён добра цягнецца. Гіль.

4. Мець схільнасць, імкнуцца да каго‑, чаго‑н. Людзі цягнуцца да культуры. «ЛіМ». [Уля] бачыла, як цягнуўся.. [Мікола] да яе, зусім малады і нявопытны. Паўлаў. Дачка шчырэла з году ў год, Цягнулася да ведаў. Барадулін.

5. Разм. Станавіцца навыцяжку (перад начальствам; пра ваенных).

6. З цяжкасцю ісці; ледзь перастаўляць ногі, плесціся. Нібы разбіты паралюшам, ледзь валочачы ногі і спатыкаючыся, Мікалай цягнецца дадому. Дамашэвіч.

7. Заставацца пасля руху (пра след). А след мой цягнецца істужкай. Журба. Імчацца МАЗы ў цемнату Ад вечара да раніцы, І пыл за імі на хаду Бясконцым шлейфам цягнецца. Грахоўскі.

8. Рухацца ў адным напрамку цугам, чарадой. Цягнуцца доўгім ланцугом абозы. Шынклер. Праязджаеш далей і бачыш, як цягнуцца ў поле адна за адной фурманкі, гружаныя мінеральным угнаеннем. Краўчанка. // Наплываць (пра думкі). І думкі цягнуцца нясмела — і сумна, сумна на душы. Машара. Цягнуцца дзедавыя думкі тоненькай доўгай ніткай. Бядуля.

9. Павольна распаўсюджвацца слабым струменем (пра дым, пах і пад.). Дымок цягнуўся спачатку скупымі струменямі. Мележ. Дым не ўзнімаўся ўгору, а слаўся па балоце, цягнуўся доўгімі пасмамі. Шамякін.

10. Быць адстаючым; адставаць па якіх‑н. паказчыках. Падумаць толькі: Коля Раманаў, які ледзь цягнуўся на тройках, раптам атрымлівае пяцёрку. Рунец. Саўгас сапраўды карыстаўся дрэннай славай, цягнуўся ў хвасце. «Звязда».

11. Працягвацца, праходзіць марудна, доўга (пра час). Дзень улетку вялікі. Доўга цягнуўся ён, пакуль цень ад ціхай ночы не лёг на зямлю. Чорны. Драпеза, аднак, не верыў, што гэты неафіцыйны нейтралітэт можа цягнуцца доўга. Паслядовіч. Час цягнуўся пакутліва доўга. Калодзежны.

12. Раздавацца, гучаць (пра мелодыю, песню). Цягнуўся альт, Грымеў басіла. Глебка.

13. Струменіцца. Ад акна да падлогі цягнуўся сіняваты пучок промняў. Беразняк.

14. Валачыся па зямлі. Лейцы цягнуліся па зямлі.

15. Зал. да цягнуць.

•••

Цягнуцца на нітку — старацца з апошніх сіл.

Цягнуцца (плесціся) у абозе — адставаць ад іншых, быць у хвасце.