Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

цэ́гла, ‑ы, ж., зб.

Штучны будаўнічы матэрыял у выглядзе прамавугольных брускоў з гліны і іншай мінеральнай сыравіны. Налева ад дарогі стаяў прыгожы домік з чырвонай цэглы. Чарнышэвіч. Гляджу — імчыцца па асфальце, Спяшыць шматтонны самазвал Туды, дзе просяць: — Цэглы дайце!.. Дзе новы ўжо расце квартал. Смагаровіч.

[Ням. Ziegel.]

цэ́гліна, ‑ы, ж.

Разм. Тое, што і цагліна. Патрэскалася зямля, як разбітая цэгліна. Бядуля.

цэд, ‑у, М ‑дзе, м.

Працэджаны раствор аўсянай мукі, з якога вараць кісель.

цэ́дра, ‑ы, ж.

Вонкавы каляровы слой скуры ў пладоў цытрусавых (лімонаў, апельсінаў і пад.). // Высушаная апельсінавая або лімонная скурка, якая ўжываецца як вострая прыправа.

[Ад іт. cedro — цытрон.]

цэзальпі́ніевыя, ‑ых.

Сямейства двухдольных трапічных раслін (дрэў, кустоў) з чаргаваным перыстым лісцем і двухбаковымі прамяністымі кветкамі, да якога адносяцца ражковае дрэва, тамарынд і інш.

цэ́зар, ‑а, м.

1. Тытул старажытнарымскіх імператараў; кесар.

2. Уст. Манарх, уладар.

[Ад імя Юлія Цэзара (100–44 гг. да н. э.), лац. Caesar.]

цэзары́зм, ‑у, м.

Гіст. Аднаасобная дыктатура ў спалучэнні з фармальным прызнаннем правоў народа.

[Фр. césarisme ад лац. caesar — цар.]

цэзары́сцкі, ‑ая, ‑ае.

Гіст. Які мае адносіны да цэзарызму. Цэзарысцкая манархія.

цэ́зіевы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да цэзію, зроблены з цэзію. Цэзіевы фотаэлемент. Цэзіевы катод.

цэ́зій, ‑ю, м.

Хімічны элемент, вельмі мяккі светлы метал з залаціста-жоўтым адценнем.

[Ад лац. caesius — блакітны.]